Заміж персідскага ўзору.

Хто і як адновіць вытворчасць слуцкіх паясоў у Беларусі.

Хто і як адновіць вытворчасць слуцкіх паясоў у Беларусі.

Калі будзе час няспешна прагуляцца па мінскім праспекце Незалежнасці, звярніце ўвагу на ліхтарныя слупы. Асабліва на іх ніжнія часткі. Вы ўбачыце выявы элементаў слуцкага пояса – знакамітыя “карумфілы”. Перанесці іх з залататканых паясоў у гарадскі пейзаж 30–40-х гадоў мінулага стагоддзя ўдалося вядомаму беларускаму мастаку Мікалаю Міхалапу. Гэты факт – прыклад таго, што патрэбна рабіць для папулярызацыі здабыткаў культуры, гісторыі, мастацтва сваёй краіны.

Убачыць слуцкія паясы можна ў сямі музеях краіны ў Мінску, Маладзечне, Віцебску. На залатым полі казачных паясоў-вясёлак уражваюць вянкі з дробных вогненных гваздзікоў, сініх васількоў і пяшчотных рамонкаў, акаймаваных сцяблінкамі-мяцёлачкамі. Як сімвал вечнасці альбо лёсу саміх паясоў выглядвае сухі пень, абвіты маладымі парасткамі раслін. Сёння гэтай прыгажосцю могуць любавацца і ў музеях Кракава, Варшавы, Вільнюса, Каўнаса, Львова, Масквы, Санкт-Пецярбурга. Дарэчы, на слуцкай мануфактуры за год выпускаліся сотні паясоў. А калі ўлічыць, што яна праіснавала амаль сто гадоў, можна сабе ўявіць, колькі такіх паясоў пайшло па свеце. Дадаць да гэтага падробкі — лічба гэта ўзрасце ў разы. У нашай краіне сёння, разам з фрагментамі, у розных станах налічваецца больш за адзінаццаць паясоў. А тых, што захаваліся цалкам, — толькі пяць. Мабыць таму слуцкія паясы, маючы сусветную славу і стаўшы візітоўкай Беларусі другой паловы XVIII стагоддзя, самім беларусам мала вядомыя. Паспрабуйце распытаць у сваіх сяброў і знаёмых, што ўяўляе сабой слуцкі пояс. Ці шмат хто раскажа пра яго нешта больш, чым проста пра прадмет гардэроба ў даўнія часы?

Работа над тым, каб ліквідаваць прабелы ў ведах па айчыннай гісторыі, культуры і мастацтву і зрабіць брэнд слуцкага пояса яшчэ больш знаёмым у свеце, ужо вядзецца. Адраджэнне ўнікальных паясоў ініцыяваў Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка. Гісторыкі, мастацтвазнаўцы, дызайнеры, ткачы-практыкі абменьваюцца ведамі і меркаваннямі аб тым, якім чынам можна наладзіць вытворчасць слуцкіх паясоў у сучасных умовах і ці магчыма гэта ўвогуле. З гэтым пытаннем карэспандэнт “НГ” і  звярнулася да дырэктара Музея старажытнабеларускай культуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Барыса Лазукі, разам з якім паспрабавала акрэсліць шлях другога нараджэння слуцкіх паясоў.

Крок 1

Вывучыць матэрыял і зразумець тэхніку выканання

“Цяпер, калі адрадзіць слуцкія паясы даручыў Прэзідэнт, справа нарэшце зрушылася з мёртвай кропкі”, — гаворыць Барыс Андрэевіч і разгортвае перада мной і загадчыцай кафедры дызайну Віцебскага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта Галінай Казарноўскай шаўковы вэлюм са слуцкага пояса, што захоўваецца ў музеі. Галіна Васілеўна спецыяльна прыехала ў сталіцу, каб дасканала вывучыць структуру тканіны пояса і тэхніку яго вырабу. Пад лупай разглядваючы кожную нітачку, яна дзесьці праз хвілін дзесяць робіць выснову: “Вырабіць копію слуцкага пояса ў машыннай тэхніцы будзе нашмат складаней, чым ручным спосабам. Але як два стагоддзі таму мужчыны ткалі такія роўныя паясы, уручную падбіваючы нітку за ніткай, застаецца загадкай”. Але яна не страчвае аптымізму.

“Няма нічога немагчымага, — гаворыць Галіна Васілеўна. — Для гэтага патрэбна дасканала ўсё даследаваць. Вось, напрыклад, важна ведаць матэрыял, з якога ён вырабляўся. Быў гэта шоўк-сырэц альбо шаўковая пража? Не бачу тут характэрнага для шоўку-сырца бляску. Пража стагоддзі таму была больш танным матэрыялам, бо перапрацоўвалася з адыходаў шоўку-сырца”.

“Так, Радзівілы былі вельмі эканомнымі, — падтрымлівае яе развагі Барыс Лазука. — Пане Каханку, напрыклад, хоць і выкідваў грошы на вецер дзеля розных забаў, але лічыць іх умеў. Калі быў у Гданьску і бачыў там прыгожы стул для палаца, купляў толькі адзін. Астатнія выраблялі мясцовыя майстры”.

Крок 2

Вынайсці рэцэпт фарбавальнікаў

Калі набыць тканіну з натуральнага шоўку не праблема, то пытанне, чым накладзеную фарбу замацоўвалі на нітках, застаецца загадкай. Такія звесткі захоўваліся ў вялікай тайне. Барыс Лазука прыводзіць у прыклад алхімікаў, што вынаходзілі сакрэты фарфору, вырабаў са шкла, і жылі ў старадаўніх замках затворнікамі, каб не мець магчымасці падзяліцца сваімі вынаходніцтвамі з іншымі і не ствараць тым самым сабе канкурэнтаў. “Хімічныя, мінеральныя фарбавальнікі пачалі з’яўляцца ў канцы ХІХ стагоддзя, калі атрымала развіццё хімічная галіна, — гаворыць Барыс Андрэевіч. — Да гэтага для замацавання фарбы выкарыстоўвалі шчолачныя растворы, у тым ліку і мачу чалавека і жывёл. Якія фарбавальнікі выкарыстоўваліся пры вырабе слуцкага пояса, дакладна невядома”.

Разгадаць усе тайны залататканых паясоў чалавеку нашага часу складана, упэўнены мастацтвазнаўца. Таму сёння можна зрабіць спробу наблізіцца да копіі аўтэнтычнага слуцкага пояса. “У мастацтвазнаўчай тэрміналогіі ёсць паняцці рэканструкцыя, рэстаўрацыя, копія, стылізацыя пад, — гаворыць ён. — Кожны з іх мае свае характарыстыкі і залежыць ад таго, у якой сферы той ці іншы прадмет, які мы аднаўляем, будзе выкарыстоўвацца”.

Крок 3

Вызначыць запатрабаванасць у слуцкім поясе

Слуцкі пояс патрэбна ўзнаўляць не толькі для таго, каб кожны айчынны музей мог змясціць яго на сваёй вітрыне, што таксама немалаважна, але і каб зрабіць значны крок у развіцці турыстычнага бізнесу, упэўнены мастацтвазнаўца. Кожны турыст хоча на памяць аб той мясціне, якую наведаў, прывесці дамоў нешта рарытэтнае, рэдкае, але тое, што несла б у сабе нацыянальны след. Горка бачыць, калі на конкурсе майстроў яек-пісанак, пераможцу ўручаюць імпартны набор посуду. Стылізаваныя копіі, але са штучнага напрыклад шоўку і без металічных ніцей, можна было б не за дорага прапаноўваць замежным турыстам. А натуральныя, з выкарыстаннем залатых і срэбных ніцей, максімальна набліжаныя да арыгінала, стануць цудоўным падарункам для вышэйшых асоб, што наведваюць нашу краіну. Для гэтага можна аднавіць адпаведныя станкі, якія стагоддзі таму былі вынайдзены французскім ткачом Жакарам. І сёння тканіны, што вырабляюцца на іх, называюцца жакардавымі. Наносіць прынты малюнкаў славутых паясоў можна пры вырабе і жаночага і мужчынскага адзення, прадметаў інтэр’ера. Шалікі, сумкі, капелюшы, шапачкі розныя, ручнікі, а таксама ручкі, закладкі з выявамі васількоў са слуцкага пояса — яшчэ пакуль незанятая ніша для айчыннай лёгкай прамысловасці.

У краіне ёсць шэраг прадпрыемстваў, якія змогуць выканаць заказ на выраб слуцкага пояса, стылізаванага пад той, што некалі насіла шляхта. Як расказалі ў РУП “Слуцкія паясы”, такі падарунак будзе каштаваць ад 3,5 мільёна рублёў. Дырэктар прадпрыемства Ларыса Тарасава адзначыла, што выкарыстоўваць элементы слуцкага пояса ў дызайне адзення, пасцельнай бялізны і іншых бытавых рэчах не гатовы, бо “гэта будзе не зусім паважліва да нашай культуры”.

Крок 4

Не страчваць цікавасці да сваёй гісторыі

Гэта той крок, з якога патрэбна было б пачаць адраджэнне вытворчасці слуцкіх паясоў. Без шанавання сваёй мінуўшчыны немагчымы і працяг гэтай пачэснай справы. Адзінае, што мы можам зрабіць сёння, узнаўляць прабелы сваіх ведаў аб скарбах роднай зямлі і расказваць пра іх будучаму пакаленню. І не мае розніцы, ці гэта будзе аповед экскурсавода альбо гваздзіковы арнамент на любімым ручніку, няхай сабе і махровым. Ці вы думаеце інакш?

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter