Запрашаем на вячоркі

З малых гадоў жала, касіла, ткала і спявала вядучая тэлепраграмы Кацярына Несцяровіч. І яна разам з «Сельской газетой» таксама чакае вашых водгукаў, шаноўныя чытачы

(Заканчэнне. Пачатак у нумары за 25 студзеня.)

КАЛІ за рэжысёрскім пультам Аляксандра Дудзіна змяніў Генадзь Мезенцаў, прыйшло паведамленне на атрыманне бандэролі. Здзіўленаму Генадзю Макаравічу на пошце выдалі скрутак, адпраўлены з Іўеўскага раёна, з якога ён толькі што вярнуўся са здымак. Мільганула думка, што вяскоўцы вярнулі нейкую забытую рэч. Разгарнуў пакунак, а там — цыгарэты «Прыма». Жыхарам рэспублікі ў тыя часы ўсеагульнага дэфіцыту выдавалі талоны на тытунёвыя вырабы, вось і вырашылі тэлегледачы зрабіць прыемны падарунак.

— І гэта не адзіны выпадак шчырай увагі беларускіх вяскоўцаў да ветлівага карэннага сібірака Генадзя Мезенцава, якога ўсюды прымалі як земляка, — расказвае былы намеснік галоўнага рэдактара Галоўнай рэдакцыі сельскагаспадарчых праграм Беларускага тэлебачання Алена Аўрынская. — Рэжысёр любіў пагутарыць з удзельнікамі праграмы, пажартаваць. Калі якія дыялектныя словы не разумеў, удакладняў, бо нарадзіўся і вырас у далёкім Забайкаллі і па волі лёсу апынуўся ў Мінску. Генадзь Макаравіч валодаў цудоўным музычным слыхам, меў багаты барытон і любіў спяваць. Вяскоўцы зачаравана слухалі яго сібірскія спевы. Падчас здымак цыкла тэлепраграм пра брэсцкі саўгас «Мухавец» да мяне падышлі жанчыны і папрасілі дазволу, каб Генадзь Макаравіч паспяваў для іх. Як зачараваныя слухалі яны тыя песні. А ўвечары з гасцініцы мы пачулі, як з вуліцы даносілася песня, якую фальшыва выводзілі мужчынскія галасы. Мезенцаў не ўтрымаўся, выйшаў да спевакоў, аб нечым пагаварыў з імі, і ў вячэрняй цішыні прыгожа загучаў яго барытон.

Стаць удзельнікам тэлевізійных вячорак было не так і проста. Папярэдне творчая група выязджала на праслухоўванне і адбор песеннага матэрыялу. Прахадная планка трымалася на даволі высокім узроўні. Усё гэта мацавала імідж праграмы, якая дынамічна развівалася. Тон усяму задаваў рэжысёр.

— У адрозненне ад мяккага па характары, спакойнага і сціплага Аляксандра Дудзіна, цвёрдай рукі якога я на запісу праграмы ніколі не адчувала, энергічны Генадзь Мезенцаў, калі кіраваў творчым працэсам, нікому не патураў, — узгадвае былы дыктар Беларускага тэлебачання, вядучая праграмы «Запрашаем на вячоркі» Кацярына Несцяровіч. — Рабіў усё вытрымана, інтэлігентна, але даволі патрабавальна. Я не аднойчы здзіўлялася, як маладой жанчыне — намесніку галоўнага рэдактара Алене Аўрынскай — удавалася трымацца сярод гэтых розных па характарах творцаў.

Перыядычна мяняліся аўтары сцэнарыяў, адрасы здымак, але стыль праграмы вытрымліваўся. Рэжысёр Генадзь Мезенцаў імкнуўся, каб кожны выпуск меў свой каларыт, сваю разынку. Асаблівая адказнасць ляжала на вядучых і тэлеаператарах. Ад іх прафесіяналізму на здымках залежаў поспех усёй групы.

Для запісу праграмы па рэспубліцы адбіраліся найбольш цікавыя калектывы, іх праслухоўвалі, выдзялялі адпавядальныя ўмовам праграмы нумары. Пастаянна выязджалі на здымкі ў розныя куткі Беларусі. Нават у Маскве запісвалі праграму з удзелам ансамбля «Карагод» Маскоўскага інстытута культуры. Пра гэты калектыў Генадзь Макаравіч даведаўся ад маскоўскіх калег, спецыяльна ездзіў у сталіцу на праслухоўванне калектыву і адбор песень для сваёй тэлепраграмы. Запісвалі маскоўскіх спевакоў у Астанкінскім тэлецэнтры.

БЕЛАРУСКАЕ тэлебачанне пастаянна абнаўлялася сучаснай тэхнікай, ствараліся больш спрыяльныя ўмовы для творчасці. Але ніякая тэхніка не заменіць душы чалавека. Колькі цяпла і настрою дарыла гледачам абаяльная Кацярына Несцяровіч.

— Першую сваю праграму я правяла яшчэ не будучы дыктарам, — узгадвае Кацярына Канстанцінаўна. — Праходзіў конкурс на дыктарскія пасады, і падчас другога тура мяне заўважыў тэлерэжысёр Аляксандр Дудзін і запрасіў правесці праграму «Запрашаем на вячоркі». Я абсалютна не ведала, што такое тэлекамера, і наогул тэлебачанне, тым больш жывы эфір. Потым, калі ўжо тэхніка дазваляла запісваць і манціраваць відэаматэрыял, дапускалася спыненне запісу, калі што не ўстройвала рэжысёра. Мудры Аляксандр Дудзін запрасіў на маю прэм’ерную праграму народнага артыста СССР Генадзя Іванавіча Цітовіча, які для мяне як бацька. Дзякуючы яму я, з глухой лёзненскай вёскі Буі, якой няма ўжо, стала салісткай акадэмічнага хору. Перад пачаткам прамога эфіру мне падавалася, што маё сэрца грукоча на ўсю студыю. Загарэлася сігнальнае табло, што мы ў прамым эфіры, і я не ведаю, як я выглядала ў той момант, але праграму пачала, і ўсё неяк само сабой пайшло. Я вельмі адчувала цяпло і падтрымку Генадзя Іванавіча, была як пад крылом яго. Усе ў студыі бачылі маю неспрактыкаванасць, разгубленасць і дапамагалі. Так і выйшла някепскай тая першая з маім удзелам праграма «Запрашаем на вячоркі». І на наступнай у студыі быў Генадзь Іванавіч Цітовіч.

— Генадзь Іванавіч прымаў удзел у праграмах як запрошаны госць?

— Так, мы з ім вялі размову пра фальклорную спадчыну, а самадзейныя калектывы спявалі. Генадзь Іванавіч рабіў каментарыі. Я больш асвоілася ў студыі, асмялела і ўжо без панічнага страху выходзіла ў эфір. Трынаццаць гадоў я вяла гэту праграму, і не толькі ў студыі, потым мы ў асноўным выязджалі ў вясковыя клубы.

— Кацярына Канстанцінаўна, хто найбольш запомніўся з самадзейных артыстаў?

— Многіх часта ўзгадваю. Мудрыя сялянскія людзі, з добрай душой. Вельмі шкадую, што не запісвала іх прыказкі, прымаўкі, народныя байкі. Гэта ж такое багацце! Памятаю статную жанчыну паважанага ўзросту з далёкага куточка Магілёўшчыны. Якая ў яе прыгожая мова, што ні слова — абсалютна тонка і з вялікай сардэчнасцю. А якія каларытныя муж і жонка з аднаго вясковага калектыву прымалі ўдзел у нашай праграме! Як зайгралі музыкі, а яны пайшлі ў скокі. Такога я ніколі не бачыла. Як яны вытупвалі! Гэта і ёсць наша багатая народная культурная спадчына, якую шанаваць і шанаваць, бо нідзе больш такога не ўбачыш. Мо, прачытаюць гэтыя радкі і адгукнуцца. Так хочацца даведацца пра іх лёс. Аднойчы на прыпяцкім пароме каля старажытнага Турава ішлі здымкі. Холад, вецер, а навокал бяскрайні прыпяцкі луг, роўны як стол, і далёка-далёка віднеецца адзінокае дрэва, каля якога пасвіцца жарабятка. На пароме самадзейныя артысты завялі песню, а перад імі — толькі я, паромшчык ды тэлекамеры. Як кранаў сэрца гэты спеў. Да скону жыцця буду памятаць, як у мяне тады ліліся слёзы. Паромшчык таксама плакаў і казаў, што колькі жыве, такога не чуў. Гэтыя спевакі з вёскі Пухавічы Жыткавіцкага раёна. Ці ёсць цяпер гэты спеўны калектыў у палескіх Пухавічах?

— Кацярына Канстанцінаўна, роля вядучай у тэлепраграме вельмі адказная. Не кожны здатны тонка адчуваць субяседніка, тым больш вясковага чалавека. Як вам гэта ўдавалася?

— Не ведаю, як ўдавалася, але аднойчы мы прыехалі на здымкі ў адзін з раёнаў, а там свята, сабраліся кіраўнікі раёна, і старшыня калгаса, у якім мы здымалі праграму, прадстаўляў ім нашу здымачную групу. Кожнага назваў, а калі чарга да мяне дайшла, то сказаў, што гэта наша спявачка.

— Найвышэйшы камплімент?

— Мне гэта сэрца грэла і было самай шчырай пахвалой. Я ж таксама вясковая. Вырасла без бацькі, а маці Вера Трафімаўна, якой у пачатку студзеня споўнілася 90 гадоў, была для нас з братам і за бацьку, і за маці. Усё рабіла па гаспадарцы сама, нікога не прасіла. І я з малых гадоў зведала ўсю вясковую працу: жала, касіла, ткала, а яшчэ і спявала.

— Адзін час вашым партнёрам у праграме быў заслужаны артыст рэспублікі Мікалай Шышкін. Ён — гарадскі, а вы толькі што развіталіся з вёскай.

— І гэта было цудоўна. Бо мы дапаўнялі адзін аднаго, шмат імправізавалі. Аднойчы выехалі зімою на прыроду, і рэжысёр Аляксандр Дудзін прапанаваў, каб вядучыя ехалі на лыжах па лесе і сустрэліся. Я ніколі з гары на лыжах не спускалася. Давялося перамагчы страх, і ў Раўбічах з Мікалаем Шышкіным здымаліся на лыжах. Увогуле невычэрпныя на выдумкі былі нашы рэжысёры і сцэнарысты. У адной з праграм вядучы Мікалай Шышкін павінен быў знайсці ў мяне бутэльку самагону. Ён на самой справе не ведаў, дзе я гэту бутэльку схавала. Але нейкая толькі яму вядомая інтуіцыя падказала знайсці яе ў маім валёнку. Пошукі даравіты акцёр суправаджаў гумарам, вясёлымі жартамі. Ён умеў трапна сказаць, падхапіць размову ў студыі і лёгка вярнуцца да сцэнарыя. Разам з Мікалаем Мікалаевічам мы выязджалі на здымкі ў розныя куткі Беларусі. А што ні куток, то розная гаворка. Нашаму рэжысёру Генадзю Мезенцаву беларуская мова падавалася адзінай літаратурнай, і ён імкнуўся, каб удзельнікі праграмы размаўлялі так, не адчуваючы, што ў кожнай вёсцы свой дыялект, і ў гэтым арыгінальнасць і багацце нашай пявучай мовы. Я па адукацыі — філолаг і спрачалася з рэжысёрам, адстойвала самабытнасць на экране.

— А як у асяроддзі дзеячаў культуры ставіліся да гэтай народнай праграмы?

— У той час, калі мяне запрасілі весці перадачу, я завочна вучылася на філфаку Белдзяржуніверсітэта, дзе была грунтоўная фальклорная лабараторыя, якую стварылі апантаныя фалькларысты Вячаслаў Рагойша і Васіль Ліцвінка. Там было шмат багатага матэрыялу, і яны хацелі рэалізаваць яго на тэлебачанні. Пазнаёміла іх з рэжысёрам Генадзем Мезенцавым. Неўзабаве адну з праграм мы ўжо здымалі на філалагічным факультэце, дзе ўдзел прымалі выкладчыкі і студэнты. Адтуль і пачалася сувязь творчай групы з гэтай навуковай лабараторыяй.

Весці праграму стаў выдатны знаўца беларускага фальклору кандыдат філалагічных навук Васіль Ліцвінка, які імкнуўся зрабіць яе больш акадэмічнай. Тэлевізійнай групай кіраваў творчы тандэм у складзе журналіста Анатоля Зарубанава і рэжысёра Мікалая Зарэмбы, якія за пятнаццаць гадоў знялі каля двухсотпяцідзесяці відэафільмаў. Праграма «Запрашаем на вячоркі» мела сваю тэлеаўдыторыю, яе вывучалі ў навучальных установах будучыя спецыялісты культуры. І тое, што вёў праграму знакаміты не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі вучоны-этнограф Васіль Ліцвінка, сведчыць пра безумоўны поспех тэлепраекта, які агульнымі намаганнямі стваралі самадзейныя артысты ўсёй Беларусі.

Хочацца спадзявацца, што яны адгукнуцца сваімі ўспамінамі, бо гэта быў сапраўды народны тэле- праект.

Уладзiр СУБАТ, «СГ»

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter