Замест Зюзі — смурфікі і фіксікі

Гартаю афішу святочных мерапрыемстваў — перад Новым годам іх багата. Праўда, свайго, нацыянальнага, амаль нічога
Гартаю афішу святочных мерапрыемстваў — перад Новым годам іх багата. Праўда, свайго, нацыянальнага, амаль нічога. Аквапарк “Лябяжы” прапануе звадзіць дзяцей на “Шчанюковы патруль ратуе Новы год”. У канцэртнай зале “Прэм’ера” рыхтуецца навагодняя казка “Смурфікі”. Нават дэльфінарый “Нэма” спакусіўся на замежную папсу і падрыхтаваў навагодняе шоу “Фіксікі”. І гэта не кажучы пра фей, робатаў і джынаў, якія ёсць амаль у кожным навагоднім дзіцячым спектаклі.

Я не супраць глабалізацыі і знаёмства з сусветнай культурай. Проста няхай гэта замежнае будзе ў суадносінах з нашым хаця б 50х50. Тым больш што ў нас ёсць чым хваліцца і ганарыцца — колькі нашы прадзеды прыдумалі арыгінальных казак і гісторый!

А якія незвычайныя героі ў іх жывуць — да прыкладу, Зазоўка, Вужалка, Мара, Хапун, Паветнік, Гаёвы Дзед і ўсялякія іншыя дзівосныя істоты. Яшчэ нядаўна іх усіх можна было ўбачыць у сядзібе Зюзі Паазерскага ў Пастаўскім раёне. Наш народны родзіч Дзеда Мароза з жалезнай булавой і босымі нагамі на працягу васьмі гадоў ладзіў на Віцебшчыне па-сапраўднаму феерычныя навагоднія прадстаўленні для дзяцей і замежных турыстаў. Казка наяве! Толькі вось два гады таму Зюзя вымушаны быў завяршыць гэтую казку. Не знайшлося старажытнабеларускаму богу холаду і марозу месца на нашай зямлі. “Фіксікам” і “смурфікам” знайшлося, а яму не. Шкада...

Але ж самі вінаватыя. Нас так і цягне да ўсяго замежнага: Дзеда Мароза клічам Сантай, замест макавых галушак пячом імбірных чалавечкаў, а традыцыйныя падарункі пад ёлкай замяняем сувенірамі ў калядных шкарпэтках. Тое ж і з пацяшальным мастацтвам. Быў бы попыт — знайшліся б і прапановы. Як правіла, арганізатары навагодніх шоу не хочуць рызыкаваць. Такое могуць дазволіць сабе толькі людзі, адданыя беларускай культуры. Спектаклі з нацыянальнай разынкай можна знайсці і ў сёлетняй навагодняй афішы. Праўда, трэба пастарацца. Як правіла, такія афішы не вісяць на білбордах, у адрозненне ад шоу са Свінкай Пэпай або Райдарам. Але яны ёсць.

І гэта не можа не радаваць. Тэатр-студыя “Варгін” запрашае на прадстаўленне “Каралеўства снежнага цмока”, гурт VURAJ і тэатральны праект Андрэя Саўчанкі — на музычную беларускамоўную ёлачку “Калядная казка пра Казу і Пятра” ў кавярні “Грай”, Дом-музей Ваньковічаў — на “Калядкі з дзеткамі” з удзелам фолк-гурта Harmonic Style Project, а Мірскі замак — на баль з уладальнікамі замка, якія навучаць дзетак танцам. Няўжо не займальна? А ў Санты і на яго радзіме турбот хапае.

Фота: БЕЛТА
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter