Чаму расійскія турысты не хацелі пакідаць беларускае вяселле

Запрашаем на раўгеню

Чым на Полаччыне зарабляе папулярнасць і грошы першы ў вобласці СДК


НАЙЛЕПШЫ на Віцебшчыне сельскі Дом культуры не давялося доўга шукаць — у вёску Багатырская Полацкага раёна некалькі разоў у гадзіну ходзіць рэйсавы аўтобус. З аднаго боку, для сялян — усе выгоды, два гарады з клубамі, музеямі, мастацкімі галерэямі і палацамі культуры побач. Але чым здзівіць у такім разе мясцовых жыхароў сельскім культработнікам? На справе атрымалася ўсё наадварот — гарадскія школьнікі, а таксама замежныя госці рады завітаць да багатыроўцаў за аўтэнтычнай народнай культурай. 

Дырэктар СДК Алена ЛУКАВІЦКАЯ

АСОБНАГА памяшкання ў сельскага Дома культуры няма — месціцца ў крыле сярэдняй школы. З аднаго боку, нязручна суседнічаць, ды дзецям, што займаюцца ў шматлікіх аб’яднаннях, наадварот, пасля ўрокаў не трэба далёка ісці. Ёсць сярод іх сапраўдныя вундэркінды, якімі ганарыцца дырэктар Алена Лукавіцкая. Напрыклад, сямікласніца Жэня Кандрашына паспявае займацца і спевамі, і танцамі, і тэатральнае аб’яднанне не абмінае. Усяго ж багатыроўцы і жыхары яшчэ 17 вёсак, што абслугоўвае Дом культуры, бясплатна могуць праявіць свае таленты ў 10 фарміраваннях. Пры гэтым штатных супрацоўнікаў усяго шэсць, двое працуюць на палову стаўкі. 

Але на прыкладзе палачан бачна, што не колькасцю яны бяруць, а працавітасцю і крэатывам. Уразілі лічбы, якія ілюструюць іх працаздольнасць: у мінулым годзе калектыў Багатырскага СДК за 366 дзён правёў 311 мерапрыемстваў, з іх 302 для сялян, 66 канцэртаў і 22 тэатралізацыі. У кожным, нават самым маленькім населеным пункце, культпрацаўнікі арганізавалі свята вёскі. За гэта сталі пераможцамі раённага конкурсу «Лета ў вёсцы». У Кандрашах ці Дуброўне, дзе на канцэрт могуць завітаць усяго чатыры чалавекі, таксама яго правялі. Практыкуюць, каб не надакучыць, абмены з калектывамі суседняга Расонскага раёна.

Наконт крэатыўнасці мясцовых культработнікаў лепшая ілюстрацыя — нядаўні праект арт-уік-энд “Калядны разгуляй”. Разам з калегамі з іншых сельскіх устаноў культуры Полаччыны арганізавалі на ўдзел у святкаванні ледзь не ўвесь аграгарадок. На патэльнях прыдумалі правесці імправізаваны пінг-понг блінамі. Замест бегу ў мяхах — скокі з бярозавымі чуркамі на нагах. Але гэта — для смеху. А ўсур’ёз багатыроўцы збіраюць і ўзнаўляюць старажытныя абрады, пра якія яшчэ памятаюць самыя старыя жыхары вёсак. Напрыклад, для пары супрацоўнікаў “Полацкага аграсэрвісу” Ірыны і Паўла Крупенічаў і іх нованароджанага Ягора правялі абрад “Радзіны”. Маладыя бацькі разам з малым стаялі пад колам добрых пажаданняў з рознакаляровымі стужкамі, а артысты віншавалі іх традыцыйнымі спевамі. 

— А мінулым летам група расійскіх турыстаў выказала пажаданне паглядзець традыцыйны беларускі абрад, — успамінае Алена Пятроўна. — Мы прапанавалі вяселле. Стол з традыцыйнымі стравамі, спевы, танцы ў нацыянальных касцюмах — гасцям так спадабалася свята, што немагчыма было сабраць групу ў аўтобус. Турысты з азартам развучвалі разам з багатыроўцамі беларускія “Рэчаньку” і “Падыспань”, падсілкоўваліся салам з дранікамі. На Полаччыне таксама рыхтуюць своеасаблівы напой раўгеню накшталт квасу і бліны- завіванікі. У планах гэтага года — традыцыйныя беларускія “Заручыны”. Як паведамілі мне па сакрэту, у гэтай мясцовасці была даволі смешная асаблівасць — калі жаніху хацелі адмовіць, уручалі не гарбуз, а вянок з гарохавых кветак. Імі таксама маглі ўпрыгожыць калёсы. 

Расійскія турысты — на традыцыйным вяселлі

Каб пазнаёміцца з багатыроўцамі, неабавязкова завітваць на Полаччыну. Штогод яны рыхтуюць свае імпрэзы для фестывалю мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску». У 2016 годзе — мюзікл «Воўк і казляняты на новы лад» стаў лаўрэатам у намінацыі «Казка, якая спявае...» 

Кажуць, спевамі сыты не будзеш. Асноўная крыніца папаўнення “касы” — канцэрты па запрашэнні арганізацый. Дыскатэкі амаль заўсёды бясплатныя ці за невялікія грошы — моладзі збіраецца няшмат, мясцовыя юнакі і дзяўчаты, калі захочацца, едуць у Полацк або Наваполацк. Хаця ў СДК яны могуць займацца не толькі народнымі танцамі, але і... брэйк-дансам.

Ёсць і плынь у адваротным накірунку. СДК пасябраваў з наваполацкай СШ № 14. Для гарадскіх падлеткаў пабываць у вёсцы і, напрыклад, навучыцца традыцыйным танцам — дзіва, якое яны ўспрымаюць з вялікім энтузіязмам. Не так даўно ў Доме культуры аформілі асобны беларускі пакой для правядзення “Вечароў народнай мудрасці”. Ручнікі, фіранкі на вокнах, прылады хатняга ўжытку і куфар з вышытымі сурвэткамі — амаль усе рэчы ў ім належалі чалавеку, які стаяў ля вытокаў развіцця сельскай установы культуры, — жыхарцы вёскі Веры Уладзіміраўне Пісюковай. Менавіта яна перадала моладзі сотні народных песень і асаблівую манеру выканання — так званы полацкі канон. І сёння народны фальклорны калектыў СДК «Галасы Спадчыны», якому ўжо 46 гадоў, працягвае гэтыя традыцыі. А новае пакаленне рыхтуе калектыў-спадарожнік — дзіцячую фальклорную групу «Каласочкі». Што ж да дзяцей — гасцей СДК, на ўроках мудрасці ім нагадваюць беларускія звычаі і традыцыі. У бліжэйшых планах — разам размалёўваць велікодныя яйкі і рыхтавацца да “валачэння”. На Вялікдзень тут існуе звычай, падобны да каляднага: пераапранутыя валачобнікі спяваюць віншаванні з прыпевам: “Хрыстос уваскрэс, сын Божы!” Вялікая крыўда, калі прамінуць чыюсьці хату. Механоша збірае для ўдзельнікаў абраду пачастункі. Трэба думаць, і ў гэтым годзе свята запомніцца дзякуючы намаганням сельскіх аматараў традыцыйнай культуры, працу якіх адзначылі на абласным узроўні.

yasko@sb.by

Фота аўтара і Багатырскага СДК

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter