Запозненае прызямленне...

Хай яно будзе шчаслівым для сям’і Белазор Амаль два гады назад “НГ” у артыкуле “Памiж небам i зямлёй” пiсала пра сiтуацыю, у якой апынулася сям’я падпалкоўнiка Алега БЕЛАЗОРА. Нашы чытачы здалi трохпакаёвую кватэру ў ваенным гарадку “Баравуха-1”, што пад Полацкам, пераехалi ў Мiнск: тут Алегу Iванавiчу прапанавалi пасаду ў штабе ваенна-паветраных сiл. Сям’я з чатырох чалавек пасялiлася ў пакоi афiцэрскага пансiяната ў Сцяпянцы. Ваенныя людзi да цяжкасцей прывычныя, i Белазоры не зважалi на бытавыя нязручнасцi. “Патрываем, — казаў Алег Iванавiч жонцы. — На чаргу паставiлi, надзея атрымаць кватэру ёсць”.

Але iшоў час, дзецi выраслi, а справа не рухалася з мёртвай кропкi. Потым тэрыторыю ваеннага гарадка перадалi гораду, пад юрысдыкцыю Партызанскага раёна. Сталiца будуецца, патрэбны новыя пляцоўкi, i над пансiянатам, якi мае непрэзентабельны выгляд, навiсла пагроза лiквiдацыi. Насельнiкi пансiяната затурбавалiся: што з iмi будзе? Белазоры напiсалi пiсьмо наверх. I неўзабаве Алега Iванавiча адправiлi ў адстаўку. У членаў сям’i нават склалася ўражанне, што падставай сталi менавiта гэтыя сiгналы.
Тым часам афiцэраў, якiя знаходзiлiся “ў страi”, перасялiлi ў афiцэрскi iнтэрнат, а над некалькiмi сем’ямi адстаўнiкоў i прапаршчыка, дарэчы, мацi-адзiночкi, навiсла невядомасць. Сiтуацыю напалялi чуткi, што вось-вось адключаць ваду, цяпла ў будынку не будзе.
А калi Белазоры пабывалi на прыёме ў штабе, то ўвогуле пачулi, што нiякага жылля ў iх няма, вiсяць яны ў паветры...
Трэба сказаць, што i Алег Iванавiч, i яго жонка Гюльнiса Мамед кызы (якую ў Беларусi ўсе называюць Галiнай Мiхайлаўнай) усё жыццё прысвяцiлi армii. Абодва з’яўляюцца майстрамi па парашутнаму спорту. На рахунку Алега Iванавiча звыш чатырох тысяч скачкоў, Галiны Мiхайлаўны — больш як тры тысячы. Не прывыкаць, словам, iм знаходзiцца памiж небам i зямлёй. Але кватэрны скачок аказаўся пагражальна зацяжным.
Трэба адзначыць, што Алегу Белазору прапаноўвалi будаваць кааператыўнае жыллё з выкарыстаннем iльготнага крэдыту, толькi яго трэба было яшчэ дачакацца, а гэта праблематычна.
Алег Iванавiч доўгi час лятаў на верталёце Мi-26, вучыў скакаць з парашутам лётны састаў эскадрылляў. Многiя яго выхаванцы засталiся жывымi ў Афганiстане: менавiта дзякуючы высокай вывучцы змаглi выратавацца з палаючых верталётаў. Калi здарылася чарнобыльская трагедыя, такiя спецыялiсты, як Алег Iванавiч, былi на вагу золата i ён сем дзён, знаходзячыся за штурвалам сваёй “вяртушкi”, з 200-метровай вышынi скiдваў грузы ў пыхкаючы смяротнымi выкiдамi рэактар. Зразумела, такое для здароўя бясследна не праходзiць.
Пайшлi з жыцця таварышы Алега Iванавiча, якiя ляталi “на рэактар”. Апошнiм быў Белазор, год назад яго не стала... Так i не дачакаўся афiцэр адказу на пытанне, дзе будзе жыць сям’я.
Няма сумнення, што кватэрнае пытанне магло назаўсёды павiснуць у паветры, калi б не настойлiвасць Галiны Мiхайлаўны. Яна хадзiла па высокiх iнстанцыях, дайшла i да Адмiнiстрацыi Прэзiдэнта. I дабiлася праўды: неўзабаве Мiнiстэрства абароны выдзелiла ёй трохпакаёвую кватэру ў Малiнаўцы. Аднак тут празмерную пiльнасць праявiлi “грамадзянскiя чыноўнiкi”. Сказалi: нельга даць бясплатнае жыллё, бо льготы мужа не перадаюцца ў спадчыну. Не разабралiся, што ў дакументах пералiчаны яе заслугi, якiя даюць права на такую жылплошчу.
Як Галiна Мiхайлаўна перанесла гэтыя “так” i “не”, цяжка ўявiць. Да слова, старшы сяржант ваенна-паветраных войскаў, яна атрымала пры выпрабаваннi новых парашутаў мноства траўм, перанесла некалькi аперацый. А тут у вынiку стрэсаў здароўе зусiм пагоршылася. Але яна ведала: трэба трымацца, пакуль не будзе доўгачаканай прапiскi...
Цяпер сям’я жыве ў прыгожым доме са шклопакетамi i, што вельмi важна, добрай гукаiзаляцыяй. Размясцiлася вольна сама, а таксама сын, нявестка i ўнучка.
“У гэтай кватэры нiчога i перарабляць не трэба. Мы такую нiколi не пабудавалi б”, — адзначае Галiна Мiхайлаўна.
Што цiкава, хтосьцi з былых суседзяў парадаваўся за яе перамогу, а хтосьцi нават перастаў вiтацца... Жыццё працягваецца.
Дарэчы, у гэтым доме атрымала аднапакаёвую кватэру i другая гераiня публiкацыi “Памiж небам i зямлёй” мацi-адзiночка Наталля Энеева. Навасёлы выказваюць вялi-
кую падзяку камандаванню ВПС ПВА, мiнiстру абароны Рэспублiкi Беларусь за такое паляпшэнне iх жыллёвых умоў.
У адным з пакояў на сцяне вiсiць партрэт падпалкоўнiка Алега Белазора ў параднай форме. На фота ўнiзе верталёт над чарнобыльскай станцыяй...
Галiна Мiхайлаўна глядзiць на фатаграфiю мужа i цiха так прамаўляе: “Ведаеце, я яшчэ дваццаць гадоў згадзiлася б жыць у Сцяпянцы, толькi б ён быў жывы”...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter