Запрагайце парку ў аўторак і чацвер

Прыгадайце свае паводзіны, калі вы пачынаеце сервіраваць святочны стол.

Прыгадайце свае паводзіны, калі вы пачынаеце сервіраваць святочны стол.

  • На ўзроўні падсвядомасці, не задумваючыся, мы адразу ж разразаем бохан хлеба напапалам (што можа сімвалізаваць два бакі ўдзельнікаў застолля: гаспадароў і гасцей); на кожны сподачак кладзём толькі па два кавалачкі хлеба (што, у сваю чаргу, з’яўляецца сімвалам сямейных пар, якія сабраліся за сталом). Напрыканцы святочнай дзеі гаспадыня парадуе гасцей салодкімі прысмакамі і абавязкова падкрэсліць: “Цукеркі бярыце ў пару”.
    Дарэчы, ці заўважалі вы, што сталовыя наборы і чайныя сервізы звычайна прадаюцца толькі на шэсць або дванаццаць чалавек, г.зн. іх колькасць заўсёды цотная.
  • У народзе існавала вера ў тое, што дзяўчына, якая з’есць спарыша (здвоеную сліву, бульбу, колас і г.д.), народзіць двайнят. Маці аднаго з аўтараў выкідвала слівы-спарышы нават тады, калі збіралі іх для варэння. I наадварот, верыла, калі насіць пры сабе арэхавы спарыш, то ўвесь час будзеш пры грашах.
  • Сімволіка парнасці вызначала характар і асаблівасці выканання найбольш значных рытуальных дзеянняў разгорнутага вясельнага абраду. Верх вясельнага “хлеба-солі” (каравая, з якім маладых сустракалі перад парогам хаты) быў упрыгожаны двума кавалачкамі цукру, што павінна было сімвалізаваць “салодкі” лёс сямейнай пары. Вяршыню святочнага каравая ўпрыгожвалі дзвюма птушачкамі, выпечанымі з таго ж цеста, што і сам каравай. Побач з маладымі хросныя бацькі павінны сядзець толькі парай. Калі ж у жаніха або нявесты засталіся толькі маці або бацька, то яны не мелі права сустракаць маладых. Прынцып падабенства лёсу тых, хто сустракаў, і тых, каго сустракалі, прадказваў маладым жыццё ў адзіноце.
  • Знаёмства з вялікай колькасцю прыкмет і павер’яў, рэгламентацый і забаронаў абрадавай і гаспадарчай практыкі пераканаўча сведчыць, што шчаслівымі, спрыяльнымі для распачынання важных спраў з’яўляюцца цотныя дні: аўторак і чацвер (другі і чацвёрты). I наадварот, нешчаслівымі лічацца няцотныя дні: панядзелак (першы), серада (трэці) і пятніца (пяты). Менавіта з імі звязана найбольшая колькасць усялякіх абмежаванняў як у працы, так і ў харчаванні (серада і пятніца — посныя дні).
  • Дзіўная рэч, на якую чамусьці не звяртаюць увагі этнографы. У нашы сучасныя песні і святкаванні (Каляды, Масленіца) прыйшло запазычанне з рускай культуры і побыту — асноўным вобразам зімовых свят становіцца шпаркая тройка коней. Але ж на самай справе на Беларусі памочнікам чалавека ў гаспадарцы была не “тройка”, а параконка (“Запрагай сваю парку”, — казалі ў народзе; поле аралі парай валоў).
  • Калі гаспадар выбіраў на базары ў бондара дзяжу, то абавязкова лічыў клёпкі. Існавала перакананасць: там, дзе іх цотная колькасць — рошчына будзе добрая, а дзе няцотная — цеста будзе няўдалым, а хлеб ацеслівым.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter