Запаведнік яго надзеі. “Ведай, Беларусь, ты чароўная!” — сцвярджае з дапамогай сваіх твораў вядомы беларускі фотамастак Вячаслаў Алешка.

Каля сямі дзесяткаў цудоўных фатаграфічных карцін на палатне расквецілі падчас экалагічнага свята залы Гродзенскага музея гісторыі рэлігіі. Наведвальнікаў сустракаў сам аўтар — Вячаслаў Алешка. Яго выстава заняла своеасаблівую “мастацкую” нішу ў страката-багатай праграме экалагічнага форуму. Завіталі сюды і высокія госці.
Віншавалі майстра не толькі з нагоды адкрыцця цудоўнай экспазіцыі. У гэты ж дзень ва ўрачыстай абстаноўцы яму ўручылі нагрудны знак “Ганаровы эколаг” — у ліку першых у гісторыі новай узнагароды, зацверджанай Прэзідэнтам краіны ў гэтым годзе.
Дарэчы, і сам Алешка зрабіў міністэрству-юбіляру падарунак — калекцыю сваіх фатаграфічных карцін. А яго выстава адправіцца ў “зялёнае” падарожжа па Беларусі — каб расказаць усім-усім, як моцна можна любіць сваю Радзіму і якая яна прыгожая! І давесці да кожнай душы, што менавіта родная зямля з яе чароўнай прыродай і ёсць той запаведны кут, які ўсім нам дадзены, каб ушанаваць яго і на гэтай планеце, і ў сваіх сэрцах.
“Беларусь запаведная”... Так назваў сваю выставу аўтар нездарма. Бо відаць, вельмі ясна відаць, што родная Беларусь для Вячаслава Алешкі — гэта і ёсць запаведнік яго надзеі, яго і мінулае, і будучае, і шчасліва-творчы сённяшні дзень.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter