Зашыр’е: хлебаробу жыць не гожа незаможна, непрыгожа

АДЗІН з самых добраўпарадкаваных на Гомельшчыне ельскі аграгарадок Зашыр’е – дзесяцікратны пераможца рэспубліканскага агляда-конкурсу сярод сельскіх населеных пунктаў. Паўстаў ён на месцы глухога палескага хутара, акружанага ў былыя часы непраходнымі балотамі. Па зімніку тутэйшыя дабіраліся да старажытных Мазыра, Турава, Ельска. Бокам абышлі аддаленае паселішча набегі татар і крывавыя сярэднявечныя войны. 

Пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай невялікі хутар адышоў да Скараднянскай воласці Мазырскага ўезда Мінскай губерні.



Савецкая ўлада змяніла жыццё ў Зашыр’і. Адкрыліся пачатковая школа, клуб. Сяляне аб’ядналіся ў калектыўную гаспадарку, землі якой дробнымі лапікамі ўзвышаліся сярод векавой дрыгвы.

Мірнае жыццё хутаран спыніла вайна. З першых дзён нямецка-фашысцкай акупацыі ў густым бары, што падступае да зашырскіх агародаў, арганізаваўся атрад народных мсціўцаў. Пасля ён перарос у 37-ю Ельскую партызанскую брыгаду. Байцы не давалі спакою акупантам: нападалі на варожыя гарнізоны, пускалі пад адхон чыгуначныя саставы, што рухаліся з захаду на фронт. Летам 1942 года азвярэлыя гітлераўцы акружылі Зашыр’е і спалілі ўсе хаты. Дзясятак вяскоўцаў не вярнуліся з фронту. Двума мемарыяльнымі дошкамі ўвекавечана памяць ахвяр Вялікай Айчыннай вайны. 

З першых мірных гадоў паступова аднаўляліся сялянскія падворкі, наладжваў дзейнасць калгас, адкрылася лясніцтва. 

У другой палове мінулага стагоддзя пачаўся масавы наступ на беларускія балоты. Меліярацыя Палесся стала ўсесаюзнай камсамольскай маладзёжнай будоўляй. На акультураных землях будаваліся буйныя саўгасы. Пралегла асфальтаваная дарога да Зашыр’я — цэнтральнай сядзібы новага саўгаса “Камуніст” Ельскага раёна. Паўсталі вытворчыя памяшканні жывёлагадоўчага комплексу, машынна-трактарнага парка. Шматкватэрнымі жылымі дамамі і катэджамі забудоўваўся пасёлак з Палацам культуры і спартыўным комплексам у цэнтры. Адкрыліся сярэдняя школа, дзіцячы садок, бальніца, аптэка, гандлёвы цэнтр. 

Пасёлак Зашыр’е адным з першых атрымаў статус беларускага аграгарадка. Амаль дзве тысячы працаўнікоў новай гаспадаркі справілі наваселлі ў кватэрах з усімі выгодамі. У 2000 годзе сельгаспрадпрыемства рэфармавана ў КСУП “Саўгас “Камуніст”.

Намеснік дырэктара сярэдняй школы   Валянціна ПЕТРУХНО і лабарант   Надзея САЗОНАВА.


НА золку пад птушыны розгалас прачынаецца акружаны шырокімі хлебнымі нівамі аграгарадок Зашыр’е, куды прывяла чарговая вандроўка. З першымі промнямі сонца паважна выходзяць дагледжаныя каровы на ахутаную ранішнім туманам росную лугавіну. Два гурты, у кожным з якіх па паўсотні галоў, пасуць браты Вячаслаў і Канстанцін Вялічкі. Раніцай і ўвечары ездавы Мікалай Сярдзюк і прыёмшчыца Кацярына Рудніцкая збіраюць малако па падворках Зашыр’я і суседняй вёскі Дуброва. 1200 кілаграмаў сырадою штодзённа ад прыватных гаспадароў адпраўляецца для перапрацоўкі на ААТ “Мазырскія малочныя прадукты”. Статкі ў братоў-пастухоў былі ў два разы большыя. Паступова меншае колькасць кароў на зашырскіх падворках. Састарэлым жыхарам цяжкавата даглядаць іх. Моладзь не спяшаецца заводзіць жыўнасць. Заробкі дазваляюць набываць малочныя прадукты ў крамах. Выбар харчовых тавараў багаты. Але ўсё ж сотня кароў ёсць у гаспадароў аграгарадка. Сельгаспрадпрыемства гарантавана забяспечвае жывёлу сенам, саломай. Штомесячна выплачваюцца грошы за прададзенае малако. 

У эканамічнай службе КСУП “Саўгас “Камуніст” паведамілі: штодзённа адпраўляецца на перапрацоўку 25 тон малака. На двух малочна-таварных комплексах і жывёлагадоўчай ферме ўтрымліваецца звыш 6000 галоў буйной рагатай жывёлы. Трэцяя частка пагалоўя – дойны статак. Сярэднегадавы надой перавышае 5000 кілаграмаў. Адпаведна і рэнтабельнасць узнялася да 25 працэнтаў. Летась прададзена дзяржаве 8,5 тысячы тон малака і 650 тон ялавічыны.

Дырэктар культурна-спартыўнага цэнтра Яўгенія  ШАДРЫНА.



На палях і фермах задзейнічаны каля 300 працаўнікоў. Кожны жыхар мае занятак. Аляксандр Андрыеўскі вырашыў стаць фермерам. Атрымаў 30 гектараў зямлі і вырошчвае на ёй кармавыя культуры. Юрый Галушка заняўся малочнай жывёлагадоўляй. Свежае малако прадае гараджанам Мазыра. Развіваецца і прыватны гандаль. 

ПРЫЕМНА прайсціся свежай раніцай пад шатамі дрэў аграгарадка. Сонечныя промні зіхацяць у кропельках бліскучай расы. Ля кветнікаў на цэнтральнай вуліцы ўвіхаюцца юнакі і дзяўчаты: вычышчаюць ад травы тратуар, полюць клумбы. Цяністая алея прывяла мяне да двухпавярховай сярэдняй школы, якая патанае ў зеляніне дрэў. У вестыбюле сустрэўся з намеснікам дырэктара Валянцінай Петрухно, якая расказала, што на летніх канікулах арганізаваны працоўны лагер для старшакласнікаў. З дырэкцыяй сельгаспрадпрыемства заключаны дагавор. Навучэнцы высаджваюць кветкі, даглядаюць іх, падтрымліваюць чысціню і парадак у грамадскіх мясцінах, працуюць на збожжатаку. Вось і зараз, калі жніво ў самым разгары, працоўная дапамога вельмі патрэбна гаспадарцы. Дзевяцікласнік Мікіта Бараноўскі разам з братам-студэнтам Уладзіславам — памочнікі на гомсельмашаўскім збожжаўборачным камбайне КЗС-1218 у бацькі Юрыя Аляксандравіча. Іх экіпаж намалаціў ужо звыш 300 тон зерня і лідыруе на жніве ў раёне. Кожнаму ў аграгарадку ёсць магчымасць заняцца справай.

Ветэран вайны і працы Марыя ПЕТРАЛАЙ.



Не толькі яго цэнтральная частка красуе пярэстымі колерамі кветак. Кожныя вулачка, завулак аздоблены клумбамі, газонамі. Цудоўна абуладжаны два маладыя паркі. Па вуліцах для прахода кароў з пашы створаны спецыяльныя прагоны. Малочна-таварны комплекс і жывёлагадоўчая ферма размешчаны ў баку ад жылых дамоў. Новы малочна-таварны комплекс пабудаваны некалькі гадоў таму паміж Зашыр’ем і вёскай Дуброва. Жывёлаводам зручна дабірацца на працу. Грамадскі дойны статак выпасаецца на прылягаючых акультураных лугах, а маладняк утрымліваецца там кругласутачна. У былыя гады даводзілася сустракацца на лузе каля вёскі Дуброва з юнымі пастушкамі — навучэнцамі Ельскай дапаможнай школы-інтэрната. Гаспадарка дапамагае матэрыяльна спецыялізаванай навучальнай установе. Школьнікі маюць магчымасць атрымліваць практычныя навыкі сялянскай працы. У выпускнікоў школы-інтэрната ёсць магчымасць працаўладкавацца ў гаспадарцы. 

Большасць маладых механізатараў, жывёлаводаў, спецыялістаў розных профіляў КСУП “Саўгас “Камуніст” – выхаванцы Зашырскай сярэдняй школы. Інжынерную службу ўзначальвае Юрый Бараноўскі, з дыпломам інжынера-механіка пасля заканчэння сталічнага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта вярнуўся Станіслаў Бярозка, спецыялістамі працуюць Дзмітрый Ражкоўскі, Алена Наско, Мікалай Мудрэўскі, Алеся Алесіч, Уладзімір Рамановіч, Алена Юшкевіч, Дзмітрый Тройнель, Галіна Неўмяржыцкая, Святлана Бярозка. Некаторыя з іх завочна атрымліваюць вышэйшую сельскагаспадарчую адукацыю. Сярод лепшых механізатараў таксама былыя выпускнікі школы Аляксандр Чубін, Віталь Скараходаў, браты Сяргей і Міхаіл Анціпенкі.

Памочнік камбайнера Уладзіслаў РАГАЛЕВІЧ і камбайнер Віктар КАШЭВІЧ.



Сёлетні выпуск у школе чыста дзявочы. З дзесяці выпускніц залатыя медалі атрымалі Наталля Дзянісава, Алеся Жылюк і Ганна Ляўкоўская. А выхаванцы дзіцячага садка, што насупраць школы, рыхтуюцца ў першы клас. Новую змену зашырскіх малышоў чакае дашкольная ўстанова, куды зазірнуў на хвіліну. Казачна выглядаюць пасля летняга рамонту цудоўна аформленыя светлыя пакоі.

Непадалёку ад садка свежай расадай кветак жанчыны абнаўлялі клумбы. Прыпыніўся ля іх. Таццяна Рудніцкая і Ніна Леўкавец працуюць у спецыяльнай службе па азеляненні, створанай у гаспадарцы. Амаль паўтара дзесяцігоддзя ўзначальвае яе Лідзія Казачэнка, якая расказала, што раней закупалі расаду кветак. Цяпер яе вырошчваюць у сваёй цяпліцы. Лідзія Уладзіміраўна лічыць, што не толькі эканомяцца сродкі, але і якасць раслін лепшая. Сёлета вырасцілі і высадзілі ў аграгарадку звыш 7000 каліваў розных аднагадовых кветак.

Настаяцель храма Марк ЦІМЧАНКАЎ.



РАДУЮЦЬ вока пярэстыя вяргіні, гладыёлусы, цыніі, чарнабрыўцы, астры і іншыя кветкі ў палісадніках, на мехдвары і каля жывёлагадоўчых памяшканняў. Цудоўным рознакаляровым жывым абрусам абвіты школьны будынак. Каля маладзёжнага парка на пабеленай сцяне надпіс-дэвіз “У Зашыр’і жыць нягожа незаможна, непрыгожа”. Выезд з аграгарадка вянчаюць крыху перайначаныя вядомыя радкі Алеся Ставера: “Разумею цяпер, чаму з выраю журавы ў Зашырра ляцяць”. 

Фантазія і майстэрства работнікаў культурна-спартыўнага цэнтра стварылі ўнікальны Музей побыту палешукоў. Кіруе калектывам Яўгенія Шадрына. Чыста руская мова выдае, што Яўгенія Аляксандраўна немясцовая. Прыехала на Палессе з далёкага Урала. Яе залатымі рукамі створаны шматлікія скульптурныя кампазіцыі, арыгі- нальна аформлены рамесніцкі дворык з бандарняй, кузняй, ганчарнай майстэрняй. Турысты могуць тут з дапамогай майстроў вырабляць сувеніры. Мясцовыя энтузіясты ўзяліся за стварэнне незвычайнага музея “Галасы адышоўшых у нябыт вёсак”. 

Выпускніца школы Алеся ЖЫЛЮК  і вучань 9-га класа Іван КЛАБУК.


Крочым з Яўгеніяй Шадрыной па вылітай з цэменту лесвіцы, паабапал якой выстраіліся драўляныя хаткі. Кожная з іх – сімвал адной са зніклых вёсак: Заячае, Грышы, Дуброўка, Серыя. Унутры на сценах — абразы, вышытыя льняныя ручнікі, рамкі з фотаздымкамі жыхароў, звычайныя рэчы сялянскага побыту. Паміж будынкамі вылепленыя скульптуры хатніх жывёл. Ад убачанага агортвае адчуванне вяртання ў палескае мінулае. 

Насупраць са смалістага сасновага кругляку складзены незвычайнай архітэктуры будынак. Яўгенія Аляксандраўна тлумачыць, што госці тут змогуць з пылу-жару частавацца палескімі стравамі, слухаць запісаныя галасы з мінулага. Апантаная ідэяй, яна паспела запісаць на магнітафон шчымлівыя расповеды палешукоў, якія апошнімі пакідалі свае вёскі. У яе фанатэцы захаваліся спевы гэтых жыхароў.

Спецыялісты культурна- спартыўнага цэнтра Наталля ТУРЧЫН і Сняжана ВАРОЗІНА.


Чарнобыльская трагедыя паскорыла знікненне маленькіх вёсак Палесся. На чорна-белых фотаздымках адлюстраваны будні і святы палешукоў. Некаторыя сем’і перабраліся ў Зашыр’е. 

Кіраўніцтва гаспадаркі чулліва падтрымлівае ідэі калектыву культурна-спартыўнага цэнтра. Прайсціся па ўнікальнаму Музею гісторыі палескага кутка – вялікая асалода. Актыўна дзейнічаюць у Зашыр’і і шматлікія гурткі па інтарэсах. Тры самадзейныя дзіцячыя калектывы сталі ўзорнымі, а два дарослыя — народнымі. Выступаюць яны на ўрачыстасцях Зашыр’я, іх ведаюць не толькі ў раёне, але і ў вобласці. Неаднойчы самадзейныя артысты выязджалі ў сталіцу. Культурна-спартыўны цэнтр – неаднаразовы прызёр спаборніцтва сярод сельскіх устаноў культуры рэспублікі. Побач з аграгарадком на штучным возеры створана зона адпачынку “Асалода”, якую аблюбавалі не толькі тутэйшыя, але і расіяне. Тут праводзяцца турыстычныя злёты, спартыўныя спаборніцтвы.

Повар Наталля СЫТНІК.


КАЗАЧНАЙ сярод аднапавярховых катэджаў выглядае белакаменная царква Нерукатворнага Вобраза Гасподняга. Талакою будавалі яе. Тры гады правіць у храме выпускнік Кіеўскай духоўнай акадэміі айцец Марк Цімчанкаў. Напярэдадні сустрэчы святар раніцай вярнуўся з нараўлянскай вёскі Вербавічы, дзе па запрашэнні бацюшкі Аляксандра Махнача сустракаўся з дзецьмі праваслаўнага палатачнага лагера, арганізаванага пры мясцовым храме Параскевы Пятніцы. Разам з юнымі хрысціянамі сустракаў узыход сонца. 

Прыселі з бацюшкам Маркам на лавачцы пад зялёнымі шатамі дрэў. Неба стрыглі вострымі крыламі белагрудыя ластаўкі, у густым кусце бэзу няўгамонна шчабяталі вераб’і. На суседняй лавачцы грэлася пад ласкавымі промнямі сонца котка. Вершалінамі ўзняліся ў неба стромкія сосны, што акружаюць двухпавярховыя шматкватэрныя дамы. У адрозненне ад шумнага цэнтра Гомеля, дзе вырас святар, тут цішыня і спакой. Настаяцеля храма радуе, што прыход папаўняецца моладдзю. Жыхары аграгарадкоў Зашыр’е і Старое Высокае, навакольных вёсак Лукаўцы, Валаўск, Будкі, Дуброва масава ўдзельнічаюць у святочных службах. Зараз рыхтуюцца напрыканцы лета адзначыць свята Нерукатворнага Вобраза Гасподняга. На ўрачыстасць запрошаны епіскап Мазырскі і Тураўскі Леанід.

Кіраўнік узорна-аматарскага аб’яднання “Забава”  Алена ГРЫБОЎСКАЯ.


Чакае царкоўнага свята і старэйшая жыхарка аграгарадка, ветэран вайны і працы Марыя Петралай, з якою сустрэліся ў бальнічнай палаце. Яна да драбніц памятае перажытае за 88 гадоў. Нарадзілася і вырасла ў суседняй вёсцы Лукаўцы. Памятае даваеннае Зашыр’е з крытымі саломай, чаротам хаткамі. З першых дзён вайны падалася з бацькам у партызанскі атрад. Фашысты лютавалі, палілі сялянскія хаты. У невялікай вёсачцы Гнойнае захаваліся тры грубкі, у якіх вяскоўцы ўпотайкі пяклі хлеб для партызан. Дванаццацігадовая Марыя ў торбе насіла боханы ў атрад. Аднойчы трапіла пад абстрэл з варожага самалёта, які кружыў над балотам. Нярвова перабіраючы пальцамі, Марыя Адамаўна ўзгадвае, як хавалася пад кладку ад варожых куль. Тройчы самалёт кружыў над ёю. Адчула, што нешта запякло ў спіне. Ухапіла торбу і, як толькі самалёт знік, паляцела ў лес, дзе яе сустрэлі байцы. Хуценька перабінтавалі параненую куляй спіну. Мела юная партызанка і сваё ружжо, з якім не расставалася да вызвалення Савецкай Арміяй. З бацькам Адамам Садольскім вярнулася на папялішча. Збудавалі новую хату. Выйшла замуж, нарадзіла двух сыноў. З мужам Адамам Петралаем і дзецьмі выязджалі на Алтай. З газет даведаліся, што на абноўленых землях Палесся будуюцца саўгасы. Вярнуліся ў родныя мясціны. Марыя Адамаўна працавала поварам у саўгасе. Моладзь з розных куткоў былой вялікай краіны будавала зашырскі саўгас. Кіпела праца на Усесаюзнай ударнай камсамольскай будоўлі. Па трыста абедаў гатавалі для будаўнікоў. 

НА вачах мянялася аблічча палескага хутара. На месцы былых балот раскінуліся хлебныя нівы, акультураныя пашы. Унукам і праўнукам жыць і працаваць на абноўленай палескай зямлі. Марыя Адамаўна пераканана, што сапраўды ў Зашыр’і жыць нягожа незаможна, непрыгожа. 

Ельскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter