Лаўрэаты прэміі прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне»

Запрашаем на мануфактуру

Прадстаўляем лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва
Прадстаўляем лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» і спецыяльных прэмій дзеячам культуры і мастацтва

Фота БЕЛТА
Фота БЕЛТА

Слуцкія паясы – гонар нашай краіны, яны прыцягвалі ўвагу і сто, і двесце гадоў таму, ёсць да іх цікавасць і сёння. На жаль, багатыя калекцыі на Беларусі даўно страчаны, засталося каля дзясятка вырабаў розных гадоў вытворчасці, а таксама мноства фрагментаў. Па падліках навукоўцаў, у свеце захавалася каля тысячы беларускіх паясоў, у асноўным у музеях Польшчы, Расіі і Літвы, а таксама ў прыватных замежных калекцыях. Дзяржаўная праграма адраджэння тэхналогій і традыцый вырабу слуцкіх паясоў якраз і была накіравана на тое, каб адрадзіць культуру рэгіёна, пазнаёміць сучаснікаў з гісторыяй свайго краю.

Сёння можна сказаць, што ткацкі станок запушчаны: распрацавана тэхналогія вытворчасці аналагаў пояса, першыя ўжо ўбачылі свет. Наступным крокам стала стварэнне на базе прадпрыемства «Слуцкія паясы» тэматычнага музея. Яго канцэпцыя належыць загадчыку аддзела старажытнабеларускай культуры Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Барысу Лазуку. У жыццё яе дапамагалі ўвасобіць кандыдат гістарычных навук Людміла Дамнякова і мастак Пётр Лабковіч.


Музей падзелены на некалькі зон. Там можна пазнаёміцца з гісторыяй касцюма, у якім пояс быў абавязковай часткай, прасачыць, як ён мяняўся з цягам часу, непасрэдна ўбачыць слуцкую копію, а таксама «трапіць» на мануфактуру XVIII—XIX стагоддзяў. Стваральнікі экспазіцыі запрашаюць усіх у Слуцк, там сапраўды ёсць на што паглядзець.

Гісторыя Вітаўта 


У ліку пяці лаўрэатаў прэміі Прэзідэнта «За духоўнае адраджэнне» —  калектыў Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатра за ўвасабленне нацыянальна-гістарычнай тэматыкі ў балеце «Вітаўт».


Драматычны і стваральны лёс нашай краіны, чараўніцтва народнай міфалогіі, залаты век беларускага сярэдневякоўя, яго выдатныя дзеячы, асабістыя драмы якіх цесна перапляліся з лёсам Бацькаўшчыны, подзвігі ў імя Радзімы, братэрства кіраўнікоў і народа, роля асобы ў гісторыі, гераізм і мудрасць — пра гэта і многае іншае нацыянальны балет «Вітаўт», прэм`ера якога адбылася летась.

Героі твора, персанажы старажытных летапісаў, — мужны і мудры Вітаўт Вялікі, мудрагелісты, праніклівы і жорсткі Ягайла, далікатная, пяшчотная і моцная Ганна, высакародная і велічная Ядвіга, гераічны і верны беларускі народ — ажылі на сцэне, прадставіўшы гледачам захапляльную гісторыю з часоў сівой  даўніны. У яе сюжэце перапляліся барацьба за ўладу і каханне, палон і ўцёкі, забойствы і каранацыі, лютая варожасць і пагадненні аб міры. Але самае важнае ў гэтай гісторыі — вялікая і ўсёпераможная любоў і вернасць галоўнага героя — князя Вітаўта — сваёй зямлі і свайму народу. 

Музыку балета на лібрэта Аляксея Дударава, аўтара п`есы «Князь Вітаўт», якая ішла ў Купалаўскім тэатры шмат гадоў,  напісаў адзін з лепшых нашых  кампазітараў Вячаслаў Кузняцоў. У спектаклі занятыя лепшыя творчыя сілы тэатра. Стварэнне «Вітаўта» – плён працы выключна айчынных майстроў мастацтва і першая пасля даволі працяглага перапынку пастаноўка нацыянальнага балета.

Водар «Медуніцы»


-Народная музыка з эстраднымі аранжыроўкамі? – перапытвае Валянціна Кандрацьева. – Чаму не? Зараз гэта модна. Магчыма, і мы калісьці да гэтага прыйдзем, але пакуль займаемся выключна класічнымі народнымі спевамі.


Кіраўнік магілёўскага ансамбля песні і танца «Медуніца» гэтымі словамі быццам падкрэслівае, што спецыяльную прэмію Прэзідэнта калектыў атрымаў якраз за ўклад у захаванне і развіццё менавіта традыцыйнай беларускай музычнай культуры і за актыўную канцэртную дзейнасць. Пачнём з апошняга. За 2014 год — амаль 80 канцэртаў, большасць з іх — у аграгарадках. Менавіта там жыве значная частка іх прыхільнікаў, у вёсцы чэрпаюць і матэрыял для творчасці. Не, зараз ужо няма тых фальклорных экспедыцый, што былі раней: амаль усё сабрана. Валянціна Іванаўна разам са сваім калектывам у час гастролей знаходзіць апошнія крупінкі, запісвае і пры выкананні імкнецца захоўваць аўтэнтычнае гучанне.

Кандрацьева сама з вёскі, нарадзілася на Асіповіччыне, таму яе цягне да народнага мастацтва, лічыць, менавіта ў ім душа чалавечая. Але ад замежных гастролей «Медуніца» таксама не адмаўляецца. Едуць не за грашыма і славай, а паказваць беларускую культуру. У 2014-м іх на ўра прымалі ў Парыжы і Маскве, раней — у Алма-Аце і Шанхаі, іншых гарадах. Менавіта на замежных канцэртах Валянціна Іванаўна разумее, што яе калектыў ужо дваццаць пяць гадоў ідзе правільнай дарогай, іх адметнасць — у нацыянальнай самабытнасці. «Медуніца» заўсёды застаецца сапраўды беларускай, народнай. Аб чым марыць Валянціна Кандрацьева? Што месцы ў глядзельнай зале будзе займаць не толькі сярэдняе і старэйшае пакаленне, але і моладзь, а традыцыйная культура, як гэта было раней, убірацца з матуліным малаком.

Ад Малевіча да Некрашэвіча


Беларускія мастакі даўно чакалі падзеі, якая ўзрушыць культурнае асяроддзе. І яна здарылася, здавалася б, на роўным месцы. Цэнтр сучасных мастацтваў, як і большасць падобных устаноў Мінска, збіраўся звярнуць на сябе ўвагу ў час майскага чэмпіянату свету па хакеі. Спартыўная публіка не заўсёды мае мастацкі густ, таму камандзе на чале з Наталляй Шаранговіч прыйшлося паламаць галаву, каб знайсці выйсце. У выніку вырашылі вярнуцца на сто гадоў назад і паказаць, як праз авангард фарміраваўся вобраз сучаснага мастацтва. Атрымалася эфектна і эфектыўна: не толькі замежнікаў пазнаёмілі з культурай нашай краіны, але і мінчанам паказалі нефарматныя творчыя плыні, новыя тэндэнцыі XXI стагоддзя, шмат іншага.

— Беларускі авангард мае глыбокія карані, — адзначае Наталля Шаранговiч, — у 20-я гады мінулага стагоддзя ён быў натхнёны лідарам супрэматызму К. Малевічам, а таксама М. Шагалам, Э. Лісіцкім і іншымі. У той час многія беларускія гарады, асабліва Віцебск і Мінск, служылі своеасаблівай лабараторыяй мастацтва, тут доўга захоўваліся авангардныя мастацкія школы. І як стагоддзе таму, сёння айчыннае мастацтва вылучаецца разнастайнасцю эксперыментальных формаў, адсутнасцю аднолькавасці, аднабаковасці, спрошчанасці. 

Самым складаным было сумясціць гісторыю і сучаснасць у адным праекце. У выніку ён раскінуўся адразу на трох пляцоўках: на праспекце Пераможцаў, у музеі сучаснага выяўленчага мастацтва і на плошчы Якуба Коласа. Апошняя ўжо стала сапраўдным мастацкім цэнтрам, рэпрадукцыі мастакоў там выстаўляюцца трэці раз. Але проста паказаць карціны – гэта банальна. Шаранговіч са сваёй камандай зрабілі праект жывым, на працягу некалькіх тыдняў лекцыі мастацтвазнаўцаў і культуролагаў змяняліся майстар-класамі, пасля гэтага былі тэатральныя перформансы, канцэрты, паказы дакументальных фільмаў, дэманстрацыя авангардных калекцый беларускіх мадэльераў. Шляхам народнага галасавання была вызначана дзясятка лепшых сучасных аўтараў, сярод іх — Павел Вайніцкі, Канстанцін Селіханаў, Канстанцін Вашчанка, Аляксандр Некрашэвіч, іншыя.

Таму зусім не дзіўна, што «Avant-gARTe. Ад квадрата да аб’екта» выклікаў рэзананс. Людзі абмяркоўвалі, захапляліся, спрачаліся. Гэтага нашаму мастацтву нестае. Кінуць выклік – гэта амаль подзвіг. У Цэнтра сучасных мастацтваў за мінулы год іх было некалькі, у тым ліку фестывалі стрыт-арту і вулічных тэатраў. Гэта таксама смелыя крокі, якія і былі адзначаны грамадскасцю і спецыяльнай прэміяй.

Рыцар і яго коні


У творчасці скульптара-анімаліста Сяргея Бандарэнкі ёсць адна асаблівасць. Большасць яго работ — гэта выявы коней. Спецыфіка рэдкая, калі не сказаць унікальная. Перавагу менавіта «конскай тэме» сёння аддаюць нямногія. Бо, акрамя прафесійнай мастацкай падрыхтоўкі, майстру неабходна дакладна валодаць і многімі іншымі ведамі, ад анатоміі да псіхалогіі гэтых прыгожых істот, ды проста вельмі любіць іх. Сяргей Бандарэнка захапляецца імі з дзяцінства, з таго ж часу пачаў ляпіць і іх фігуркі з пластыліну. А калі стаў прафесійным мастаком — адліваць з бронзы, прычым самастойна асвоіў старажытную тэхніку ліцця па васковай мадэлі.


Колькі коней у яго «табуне», скульптар лічыць ужо даўно перастаў. Яны «пасвяцца» па ўсім свеце. Захоўваюцца ў фондах шэрагу музеяў і прыватных збораў розных краін. Выстаўляліся ў Англіі, Бельгіі, Германіі, Нідэрландах, Кітаі, Манака, Польшчы, Расіі, ЗША, Францыі. Цікавасць гледачоў творы Сяргея Бандарэнкі выклікаюць нязменна. Але самыя строгія ў адзнаках, бадай, знатакі — апантаныя аматары коней, конезаводчыкі, наезнікі. У скульптурных выявах яны беспамылкова пазнаюць сваіх любімцаў, настолькі тонка перададзена майстрам індывідуальнасць кожнай жывёліны. Дарэчы, большасць партрэтаў коней зроблены з натуры, сярод мадэляў — прызёры, чэмпіёны самых прэстыжных міжнародных спаборніцтваў.

Але, гаворыць мастак, сёння самы галоўны сярод яго бронзавых скакуноў — той, які пад князем Альгердам, у коннай статуі, усталяванай летась у Віцебску. Дарэчы, убачыць чатыры работы майстра, сярод якіх прыкметная «Гімнастка на кані», можна і ў цэнтры Мінска, каля цырка.

Кнігазбор традыцый


Фундаментальнае навуковае выданне «Традыцыйная мастацкая культура беларусаў» уражвае аб’ёмам. У шасцітомніку — дзесяць таўшчэзных кніг, сапраўдная энцыклапедыя, дзе сабрана мноства найцікавейшых і каштоўнейшых звестак. Каб іх знайсці, сабраць, вывучыць, супрацоўнікі Цэнтра даследаванняў беларускай культуры, мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Алена Боганева і Тамара Варфаламеева, педагог Цэнтра дадатковай адукацыі «Ветразь» Кастрычніцкага раёна Мінска Мікалай Козенка працавалі амаль 15 гадоў: сотні кіламетраў экспедыцый па ўсёй краіне, пошукі носьбітаў традыцый, шматлікія запісы аўдыя- і відэаматэрыялаў, іх далейшая расшыфроўка і сістэматызацыя.

Мікалай КОЗЕНКА, Тамара ВАРФАЛАМЕЕВА, Алена БОГАНЕВА. Фота Яўгена ПЯСЕЦКАГА

— Увогуле, гэтае выданне — плён працы вельмі вялікага калектыву навукоўцаў, выдаўцоў, а таксама тых людзей, якія нам дапамагалі на месцах: ад прадстаўнікоў абласных упраўленняў культуры да вясковых культработнікаў, — удакладняе вядомы этнахарэограф, нястомны даследчык аўтэнтычнага танца Мікалай Козенка.

У кожным з тамоў — звесткі пра этнічную культуру пэўнага рэгіёна, з усяго сабранага стваральнікі імкнуліся адлюстраваць найбольш цікавае і адметнае: народныя абрады, звычаі, вусную творчасць, музыку, танец, рамёствы, касцюм… Матэрыял найбагацейшы і вельмі падрабязны — з малюнкамі, фатаграфіямі, тэкстамі і нотамі песень, схемамі танцавальных рухаў. Напрыклад, толькі ў кнізе, прысвечанай Гомельшчыне, апісана 133 танцы, уласцівыя гэтай мясцовасці.

— Матэрыялы шасцітомніка ўнікальныя. Нашы суседзі, навукоўцы з Расіі, Украіны, Прыбалтыкі проста ў захапленні, у іх падобных збораў няма. Гэтыя кнігі — цудоўная крыніца для вывучэння і папулярызацыі культурных традыцый нашага народа. Вельмі прыемна, што іх з’яўленне так высока ацэнена дзяржавай, — не хавае гонару Мікалай Козенка.

Ручніковы сусвет


Неглюбка, дзівосны па прыгажосці куток Гомельшчыны, вядомая як цэнтр мастацкага ручнога ткацтва яшчэ з сярэдзіны XIX стагоддзя. Асаблівая мясцовая гордасць — чырвона-белыя ручнікі са старажытнымі сімвалічнымі арнаментамі. Яны праславіліся на ўвесь свет, дэманстраваліся і атрымлівалі залатыя медалі на выстаўках у Нью-Ёрку, Манрэалі, Токіа, Парыжы, Бруселі. Для сваёй калекцыі іх набыў амерыканскі музей «Метрапалітэн», неглюбскі ручнік упрыгожвае і адну з залаў ААН.

Кіраўнік дзіцячага гуртка ткацтва Таццяна СУГЛОБ з 4,5-метровым ручніком. Фота БЕЛТА
Кіраўнік дзіцячага гуртка ткацтва Таццяна СУГЛОБ з 4,5-метровым ручніком. Фота БЕЛТА

Сёння старажытную традыцыю захоўваюць і працягваюць майстры Неглюбскага сельскага цэнтра ткацтва, сярод якіх і Людміла Кавалёва. Ручнікі яна тчэ ўжо больш за 30 гадоў. Цікава, што сама, як гаворыцца, не з мясцовых, на Веткаўшчыну трапіла ў замужжа. Тут, у Неглюбцы, і пачала спасцігаць азы ткацтва, уладкавалася ў колішнім філіяле Гомельскай фабрыкі мастацкіх вырабаў. Пасля запрасілі весці гурток у Доме культуры, і вось цяпер два гады, як ён стаў цэнтрам ткацтва. Дарэчы, муж Уладзімір Кавалёў ад ручніковай справы не ў баку, ён — кіраўнік гэтай установы.

Ці многа сёння ў майстрыхі вучняў? У адказ яна смяецца: практычна ўся Неглюбка. І гэта не жарт. Сакрэты ткацтва яна ні ад каго не хавае. Хто ў цэнтр ні зойдзе, прапаноўвае пацікавіцца і за кросны сесці. Так што простае палатно саткаць сапраўды паспрабавалі многія вяскоўцы. 

Ну а тыя выхаванцы Людмілы Кавалёвай, хто займаецца ў гуртку ткацтва «Ніток», радуюць поспехамі большымі — работы некаторых з іх смела можна дэманстраваць на выстаўцы любога ўзроўню, без увагі гэтыя ручнікі не застануцца. 

У тэму

Прэмія прысуджана таксама аўтарскаму калектыву тэлеканала «Сталічнае тэлебачанне» ў складзе дырэктара дырэкцыі спецыяльных праектаў Аляксея Адашкіина, карэспандэнта спецыяльнай службы карэспандэнтаў дырэкцыі інфармацыйнага вяшчання Вольгі Макей за стварэнне цыкла дакументальных фільмаў «Шай-бу! Shai-BY!..». 

Узнагароды ўдастоены калектыў Мемарыяльнага комплексу «Брэсцкая крэпасць-герой» за вялікі ўклад у захаванне гістарычнай памяці аб Вялікай Айчыннай вайне і стварэнне новай экспазіцыі ў паўднёва-ўсходняй казарме цытадэлі Брэсцкай крэпасці «Музей вайны — тэрыторыя свету». 

Прэмія прысуджана галоўнаму спецыялісту прадпрыемства «Мінская спадчына» Сяргею Багласаву за значны асабісты ўклад у рэстаўрацыю і аднаўленне гісторыка-культурнага комплексу плошчы Свабоды з сумежнай забудовай у Мінску. 

Сярод лаўрэатаў таксама прафесар кафедры малюнка Беларускай дзяржаўнай акадэміі мастацтваў Уладзімір Ганчарук, які ўдастоены прэміі за вялікі асабісты ўклад у развіццё выяўленчага мастацтва Беларусі і выхаванне таленавітай моладзі.

Ірына СВІРКО


Наталля СЦЯПУРА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter