Как организовывает свою работу в непростых условиях и готовится к Ночи музеев знаменитый Мирский замок

Замак не на замку

Мірскі замак — адзін з самых эфектных і папулярных турыстычных аб’ектаў краіны. Летась быў пабіты рэкорд па яго наведвальнасці — тут пабывалі амаль 330 000 гасцей. У гэтым годзе з-за эпідэміялагічнай сітуацыі ўсе культурныя акцыі пройдуць у рэжыме online і будуць прымеркаваны да 20-годдзя ўключэння замкавага комплексу «Мір» у Спіс Сусветнай культурнай і прыроднай спадчыны ЮНЕСКА. Чым жыве адзін з самых вядомых музеяў краіны — даведвалася карэспандэнт «Р».


Няпросты час

Дырэктар музея «Замкавы комплекс» Мір» Аляксандр Лойка кажа аб працы ў цяперашніх няпростых умовах:

— Усе мерапрыемствы гэтага года павінны былі быць маштабнымі і разнапланавымі, аднак у сувязі з неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыяй планы даводзіцца мяняць. Сту­дзень—сакавік, па сутнасці, былі звычайнымі месяцамі. Прынялі амаль 35 000 турыстаў. У бліжэйшых планах была арганізацыя мастацкага пленэру. Работы ўдзельнікаў чакалі ў штаб-кватэры ЮНЕСКА ў Парыжы. Ад запланаванага прыйдзецца адмовіцца. Адменены ўнікальны праект на возеры «Балетнае лета», які рыхтавалі ў супрацоўніцтве з Нацыянальным тэатрам оперы і балета. Не будзе і традыцыйных музычных вечароў. У мэтах мінімізацыі рызыкі распаўсюджвання СOVID-19 экскурсаводы і наведвальнікі музея падчас экскурсіі абавязкова знаходзяцца ў медыцынскіх масках і вытрымліваюць дыстанцыю не менш за 1—1,5 метра. Набыць маску можна прама тут — у музейнай касе. Нягледзячы на складанасці, наша гасцініца практычна ніколі не бывае пустой.


Здалёк замак, пабудаваны з чырвонай цэг­лы з дэкаратыўнымі белымі ўстаўкамі, нагадвае прыбраны пернікавы домік. Праўда, сёння тут, на здзіўленне, малалюдна. Сяргей і Тамара Цярэшка прыехалі ў Мір з Мінска. У перыяд пандэміі яны вырашылі ўзяць перадышку ў справах і больш даведацца аб сваёй краіне.

— Часта бываем за мяжой, бачым там прыгожыя гарады, у якіх літаральна ўсё кажа аб багатым гістарычным мінулым, — прызнаецца мінчанін, наладжваючы сэлфі-палку. — У Нясвіжы мы ўжо былі з унукамі, а вось у Мір прыехалі ўпершыню. Вельмі, скажу вам, уражвае.

Намеснік дырэктара па навукова-асветніцкай рабоце Вольга Навіцкая дэманструе таўшчыню мірскіх сцен.

Карэта ў двары Мірскага замка – найлепшае месца для фотасесій.

Таямніцы Ночы музеяў

Вучоны сакратар музея «Замкавы комплекс «Мір» Ігар Ложачнік дзеліцца бліжэйшымі планамі:

— З пачатку мая ў нас пабывала 1260 наведвальнікаў. Дасць бог, да канца месяца іх будзе 2000. Як гаворыцца, адчуйце розніцу. Яшчэ ў пачатку года думаць не думалі, што можа скласціся так. Але рашэнні ёсць — перш за ўсё мы сканцэнтраваліся на інтэрнэт-пляцоўках. Запушчаны праект «Віртуальны свет». У Ноч музеяў вырашана прыняць форму анлайн-фармату, каб усе нашы патэнцыйныя наведвальнікі, ды і тураператары, якія працуюць з намі, ведалі, што мы працуем. Падрыхтаваны спецыяльны тэст на веданне дат і фактаў з найноўшай гісторыі Мірскага замка, які будзе выкладзены ў інтэрнэце 18 мая ў 20 гадзін 20 хвілін.

Дзмітрый Андрэеў правядзе віртуальную экскурсію «20 крокаў па выставе «Зброя гонару і адвагі».

Пакуль у музеі няма арыгінальных даспехаў.

А з 10 гадзін раніцы наведвальнікі музейных старонак у сацыяльных сетках змогуць далучыцца да віртуальнага флэшмобу і размясціць у сетцы фота, зробленае ў Мірскім замку ў перыяд з 2 снежня 2000 года па цяперашні час. Далей у 12.00 запрашаем на віртуальную экскурсію «20 крокаў па выставе «Зброя гонару і адвагі», якую ў 15.00 працягне анлайн-прэзентацыя «20 самых цікавых і незвычайных гузікаў XVII — пачатку XIX стагоддзяў. А вось адказаць на пытанне «Гусь, Алькерк або Тру-мадам» дапаможа наш відэасюжэт, які будзе прадстаўлены ў 17.00 у сацыяльных сетках. Гаворка ідзе аб папулярных гульнях XVI — XVIII стагоддзяў. Аўтары 20-га па ліку каментара з указаннем назвы гульні, якая спадабалася больш за ўсё, атрымліваюць магчымасць згуляць у «Гусака», «Алькерк» або «Тру-мадам» ужо пры рэальным наведванні музея, якое, будзем спадзявацца, адбудзецца зусім хутка.

Дзіяна Андрэева і Аксана Манкевіч падчас запісу анлайн-гульняў «Гусь», «Алькерк» або «Тру-мадам».



ДАРЭЧЫ

18 мая — Міжнародны дзень музеяў. Штогод у гэты дзень музеі прымаюць словы падзякі і рыхтуюць для сваіх наведвальнікаў яркія праекты і праграмы. Музычныя вечары, квэсты, інтэрактыўныя праграмы, светлавыя шоу, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя гасцёўні, сустрэчы з цікавымі людзьмі, майстар-класы, лекторыі, модныя дэфіле і прэзентацыі. У 2020-м годзе гэтая традыцыя будзе працягнутая. Музейныя супрацоўнікі задзейнічаюць для гэтага ўсе даступныя рэсурсы, у тым ліку інтэрнэт-пляцоўкі. Варта адзначыць, што колькасць музеяў і іх наведвальнасць з кожным годам растуць. Па да­дзеных Мінкульта, у 2000-м годзе ў краіне было 134 музея, у 2019-м іх стала 150. За мінулы год у іх пабывала 6,68 млн чалавек. Колькасць наведванняў на тысячу насельніцтва вырасла з 381 да 710-ці.

kondratsieva@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter