Запчастка для «Чэха»

Пятро КУЗЬМЯНКОЎ, выхадзец з хутара на Краснапольшчыне, за сем кіламетраў хадзіў у Наваельненскую дзесяцігодку ў слоту і сцюжу. Хадзіў адзін, бо дзяцей больш не было. Бацька, праўда, дамаўляўся са знаёмымі мясцовымі вяскоўцамі, каб сын у іх кватараваў, але хлопчык праз некалькі дзён прыйшоў дамоў і сказаў, як адрэзаў: «Што хочаце са мною рабіце, але больш у чужых людзей я жыць не буду. Не магу!» Думаў, што бацька адлупцуе за непаслухмянасць, але рашучы выгляд хлопчыка стрымаў дарослага. Адзін настаўнік, калі выклікаў Петрыка на ўроку да дошкі, ніводнага разу не назваў ні ягонага імя, ні прозвішча. Ён казаў: «Чалавек з лесу, ідзі адказвай!» І ён выходзіў.

Сёлета лёс звёў мяне з цікавым чалавекам, які шмат чаго пабачыў і перажыў на гэтым свеце.

Пятро КУЗЬМЯНКОЎ, выхадзец з хутара на Краснапольшчыне, за сем кіламетраў хадзіў у Наваельненскую дзесяцігодку ў слоту і сцюжу. Хадзіў адзін, бо дзяцей больш не было. Бацька, праўда, дамаўляўся са знаёмымі мясцовымі вяскоўцамі, каб сын у іх кватараваў, але хлопчык праз некалькі дзён прыйшоў дамоў і сказаў, як адрэзаў: «Што хочаце са мною рабіце, але больш у чужых людзей я жыць не буду. Не магу!» Думаў, што бацька адлупцуе за непаслухмянасць, але рашучы выгляд хлопчыка стрымаў дарослага. Адзін настаўнік, калі выклікаў Петрыка на ўроку да дошкі, ніводнага разу не назваў ні ягонага імя, ні прозвішча. Ён казаў: «Чалавек з лесу, ідзі адказвай!» І ён выходзіў.

Пасля школы Петрык вывучыўся на шафёра, а калі прызвалі служыць у Савецкую Армію, то круціў абаранак вайсковага аўтамабіля ў ракетнай частцы паблізу знакамітага Капусцінага Яра, займаўся пускам ракет па вызначаных камандзірамі вучэбных цэлях. На ўсё жыццё запомніў аднаго бязглуздага маёра, які ў вялізных варонках, запоўненых вадою, спякотным летам купаўся сам і загадваў падначаленым салдатам рабіць тое ж. А там была радыяцыя… Ці не таму цяпер Кузьмянкоў мае праблемы са здароўем, якія памножыў выбух рэактара на Чарнобыльскай АЭС у далёкім 1986 годзе? Але тады хлопец аб гэтым не думаў. Ён сумленна адслужыў тэрміновую, вярнуўся дамоў, дзе чакала праца на калгасных палетках.

Каб затрымаць моладзь у сельскай мясцовасці, пашпартоў ёй тады не давалі. Учарашняму ракетчыку вельмі ж карцела пабачыць свет, а тут з райкама камсамола паступіла прапанова паехаць на Поўнач па камсамольскай пуцёўцы. Згадзіўся. І праз колькі дзён цягнік ужо вёз такіх, як ён, армейцаў да месца прызначэння. Калі туды прыехалі, з’явілася магчымасць патрапіць у геолагаразведачную партыю. І неўзабаве Пятро свідраваў ужо шчыліну ў пясках каля Аральскага мора на поўдні краіны.

Геолагам быў доўга, зарабіў каля 90 тысяч савецкіх рублёў. І вярнуўся дамоў. Толькі не на Краснапольшчыну, а ў буйны населены пункт пад Магілёвам, дзе купіў сабе вялізную, добрую па тым часе хату, захацеў займець легкавы аўтамабіль, усюдыход УАЗ-469. Не атрымлівалася. «Жыгулі» коштам 6 тысяч рублёў — калі ласка, купляй, хоць і на іх была чарга, а ўсюдыход — не. І тады Пятро купіў замест «УАЗа» невялікі, у дванаццаць конскіх сіл, чатырохколавы трактар «Чэзэт-14» чэхаславацкай вытворчасці. Таксама ўсюдыход, бо ў яго падчас забуксоўкі адразу блакіраваліся ўсе колы, і «Чэх», як называе яго гаспадар, праязджаў практычна па любой гразкай дарозе.

Такая машына ў вёсцы вельмі дарэчы, асабліва калі маеш вялікую гаспадарку. А наш Пятро меў яе тады, мае і цяпер. Таму да «Чэха» ў яго ёсць увесь набор прычапных агрэгатаў, пачынаючы з каляскі для апрацоўкі глебы, сяўбы і пасадкі розных сельскагаспадарчых культур з іх наступнай уборкай.

Сваім жалезным канём Кузьмянкоў даражыў і ганарыўся, суседзям дапамагаў, калі тыя звярталіся. Ды неяк машына закапрызнічала, нешта здарылася з паліўнаю апаратураю. Аднойчы прывёў да свайго жалезнага каня знаўцу такой тэхнікі з вышэйшай інжынернай адукацыяй. Той яе ўважліва агледзеў і зрабіў выснову: «Трэба шукаць новую паліўную апаратуру». Толькі дзе яе ўзяць? Гэтае пытанне і задаў інжынеру, але ягоны адказ гаспадара засмуціў, бо той параіў… ехаць у Чэхаславакію, дзе вырабляюць такія трактары. Як туды паедзеш? Гэта ж іншаземная краіна, хоць і ўваходзіць у састаў Варшаўскага дагавора, нібыта сябруе з Савецкім Саюзам нават пасля сумна вядомай Пражскай вясны. Толькі ўсё роўна проста так туды не патрапіш. «Пачакай, пачакай, — мільганула падчас разважанняў у галаве думка, — мне ж у Трускавецкі санаторый прафсаюз пуцёўку выдзеліў, куды ўжо ездзіў раней, а гэта Заходняя Украіна, Карпаты, адкуль да Чэхаславакіі рукой падаць. Толькі дзе ўзяць сотні тры даляраў? За савецкія рублі там наўрад што купіш. Чаўнакі, якія ездзяць на кірмаш у Польшчу, казалі, што без даляраў там нібыта няма чаго рабіць”.

І Пятро пачаў шукаць валюту. Яе нават цяпер няпроста знайсці, а тады тым болей. Ды захоплены сваёй ідэяй вясковец 260 «зялёных» усё ж сабраў. «На першы час хопіць, вазьму з сабою і савецкіх рублёў, а там жыццё пакажа, што рабіць далей», — думаў ён. І неўзабаве паехаў у санаторый. Уладкаваўся там няблага. Даведаўся, што сярод тых, хто там адпачывае, ёсць людзі, якія адсюль ездзяць у Румынію, Чэхаславакію. Мясцовым аўтобусам дабіраюцца да памежнага горада, адтуль цягніком куды хочаш.

Неўзабаве Пятро даехаў да патрэбнага яму горада Прасцео, дзе вырабляюцца трактары. Дабраўся да завода, знайшоў магазін, а ў ім тое, што так доўга шукаў. Прадаўцы ж, даведаўшыся аб незвычайным падарожжы пакупніка з Беларусі, нават без грошай далі Пятру некалькі запасных частак!

Радасны Кузьмянкоў вярнуўся ў санаторый, дзе толькі спачувальна ківалі галовамі, калі даведаліся, куды і чаго ездзіў іхні адпачываючы. Усялякае ж магло здарыцца. А Пятро, які напачатку вандроўкі праклінаў сваю паездку, ад шчасця быў на сёмым небе. З такім настроем паехаў і дадому. Там яму не хацелі верыць пра паездку ў Чэхаславакію. Не стала цяпер гэтай краіны, не стала Савецкага Саюза. Толькі трактар «Чэх» па-ранейшаму надзейна служыць свайму гаспадару на кадзінскай зямлі.

Мікола ЛЕЎЧАНКА

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter