С бассейном, тренажерным залом и компьютерным классом: в Минске распахнул двери новый современный детский сад № 574

Запрашэнне ў дзяцiнства

Учора Мiнск прыняў чарговы падарунак: у новым мiкрараёне Лошыца-9 адкрыўся сучасны дзiцячы сад № 574, разлiчаны на 230 месцаў. Карэспандэнт «Р» паглядзела, як выглядае новабудоўля, якая хутка прыме маленькiх выхаванцаў — заняткi тут пачнуцца ўжо ў наступны панядзелак.

Установа будавалася за кошт гарадскога бюджэту.

Трохпавярховы будынак па вулiцы Пташука, 15 выдатна ўпiсваецца ў агульную карцiну мiкрараёна — дзiцячы сад у прыемных светла-ружовых танах гарманiруе з суседнiмi будынкамi. Ён разлiчаны на 230 дзетак, гэта 12 груп поўнага дня. Загадчык ДУА «Яслi-сад № 574 г. Мiнска» Iрына Кузiна праводзiць мiнi-экскурсiю:

— Тут ёсць басейн, музычная i спартыўная залы, устаноўлены дзiцячыя трэнажоры, абсталяваны камп’ютарны кабiнет, пункт карэкцыйнай педагагiчнай дапамогi. На тэрыторыi ёсць прагулачныя зоны з бяспечным гумовым пакрыццём, пляцоўка для вывучэння правiлаў дарожнага руху.



Аляксандр Рагоўскi, выканаўца работ фiлiяла БУ-201 ААТ «Будтрэст № 35», расказаў, як узводзiўся садок:

— Будаўнiцтва аб’екта пачалося ў жнiўнi мiнулага года. Нарматыўны тэрмiн — 12,5 месяца, але мы справiлiся за рэкордныя 9,5 месяца. Натуральна, на якасцi работ гэта негатыўна не адбiлася — усе працавалi сумленна, па 12 гадзiн, без выхадных. Пашанцавала, што зiма была досыць цёплай, таму нам нiчога не перашкаджала.


Будынак будавалi за кошт гарадскога бюджэту. З новабудоўляй калектыў дзiцячага садка, будучых выхаванцаў i iх бацькоў сардэчна павiншаваў Уладзiмiр Кухараў, старшыня Мiнгарвыканкама:

— Дзяржава клапоцiцца аб падрастаючым пакаленнi i стварае ўсе ўмовы для камфортнага развiцця i выхавання дзяцей. У будаўнiцтва гэтага дзiцячага сада ўкладзена шмат сiл i душы. Аб’ект стане ўпрыгажэннем як раёна, так i горада.

Дзiцячы сад разлiчаны на 230 дзетак, гэта 12 груп поўнага дня.

Да вiншаванняў далучыўся i выконваючы абавязкi генеральнага дырэктара ААТ «Будтрэст № 35» Навум Шапiра:

— Кошт будаўнiцтва — 7 мiльёнаў рублёў. Мы спадзяёмся, што бацькi з задавальненнем будуць прыводзiць сюды сваiх малых.

Дарэчы, для дзяцей выдатна добраўпарадкавана i прылеглая да дзiцячага садка тэрыторыя. Ёсць веранды з ценявымi навесамi, яркiя домiкi для гульняў, пясочнiцы, лаўкi для адпачынку. Разнастайнасць атракцыёнаў здзiўляе: устаноўлены маляўнiчыя арэлi, горкi, турнiкi для актыўных гульняў. Адмiнiстрацыя ўпэўнена: дзецям спадабаецца!


Маладая мама Кацярына Калiнiна ў новы дзiцячы сад прывяла сына Iлью 4,5 года. Хлопчык у захапленнi ад убачанага i з нецярпеннем чакае першай сустрэчы з выхавацелямi i аднагодкамi. Пакуль малы гарэзнiчае з аднагодкамi на пляцоўцы для гульнi, мама прызнаецца:

— Мы жывём непадалёк i вельмi рады, што нам не прыйдзецца доўга дабiрацца да дзiцячага садка — трэба ўсяго пару хвiлiн прайсцi пешшу. Будынак вельмi прыгожы, прасторны, светлы. Бачу, што створаны ўсе ўмовы для дзяцей. Мы задаволены!



Да размовы далучаецца i мама Яраслава, якому споўнiлася 2,6 года:

— Маё дзiця пойдзе ў дзiцячы сад упершыню. Будынак вiдаць з вокнаў нашай кватэры, таму завяршэнне будоўлi мы чакалi з нецярпеннем. Упэўнена, сыну тут спадабаецца, — дзелiцца Марына.

У будынку ёсць басейн, музычная i спартыўная залы, устаноўлены дзiцячыя трэнажоры, абсталяваны камп’ютарны кабiнет.

Дарэчы, мiкрараён Лошыца-9 дынамiчна расце i развiваецца. Так, па суседстве з дзiцячым садам зараз будуюць чатырохпавярховы будынак сярэдняй школы на 1020 месцаў. Закончыць работы плануецца ў жнiўнi 2021 года. У гэтым жа квартале некалькi месяцаў таму прыступiлi да ўзвядзення дзiцячай палiклiнiкi на 450 наведванняў у змену. Праектны тэрмiн будаўнiцтва — 1,5 года.

ypopko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter