Прэзідэнт зацвердзіў план абароны краіны на бліжэйшыя пяць гадоў

Залогам бяспекі з’яўляецца эканоміка

Найважнейшы фактар бяспекі — устойлівая эканоміка. Мы адкрытыя свету, залежныя ад знешніх рынкаў, і гэта стварае для нас дадатковыя выклікі
Прэзідэнт зацвердзіў план абароны краіны на бліжэйшыя пяць гадоў.  

Працэдура гэтая, увогуле, стандартная і планавая. Але ў цяперашніх умовах пытанне забеспячэння нацыянальнай бяспекі мае асаблівую значнасць. Ніколі раней погляды на ваенную справу не мяняліся гэтак хутка і радыкальна. І ніколі яшчэ канфлікты не ўспыхвалі і не развіваліся так непрадказальна. І мы павінны на гэта рэагаваць, заявіў Прэзідэнт на пасяджэнні Савета Бяспекі. Мэта адна: забяспечыць ваенную бяспеку і стабільнасць у грамадстве. Але пры гэтым трэба ўлічваць, што кардынальна змяніліся формы і спосабы вядзення барацьбы. 



Шырокае распаўсюджванне атрымлівае распрацаваная заходнімі экспертамі стратэгія непрамых дзеянняў, у якой асаблівая роля прадастаўляецца няўрадавым арганізацыям радыкальнай скіраванасці ды іншым падобным арганізацыям. Вялікае значэнне набываюць інфармацыйныя войны, актывізацыя так званых пятых калон і фарміраванне негатыўнай грамадскай думкі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі ды інтэрнэту. У сувязі з гэтым павучальным урокам для любой суверэннай дзяржавы сталі падзеі ва Украіне, якія прывялі да грамадзянскай вайны і хаосу ў эканоміцы. Мы не можам заставацца безуважнымі да таго, што адбываецца ў суседзяў. Насцярожвае і нарошчванне ваеннага патэнцыялу НАТА ўздоўж нашых заходніх граніц. Выснова відавочная, і Прэзідэнт яе агучыў: Захад мэтанакіравана працягвае рабіць стаўку на ваенную сілу для забеспячэння сваіх геапалітычных інтарэсаў. І нам жыццёва неабходна развіваць і ўмацоўваць сваю абараназдольнасць.

 — Нікому не будзе дазволена размаўляць з нашай краінай з пазіцыі сілы. Мы не хочам хадзіць пад бізуном і каб нас папіхалі дзень пры дні, кожную гадзіну. Таму будзем берагчы свой кавалак зямлі, сваю дзяржаў­насць і сваю незалежнасць.

Найважнейшы фактар бяспекі — устойлівая эканоміка. Мы адкрытыя свету, залежныя ад знешніх рынкаў, і гэта стварае для нас дадатковыя выклікі. У тым ліку з боку Расіі. Аляксандр Лукашэнка не ўтойвае: 

— Паводзіны нашага ўсходняга роднага брата не могуць не насцярожваць. Але мы пакуль не робім з гэтага нейкіх высноў, я ў тым ліку, да размовы з Прэзідэнтам Расіі. Мы не драматызуем сітуацыю. Мы проста хочам яснасці.

 На пасяджэнні Прэзідэнт заслухаў даклады шэрагу службовых асобаў і па выніках абмеркавання падпісаў рашэнне і Дырэктыву на абарону дзяржавы.

Васіль Харытонаў
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter