Лучшая песня заслуженной артистки Беларуси Валентины Кареликовой еще не спета

Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Валянціна Карэлікава: «Не спяваю, што ведаю, а ведаю, што спяваю»

Зараз многія выстаўляюць на шчыт сваё шляхецкае паходжанне. Заслужаная артыстка Рэспублікі Беларусь Валянціна Карэлікава ганарыцца сялянскімі каранямі. З маленства выхоўвала яе бабуля Фёкла Захараўна. Школьныя гады будучай артысткі прайшлі ў Гомельскім дзіцячым доме № 1. Вучоба ў музычным вучылішчы і сталічнай кансерваторыі, праца ў мастацкіх калектывах «Харошкі» і «Бяседа», здымкі тэлевізійнага цыкла праграм «Спявай, душа!» на Беларускім тэлебачанні...



Юбілейную вечарыну з нагоды паўвекавой творчай дзейнасці Валянціна Фёдараўна ладзіла ў мінскім Доме афіцэраў і прысвяціла 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў і памяці народнага артыста СССР Ігара Лучанка.

— Валянціна Фёдараўна, не толькі арганізацыю гэтага мерапрыемства вы ўзялі на сябе, а і вядзенне ўрачыстасці. Як вам усё гэта ўдалося?

— Калі ёсць моцнае жаданне — будзе і магчымасць. Абодва прысвячэнні для мяне надзвычай важныя. У мяне на вайне два дзяды, Савасцей Якаўлевіч Карэлікаў і Андрэй Захаравіч Кірыкаў, засталіся маладымі, і я вельмі сур’ёзна да гэтага стаўлюся. Сама люблю ваенных і верна служу ім сваімі песнямі. А што тычыцца памяці Ігара Міхайлавіча Лучанка, то ён святы для мяне чалавек. Колькі буду жыць, столькі буду ўдзячная яму. Ад Бога атрымала голас, жаданне спяваць, займацца музыкай, а ад кампазітара Лучанка — магчымасць рэалізаваць свае здольнасці.

— Які музычны інструмент вы першым у сваім жыцці ўзялі ў рукі?

— Яшчэ ў школу не хадзіла, а ўжо іграла на гармоніку. На раду было напісана мне стаць музыкай. У бабулі па бацькавай лініі Фёклы Захараўны быў ад Бога прыгожы голас. Яна спявала ў царкоўным хоры. Драўляны храм узвышаўся ў цэнтры гомельскай вёскі Целяшы, адкуль мае карані. Калі яго фарбавалі, раптам узнік пажар, і, як свечка, умомант будынак згарэў. Той пажар добра памятаю. Праз гады на тым месцы мае землякі ўзвялі мураваны храм. Сэрца грэе, што ў аднаўленні святыні ёсць і непасрэдны мой удзел.

А што тычыцца маёй цягі да музыкі, то яна ад бацькі. Ён быў выбітным гарманістам. У маладыя гады з трохрадкай падаўся ў Мурманскую вобласць на заробкі. Там сустрэў валагодскую прыгажуню Кацярыну Ягораўну Сізову з трыма дзецьмі. Яны сышліся, а калі нарадзілася я, то бацькі разам ужо не былі. Маці мяне немаўляткам прывезла ў Целяшы і пакінула ў бабулі. Больш ніколі я маму так і не ўбачыла.

Захаваўся маленькі фотаздымак, на якім я, апранутая па-святочнаму, стаю ля дзіцячага крэсельца. Бабуля пашыла мне сукенку з фальбоначкамі. Часта яна прыносіла дамоў школьны гармонік, каб я вучылася іграць. У нашым доме быў патэфон. Зімовымі вечарамі грэліся каля грубкі і слухалі класічную музыку. У перапынку чула расповеды бабулі пра перажытае ў гады нямецка-фашысцкай акупацыі. Мой дзядуля Савасцей Якаўлевіч загінуў у 1943 годзе. Ён быў кадравым афіцэрам КДБ. Яго бацька Якаў Андрэевіч Карэлікаў пражыў 104 гады.

У першы клас мяне праводзіла бабуля. У нашу школу прыехала практыкавацца малодзенькая настаўніца Таццяна Ільінічна Эле. Бацька яе — прафесар Гомельскага педінстытута. Дзяцінства яго прайшло ў дзіцячым прытулку. Ад дачкі ён пачуў пра мой лёс і ўладкаваў мяне ў Гомельскі дзіцячы дом № 1. Там з’явілася магчымасць заняцца музычнай граматай.

Пасля восьмага класа паступіла ў Гомельскае музычнае вучылішча імя Нестара Сакалоўскага, аўтара Дзяржаўнага гімна Беларусі. Маім непасрэдным настаўнікам быў дырэктар вучылішча Нікан Антонавіч Фалейчык. Засвоіла гітару, ударную ўстаноўку, але асноўным музычным інструментам выбрала домру. Па вечарах працавала ў клубе чыгуначнікаў. Мяне запрасілі ў жаночы эстрадны калектыў. Як магла зарабляла сабе на жыццё, бо дапамогі не было адкуль чакаць. Летам часта наведвалася да бабулі ў Целяшы. Разам агарод палолі, хадзілі ў лес.

Перад паступленнем у кансерваторыю ад вядомага расійскага дамрыста Аляксандра Андрэевіча Цыганкова атрымала запрашэнне на вучобу ў Маскву. Заўважыў мяне і вядомы савецкі музыкант Іван Іванавіч Шыцянкоў і раіў паступаць у Ленінградскую кансерваторыю. Следам па пятах хадзіў загадчык кафедры беларускай кансерваторыі Міхаіл Рыгоравіч Солабаў і казаў, што мяне нікуды не адпусціць. З тых часоў сябруем. Яму ўжо 95 гадоў. Ніводнага майго творчага вечара не прапусціў. Дзякуючы яму свой выбар спыніла на факультэце струнных інструментаў па класе домры беларускай кансерваторыі.

З першых дзён студэнцтва стварылі невялікі музычны калектыў. На першым рэспубліканскім конкурсе артыстаў эстрады ў 1972 годзе атрымалі ганаровае званне лаўрэатаў. Пайшла слава пра нас. У той момант сужэнцы Валянціна Гаявая і Мікалай Дудчанка арганізоўвалі харэаграфічны ансамбль «Харошкі». Рэктар кансерваторыі, кампазітар Уладзімір Алоўнікаў не адпускаў мяне з установы, адчуваў творчы патэнцыял як перспектыўнай дамрысткі. Але я настаяла на сваім і перайшла на завочнае аддзяленне.

Вялікай радасцю стала для мяне праца ў маладым калектыве «Харошак». Пачаліся замежныя гастролі. Першы тур — па Даніі. Кожны канцэрт праходзіў з аншлагам. Падоўгу не адпускалі нас са сцэны ў Польшчы, Бельгіі, іншых краінах Еўропы. Адправіліся з канцэртамі па Сірыі і Іарданіі. Пасля выступлення ў Іарданіі кароль справіў банкет, на якім частавалі экзатычнымі стравамі.

— А як савецкія гледачы вас прымалі?

— Перапоўненыя залы Мінска, Кіева, Ленінграда, Масквы і іншых гарадоў нашай былой вялікай краіны. У 1977 годзе калектыў «Харошак» стаў лаўрэатам Усесаюзнага конкурсу артыстаў эстрады. Пасля вяртання з Масквы нас запрасіў сакратар ЦК КПБ Аляксандр Кузьмін. Званні заслужанага артыста БССР атрымалі кіраўнік калектыву Валянціна Гаявая, саліст Фёдар Балабайка і я.

— Бабуля дачакалася вашага трыумфу?

— Першай ёй паведаміла прыемную вестку. Колькі радасці яна прынесла не толькі бабулі, а і ўсёй вёсцы Целяшы! Мяне віншавалі з ганаровым званнем...

Калі нарадзіўся сын, пакінула «Харошкі»: не магла з дзіцём ездзіць на гастролі. У той час у Белтэлерадыёкампаніі ствараўся музычны калектыў «Жывіца», і я стала ля яго вытокаў. Гастролі па Беларусі, у замежжа. Выступалі ў прэстыжных залах ЗША.

На базе гэтага музычнага калектыву потым стварыўся ансамбль «Бяседа». З канцэртамі аб’ездзілі ўсю Беларусь. Нам апладзіравалі, дзякавалі за цудоўныя мелодыі. Былі і цікавыя замежныя гастролі. Запомніўся канцэрт у сталіцы Венесуэлы Каракасе, калі два Прэзідэнты — Уга Чавес і Аляксандр Лукашэнка — выйшлі да нас на сцэну. Калі загучала песня «Запрягай-ка, батька, лошадь», Уга Чавес узяў у саліста «Бяседы» Валянціна Кірыленкі шаршуны і стаў падыгрываць. А я Аляксандру Рыгоравічу падала бубенчык. Яны ўдваіх дапоўнілі наш музычны ансамбль. Пасля заканчэння нумара Уга Чавес пацалаваў мне руку. Увечары па тэлебачанні ў атэлі глядзелі гэтае выступленне. Два Прэзідэнты ігралі на беларускіх народных інструментах.

— Валянціна Фёдараўна, рэакцыю гледачоў на выступленні «Бяседы» неаднойчы мне даводзілася бачыць у розных кутках Беларусі. Пасля кожнага канцэртнага нумара — авацыі. Якая песня вам найбольш па душы?

— Кожная для мяне па-свойму дарагая, бо выпеставана сэрцам, душою. Для мяне кожны выхад на сцэну — вялікае хваляванне і непамерная радасць сустрэчы з гледачамі. Песні перастройваю пад свой манер. Не спяваю, што ведаю, а ведаю, што спяваю, пра што спяваю, ад чаго спяваю і для каго.

— У Бібліі сказана: не ствары куміра. Але ўсё-такі ці ёсць у вас кумір у музычным свеце?

— Не кумір, а значна вышэй — родны маёй душы чалавек, як бацька для мяне — Ігар Міхайлавіч Лучанок. Я яго так разу­мела, і ён адчуў маю творчую душу. Пуцёўку ў вялікую творчасць мне дала Валянціна Гаявая. Яна як маці для мяне, а Ігар Міхайлавіч — бацька ў маёй музычнай творчасці.

— З чаго пачалося ваша сяброўства з кампазітарам Ігарам Лучанком?

— З гастрольнай паездкі ў Жытомірскую вобласць Украіны. Разам з Ігарам Міхайлавічам выступаць з канцэртам адправіліся Тамара Раеўская, Андрэй Хлястоў, Надзея Мікуліч і я. Некалькі дзён гастралявалі. На першым канцэрце Лучанок уважліва слухаў мае прыпеўкі пад гармонік. Калі на сцэну выйшаў ён і загучала ў яго выкананні «Мелодыя кахання», я не ўтрымалася і заплакала. Пасля выступлення падышла да яго і пакланілася. Так і пачалося творчае сяброўства. Пазней Ігар Міхайлавіч і паэт Васіль Зуёнак прапанавалі мне песню «Гора-бяда». Аранжыроўку прафесійна зрабіў таленавіты Дзмітрый Даўгалёў. Толькі з трэцяга разу прынцыповы маэстра прыняў маё выкананне і сказаў, што цяпер песня будзе жыць. Прызналася, што ад хвалявання крыху не тую танальнасць узяла, а Лучанок мудра ўсміхнуўся і сказаў, што нічога тут страшнага няма, я ж не прафесійная спявачка. Мелодыя пайшла ў народ.

Як і песня «Будзьма», якую напісалі кампазітар Эдуард Зарыцкі і народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Аляксандр Надточый (яго ў артыстычных колах завём беларускім Моцартам) геніяльна зрабіў аранжыроўку. Рыгор Барадулін спытаў у мяне па тэлефоне: «Валечка, а ці спяваеш ты маю песеньку?» Адказала, што не песенька, а сапраўдны гімн. Паэт благаславіў мяне на выкананне яе са сцэны.

Дзякуючы Ігару Міхайлавічу пасябравала з касманаўтамі Пятром Клімуком і Валянцінай Церашковай. Захоўваю здымак, зроблены падчас нашай паездкі ў Зорны гарадок, дзе мы выступалі на юбілеі акадэміі імя Жукоўскага. Пад гітару спявала песню Ігара Лучанка на словы Генадзя Бураўкіна «Зачарованая мая». Вяла вечар маскоўскі дыктар Ганна Шацілава. Пад мой акампанемент на гармоніку саліраваў заслужаны артыст Беларусі Уладзімір Правалінскі. Беларускую дэлегацыю ў Зорным узначальвала старшыня Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР Ніна Сняжкова.

— Творчыя ўзлёты, высокія званні не заразілі вас зорнай хваробай?

— Мяне гартавала дзетдомаўскае выхаванне. Ніколі не несла сябе вышэй за іншых. Такім выхоўвала і сына Сяргея. Са школьных урокаў літаратуры памятаю крылатыя словы Аляксандра Пушкіна, што паэтам можаш і не быць, а грамадзянінам быць абавязаны.

Калі бачу ў зале агеньчык у вачах гледачоў, загараюся яшчэ больш. Асаблівая асалода — выступаць у сельскіх клубах. Вяскоўцы больш шчырыя і па-дзіцячаму даверлівыя. У іх бачу сваё адлюстраванне. Такою мяне бабуля і дзіцячы дом выхавалі. Люблю на сцэне імправізаваць. Гэта ў маёй крыві. З юнацтва захапляюся класічным джазам. Засвоіла ўдарную ўстаноўку. Класічны джаз блізкі па духу. Часам шкадую, што не пайшла па гэтым кірунку творчасці.

— Валянціна Фёдараўна, якую рысу характару вы найбольш цэніце ў сабе?

— Цярплівасць. Жыццё мяне гэтаму навучыла. А яшчэ заўжды імкнуся адчуваць свайго слухача. Вялікае шчасце быць запатрабаванай на сцэне. Дзе б ні выступала, заўжды выкладваюся як у апошні раз. Са сцэнаю неразлучна. Пэўна, і народжана для таго, каб прыносіць людзям радасць. Калі мяне запрасілі весці на тэлебачанні праграму «Спявай, душа!», то падчас здымак чарговага выпуску кожнай бабульцы кланялася, дзякавала за песні. Гэтыя сустрэчы з вясковымі артыстамі незабыўныя.

У мяне моцны рускі характар і мяккая спеўная беларуская душа. Магу выконваць характарныя расійскія песні, а ад беларускіх напеваў часам сама плачу. Мяне кранаюць мелодыі геніяльнага Уладзіміра Мулявіна, з якім моцна сябравала. Некалі жылі ў адным інтэрнаце па мінскай вуліцы Бялінскага. Частавала яго пельменямі. Калі ладзіла адзін са сваіх творчых вечароў, Уладзімір Георгіевіч спытаў, што лепш «Песнярам» выканаць на свяце. Папрасіла праспяваць «Чырвоную ружу». І яна прагучала, а потым даведалася, што за тры дні да канцэрта Мулявін пахаваў сваю першую жонку Ліду Кармальскую.

— Ніводнае рэспубліканскае свята «Дажынкі» не праходзіла без удзелу слыннага музычнага калектыву «Бяседа», у якім вы вялі рэй. Якія «Дажынкі» вам больш запомніліся?

— Рэчыцкія, бо ад гэтага прыдняпроўскага горада зусім блізка да маіх родных Целяшоў. Цудоўна глядзіцца там сцэна на беразе Дняпра. Далёка па рацэ разносіліся нашы спевы. Мо і да родных мясцін у Целяшы даляталі. Там на пагосце вечна спачываюць родныя. Каля бабулі побач пахавала бацьку, якога адшукала і да апошняга дня дагледзела.

— Валянціна Фёдараўна, зараз вы на заслужаным адпачынку. Ці адчуваеце спакой душы?

— Гэта вельмі важны ўнутраны стан. Менавіта так настройваюся жыць на пенсіі. Больш баўлю час на лецішчы. Люблю прайсціся лясной сцяжынай, паслухаць спевы птушак. Вялікае шчасце — адчуваць паўнату жыцця. Пры гэтым чакаю новых сустрэч з прыхільнікамі майго таленту. Мая лепшая песня ўсё-ткі яшчэ не спета.

Фота аўтара

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter