Пачатак навучальнага года выклікаў усплёск махлярстваў са здачай кватэр у арэнду

Замок з сакрэтам

У канцы лета—пачатку восені студэнты, у якіх няма магчымасці або жадання жыць у інтэрнаце, шукаюць аль-тэрнатыўнае жыллё: кватэры або пакоі. Ці лёгка зараз арандаваць кватэру па прымальнай цане і як навучэнцу не стаць ахвярай ашуканцаў, высвятляла карэспандэнт «Р».
Каб не стаць ахвярай махляроў, заключаць дамову на арэнду кватэры неабходна абавязкова

На сайтах прапаноў дастаткова. Напрыклад, аднапакаёвая кватэра ў цэнтры горада на праспекце Незалежнасці з усёй неабходнай мэбляй і бытавой тэхнікай здаецца за 320 рублёў. Станцыя метро «Плошча Якуба Коласа» знаходзіцца ў пяці хвілінах хады. Кватэры танней — за 190—230 рублёў — звычайна прапануюць на ўскраінах горада, бліжэй да МКАД. Так, за 190 рублёў арэндадаўца прапануе аднапакаёўку з мінімумам мэблі, а станцыя метро «Малінаўка» знаходзіцца ў 10 хвілінах язды на грамадскім транспарце. За арэнду пакоя ў кватэры сёння просяць 100—200 рублёў у месяц.

— У пачатку жніўня, у сувязі з прыездам студэнтаў, было зафіксавана павелічэнне кошту арэнднага жылля прыблізна на 5—7%, — расказала Маргарыта Пачыцкая, начальнік упраўлення арэнды жылля агенцтва нерухомасці «Твая сталіца». — Попыт перавышаў прапановы ў пачатку жніўня, але не нашмат. Сярэдні кошт здачы аднапакаёвай кватэры складае зараз 350 рублёў, ён упаў у параўнанні з мінулым годам.

Анастасія БАЙКО выгадна зняла аднапакаёвую кватэру праз агенцтва
Мінімум, зафіксаваны за апошні час, — 250 рублёў за аднапакаёўку: за гэтыя грошы прапаноўвалася кватэра без мэблі на ўскраіне горада. У тым жа выпадку, калі хочацца жыць у кватэры з добрым рамонтам, каля станцыі метро і мець дома неабходную тэхніку, падлічыла Маргарыта Пачыцкая, разлічвайце на суму прыблізна ў 380 рублёў.

Аднак не толькі кошт арэнды – галаўны боль студэнтаў: з пачаткам навучальнага сезона кожны год узрастае і колькасць кватэрных махлярстваў. Справа ў тым, што менавіта маладыя людзі з прычыны сваёй неспрактыкаванасці часцей за ўсё становяцца ахвярамі ашуканцаў. Самыя распаўсюджаныя выпадкі махлярства — здача адной кватэры адразу некалькім людзям. Акрамя таго, фіксуюцца выпадкі здачы кватэры прайдзісветамі, якія не з'яўляюцца яе гаспадарамі, а таксама хапае фактаў, калі гаспадары адмаўляюцца выплочваць заклад пры высяленні. Так, Алеся, студэнтка Інстытута журналістыкі БДУ, нядаўна сутыкнулася з арэндадаўцам, які патрабаваў грошы за жыллё, як пасля высветлілася, не з’яўляючыся яго гаспадаром:

— У гэтай кватэры было 4 пакоі, у кожным — па 2 чалавекі. Часу шукаць іншае жыллё не было, таму я пагадзілася на такі варыянт. Праз месяц кватэра пачала ператварацца ў прытон: «гаспадар» падсяляў нават наркаманаў. Здаралася, жылі «кампаніяй» у 10 чалавек. А неяк вечарам ён патэлефанаваў і папрасіў з’ехаць з кватэры за адзін дзень. Аказалася, што прыехала сапраўдная гаспадыня кватэры і даведалася пра ўсе яго махінацыі.

Дамову дзяўчына з махляром не заключала, а той, у сваю чаргу, дакументы не афармляў з сапраўднай гаспадыняй кватэры. У выніку, хітрун падманам зарабіў нямала грошай і не панёс ніякага пакарання.
Сярэдні кошт арэнды аднапакаёвай кватэры складае зараз 350 рублёў

Непрыемная гісторыя здарылася і з Валерыяй, таксама студэнткай БДУ. У кватэру, якую яна зняла з сяброўкай, стаў без папярэджання прыходзіць гаспадар, часам нават п’яным.

— Пазней ён запатрабаваў з'ехаць за адзін дзень, пры гэтым вяртаць заклад за апошні месяц — 480 рублёў — адмовіўся! Мы паспрабавалі неяк абараніць свае правы, але тады гаспадар перайшоў на пагрозы і шантаж, — дзеліцца Валерыя.

 У міліцыю сяброўкі не звярнуліся таксама з-за таго, што не была складзена дамова на арэнду: гаспадар катэгарычна адмаўляўся гэта зрабіць.

Каб засцерагчы сябе і не жыць на птушыных правах, заключаць дамову з арэндадаўцам неабходна абавязкова. Інакш, атрымліваецца, што вы жывяце ў кватэры незаконна, — раіць Кірыл Майсеня, афіцыйны прадстаўнік ГУУС Мінгарвыканкама.

Не маючы дакумента на арэнду, пацярпелыя, якія сталі ахвярамі махляроў, нават не могуць звярнуцца ў міліцыю і даказаць, што яны ў той кватэры ці пакоі пражывалі. Гэтым ашуканцы актыўна і карыстаюцца.

matuzova@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter