Цяперашняя мода ў абдымку з цягай да рэтра i экзотыкi навялi мяне на думку заняцца даволi рэтрычна-экзатычным саматужнiцтвам. А задума, якая высвецiлася ў маёй галаве, па сённяшнiх мерках i сапраўды выявiлася даволi рэтрычна-экзатычнай. Зачараваны гэтымi вабнымi думкамi, я вырашыў пасадзiць на сваiм садова-агароднiцкiм участку колiшнюю гаспадыню градкаў, як кажуць некаторыя вяскоўцы, табаку.
Думка прыспiчыла ў самы час: якраз наляцела пара сяўбы расады памiдораў, перцу i iншых культур — аматараў цяпла i сонца. А мне цюкнула ў мазгаўню здзiвiць некаторых аматараў экзотыкi ўжо даволi забытым ледзь не паўсюдна мультанам, ну проста звычайнай табакай.
Знаёмы таварыш з-пад Брэста прывёз насенне даволi экзатычна-наркатычнага i пахуча-атрутнага гатунку табакi, i я, не даючы маху, узяўся за справу. Прынёс на балкон дзве скрынкi з агароднiннай зямлёй: адну для расады памiдораў, другую — для табакi. Перш-наперш пасеяўшы памiдоры, узяўся за табаку. I тут жа нечакана з’явiлася на балконе i жонка.
— А другая скрынка для чаго? Што ў ёй сеяць будзеш? — на гэты раз нi з таго нi з сяго пацiкавiлася каханка, якая раней нiколi не ўмешвалася ў мае агароднiцкiя справы, бо нiчога ў iх не кумекала.
— Табаку, думаю, сёлета варта папесцiць, — з ноткамi задавальнення i гонару ў голасе пахвалiўся я са спадзеўкай пачуць ад жонкi «ура».
Бо, як нi кажы, ладная капейчына з сямейнага бюджэту па маёй курыльшчыкавай мiласцi ператвараецца ў дым, ды яшчэ, як усiм вядома, у вельмi шкодны. Ды i экзотыка жонку не палохае.
— Табаку? — запытала, як у страшэнным жаху, люта вырачыўшы вочы, жонка, ажно задрыжэла ад гневу, быццам перад ёй была не скрынка з пасеянай табакай, а атамная бомба.
Не паспеў я дакумекаць, што i да чаго, як скрынка з будучай экзотыкай умомант паляцела з балкона. Пад раз’юшаную руку ў вымушаны палёт была адпраўлена i скрынка з памiдорамi.
Праўду кажуць людзi: з мiлiцыяй не дружы i жонцы праўды не кажы.
Уступаць у спрэчку цi сварку з жонкай я зарокся ледзь не назаўсёды, бо ўспыхвае такi гвалт, такi вэрхал, што суседзi пачынаюць выклiкаць мiлiцыю, думаючы, што я душу цi рэжу каханку.
Што ж, як набралася сiлы вясна, давялося купляць расаду на рынку. Хаджу па рынку, выглядаю вабныя калiвы памiдораў лепшых гатункаў. Купiў калiў з дзясятак. Дарагавата, але што зробiш? Плады будуць яшчэ даражэйшыя. Як нi прыглядваўся, а расады табакi нiдзе не было.
Толькi сабраўся iсцi дамоў, як бачу: дзядок прадае нешта мне некалi знаёмае i даволi экзатычнае. Рэшткi яшчэ дзiцячай памяцi падказалi: гэта ж табака!
Рэшткi дзiцячай памяцi не падвялi. Дзядок сапраўды прадаваў расаду табакi. Купiў чатыры калiвы. Болей пабаяўся, каб не наклiкаць на маю аферу цiкаўнасцi жонкi. I тут да мяне прыйшла генiяльная iдэя: а што, калi вырошчванне табакi даручыць самой жонцы?!
Iдэя сапраўды аказалася генiяльнай. Прынёс я расаду памiдораў i табакi дамоў i яшчэ з парога крычу жонцы:
— Хутчэй едзем на дачу, будзем садзiць памiдоры i японскую салату.
— Што, што? — не зразумела жонка.
— Японскую салату прыдбаў. Вось сустрэў выпадкова аднаго свайго сябра, прафесара, якi з Японii прыляцеў, расаду салаты прывёз. Вось я i выпрасiў у яго толькi чатыры калiвы. А салата, казаў мiласэрны прафесар, — цуд! У Японii зямлi мала. Дык японцы абы што не вырошчваюць. Гэтая салата, калi добра дагледзець, расце да паўтара метра ў вышыню, а лiсце бываюць большыя за самую вялiкую талерку. А смаката якая! Звар’яцець можна!
Бачу, жонка глядзiць на маю табаку з такой пяшчотай, з такой замiлаванасцю, быццам на свайго любiмага ката Яшку. А я стараюся падлiць масла ў агонь.
— З гэтых чатырох калiў, — кажу, — калi добра дагледзець, цэлая бочка салаты будзе.
Ведаючы, што жонка больш за ўсё клапоцiцца аб сваiм здароўi, дабаўляю:
— А вiтамiнаў, казаў мой знаёмы сябра-прафесар, у гэтай салаце процьма i лекавых рэчываў розных таксама, пра якiя яшчэ i дактары-вучоныя не ведаюць!
Жонка пяшчотна загортвае карэньчыкi расады ў мокрую анучку i няўцерпна падганяе мяне:
— Хутчэй паехалi! Гэта салата мая, i я цябе да яе на выстрал гарматы не падпушчу! А то стопчаш цi зламаеш, кашала няшчасная.
— Толькi ж глядзi, нiкому не прагаварыся, а то без пары вырвуць, — стараюся падстрахаваць сваю аферу ад непажаданага выкрыцця.
— Сам, памяло, не прагаварыся. Заўсёды лезеш пахвалiцца, мелеш языком, як мянташкай. А за мяне не турбуйся!
Сапраўды, што-што, а сакрэты жонка трымаць умее. За ўсё жыццё нi разу не сказала мне, якая ў яе зарплата, колькi сукенак, боцiкаў i iншых убораў.
Пасадзiла салату жонка сама, нават ахвяравала рэшткi гною, якi я бярог для падкормкi памiдораў. Купiла нейкую агароднiна-садовую кнiжку i чытала ўсё пра салату: як даглядаць яе, як падкормлiваць. Мяне, праўда, i блiзка не падпускала да маёй табакi. А я i не рваўся надта. Ведаў: мая табака ў самых надзейных руках! Мiнулае лета было сухое, дык жонка штовечар ездзiла палiваць маю табаку. А сакрэт трымала вельмi пiльна. Калi хто з суседзяў пачынаў цiкавiцца, што гэта там так буяе на агародзе, жонка адразу старалася любым чынам адвесцi яго ўвагу.
Я тайком пасынкаваў сваю табаку, абрываў кветкi, што вельмi непакоiла жонку. Я тлумачыў, што гэта бандыты-птушкi ласуюцца. Жонка гатова была купiць нават стрэльбу, каб знiшчыць усiх зладзеяў. Але я заспакоiў, што салату нельга есцi, пакуль яна не адцвiце, бо ўсе шкодныя рэчывы пераходзяць у кветкi, i ў насенне, так што птушкi нават карысць робяць. Такiм чынам я рэабiлiтаваў i птушак, i сябе.
Аднойчы жонка так расчулiлася, што паклiкала мяне панюхаць, як пахнуць кветкi цудадзейнай японскай салаты, нюхаючы сама.
— Ой, i вiтамiн С, i вiтамiн В i В12, i карацiн!.. — захапляецца каханая.
Жонка мая аптэкарка, а я некалi быў зубным доктарам, дык дапамагаю пералiчваць вiтамiны. I ледзь стрымлiваючы смех, кажу:
— I нiкацiнавая кiслата ёсць!
Жонка прынюхваецца, ледзь не задыхаючыся ад едкаватага паху, з радаснай усмешкай пацвярджае:
— I вiтамiны РР — нiкацiнавай кiслаты пад завязку!
Калi з кожным днём жонку ахоплiвала радасць, то мяне — страшэнная трывога. Асаблiва пасля таго, як жонка пачала ўсё часцей i часцей цiкавiцца, калi можна будзе пакаштаваць смакату.
I калi аднойчы мая прававерная купiла трохлiтровы слоiк найдаражэйшай смятаны, ахвяруючы яго цуда-салаце, я не на жарт перапалохаўся. Пазванiў на работу, што мне трэба тэрмiнова адлучыцца, сеў на электрычку i паехаў на дачу.
У сваiх здагадках я не памылiўся. Жонка з трохлiтровым слоiкам смятаны таксама паiмчалася на дачу ў гэты ж дзень, толькi пад вечар, але было позна: мая табака ўжо вiсела на гарышчы нашай садовай хаткi. На гарышча жонка нiколi не лазiла i не палезе. Чамусьцi баiцца там бываць.
Што рабiлася там, на дачы, я i ўявiць не магу, ведаю толькi, што жонка, увогуле даволi скупаватая, збiралася пачаставаць нават ледзь не ўсiх суседзяў, каб пахвалiцца, якая яна выдатная агароднiца.
Калi ж прыехала дамоў, дык галасiла на ўсю хату, што нават пазбягалiся суседзi. Толькi жонка так i не сказала, што здарылася. Вельмi ж ужо сакрэтная.
Японскую салату жонка не забывае нi на дзень. Гонiць мяне, каб я адшукаў таго знаёмага сябра-прафесара: можа ў яго яшчэ ёсць насенне цуда-салаты. Я, вядома, аднекваюся, засмучаны, са шкадаваннем кажу:
— Няма, няма ўжо ў Мiнску майго прафесара. У Амерыку з’ехаў. Давай даляры, i я паляту.
Але паколькi ў жонкi тых даляраў як кот наплакаў i мяне самога яна не лiчыць такiм ужо разумным, як мой сябра-прафесар, то астыла i змiрылася.