В Большом театре прозвучат редкие романсы на белорусском языке

Запрашэнне на баль

Незвычайны вечар для ама­та­раў прыгожага «Я любоўю цябе абдымаю...» рыхтуе рэ­жысёр-пастаноўшчык Вялікага тэатра Беларусі Галіна Галкоўская.

— Я люблю прыгажосць пачуццяў, адносін, учынкаў, намераў. Гэта асабліва важна ў наш час, — тлумачыць Галіна Галкоўская. — Свой шлях у творчасці праходжу так, каб глядач цягнуўся за прыгожым, быццам бы прыўздымаўся на пальчыках, слухаючы высокае мастацтва. І змяняць гэтаму прынцыпу не буду. Хочацца, каб глядач настроіўся — інтэлектуальна, душэўна, маральна — на тое, што будзе адбывацца на сцэне.

sb.by

А плануецца самы сапраўдны баль. Нездарма Галіна Леанідаўна некалькі гадоў запар распрацоўвала канцэпцыі старанавагодняга балю ў Вялікім тэатры.

— Кожны твор прагучыць нібы гісторыя жыцця, убачаная або расказаная на балі, — гаворыць рэжысёр. — Зазірне сюды і гуляка, і заўсёднік баляў, і аматар пажартаваць... Смешныя, пацешныя, рамантычныя, драматычныя — самыя розныя гісторыі тут будуць адбывацца... Мне пада­баецца перыяд мяжы ХІХ—ХХ стагоддзяў — ­узаемаадносіны людзей, культура, этыкет, адзен­не, атмасфера гэтага часу. Буду звяртацца менавіта да яго.

У праграме канцэрта, паведамляе прэс-служба тэатра, беларускія рамансы і выдатныя пераклады рускіх рамансаў на беларускую мову, большасць з якіх не гучала ў сценах Вялікага тэатра. На вечары выступяць народныя артысты Ніна Шарубіна, Васіль Кавальчук, Уладзімір Пятроў, заслужаныя артысты Алена Бун­дзе­лева і Алена Сало, лаўрэаты міжнародных конкурсаў Марыя Галкіна, Наталля Акініна, Юрый Гарадзецкі, Ілья Сільчукоў, Аляксандр Міхнюк, Андрэй Мацюшонак, Сяргей Лазарэвіч і іншыя. Тэатралізаваны канцэрт «Я любоўю цябе абдымаю...» пройдзе 24 студзеня ў Камернай зале тэатра.

mila@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter