“Замыканне ў кола”

Абрад “Замыканне ў кола”, у час якога бацькі абходзяць вясельны картэж, цалкам захаваўся і ў сучасным вяселлі. Праўда, большасць сучаснікаў трымаюць у памяці ці перанялі толькі знешні рытуальны і атрыбутыўны бок, але не цалкам разумеюць іх сэнсаўтваральную накіраванасць, тым самым ствараюць сабе і маладым праблемы. Давайце больш падрабязна і канкрэтна спынімся на гэтай сітуацыі.

Абрад “Замыканне ў кола”, у час якога бацькі абходзяць вясельны картэж, цалкам захаваўся і ў сучасным вяселлі. Праўда, большасць сучаснікаў трымаюць у памяці ці перанялі толькі знешні рытуальны і атрыбутыўны бок, але не цалкам разумеюць іх сэнсаўтваральную накіраванасць, тым самым ствараюць сабе і маладым праблемы. Давайце больш падрабязна і канкрэтна спынімся на гэтай сітуацыі.

Спачатку ўзгадаем дзеянні нашых продкаў. У двары ўсіх тых, хто паедзе на вянчанне, чакаў вясельны поезд, упрыгожаны адпаведнымі сімвалічнымі знакамі. Жаніх са сваёй дружынай сядалі на першую брычку, нявеста і яе сяброўкі (яна ішла за-муж, услед за-мужам) — на наступныя.
Як толькі маладыя рассаджваліся па сваіх месцах, бацька і маці маладой выходзілі з хаты, каб выканаць важныя рытуальныя дзеянні, накіраваныя на захаванне вясельнага картэжа на ўсім шляху — ад хаты да храма і назад. Бацька выносіў з хаты абраз, маці трымала ў руках посуд з зернем жыта. Парай яны тройчы абходзілі вакол вясельнага картэжа, рухаючыся “па сонцы”.
Такія рытуальныя дзеянні сімвалізавалі “замыканне” ўсіх удзельнікаў абраду ў сімвалічнае кола, якое на працягу ўсяго далейшага шляху не павінна было разрывацца ні пры якіх абставінах.
У некаторых рэгіёнах вясельны картэж абходзілі з поўным вядром вады, якую потым вылівалі пад колы. Сімволіка гэтага атрыбута і рытуальнага дзеяння стане цалкам зразумелай, калі мы ўзгадаем пра іншыя рытуальныя кантэксты, у якіх выкарыстоўвалася вада. Маладыя “паміраюць” у статусе “юнак—дзяўчына” і пераходзяць у іншы сацыяльны стан — мужа і жонкі. Гэты рытуальны пераход павінен быў змыць сляды ранейшага жыцця, а затым нанесці зашыфраваны тэкст новага.
Сёння ў некаторых мясцовасцях абрад адпраўлення маладых заканчваецца незвычайным рытуалам: маці нявесты сцеле на зямлі перад першай машынай ручнік, кладзе на яго хлеб-соль, запальвае грамнічную свечку і ўсе машыны павольна праязджаюць над гэтым свяшчэнным полымем з надзеяй, што ўсякая брыдота не прыстане ў дарозе.
Па-першае, нашы сучаснікі павінны памятаць, што ў першую машыну садзіцца жаніх, у другую — нявеста.
Па-другое, перад тым як вясельны поезд адправіцца ў дарогу, бацькі тройчы абыдуць вакол яго па сонцы і абсыплюць зернем жыта, г.зн. “замкнуць” удзельнікаў вянчання ў магічны круг, каб па дарозе туды і назад ніхто не змог нашкодзіць маладым. На сучасных гарадскіх вяселлях часам даводзіцца бачыць, як маці маладой абходзіць і абсыпае толькі тую машыну, у якой сядзіць яе дачка. Усё зразумела: свая сарочка бліжэй да цела, але ж з той хвіліны, як вы благаславілі ПАРУ на вянчанне і да самага заканчэння вяселля ўсе абрадавыя дзеянні будуць скіраваны толькі на замацаванне пары.

(Працяг у наступным нумары.)

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter