Заслаўскi фэст

Музычную  спадчыну  Напалеона  Орды  вяртае  Нацыянальны  канцэртны  аркестр  Беларусi

Музычную  спадчыну  Напалеона  Орды  вяртае  Нацыянальны  канцэртны  аркестр  Беларусi

У сёмы раз музычны фестываль “Заслаўе-2007” панаваў у старажытным горадзе. Гэта свята, арганiзаванае Мiнскiмi абласным i раённым выканкомамi, Заслаўскiм гарсаветам i Нацыянальным канцэртным аркестрам Беларусi, стала чарговай старонкай у важнай i высакароднай справе адраджэння твораў, якiя гучалi некалi ў старадаўнiх беларускiх маёнтках, i вяртання сучасным слухачам iмён iх стваральнiкаў i выканаўцаў — нашых славутых на ўвесь свет землякоў. На гэты раз цэнтральнай падзеяй фестывалю ў Заслаўi стала  канцэртная праграма, прысвечаная кампазiтару, пiянiсту, мастаку Напалеону Ордзе, чыё 200-годдзе пад эгiдай ЮНЕСКА адзначае сёлета сусветная грамадскасць. 

Напалеон Орда – ураджэнец беларускай зямлi. Яго дзяцiнства i юнацтва прайшлi ў маёнтку Варацэвiчы цяперашняга Iванаўскага раёна. Вучыўся ў Вiльнi, але за ўдзел у тайным студэнцкiм таварыстве быў выключаны з унiверсiтэта. У 1830—1831 гадах прыняў бок  паўстанцаў, пасля iх разгрому вымушаны быў пакiнуць радзiму i пешшу, праз усю Еўропу, адправiўся ў Парыж. Ён блiскуча iграе на фартэпiяна, сачыняе цудоўную музыку, становiцца майстрам архi-тэктурнага пейзажа. Ён сябруе з Мiцкевiчам i Шапэнам, выкладае, узначальвае iтальянскую оперу, атрымлiвае ўсеагульнае прызнанне, але марыць аб вяртаннi на радзiму... 

— У асобе i творчасцi Напалеона Орды адлюстравалiся карэнныя рысы беларускай культуры як культуры сумежжа, якая шчодра дорыць свае таленты розным краiнам i народам. I вельмi прыемна, што справу вяртання сучаснiкам музыкi славутых сыноў бацькаўшчыны разгарнуў калектыў унiкальны, роўнага якому няма ў свеце. Я маю на ўвазе размах дзейнасцi Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi, яго рэпертуар, у якiм выдатна спалучаюцца кампазiцыi эстрадныя, джазавыя, сусветная класiка розных эпох i ў эпiцэнтры якога застаецца музыка беларуская – ад старадаўняй да сучаснай, — гаворыць навуковы кiраўнiк фестывалю, нязменная яго вядучая, доктар мастацтвазнаўства, прафесар Вольга Дадзiёмава. 

Вяртанне старадаўняй музычнай спадчыны — справа вельмi няпростая. Практычна ўвесь зыходны матэрыял раскiданы па бiблiятэках Еўропы, i найперш трэба адшукаць тыя некалькi радкоў з нотамi з рукапiсаў цi старадрукаў. Пасля яны дзякуючы карпатлiвай працы аранжыроўшчыкаў ператвараюцца ў партытуры i пералажэннi для розных саставаў музыкантаў i атрымлiваюць новае жыццё. Менавiта такiя адноўленыя творы Напалеона Орды гучалi ў Заслаўi ў выкананнi камерных калектываў Нацыянальнага канцэртнага аркестра Беларусi. 

— Святы беларускай музыкi больш за дзесяць гадоў наш аркестр ладзiць у многiх малых гарадах краiны — Заслаўi, Нясвiжы, Мiры, Тураве, Мсцiславе, Маладзечне... Сёлета да iх далучыцца Чачэрск. Для кожнага  такога свята мы рыхтуем новыя канцэртныя праграмы, над якiмi шмат працуюць таленавiтыя музыканты i музыказнаўцы. Я лiчу, што падобныя фестывалi робяць вялiкую справу ў вырашэннi адной з галоўных задач сучаснага мастацтва – у выхаваннi патрыётаў, якiя ганарацца сваёй радзiмай, яе гiсторыяй i культурнай спадчынай. Напрыклад, на канцэрты камернай музыкi ў Нясвiжы, дзе сёлета фестываль адбудзецца ў 12-ы раз, колiшнiя першыя яго ўдзельнiкi прыходзяць ужо сем’ямi, са сваiмi дзецьмi. Людзi чакаюць гэтай падзеi, чакаюць сустрэч з акадэмiчнай музыкай. I гэта галоўны вынiк нашай працы, якi не можа не радаваць, — адзначае народны артыст Беларусi, мастацкi кiраўнiк Нацыянальнага канцэртнага аркестра Мiхаiл Фiнберг.     

На працягу двух фестывальных дзён у Заслаўi прайшло адкрыццё мастацкай выстаўкi, адбылiся канцэрт джазавай музыкi i знаёмства з новым калектывам аркестра – струнным квартэтам. Гасцямi фестывалю сталi артысты аркестра народных iнструментаў Магiлёўскай абласной фiлармонii i Дзяржаўнага камернага хору Рэспублiкi Беларусь. З канцэртам беларускай музыкi разам з прафесiяналамi ўпершыню выступiлi выхаванцы i настаўнiкi Заслаўскай дзiцячай школы мастацтваў. Дарэчы, ён адбыўся ў рамках творчай сустрэчы жыхароў горада з Мiхаiлам Фiнбергам – вядомым дырыжорам, музыкантам, прафесарам, грамадскiм дзеячам i, паводле слоў маэстра, вельмi яго ўсцешыў. 

— Я вельмi задаволены тым, што ў юных выканаўцаў iх настаўнiкаў ёсць цiкавасць менавiта да беларускай музыкi. У дзяцiнстве я ведаў многа беларускiх народных песень i з задавальненнем iх спяваў. На жаль, пахвалiцца гэтым могуць вельмi нямногiя сённяшнiя дзецi, бо цэлымi днямi яны чуюць па радыё i тэлебачаннi толькi папсу. Дый сучасныя айчынныя кампазiтары мала пiшуць для дзяцей, — падзялiўся ўражаннямi Мiхаiл Фiнберг. 

У час сустрэчы з жыхарамi заслаўя закраналiся i многiя iншыя праблемныя пытаннi ў развiццi беларускага музычнага мастацтва. Мяркуецца, што падобныя мерапрыемствы з удзелам вядомых дзеячаў культуры i мастацтва нашай краiны стануць спадарожнiчаць кожнаму з сёлетнiх святаў музыкi, якiя ладзiць Нацыянальны канцэртны аркестр у малых гарадах рэспублiкi. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter