Засей лубінам – будзеш з лепшым ураджаем!

ЯК ПРОДКІ сучасных беларускіх аграрыяў імкнуліся дабіцца большай эфектыўнасці ад кожнага гектара сельгасугоддзяў? Унікальныя кнігі, якія захоўваюцца ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы (БелСГБ), даюць шырокае ўяўленне пра вытокі сучаснай сельскагаспадарчай навукі, утрымліваюць шмат карысных парад — як для буйных гаспадарак, так і для ўладальнікаў прыватных зямельных надзелаў.

Рарытэтныя «помнікі друку» захоўваюцца ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы.

ЯК ПРОДКІ сучасных беларускіх аграрыяў імкнуліся дабіцца большай эфектыўнасці ад кожнага гектара сельгасугоддзяў? Унікальныя кнігі, якія захоўваюцца ў Беларускай сельскагаспадарчай бібліятэцы (БелСГБ), даюць шырокае ўяўленне пра вытокі сучаснай сельскагаспадарчай навукі, утрымліваюць шмат карысных парад — як для буйных гаспадарак, так і для ўладальнікаў прыватных зямельных надзелаў.

Аналіз кнігазбораў аддзела Аграрнай кнігі XIX — пачатку XX стагоддзяў БелСГБ сведчыць: у канцы 20-х гадоў мінулага веку большасць вучоных-аграрыяў займалася вырашэннем надзвычай складанай праблемы — як адаптаваць слабыя суглінкавыя глебы да атрымання высокаякаснага ўраджаю? І, галоўнае, што турбавала навукоўцаў, — як «прасунуць» новыя веды ў сялянскія масы? Адзін з прыкладаў такой дзейнасці — публікацыя ў 1929 годзе, у серыі «Няхай жыве адзінства навукі і працы!» Беларускай акадэміі сельскай і лясной гаспадаркі, кнігі «За лепшы ўраджай!». Гэта праца — яскравы дакумент эпохі, сведчанне шматлікіх складанасцяў, з якімі сутыкалася сельскагаспадарчая навука на шляху ўкаранення ў практычнае жыццё аграрных ведаў.

Цяжка нават паверыць, але ў пачатку XX стагоддзя навукоўцам даводзілася тлумачыць сялянам такія, здавалася б, звычайныя рэчы — як нарыхтоўваць гной і як правільна ўгнойваць раллю. Цікавая цытата з той жа кнігі «За лепшы ўраджай!»: «Лепшае ўгнаенне ў нас — гной. Аднак вельмі часта сяляне прыглядаюць за iм зусім дрэнна i таму не атрымліваюць ад яго той карысці, якую маглі б мець». Як вынікае з кнігі, вучоныя таксама настойліва даводзілі да сялян думку пра карыснае ўздзеянне торфу на глебу: «Пры недахопе гною добрае ўгнаенне дае торф. Праз скарыстанне яго магчыма, i пры недахопе гною, усё ж атрымаць добры ўраджай. Торф з невялікай прыбаўкаю гною робіць вельмі добры ўплыў на ўраджай i аўса, i бульбы, i жыта, i іншых раслін».

Некаторыя парады вучоных таго часу актуальныя і сёння. Як, да прыкладу, вось гэтая: «На нашых суглінках вялікую карысць дае засеў лубіну на зялёнае ўгнаенне. На працягу трох гадоў (з 1926 па 1928-ы) лубінавае ўгнаенне падвышала ўраджай зiмовага жыта аднолькава альбо нават вышэй чыстага ўгноенага папару (2400 пудоў гною на дзесяціну)… Трэба памятаць, што зялёнае ўгнаенне падвышае ўраджай не толькі першае культуры, але і далейшых».

Адно з важнейшых дасягненняў тагачаснай навукі — усебаковае абгрунтаванне неабходнасці ўжывання мінеральных ўгнаенняў на суглінкавых глебах, дзякуючы чаму істотна павялічвалася іх урадлівасць. Так, у працы «За лепшы ўраджай!» слушна адзначалася: «Падвышэнне ўраджаяў у заходнееўрапейскіх краінах болей чым на 50 працэнтаў залежыць ад ужывання штучных угнаенняў, або, як кажуць, ад хімізацыі земляробства. 3 мінеральнымі ўгнаеннямі ўносяцца ў глебу розныя спажыўныя матэрыі, без якіх расліна не можа расці. Пры няправільным ужыванні ў вялікіх колькасцях мінеральных угнаенняў бываюць выпадкі, калі яны не толькі не падвышаюць ураджай, але нават зніжаюць яго. Апошняе бывае таму, што пагаршаюцца ўласцівасці глебы, яна псуецца. Такая сапсаваная глеба пры апрацоўцы не рассыпаецца ў камячкі, як гэта бывае ў добрай глебы, а заплывае з паверхні, не захоўвае вільгаці».

Цяжкай праблемай беларускай сельскай гаспадаркі таго часу, як вынікае з вышэйцытаванай кнігі, было сартаванне насення дзеля павышэння ўраджаю...

...Такім чынам, вывучэнне прац пачынальнікаў аграрнай навукі на Беларусі выразна сведчыць, што за складаны шлях яна прайшла на працягу XX стагоддзя. Як бачна, у аддзеле Аграрнай кнігі XIX — пачатку XX стагоддзяў БелСГБ можна не толькі задаволіць гістарычную цікавасць, але і атрымаць вельмі карысныя парады ад продкаў-аграрыяў па вядзенні гаспадарання на зямлі...

Марына ВАЖНІК,  загадчыца сектара персанальнага абслугоўвання БелСГБ

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter