Как сегодня отправиться в путешествие по маршруту Минск — Беларусь

Заслаўскі пачатак

ПРЭМ’ЕРА РУБРЫКІ

«Хто не памятае мінулага, хто забывае мінулае — ­асу­джаны зноў перажыць яго. Безліч разоў», — казаў наш класік Ула­дзімір Караткевіч. Гісторыя беларускай зямлі сапраўды багатая на велічныя падзеі, знакавыя імёны і незвычайныя адкрыцці. Усе разам яны з’яўляюцца падмуркам, на якім сёння стаіць беларускі народ. Нягледзячы на шматлікія войны, якія пракаціліся па нашай тэрыторыі, у нас шмат чаго захавалася з даўніх часоў. Праводзяцца і грандыёзныя рэканструкцыі знакавых аб’ектаў. А дзе-нідзе аб эпахальных падзеях распавядаюць і ўзгорачкі, і яры. «НГ» запрашае ў цікавае падарожжа па роднай краіне. Будзем праз месцы расказваць аб мінулым і сённяшнім часе. Гісторыя — гэта тое, што нас аб’ядноўвае. Тым больш гэты год аб’яўлены Годам народнага адзінства.
Сучаснае Заслаўе — невялічкі гарадок у 12 кіламетрах на паўночны захад ад сталіцы. Ціхі і акуратны. Але так было не заўсёды. Гэтыя мясціны ў свой час адыгралі для станаўлення нашай нацыі не меншую ролю, чым Полацкія ці Тураўскія землі. Таму і заслугоўваюць асаблівай увагі.

Фото  БЕЛТА

Куды вядуць запаветныя сцежкі

Паданне пра полацкую князёўну Рагнеду кожны з нас ведае з дзяцінства. Пра тое, што яна не захацела «рабычича розути», але лёс склаўся так, што Уладзімір сілком узяў яе ў жонкі, спаліў Полацк, забіў бацьку і братоў. Памятаем мы і працяг пра тое, як аднойчы яна надумала забіць мужа, але не здолела і ледзь сама не загінула. Быццам выратаваў яе маленькі сын Ізяслаў, які не даў Уладзіміру падняць руку на маці. А што было далей? 

За адказам на гэтае пытанне адпраўляемся на паўднёва-­заходнюю ўскраіну Заслаўя. На добра захаваным узвышшы і цяпер праглядваюцца абрысы старажытнага землянога вала. Менавіта тут напрыканцы Х стагоддзя кіеўскі князь Ула­дзімір заснаваў горад-крэпасць, які назваў у гонар старэйшага сына. Сюды і была выслана ­Рагнеда з Ізяславам.

— Жыццё на мяжы Кіеўскай Русі сапраўды можна лічыць своеасаблівай высылкай. Навокал старажытнага гарадзішча, якое мясцовыя цяпер завуць Замэчкам, былі непраходныя балоты — трапіць унутр ці выехаць з яго можна было толькі па адзінай дарозе, — расказвае старшы навуковы супрацоўнік Гісторыка-культурнага музея-запаведніка «Заслаўе» Тац­цяна Арлова.

Што ўяўляў сабой Ізяслаўль напрыканцы Х стагоддзя, калі сюды прыбылі Рагнеда і Ізяслаў? Гэта быў сапраўдны горад-крэпасць. Пра тое сведчаць шматлікія археалагічныя знаходкі, якія даюць падставу меркаваць, што гаспадарылі тут воіны-прафесіяналы. 

Адно з самых частых пытанняў, якія даводзіцца чуць мясцовым экскурсаводам ад турыстаў, — чаму Уладзімір адправіў Рагнеду і Ізяслава менавіта на гэтыя землі? Дакладнага адказа не ведае ніхто. Больш за тое, і само паданне пра іх няпросты лёс трэба ўспрымаць асцярожна. Яно, хоць і заснавана на рэальных падзеях, але было запісана больш чым праз 100 гадоў пасля смерці Ізяслава. Аўтар сваёй мэтай ставіў не расказаць гісторыю шлюбу Уладзіміра і Рагнеды, а спрабаваў растлумачыць прычыны варожых адносін паміж кіеўскімі і полацкімі князямі, якія разгарэліся пасля. 

— Да таго ж возьмем факт пакушэння Рагнеды на Ула­дзі­міра. Самае распаўсюджанае тлумачэнне гэтага — помста за тое, што ў жонкі ён яе ўзяў сілай, спаліў Полацк і забіў бацьку і братоў. Аднак магла мець месца і звычайная рэў­насць (мы ведаем, што ва Уладзіміра да прыняцця хрысціянства было некалькі жонак і шмат наложніц). Але аўтарытэтныя гісторыкі разглядаюць і версію спробы палітычнага перавароту — на забойства мужа Рагнеда магла адважыцца не сама, а па парадзе іншых людзей, — гаворыць Таццяна Арлова. — Не менш пытанняў выклікае і высылка Рагнеды і Ізяслава. Тысячу гадоў таму князь, ды яшчэ і паганскай веры (падзеі адбыліся да хрышчэння Русі), за такі праступак жонкі мог казніць яе на месцы, ніхто б і слова яму не сказаў! Тым не менш Рагнеда з сынам не толькі засталіся жывымі, але яшчэ і фактычна вярнулі ўладу над роднымі землямі — з 988 года Ізяслаў становіцца паўнапраўным князем полацкім. 

Верай і кнігамі ўзброеныя

Праваслаўны (былы кальвінісцкі) сабор Праабражэння Гасподня (XVI ст.) знаходзіцца на старажытным гарадзішчы (XI ст.).Фота аўтара
Якім большасць з нас уяўляе сабе Ізяслава Уладзіміравіча? Маленькім, але мужным хлопчыкам, які заступіўся за маці. Гэты вобраз увасобіўся ў шматлікіх літартурных творах, скульптурах і на кінаэкране.

— За яркай рамантызаванай характарыстыкай, навеянай паданнем, мы часта ўпускаем рэальныя факты. Між іншым у гісторыю Ізяслаў увайшоў як першы князь-кніжнік і родапачынальнік полацкай дынастыі, — падкрэслівае Таццяна Арлова.

Сапраўды, Ніканаўскі летапіс дае досыць разгорнутую характарыстыку: «Бысть жа сий князь тих и кроток, и смирен, и милостив, и любя зело и почитая священнический чин иноческий, и прилежаще прочитанию божественных писаний, и отвращаяся от суетных глумлений, и слезен, и умилен, и долготерпелив…»

— Нямногія з нашых наведвальнікаў ведаюць, што Рагнеда пасля хрышчэння Русі стала першай жанчынай, якая прыняла манаскі пострыг. Па сваёй волі ці па патрабаванні Ула­дзіміра — невядома. Але мы дакладна маем права сцвярджаць — першая манахіня на тэрыторыі Усходняй Еўропы была наша, — працягвае Таццяна Арлова. — Дынастыя полацкіх князёў была надзвычай моцнай у духоўным і культурным плане.

Адчуць веліч ізяслаўскага роду (у летапісах дынастыю яшчэ пазначалі «рагваложымі ўнукамі») сёння можна ва ўнікальнай зале габеленаў, якая знаходзіца на Рыначная плошчы Заслаўя. У цэнтры аднаго з маштабных рукатворных палотнаў — князь-кніжнік ­Ізяслаў. Па правую руку ад яго — унук Усяслаў Брачыслававіч Чара­дзей, пры якім Полацкае княства дасягнула максімальнага росквіту і на беразе Дзвіны быў пабудаваны знакаміты Сафійскі сабор. А па левую — прапраўнучка, выбітная асветніца Еўфрасіння Полацкая. 

Ад горада-крэпасці да горада-музея Увогуле, слядоў падзей тысячагадовай даўніны ў сённяшнім Заслаўі хапае. Гістарычная частка горада амаль цалкам з’яўляецца ахоўнай тэрыторыяй, дзе забаронена ўзводзіць высокія будынкі, весці раскопкі. Ад таго ёсць магчымасць ацаніць унікальны рэльеф гэтых мясцін. 

Вядома, што ўжо ў ХІ стагоддзі ўладальнікі Ізяслаўля перабраліся з Замэчка на новае гарадзішча — бліжэй да ракі Свіслач. Яно таксама добра захавалася да нашых дзён. Асаблівае месца і Рыначная плошча. Сёння ў яе цэнтры стаіць Ізяслаў, які задуменным поглядам глядзіць на свой горад, а ў ХІ стагоддзі тут знаходзіўся рамесны пасад. 

Менавіта дзякуючы шматлікім археалагічным раскопкам, якія ішлі на тэрыторыі горада пераважна ў ХХ стагоддзі, ён атрымаў статус гісторыка-культурнага музея-запаведніка. 

— Першыя маштабныя археалагічныя работы праводзілі супрацоўнікі Акадэміі навук у 1920-х гадах. Багатымі на цікавыя знаходкі былі і 1960-я, калі тут пачалі будаваць школу, а неўзабаве адкрылі новыя грані мінулага, — кажа Таццяна Арлова. 

ТРЭБА ВЕДАЦЬ

На мяжы з мінулым

Зручней за ўсё ад Мінска да Заслаўя ехаць на электрычцы, якая ў бок старажытнага горада ходзіць некалькі разоў на гадзіну. Праўда, ні ў адной касе вам не прададуць квіток непасрэдна да Заслаўя. Чаму так? Станцыя завецца «Беларусь». 

Першапачаткова пры будаўніцтве Лібава-Роменскай чыгункі ў 1891 го­дзе прыпынак назвалі Заслаўем. Праз пяць гадоў, аддаючы даніну гісторыі, яму далі новае імя — Ізяслаўль — у гонар князя. 

Але з 1921-га па 1939-ы беларускія тэрыторыі былі падзелены на дзве часткі: заходняя ўваходзіла ў склад Польшчы, а ўсходняя была рэспублікай у складзе СССР. Мяжа якраз прайшла непадалёку ад Заслаўя, і гісторыя з горадам-крэпасцю быццам паўтарылася. Паколькі фактычна гэтыя мясціны зноў сталі варотамі, толькі ўжо не для Кіеўскай Русі, а для новай Беларусі. Нягледзячы на тое што ў верасні 1939 года мяжа змясцілася на захад, назву станцыі захавалі. Таму і цяпер у любы дзень можна адправіцца ў падарожжа па дзіўным маршруце Мінск — Беларусь. 

kurak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter