Замест шампанскага — сыта

Як адзначалі Новы год продкі беларусаў?  

Як адзначалі Новы год продкі беларусаў?

Нашы дзядулі і бабулі ў Новы год ні вінаграду, як кубінцы, не елі, ні ў званы, як японцы, не білі, ні нават дзверы, як англічане, не адчынялі. Але былі ў іх свае цікавыя навагоднія абрады і традыцыі, пра якія мы з вамі даўным-даўно забылі. Зазірнём жа ў гісторыю і, магчыма, пяроймем штосьці ў сёлетнюю навагоднюю ноч.

Дванаццаць страў і сыта

Хто сказаў, што Новы год — гэта абавязкова мандарыны, шампанскае і аліўе? Нашы продкі і падумаць пра такія стравы не маглі. Але гэта не значыць, што ў навагоднюю ноч яны наогул абыходзіліся без святочнай вячэры. Наадварот, нашы прадзеды лічылі: які стол накрыеш на Новы год, такім дастаткам давядзецца цешыцца ў наступным годзе. Таму ставілі на стол аж дванаццаць розных страў! Падавалі каўбасы, катлеты і іншыя стравы са свініны або ялавічыны, масла і сыр, бліны і верашчаку, гародніну, рыбу і грыбы. Чым праводзілі стары год? Півам і віном. Пілі таксама кампот з яблыкаў і груш і сыту — разбаўлены ў халоднай вадзе мёд. Ніякага самагону або гарэлкі! Моцныя напоі беларусы сталі ўжываць толькі ў ХІХ стагоддзі.

У Новы год — чыстымі

Да Новага года нашы продкі ставіліся вельмі адказна: вычышчалі хату і падворак, здымалі павуцінне з усіх куточкаў, мылі столь. Яны лічылі, што павінны ўступіць у новы год чыстымі. Стараліся апрануцца ва ўсё новае — каб увесь год былі абноўкі. Праўда, дазволіць сабе такое маглі толькі багатыя сем’і. Затое першае навагодняе ўмыванне не прапускаў ніхто. Прычым нашы бабулі і дзядулі не проста ўмываліся — у посуд клалі медныя або залатыя грошы, каб на працягу ўсяго года быць моцным і прыгожым, а срэбныя — каб твар быў чыстым і светлым. Падчас навагодніх святаў нашы продкі праводзілі і шэраг іншых абрадаў і рытуалаў, з дапамогай якіх спадзяваліся забяспечыць у новым годзе дастатак сваёй сям’і. Да прыкладу, клалі на падлогу салому — сімвал хлеба, дазваляючы дзецям падкідваць яе да столі, каб хлеб рос высокім. Раніцай новага года праводзілі абрад засявання. Яго выконвалі таксама дзеці. Яны хадзілі з торбачкай збожжа па вёсцы, заходзілі ў хаты і імітавалі сяўбу — пасыпалі падлогу зернем жыта, аўса, ячменю, жадаючы гаспадарам дабрабыту, добрага ўраджаю ў новым годзе і атрымліваючы ў адказ невялічкія падарункі.

Посуд пажаданняў

Існавала і яшчэ адна цікавая традыцыя — яе праводзілі непасрэдна ў навагоднюю ноч. За пятнаццаць хвілін да заканчэння старога года ўся сям’я сядала за святочны стол. Старэйшы ў сям’і браў невялікую гліняную пасудзіну, напоўненую вадой, і ставіў яе на сярэдзіну стала. Усе працягвалі левую руку і хвіліну трымалі яе над гэтай пасудзінай, аддаючы ёй у сваіх думках усё самае дрэннае, што здарылася з імі ў мінулым годзе. А пасля вылівалі ваду з усімі бедамі ў акно. Дарэчы, традыцыя выліваць ваду праз акно, развітваючыся са старым годам, і сёння існуе на Кубе. Толькі нашы продкі на тым рытуал не заканчвалі. Апоўначы зноў напаўнялі посуд вадой. І ўжо працягвалі над ім правую руку, прамаўляючы пра сябе пажаданні дабра, здароўя, поспехаў і сямейнага дабрабыту. Праз хвіліну рытуальную чашу пускалі па коле, і кожны выпіваў сваю “долю пажаданняў”. Праўда, цікавая традыцыя? Мала таго што карысная (чыстая вада лепш за ўсялякае шампанскае з попелам), дык яшчэ і свая! Добра сачыць, як жывуць і якія традыцыі захоўваюць нашы блізкія і далёкія суседзі. Але яшчэ лепш ведаць уласную гісторыю і прытрымлівацца родных звычак і традыцый.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter