Пациентов меньше, перчатки и маски – в наличии: как в условиях пандемии коронавируса работает врачебная амбулатория на селе

Запіскі земскага ўрача

Урачы i медсёстры сёння на перадавой: бальнiцы працуюць у рэжыме павышанай гатоўнасцi. А як змянiўся графiк пры-ёму сельскiх дактароў, якiя абслугоўваюць па большай частцы менавiта тых, хто ў зоне рызыкi, — пажылых людзей? Цi менш стала наведвальнiкаў пад кабiнетамi, цi няма ў вясковых жыхароў праблем з набыццём масак, пальчатак, антысептыкаў? Каб зразумець, цi змянiла насамрэч фармат сельская ўрачэбная амбулаторыя, карэспандэнт «Р» адправiлася ў аграгарадок Галоўчын Бялынiцкага раёна.

Святлана Сiдарэнка: «Сам па сабе вiрус не забiвае, а вось даць ускладненнi на хворыя органы можа, таму трэба сябе берагчы».

Прыём у доктара

Галоўчын — аграгарадок вялiкi. А тутэйшая амбулаторыя ўрача агульнай практыкi абслугоўвае яшчэ i 17 жыхароў навакольных вёсак. Так што працы ў загадчыцы i фельчара хапае.

— У дзень раней прымалi 20—30 пацыентаў, — канстатуе фельчар Алена Шчарбiнiна, якая працуе тут амаль 40 гадоў. — Але цяпер паток паменшыўся.

Пад кабiнетам доктара i праўда нiякай чаргi. Толькi адзiн мужчына. Аказваецца, i той не пацыент. 72-гадовы Мiхаiл Брылёў — магiляўчанiн. Але родам з Бялынiцкага раёна:

— Мае бацькi тут нарадзiлiся i выраслi, у вёсцы Васiлькi, што кiламетры за два ад Галоўчына. I я, як на пенсiю выйшаў, побач з бацькавай хатай новую паставiў. Цяпер большую частку года — калi цёпла, — тут, на малой радзiме, i жывём з жонкай. Сваю Тамару сюды на машыне i прывёз — на прыём да доктара. Нешта занемагла яна, вось i выбралiся. Я наогул i сам не раз сюды звяртаўся. Таму што тут умовы не горшыя, а можа, i лепшыя, чым у горадзе. Нiякiх чэргаў, ветлiвы персанал, а доктар хоць i малады, але вельмi талковы. Памятае дыягназ кожнага пацыента, што ў мяне, напрыклад, цiск скача i астэахандроз перыядычна прыхоплiвае... I заўсёды дапаможа своечасова. Што асаблiва прыемна — з ёй заўсёды можна папярэдне звязацца па тэлефоне: цi на месцы, цi можна прыехаць? I яна часта сама на дом выязджае.

«Беражыце сябе!»

Загадчыцы Галоўчынскай амбулаторыi Святлане Сiдарэнка 25 гадоў. Але вяскоўцы ёй давяраюць.

— Вельмi добры спецыялiст, — пацвярджае яе памочнiца Алена Шчарбiнiна. — I спагадлiвая. Людзям вельмi прыемна, што яна не толькi дыягназ правiльны паставiць, але i выслухаць умее, падбадзёрыць добрым словам.

Святлана Леанiдаўна, якая нарадзiлася i вырасла ў аграгарадку Вiшоў Бялынiцкага раёна, яшчэ падаючы дакументы ў Гомельскi дзяржаўны медыцынскi ўнiверсiтэт, цвёрда вырашыла, што ў вялiкiм горадзе не застанецца:

— Такi я чалавек — дамашнi. Люблю вёску, сваiх землякоў. Зноў жа, iх таксама трэба камусьцi лячыць. У Галоўчынскай амбулаторыi доктар быў, але толькi на паўстаўкi — прыязджаў двойчы на тыдзень. Цяпер пастаянны ёсць — я, вось людзi i задаволеныя.

Тое, што ва ўсiм свеце склалася няпростая эпiдэмiялагiчная сiтуацыя, Святлана Леанiдаўна i тлумачыць вяскоўцам:

— У нас жа кантынгент — у асноўным пенсiянеры. А ў iх мноства хранiчных захворванняў. Тлумачу: сам па сабе вiрус не забiвае, а вось даць ускладненнi на хворыя органы можа, таму трэба сябе берагчы. Без асаблiвай неабходнасцi лепш не выбiрацца ў горад, не наведваць месцы, дзе вялiкая колькасць людзей, да нас не хадзiць, калi трэба, да прыкладу, проста вымераць цiск. Трэба — мы самi прыедзем. I лекi неабходныя прывязём. У такiм рэжыме працуем ужо не першы тыдзень. I вяскоўцы, на шчасце, да нас прыслухалiся — пацыентаў стала нашмат менш. У дзень 6—8 чалавек.

Доктар Сiдарэнка з Вiшова ў Галоўчын дабiраецца на ўласнай машыне:

— Гэта прыкладна 12 кiламетраў. Так што калi каму з жыхароў сёлаў, што на маiм шляху, патрэбны таблеткi, маска цi пальчаткi, — куплю i па дарозе завязу. Дарэчы, i аналiзы — тую ж кроў — мы дома бяром. Але тады, вядома, едзем на спецтранспарце — у нас ёсць «медыцынская карэта» i ўсё неабходнае абсталяванне.


Пры амбулаторыi працуе i аптэка. У дзень нашага вiзiту сюды ў ёй былi ў наяўнасцi i маскi, i пальчаткi, i антысептыкi. I, падобна, народ ужо прывучаны да таго, што ўсё гэта варта насiць. Каб засцерагчы сябе, сваiх родных, суседзяў, калег. Што ў гэты няпросты час кожны з нас павiнен праяўляць свядомасць.

— Прафiлактычная праца — вялiкая справа, — падкрэслiвае загадчыца амбулаторыi. — Калi людзям пастаянна па-добраму тлумачыць, што i навошта рабiць, яны цябе пачуюць. Вось, да прыкладу, кажуць: вясковыя бабулi любяць займацца самалячэннем, капустай суставы лечаць, апёкi — алеем. Я за два гады працы з такiм не сутыкалася. У нашых калi нешта забалiць — тут жа тэлефануюць: «Доктар, падкажыце...» Хоць, вядома, не абыходзiцца i без эксцэсаў. Вось, напрыклад, нават дзецi ведаюць, што сухую траву на ўчастку ў гарачае надвор’е, ды да таго ж ветранае, палiць нельга. Але час ад часу хто-небудзь усё роўна рызыкне развесцi вогнiшча. Аднаго такога дзядулю неяк ратавалi: спрабаваў нагамi патушыць полымя, якое ўсхадзiлася. Агонь перакiнуўся на яго, штаны з сiнтэтыкi расплавiлiся, ўелiся ў скуру... Укалолi небараку абязбольваючае, апрацавалi раны, перабiнтавалi, адвезлi ў раённую бальнiцу. На шчасце, усё абышлося, ачуняў…

«Прафесiю выбiрала, каб людзям дапамагаць»

Доктар Сiдарэнка, дарэчы, акрамя сельскай амбулаторыi яшчэ i ў Бялынiцкай ЦРБ працуе: 1—2 разы ў месяц бярэ начныя дзяжурствы. Так што ёй прыходзiцца нялёгка. Але яна не наракае:

— Я гэтую прафесiю выбiрала, каб людзям дапамагаць. I калi ў сувязi з эпiдэмiялагiчнай сiтуацыяй, якая склалася, давядзецца працаваць у рэжыме «без выхадных», вядома, пагаджуся. Пацыентаў з падазрэннем на COVID-19 у мяне пакуль не было. Але ў Бялынiцкую ЦРБ падчас майго дзяжурства аднойчы даставiлi пажылога мужчыну з абцяжараным дыханнем, ацёкам лёгкiх, у кiслароднай масцы. Праўда, аказалася, у яго праблемы з сэрцам, i калi пасля наведвання лазнi яму стала дрэнна, жонка своечасова выклiкала «неадкладку».

— Усе дактары i медсёстры сёння працуюць у асаблiвым рэжыме, — падкрэслiвае галоўны ўрач Бялынiцкай ЦРБ Павел Манько. — Нiякай скучанасцi ў палiклiнiцы i амбулаторыях — да пажылых пацыентаў выязджаюць тэрапеўты i не стамляюцца нагадваць усiм землякам аб неабходнасцi насiць пальчаткi i марлевыя павязкi, карыстацца антысептыкамi, старанна мыць рукi. Нагадваем i пра самаiзаляцыю — што тыя, хто прыехаў з-за мяжы, абавязаны на працягу 14 дзён знаходзiцца дома, нават калi ў iх няма нiякiх сiмптомаў захворвання. I пры гэтым максiмальна абмежаваць любыя кантакты. Зараз на самаiзаляцыi ў раёне каля 20 чалавек. А вось двух землякоў, якiя з’яўляюцца кантактамi першага ўзроўню (адзiн з iх вучыўся, другi працаваў у Магiлёве, i абодва кантактавалi з людзьмi, у якiх западозрылi COVID-19), адправiлi ў Магiлёўскую iнфекцыйную бальнiцу.

kislyak@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter