Зараджае Заражанка!

ЗАРАЖАНКА працякае ў Пастаўскім раёне. З выгляду яна не надта вялікая, але мае свой нораў, дзякуючы шматлікім парогам. Гэта яшчэ ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя скарысталі будаўнікі пасёлка Варапаева, якія ўзвялі на рэчцы малую гідраэлектрастанцыю «Алёшына». Праўда, папрацавала яна ўсяго год сем, а затым яе закансервавалі.

Мець міні-ГЭС – вельмі выгадная справа

ЗАРАЖАНКА працякае ў Пастаўскім раёне. З выгляду яна не надта вялікая, але мае свой нораў, дзякуючы шматлікім парогам. Гэта яшчэ ў шасцідзясятыя гады мінулага стагоддзя скарысталі будаўнікі пасёлка Варапаева, якія ўзвялі на рэчцы малую гідраэлектрастанцыю «Алёшына». Праўда, папрацавала яна ўсяго год сем, а затым яе закансервавалі.

Але калі ўзніклі праблемы з электраэнергіяй на мясцовым дрэваапрацоўчым камбінаце, вось тады і ўспомнілі пра ГЭС. Правялі на ёй адпаведныя работы, і дванаццаць гадоў назад яна зноў дала ток. Воды Заражанкі пачалі кампенсаваць больш паловы расходаў прадпрыемства на электраэнергію.

Размяшчаецца электрастанцыя ўсяго за кіламетры два ад пасёлка. Але нават пад’ехаўшы блізка, не адразу заўважыш яе: сам будынак станцыі размясціўся пад высокай гарою, за якой разліўся штучны вадаём у паўсотні гектараў.

У зале станцыі — два генератары. Працуе яна круглагадзічна, але магутнасць розная, у залежнасці ад напаўнення вадасховішча. У перыяды вялікай вады, а гэта два месяцы вясной і столькі ж восенню, выдае да 80-і тысяч кілават-гадзін электраэнергіі ў месяц, у той час як для вытворчасці патрабуецца толькі 50 тысяч. Лішак — прадаецца.

— У нас устаноўлена вельмі простая зваротная сістэма, — патлумачыў галоўны энергетык Зарапаеўскага дрэваапрацоўчага камбіната Фёдар Януковіч. — Праз паніжаючы трансфарматар на адной і той жа лініі мы можам і аддаваць энергію, і прымаць. Калі, напрыклад, выпрацавалі больш, чым трэба для вытворчасці, то лішняе прадаём РУП «Віцебскэнерга», а калі менш, а гэта бывае ў летнія месяцы і зімой, то, наадварот, купляем у яго. Уся электраэнергія строга ўлічваецца. Інфармацыя перадаецца дыспетчару ў Паставах. Затраты станцыі — фактычна толькі на абслугоўваючы персанал і запчасткі.

Абслугоўваючы персанал гідраэлектрастанцыі — тры машыністы гідраагрэгатнай і слесар. З самага першага дня пуску пасля рэканструкцыі працуе тут Мікалай Татарчук:

— Вельмі выгодная справа, — гаворыць ён. — Вось каб паставіць тут новае абсталяванне, ёй і зусім цаны не было б. А то ўсё часцей займаемся ў апошнія гады рамонтамі. Бачыце, і сёння адзін генератар зняты.

Праблема і сапраўды набалелая. Асноўнае гідратэхнічнае і гідрамеханічнае абсталяванне, уключаючы турбіны, мае ўзрост звыш пяцідзесяці гадоў. Знос яго — звыш 95 працэнтаў. Акрамя таго, яно і маральна ўстарэла. Адсюль выпрацоўка электраэнергіі значна зніжана, бо патэнцыял вадатоку выкарыстоўваецца толькі напалову.

— Калі замяніць цяперашнія прапелерныя турбіны на паваротна-лопасцевыя тыпу Каплан, якія дазваляюць рэгуляваць лопасці рабочага кола ў адпаведнасці з вадатокам, то будзе забяспечаны высокі КПД пры любых змяненнях расходаў і напору вады, — дае спраўку Фёдар Януковіч. — Іншымі словамі, у любую пару года — летам, зімою — станцыя будзе працаваць на поўную магутнасць і выдаваць 650 тысяч кВт/гадзін у год, замест 353 тысяч кВт/гадзін, што маем цяпер.

Аднак толькі замены абсталявання на самой станцыі, аказваецца, мала. Патрабуецца рэканструкцыя і самога гідразбудавання. У прыватнасці, замена старых засавак вадаскіду. У зваротным выпадку іх заяданне можа прывесці да стварэння аварыйнай сітуацыі і нават разбурэння ўсяго гідравузла, размыву земляной плаціны. Падобныя выпадкі ўжо мелі месца ў краіне.

Такім чынам, вывад напрошваецца адзін: неабходна поўная мадэрнізацыя ГЭС.

Гэта добра разумее і кіраўніцтва ААТ «Варапаеўскі дрэваапрацоўчы камбінат». Па ініцыятыве яго дырэктара Ганны Седзюкевіч навукова-вытворчым ТАА «Малая энергетыка» г. Мінска яшчэ ў 2010 годзе распрацаваны мерапрыемствы па поўнай мадэрнізацыі гідраэлектрастанцыі «Алёшына». Цана праекта — 5 мільярдаў 667 мільёнаў рублёў. Поўная акупляльнасць — 11 год.

Меркавалася, што ГЭС на рацэ Заражанка будзе ўключана ў план мадэрнізацыі на сёлетні год. Гэтага не здарылася. Цяпер усе спа- дзяванні на год 2014.

Уладзімір САУЛІЧ, «БН»

Фота аўтара

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter