Ці ёсць на што сёлета абаперціся нашай эканоміцы, каб паказаць прымальны рост?

Замацуем пройдзенае

Пакуль міністэрствы і кампаніі падводзяць вынікі мінулага года, даўно прыйшоў час падумаць пра тое, як будзем жыць у 2018-м. Галоўныя пытанні, на якія было б нядрэнна атрымаць адказ: ці прайшлі мы ўжо пік крызісу і за кошт чаго можна жыць далей? Калі з першым неяк мала ў каго ўзнікаюць сумненні ў станоўчым адказе, то з другім ёсць пэўныя праблемы.

Сола кожнага з удзельнікаў дыскусіі чамусьці зводзіліся да аднаго і таго ж выніку: усе ведаюць, у чым праблемы, але як іх вырашыць, не ведае ніхто.
Фота newsfactory.kz

Думаю, супрацоўнікі інфармацыйнага агенцтва «Бізнес-Навіны», калі сабралі ў адным зале прадстаўнікоў і дзяржорганаў, і бізнесу, самі не чакалі, што яны будуць настолькі аднолькава размаўляць. Сола кожнага з удзельнікаў дыскусіі чамусьці зводзіліся да аднаго і таго ж выніку: усе ведаюць, у чым праблемы, але як іх вырашыць, не ведае ніхто. Альбо проста ніхто не захацеў гэтага раскрываць.

Але сякія-такія нюансы высветліць усё ж удалося. Напрыклад, стала зразумела, што Нацыянальны банк зусім не баіцца буму спажывецкага крэдытавання, які пачаўся летась і паспяхова працягваецца сёлета. Начальнік галоўнага ўпраўлення манетарнай палітыкі і эканамічнага аналізу Дзмітрый Мурын супакойваў удзельнікаў канферэнцыі: стаўкі па крэдытах і далей будуць зніжацца, толькі не такімі тэмпамі, як у 2017-м. Галоўны ж яго тэзіс у тым, што эканоміка толькі зараз пачынае падымацца з дна, якога мы дасягнулі ў мінулым годзе. Таму рэальнага эфекту ад разагрэву ўнутранага попыту варта чакаць крыху пазней.

Так, з гэтым вызначыліся — рост эканомікі будзе, трэба толькі пацярпець. А вось які гэта будзе рост? Тут усё ў роўнай ступені адназначна і няпэўна: большы, чым запланавалі. Гэта значыць, калі адштурхнуцца ад лічбы, якую паставіў сабе як арыенцір Урад (плюс 3,4 працэнта за год па ВУП), то, па словах большасці экспертаў, патрэбны ўздым у два разы большы. Гэта аднагалоснае меркаванне і бізнесу, і банкіраў, і дзяржрэгулятараў. Маўляў, пры цяперашнім росце мы на фоне іншых краін фактычна стаім на месцы.

Зараз пераходзім да самага непрыемнага. Яшчэ больш моцнае павышэнне ВУП магчыма толькі пры адной умове — эфектыўнай працы кожнай галіны, прадпрыемства, асобнага работніка... Варта прызнацца самім сабе, што з гэтым у нас ёсць праблемы. Летась крывая даходаў на графіках эканамістаў сышла ў небяспечны, хоць і нямоцны, адрыў ад прадукцыйнасці працы. А паказчыкі эканомікі растуць толькі тады, калі ўсе яе ўдзельнікі нешта прымнажаюць — у таварах, паслугах.

Старшыня камісіі па эканамічнай палітыцы Палаты прадстаўнікоў Уладзіслаў Шчэпаў раптам задаецца пытаннем, чаму беларусы самі не хочуць павышаць эфектыўнасць сваёй працы, каб прадукцыйнасць суадносілася з заробкамі больш рэальна? Чаму ніхто не хоча працаваць лепш? Як выбудоўваць матывацыю? Грошай больш прапаноўваць? Дык заробкі ў нас, здаецца, і так залежаць ад таго, як напрацуеш.

Тут нехта выказвае разумную думку: нам перашкаджае не недахоп грошай, а нежаданне развівацца, адсутнасць ініцыятывы. Самае цікавае, што гэтыя заганы заўважаюць не толькі за дзяржработнікамі, але і прыватнікамі. Нават у бізнесе, як гэта ні дзіўна, ёсць людзі, якія ні да чаго не імкнуцца...

Няёмкая паўза ў дыскусіі занадта зацягваецца. Выходзіць, што і надзеі ні на каго нельга ўскласці? Не, усё ж такі адна маленькая надзея ёсць — малады ды заўзяты малы і сярэдні бізнес. Яго ж у нас цяпер песцяць на ўсіх узроўнях. Вось ён і прынясе тую самую эфектыўнасць у эканоміку і павядзе яе на вяршыні поспеху. Ці ўсё ж такі не павядзе?

Частка эканамістаў лічаць, што МСБ цяпер не гатовы выканаць тыя задачы, якія яму спрабуе «нарэзаць» Урад. Прадпрымальнікі не могуць даць такую прадукцыйнасць працы, якая вывела б нашу краіну на новы ўзровень росту. Тым больш што многія нішы занятыя буйным бізнесам, які наўрад ці іх сюды ўпусціць. Кажучы пра рост малога бізнесу, ніхто не ўспамінае пра буйны. Ці пры росце МСБ буйны таксама будзе расці? Не. Яны будуць канкурыраваць. Тым больш што малы бізнес — гэта заўсёды пэўная рызыка. Большая частка стартапаў закрываецца ў першыя некалькі гадоў працы. Дробныя прадпрымальнікі неабходныя, але абапірацца на іх цяпер не атрымаецца.

Падобна на тое, што 2018 год павінен стаць пачаткам больш смелых паводзін бізнесу, нават, магчыма, нейкіх эксперыментаў. Але буйнога росту чакаць не варта. Гэта будзе год развіцця. Але, хутчэй, філасофскага, светапогляднага, а не эканамічнага. Акрамя таго, як кажуць эксперты, гэта будзе год знаёмства з замежнымі інвестарамі. Наша эканоміка становіцца больш стабільнай і прывабнай для інвестыцый. Бізнесмены з вялікімі грашыма пачнуць сюды заходзіць часцей, і нам трэба будзе іх чымсьці прыцягваць.

Увогуле, 2018-ы — гэта замацаванне пройдзенага матэрыялу, а не вывучэнне новай тэмы. Акрамя таго, у любы момант можа з'явіцца кантрольная, якую прыйдзецца хуценька вырашаць, і пажадана без памылак. Я маю на ўвазе знакамітых «чорных лебедзяў», якія могуць ускалыхнуць крохкую раўнавагу, да якой наша эканоміка ішла апошнія два гады.

kuletski@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter