В гомельской школе дети изготавливают из лозы настоящие произведения искусства

Заплятайце, хлопцы, лозы!

«Вербушка» — так называецца адзіны ў Гомельскай вобласці гурток, дзе дзяцей вучаць рабіць сваімі рукамі творы мастацтва са звычайных дубчыкаў лазы. Знаходзіцца ён у гомельскай школе № 61. Напярэдадні Дня настаўніка карэспандэнты «Р» пазнаёміліся з ня­зменным кіраўніком унікальнага народна-творчага праекта і яго выха­ванцамі.

Ва ўнікальным гуртку сёння займаюцца 15 дзяцей.

З экспедыцыі — у майстэрню

У школьнай майстэрні дзятва на час забывае пра тэлефоны і іншыя гаджэты. Тое, што адбываецца тут, — значна цікавейшае. Займальны працэс пачынаецца з нарыхтоўкі. Разам з педагогам і бацькамі школьнікі адпраўляюцца ў экспедыцыю да рэк і азёр, каля якіх расце лаза. Лепш за ўсё падыходзяць белатал і ракіта, якія валодаюць добрай гнуткасцю. Шмат у чым фізічныя ўласцівасці «будматэрыялу» залежаць ад умоў надвор’я сезона — засушлівага або, наадварот, дажджлівага.

У майстэрню сабраная лаза трапляе не адразу. Спачатку яе неабходна выварыць. Пры гэтым пад уздзеяннем дубільных рэчываў нарыхтаваныя дубцы набываюць чырвонае або жоўтае адценне. Гэта колеры, якія маюць гатовыя вырабы. Дадатковай афарбоўкі не патрабуецца.

Усё, што трэба юным майстрам, — фантазія і цярпенне.

Затым з лазы здымаюць кару. Паколькі лязо нажа можа пашкодзіць паверхню, выкарыстоўваюцца драўляныя палачкі. Незвычайны інструмент называюць шчамілкамі. На апошнім этапе падрыхтоўкі лазу замочваюць. А пасля робяць «парную лазню» — заварочваюць у коўдру для падтрымання патрэбнага ўзроўню вільготнасці. У такім выглядзе матэрыял гатовы да прымянення і захоўвае неабходныя ўласцівасці яшчэ на працягу пяці гадоў.

Фантазія — сястра творчасці

Асартымент вырабаў, якія можна зрабіць з лазы, не абмежаваны — усё залежыць ад фантазіі, таленту і ўпартасці аўтара. Пачаткоўцы пачынаюць з найпростых абярэгаў, якія па форме нагадваюць павуцінне. Класіка жанру — разнастайныя кошыкі, самая распаўсюджаная тара ў нашых вясковых продкаў. Вяршыня майстэрства — плеценая мэбля. Ці такія арыгінальныя рэчы, як, напрыклад, дзіцячая качалка ў форме каня.

Сяргей ГЕРГЕНСОН ганарыцца таленавітымі вучнямі.

Усё гэта можна ўбачыць і пакратаць рукамі. Але ёсць у майстэрні і нешта, што не ўспрымаецца дотыкам, — атмасфера дабра, спакою, прымірэння. Тое, чаго часам не хапае ў трывожным свеце звонку. Магчыма, таму сюды працягваюць прыходзіць рабяты, якія ўжо даўно скончылі школу. Пагутарыць з настаўнікамі, расказаць аб сваіх справах і, вядома, па звычцы зрабіць што-небудзь прыгожае сваімі рукамі.

У майстэрні знаёмімся з трыма вы­пус­кні­камі, якія займаліся ў «Вербушцы» з малодшых класаў. Напрыклад, Яў­ген Пля­га, у мінулым пераможца абласной алімпіяды па працоўным навучанні, сёння студэнт — асвойвае прафесію праграміста. Іван Пінчук — будучы тэхнік-тэхнолаг мэб­левай вытвор­часці. Яўген Кавалёў вучыцца ў кале­джы народных і мастацкіх промыслаў. Сярод спецыяльнасцей, якія там атрымліваюць, — «разьбяр па дрэве» і «настаўнік малявання». Свой выбар хлопец тлумачыць проста:

— Люблю пра­ца­ваць рука­мі — дзякуй, тут на­ву­чылі.

Умелыя рукі ператвараюць звычайную лазу ў такую прыгажосць.

Дырэктар СШ № 61 Ала Ляш­кевіч запэў­ні­вае, што будзе ра­да бачыць хлопца зноў, цяпер ужо ў якасці калегі. Дарэчы, сярод сённяшніх настаўнікаў і работнікаў адміністрацыі ёсць выпускнікі школы, а таксама сямейныя пары і прадстаўнікі дынастый.

Да іх адносіцца і кіраўнік «Вербушкі» — настаўнік працы Сяргей Гергенсон. Яго бацькі, сястра, цётка і дзядзька, пляменнікі і дзеці — педа­гогі. А з будучай жонкай ён пазнаёміўся падчас па­ездкі на ўра­чыс­ты пры­ём з нагоды ўзнага­роджання тагачасным кі­раў­ніцтвам БССР маладых настаў­нікаў ганаровымі грама­тамі.

Навучанне майстэрству пачынаецца з найпростых абярэгаў.

Настаўніцкі гонар

На пляценне з лазы Сяргей Іванавіч «захварэў» больш за дваццаць гадоў таму. Адыгралі ролю знаёмства з да­сведчаным майстрам і выпадковы візіт на фабрыку мастацкіх вырабаў у Гомелі:

— Зайшоў ту­ды выпадкова і доўга не мог выйсці: глядзеў, любаваўся. Ка­лі ж пачаў плес­ці сам — зразумеў, што гэта захапленне на ўсё астатняе жыццё.



З таго часу каля трох дзя­сят­каў яго вучняў станавіліся пераможцамі і прызёрамі прадметных алімпіяд па працоўным навучанні. А ў далейшым практычна ўсе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Настаўнік паказвае стэнд з фотаздымкамі выхаванцаў:

— Ведаеце, таленавітае дзіця таленавітае ва ўсім. Ганаруся ўсімі гэтымі рабятамі — яны сталі спецыялістамі ў розных сферах і проста добрымі людзьмі, годнымі грамадзянамі. Мабыць, гэта самы галоўны і каштоўны вынік маёй працы.



Сёння ў «Вербушцы» зай­маюцца пяць дзяўчынак і дзесяць хлап­чукоў. Усе яны пяці­класнікі. У гурток запісаліся нядаўна і пакуль толькі спасцігаюць асновы народнага рамяства. Дарэчы, у дваіх навічкоў раней у гуртку займаліся старэйшыя браты. Малым дарылі цацкі, зробленыя сваімі рукамі.

Гугліць запыты «як забіць цвік у сцяну» або шукаць у YouTube відэа аб тым, як адрамантаваць кран, што цячэ, гэтым дзецям сапраўды не давядзецца. Думаць галавой і працаваць рукамі іх навучылі ў школе.


prolesk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter
Фото: Иван ЯРИВАНОВИЧ