Директор пристоличного ОАО «Гастелловское» Станислав Соколовский — о достижениях, истории, экономике и времени

Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі дырэктар прысталічнага ААТ «Гастэлаўскае» Станіслаў Сакалоўскі: «Па-гастэлаўску разам трымаем высокую марку»

Прысталічнае ААТ «Гастэлаўскае» ад векавога юбілею аддзяляюць некалькі гадоў. Багата на факты і падзеі гісторыя слыннай гаспадаркі. Слава пра яе дзесяцігоддзямі грымела на ўвесь Саюз. Заснежаныя пакацістыя палі калгаса аглядаў некалі і Мікіта Хрушчоў. Часта наведваліся да гастэлаўцаў замежныя дэлегацыі. У канцы мінулага стагоддзя калектыву давялося перажыць складаны час. 


Дванаццаць гадоў таму сельгаспрадпрыемства атрымала статус адкрытага акцыянернага таварыства. Узначаліў яго вопытны кіраўнік Станіслаў САКАЛОЎСКІ. Пасля заканчэння Ваўкавыскага саўгаса-тэхнікума і Віцебскага ветэрынарнага інстытута ён прайшоў практычную школу ў вытворчых калектывах Віцебскай і Гродзенскай абласцей. Завочна скончыў факультэт дзяржаўнага і мясцовага кіравання Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. 

Плённая дзейнасць Станіслава Часлававіча адзначана званнем «Заслужаны работнік сельскай гаспадаркі», медалём «За працоўныя заслугі», ганаровымі граматамі Савета Міністраў, Гродзенскага і Мінскага аблвыканкамаў, Беларускага рэспубліканскага прафесійнага саюза работнікаў АПК.

Са Станіславам Сакалоўскім знаёмы не адзін год. У яго паводзінах і характары ўсё выдае руплівага гаспадара: і пранізлівы позірк вачэй з адкрытым прыветлівым тварам, дзе яскрава адлюстроўваюцца ўпэўненасць і сялянская мудрасць, і манера шчыра расказваць пра людзей і справы калектыву, і нават яго статная надзейная постаць. Яго заўжды цікава слухаць. За дванаццаць гадоў дырэктарства ён не толькі вярнуў, але і прымножыў славу аднаго з вядучых сельгаспрадпрыемстваў рэспублікі. 

Тут стабільна на круг атрымліваюць каля сотні цэнтнераў збожжавых. У мінулы засушлівы год кожны гектар цукровых буракоў даў звыш 700 цэнтнераў салодкіх каранёў. Добра родзяць іншыя культуры. Высокаэфектыўна развіваецца жывёлагадоўля. Летась пераадолены рубеж у атрыманні ад кожнай з 1730 кароў 10 000 кілаграмаў малака. Штодзённа для перапрацоўкі на сталічны малаказавод № 1 рэалізуецца звыш паўсотні тон прадукту класа экстра. За мінулы год прыбытак ад рэалізацыі сельгаспрадукцыі павялічыўся на мільён рублёў і дасягнуў чатырох мільёнаў. Пасля ўвядзення ў эксплуатацыю малочна-таварных комплексаў «Канюцічы» і «Скарынічы», племянной МТФ «Канюцічы» значна павялічыўся аб’ём таварнай прадукцыі. 

— Важна, якой цаной даецца прадукцыя, — разважае Станіслаў Сакалоўскі. — Рост курса валют зніжае рэнтабельнасць вытворчасці. Так склалася, што бялкі, прэміксы, шроты для жывёлы закупляем за валюту па курсе Нацыянальнага банка. Рэзка падскочылі затраты на набыццё імпартных абаротных сродкаў вытворчасці, а цана на нашу прадукцыю не змянілася. Такая дыспрапорцыя падкошвае эканоміку. Чым усе гэтыя затраты магчыма перакрыць ці мінімізаваць? У жывёлагадоўлі і раслінаводстве выкарыстоўваем самыя сучасныя тэхналогіі і адпаведна атрымліваем высокія вытворчыя паказчыкі. 

— Ваша гаспадарка багата на спадчыну. Як яна ўшаноўваецца ў Год гістарычнай памяці?

— Як кажуць, не хлебам адзіным жыве чалавек. Ведаць свае карані — святая справа. У сабраных матэрыялах сістэматызавалі гісторыю стварэння гаспадаркі, амаль увесь стогадовы шлях яе дзейнасці. У часы СССР слава пра яе грымела на ўсю краіну. Маё дзяцінства і маладыя гады выпалі на той час. На ўсё жыццё ў сэрцы захаваліся ідэалы, на якіх вырасла маё пакаленне. Важна не здрадзіць ім. Як адзначыў Прэзідэнт, калі б Савецкі Саюз захаваўся, маглі б пазбегнуць усялякіх канфліктаў у свеце. Заходнія краіны заўжды вымушаны  ўлічваць пазіцыю савецкага ўрада. Шматпалярнасць стрымлівала міжнародныя канфлікты. Мяне хвалююць падзеі, што адбываюцца побач з нашай краінай. Канешне, мы, беларусы, шчыра зацікаўлены ў мірным завяршэнні расійска-ўкраінскага канфлікту і ва ўрэгуляванні адносін паміж суседнімі краінамі. У такія моманты пачынаеш цаніць спакойнае жыццё. І разумееш, што толькі моцная ўлада на чале з мудрым лідарам здольная захаваць дзяржаву. У Год гістарычнай памяці ёсць над чым задумацца. Трэба перадаць сучасным і будучым пакаленням нашу праўдзівую гісторыю. 

— Гістарычным вехам гаспадаркі прысвечаны стэнд перад адміністрацыйным будынкам «Гастэлаўскага». Побач — партрэты перадавікоў. Сталіца не вымывае кадры ў гаспадарцы?

— На пачатку дырэктарства ў «Гастэлаўскім» заўважаў, што многія ў калектыве да справы адносіліся па прынцыпе: як атрымаецца, так і добра. Давялося пераконваць: ад працы кожнага залежыць агульны поспех. Цяпер механізатараў не кантралююць у полі. Ладна ўсё і на жывёлагадоўчых фермах. Узгадваюцца словы геніяльнага Юлія Цэзара: рабская праца не дае плёну. Кожнаму ў калектыве давяраем, і людзі адказваюць стараннем і працавітасцю. Наш дэвіз: «Хто, калі не мы». Хто жывёлу дагледзіць, поле засее, кармы нарыхтуе? Паўсюдна пануюць дысцыпліна і парадак. Машынна-трактарны парк укамплектаваны так, што на працягу трох-чатырох гадоў не трэба яго абнаўляць. Пры падрыхтоўцы да веснавых палявых работ звычайна разлічваем на свае магчымасці. Мінеральных удабрэнняў назапасілі 130 працэнтаў да неабходнай колькасці, удосталь завезлі гаруча-змазачных матэрыялаў. Засеем палі толькі элітнымі сартамі. Як у народзе кажуць, шчасце дастаецца таму, хто старанна і шмат працуе.

— Для кіраўніка важна мець сваю каманду. Падтрымку яе адчуваеце? 

— Згуртаваць калектыў аднадумцаў не проста, але важна. Усе тонкасці тэхналогіі ў раслінаводстве і жывёлагадоўлі кіраўнік не можа ведаць — вытворчы працэс пастаянна развіваецца. Нашы галоўныя спецыялісты дасканала засвоілі сваю справу, кожны даказаў прафесіяналізм. Без іх падтрымкі не ўяўляю кіраванне сучаснай гаспадаркай. 

Марная справа — шукаць новыя кадры. Навічку патрэбен час для адаптацыі ў калектыве. Тым больш у нас патрабаванні строгія, што абумоўлена высокім узроўнем тэхналагіі. Не ўсе вытрымліваюць такі напружаны тэмп. Па кожнай важнай справе раімся перад тым, як прыняць рашэнне. Перакананы: у поспеху і доля Боскай міласці, бо ў нашай працы многае залежыць ад надвор’я. Усё ж такі трымаем высокую культуру вытворчасці па-гастэлаўску.

— Што гэта значыць?

— Добрасумленнае выкананне кожным на сваім участку комплексу тэхналагічных звенняў. Таму і вынікі адпаведныя. Па эканамічных паказчыках за намі па пятах крочаць іншыя моцныя гаспадаркі. Гэта падштурхоўвае не спыняцца на дасягнутым. З абранага курсу імкнёмся не збочваць. Кажуць, хто працуе сумленна, таго і Бог любіць. Сакрэтаў поспеху ні ад каго не тоім, жывём адкрыта.

— Вы ўзначальвалі гаспадаркі ў Гро­дзенскай і Віцебскай абласцях, кіравалі райсельгасхарчам. Дванаццаты год — дырэктар вядучага сельгаспрадпрыемства рэспублікі. Дзе больш камфортна?

— Адназначна адказаць складана. Сённяшні стыль кіраўніцтва больш дэмакратычны. Раней даводзілася змагацца з п’янствам, расхлябанасцю на працоўных месцах. Парушальнікаў дысцыпліны пераконвалі, імкнуліся выхоўваць, бо не было іх кім замяніць. Некаторых даводзілася і прыструньваць, выкарыстоўваць розныя метады, каб прымусіць працаваць. У «Гастэлаўскім» іншая справа. Сярэднямесячны заробак перавышае 1600 рублёў. Сем’і працаўнікоў забяспечваем жыллём. Будаўніцтва чарговага шматкватэрнага дома плануем пачаць сёлета. Праект ёсць, вызначана пляцоўка пад будоўлю, заключаны кантракт са сталічным ААТ «МАПІД». Патрэбен льготны крэдыт. Клопат пра людзей спрыяе замацаванню кадраў. 

У калектыве звыш двухсот працуючых. Звяртаюцца да мяне з рознымі пытаннямі. Імкнуся кожнага выслухаць, дапамагчы. Цвёрда перакананы: кіраўнік павінен быць патрабавальным у першую чаргу да сябе, не прымаць паспешных вывадаў, а дакапацца да праўды. Улічваю слушныя заўвагі, скаргі падначаленых. Важна ў кожным працаўніку заўважыць лепшыя якасці, зацікавіць яго агульнай справай.

— Станіслаў Часлававіч, апошнім часам значна ўзняўся ўзровень беларуска-расійскай інтэграцыі, што забяспечвае рашэнне многіх важных эканамічных пытанняў у наш няпросты час. Ці адчулі гэта на дзейнасці гаспадаркі?

— Безумоўна, гэта важны інтэграцыйны працэс для нас. Ад запатрабаванасці беларускай мяса-малочнай прадукцыі на расійскім рынку карэкціруем вытворчую дзейнасць. Яна карыстаецца попытам у расійскіх спажыўцоў, таму нарошчваем аб’ёмы выпуску. Летась рэалізавалі 18 500 тон малака, што на 1,5 тысячы тон больш, чым у папярэднім годзе. Добра падтрымалі сталічныя ўлады: выдзелілі пазыку на будаўніцтва сучасных малочна-таварных комплексаў. Інакш кажучы, далі вуду, каб лавіць рыбу.

— Пастаянна трымаць руку на пульсе часу: пераймаць і ўкараняць у вытворчым працэсе новае, перадавое — іншага шляху да поспеху няма. Пэўна, не так проста быць у лідарах? 

— І кіраўніком не проста быць. Патрэбна адчуваць адказнасць не толькі за даручаную справу, а і за людзей. Гастэлаўская гаспадарка была ўключана ў інвестпраект, дзяржава выдзеліла фінансавую пазыку для будаўніцтва двух буйных малочна-таварных комплексаў. Да ўдзелу ў праекце загадзя падрыхтаваліся: падабралі кадры, забяспечылі іх жыллём, нават правялі вучобу аператараў даення кароў. Дэталёва прадумалі, як запоўнім памяшканні высокапрадукцыйнай жывёлай. Пасля ўвядзення комплексаў у эксплуатацыю пагалоўе вырасла да 5700, трэцяя частка — дойныя каровы. Усур’ёз заняліся генетыкай статка чорна-пярэстай пароды. Раней у гаспадарцы ўтрымліваўся генафонд жывёлы, але гэту справу запусцілі, а потым за некалькі гадоў аднавілі. Спецыялісты з дапамогай вучоных карэкціруюць рацыён кармлення жывёлы, павышаюць культуру земляробства. Такія сур’ёзныя адносіны да важнай справы паспрыялі таму, што на тры гады раней запланаванага акупіліся новабудоўлі. 

— Зараз у рэспубліцы намечана рэалізаваць 13 новых інвестпраектаў у раслінаводстве і жывёлагадоўлі. Пэўна, ваш вопыт карысны для іншых?

— Канешне, ёсць чым падзяліцца. Каб не атрымалася, што патрачаны немалыя сродкі на ўзвядзенне комплексаў, тэхналагічнае абсталяванне, а жывёлы няма, каб запоўніць памяшканні. Зага­дзя трэба клапаціцца і пра кадры. Праекты будаўніцтва жывёлагадоўчых комплексаў планаваць неабходна там, дзе яны будуць эфектыўна дзейнічаць, прыносіць прыбытак. Дзяржаўныя грошы трэба, як і свае асабістыя, пільна лічыць. Ад разумнага гас­падарання на месцах шмат у чым залежыць харчовая бяспека краіны.

— Значны даход у казну нашай дзяржавы дае экспарт сельскагаспадарчай прадукцыі. Як плануеце нарошчваць аб’ёмы прадукцыі?

— У такі неспакойны час, калі ў свеце паніка спажывання прадуктаў харчавання, сельгасвытворцам гэта павінна быць выгадна. Таму што разам з ростам попыту на тавар павялічваецца і цана на яго. Каб яшчэ хутчэй адчуць павышэнне закупачнай цаны на нашу прадукцыю!.. Складана ў такіх умовах трымацца на плаву. У майго знаёмага невялікая ўласная свінаферма. Зараз ён у роспачы: як быць? Камбікорм вырас у цане, а кошт свініны не змяніўся. Гаспадар затрачвае больш сродкаў, чым атрымлівае за продаж мяса. У такім становішчы апынуліся многія вытворцы сельгаспрадукцыі. Спадзяёмся, усё наладзіцца.

— Вы маеце рацыю: мы жывём у складаны час, калі далёка не усё залежыць і ад нас, ад Беларусі. Але, як адзначыў Прэзідэнт, выстаім і будзем больш моцнымі. Бу­дзем менш залежаць ад Захаду і станем самадастатковымі. А якія ў вас планы развіцця гаспадаркі?

— Прэзідэнт дадаў яшчэ, каб была большая самастойнасць у кіраўнікоў. Часам прыкра становіцца, калі пры маім вопыце кіравання загады мне дае далёкі ад сельскай гаспадаркі чалавек. Гэта адбівае ахвоту працаваць. Некаторыя праверкі, маніторынгі раздражняюць, выбіваюць з працоўнага рытму, адбіраюць каштоўны час. Не дзіва, што нашы галоўныя спецыялісты не згаджаюцца ўзначальваць іншыя калектывы. Таму і не стае іх у многіх гаспадарках. Моладзь не вытрымлівае такога націску з боку правяраючых. Бо прыедзе дылетант і пачынае вучыць, як працаваць.

Лепш адкрыта гаварыць пра набалелае і вырашаць праблему. На гэта неаднаразова звяртаў увагу кіраўнік дзяржавы. Шчырая падзяка Прэзідэнта за маю працу надала настрою. Хочацца і далей служыць на карысць Радзіме. 
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter