Залессе - радзiма паланэза Агiнскага

Залессе: новыя рабочыя месцы пад паланэз Агінскага

ПРАЗ два стагоддзі ў капітальна адрэстаўрыраваным палацы Міхала Клеафаса Агінскага, што ў смаргонскім Залессі, аднавіўся калядны баль з паланэзамі геніяльнага творцы. Сусветную славу кампазітару прынёс славуты твор “Развітанне з Радзімай”. Напісаны і ўпершыню прагучаў ён менавіта ў Залессі, якое вядома з XVI стагоддзя на Віленскім шляху. Пісьмова ўпершыню ўзгадваецца ў 1690 годзе як вёска Смаргонскага каталіцкага прыходу.

У першай палове XVIII стагоддзя маёнтак набыў кашталян і ваявода віцебскі Марцыян Міхал Агінскі, які пабудаваў на беразе рэчкі Драй, прытоку Віліі, драўляны палац і разбіў парк. Непадалёку паўстала мураваная Свята-Пакроўская царква. Вёску Залессе з сядзібай злучыла алея.

Ад Марцыяна Міхала ўладанне перайшло сыну, троцкаму ваяводзе Тадэвушу Францішаку, які перадаў яго аднаму з сваіх сыноў – графу і апошняму кухмайстру Вялікага Княства Літоўскага Францішку Ксаверыю.

Пасля 3-га падзелу Рэчы Паспалітай Залессе адышло да Расійскай імперыі. Адзінокі састарэлы граф падарыў радавую сядзібу, да якой адносіліся і навакольныя вёскі, пляменніку Міхалу Клеафасу Агінскаму. Вясною 1802 года новы гаспадар прыбыў з Санкт-Пецярбурга і за два дзесяцігоддзі абнавіў маёнтак, які атрымаў назву Паўночныя Афіны.


Праз Залессе адступалі рэшткі разбітых пад Барадзіно французскіх войскаў. У канцы XIX стагоддзя тут адкрылася чыгуначная станцыя, дзейнічалі земскае народнае вучылішча, вадзяны млын, лесапільня.

У Першую імперыялістычную вайну тут доўга стаяў фронт. Нямецкае камандаванне ўпершыню прымяніла атрутныя газы. Маёнтак стаў ваенным шпіталем, якім кіравала графіня Аляксандра Талстая. Змагацца з ворагам дапамагалі народныя мсціўцы. Не давалі яны спакою акупантам і ў Вялiкую Айчынную вайну. Абеліскам ушанаваны 36 савецкіх байцоў і партызан, якія загінулі пры вызваленні Залесся.

У пасляваенныя гады ў палацы размясціўся дом састарэлых. Вёска стала цэнтрам сельсавета, а ў 2006 годзе аграгарадком. А два гады таму адкрыўся Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага.

Ветэраны працы Яўген РУБАН, Мікалай СКАСКЕВІЧ і старшыня сельвыканкама Зянон ГРЫШКЕВІЧ.

У студэнцкія гады гістарычныя творы Уладзіміра Караткевіча надавалі жадання вандраваць па “зямлі пад белымі крыламі”. Сярод мноства цікавых мясцін вабіла ціхая вёска Залессе, што паміж Маладзечнам і Смаргонню. Мо, і засталася б яна ў цяні гісторыі, каб не стары апалячаны беларускі род Агінскіх. Запомнілася першая сустрэча з Залессем. Укутаныя снегам дахі будынкаў, меднастволыя стромкія сосны ўздоўж вуліцы Міхала Агінскага і алея векавых ліп да палаца. Сіратліва выглядалі паўразбураны будынак, забітыя дошкамі вокны аранжарэі, намерзлыя сцены каталіцкай мураванай капліцы. Велічна акружаў усё гэта раскошны зімовы парк, перасечаны рачулкай. Хадзіў і слухаў цішыню векавых дрэў – сведкаў мінулых падзей. Уразілі пачутыя словы тагачаснага кіраўніка сельвыканкама Алы Шыцікавай пра ініцыятыўную групу, якая клапацілася пра рэканструкцыю маёнтка.

Пенсіянерка Ганна ГІРУЦЬ

Кожная новая сустрэча з унікальным куточкам, якому пашчасціла захаваць спадчыну геніяльнага Міхала Клеафаса Агінскага, радавала станоўчымі зрухамі. Не дызель-цягніком, як раней, а электрычкай са сталіцы прымчаў за дзве з паловай гадзіны ў Залессе. Састаў рушыў далей па маршруце да канчатковай станцыі Гудагай, а я па кароценькай вулачцы накіраваўся ў сельвыканкам, перад будынкам якога ззяла яркiмi цацкамі навагодняя ёлка. Далёка не святочны настрой панаваў у кабінетах. Падводзіліся вынікі года, рыхтаваліся даведкі, справаздачы.

Намеснік дырэктара Музея-сядзібы М. К. Агінскага Святлана КЕНЬКО (першая злева) з гасцямі ў адной з зал

ВОСЕМ гадоў таму сельвыканкам узначаліў былы дырэктар сярэдняй школы Зянон Грышкевіч. З ім адправіліся вандраваць па аграгарадку. Усё тут добра знаёма Зянону Зянонавічу. Ведаў старажылаў, якія яшчэ ў даваенныя гады вазілі малоць зерне на вадзяны млын Агінскіх. Мур з валуноў стаіць ля пратокі, чакае чаргі на аднаўленне, як і іншыя гаспадарчыя пабудовы былога маёнтка. Два гады таму ў адбудаваным занава палацы адкрыўся Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага. Круглы год едуць турысты ў Залессе.

У невялікай капліцы, узведзенай у канцы ХIХ стагоддзя, штонядзелі правіць імшу пробашч Алег Жураўскі, які прыязджае са Смаргоні. Нямоглых вернікаў падвозіць на сваім легкавіку да храма старшыня сельсавета. Удзячна Зянону Зянонавічу 94-гадовая Ганна Гіруць, на падворак якой мы завіталі. Не дачакалася з вайны Ганна Іванаўна мужа Багуслава. І сына Леаніда, ваеннага лётчыка, рана не стала. З арганізацыі калгаса і да выхаду на пенсію салдацкая ўдава працавала паляводам, свой агарод даглядала.

Загадчык малочна-таварнага комплексу Міхаіл СВІРБУТ і начальнік малочнага цэха Наталля ЦЫФРЫНЕЦ

У ВЁСЦЫ Міханевічы, на ўскрайку якой захавалася Свята-Пакроўская царква, сустрэліся з ветэранам працы Яўгенам Рубанам. Яго свежапафарбаваны дом акружаюць драўляныя скульптуры казачных герояў. У пасляваенныя гады Яўген Іванавіч вадзіў па чыгунцы дрызіну, а потым паравозы і цеплавозы. Мінулым жніўнем аднавяскоўцы віншавалі аўдавелага 90-гадовага юбіляра. Вольнага часу ў яго ўдосталь. Спрытна ходзіць у руках сякера. Народны ўмелец рыхтуе драўляныя экспанаты для раённага Дома рамёстваў, што размясціўся ў цэнтры Залесся.

Загадчык аддзела традыцыйнай культуры Дома рамёстваў Таццяна Зяновіч сабрала багатую калекцыю розных вырабаў мясцовых умельцаў. Майстар Ніна Кенько на мініяцюрных кроснах вучыць юных аматараў народнай творчасці ткацтву ручнікоў і посцілак. Настаўнік Аляксандр Міхалкоўскі збірае з вучнямі матэрыялы для школьнага краязнаўчага музея. Унікальныя дакументы, фотаздымкі, экспанаты сведчаць пра багатую гісторыю вёскі і сядзібы Агінскіх.

Майстар раённага Дома рамёстваў Ніна КЕНЬКО

Цікава было слухаць ад Аляксандра Аляксеевіча пра падзеі стагадовай даўніны, калі вайсковым эшалонам прыбылі ў Залессе змагацца з кайзераўскай арміяй будучыя рускія пісьменнікі Міхаіл Зошчанка і Валянцін Катаеў. У мясцовым ваенным шпіталі ў Першую сусветную вайну аперыравалі будучага савецкага маршала Радыёна Маліноўскага.

У школьным музеі праводзяцца ўрокі гісторыі. Шэфствуюць навучэнцы над магілай воінаў і партызан, што ў цэнтры Залесся. У новай тыпавой яслях-садзе — сярэдняй школе, якая ўпрыгожыла вуліцу Агінскага, звыш сотні выхаванцаў. Перад трохпавярховым будынкам цешыліся забавамі самыя маленькія гаспадары школы, якая славіцца талентамі. Другі год праводзіцца конкурс “Песня для Еўрабачання”. Летась лаўры пераможцы дасталіся вучаніцы чацвёртага класа Мілане Кенько за песню “Мой гармонік”. А шасцікласніцы Алесе Гнілазуб не было роўных на рэспубліканскіх спаборніцтвах па арганізацыі выхаднога дня школьніка. Пераможцай вярнулася яна і з творчага фестывалю “Музычны жужа” ў Гальшанах. Пяты год дзяўчынка займаецца ў музычнай школе па класе фартэпіяна. Адолела і паланэз “Развітанне з Радзімай”, фрагмент якога сыграла на піяніна ў школьнай актавай зале, якая служыць адначасова і сталоўкай. Цудоўна выстуквае ў бубен малодшы на тры гады брацік Андрэйка.

Паланэзы Агінскага цудоўна выконвае юная піяністка Алеся ГНІЛАЗУБ.

Для залескіх дзяцей у Доме культуры дзейнічае дзясятак розных гурткоў. Званне народнага прысвоена тэатру лялек “Батлейка”. Старшакласнікі ў бізнес-кампаніі “Дзелавая моладзь” вырабляюць і рэалізуюць сувеніры, календары з мясцовай сімволікай. Такія заняткі дапамагаюць выпускнікам у выбары прафесіі. У Маладзечанскім палітэхнічным каледжы спецыяльнасць слесара-рамонтніка атрымлівае Арцём Агапаў, якi настроены вярнуцца дамоў.

БРЫГАДЗІРАМ працуе ў ААТ “Шутавічы-Агра” выпускніца школы Ірына Валынец. Амаль трыццаць гадоў прысвяцiў механізатарскай справе Віктар Шатраўскі. Малочна-таварны комплекс гаспадаркі ўзначальвае мясцовы Міхаіл Свірбут. З двухтысячнага пагалоўя буйной рагатай жывёлы, што ўтрымліваецца тут, трэцяя частка – дойны статак. Сярэдні надой ад каровы перавышае чатыры з паловай тысячы кілаграмаў малака. Рэнтабельнасць яго вытворчасці летась дасягнула 20 працэнтаў.

Будучы слесар-рамонтнік Арцём АГАПАЎ.

У раслінаводстве гаспадарка спецыялізуецца на вырошчванні збожжавых культур, пад якія адведзена паўтары тысячы гектараў. Найбольш урадлівыя на залескіх суглінках пшаніца і жыта. Кожны гектар зерневых даў звыш 40 цэнтнераў збожжа. Надзелы зямлі атрымалі фермеры Анатоль Казакоў і Дзмітрый Сітавенка, якія вырошчваюць бульбу, збожжавыя. Атару авечак і некалькі кароў трымае на сваёй ферме ў Залессі Станіслаў Гружэўскі. Малако ў прыватных гаспадароў збірае маладзечанскі прадпрымальнік Сяргей Руткоўскі і пастаўляе на Смаргонскі малаказавод.

У летні перыяд дадаецца клопатаў старшыні сельвыканкама Зянону Грышкевічу. Акрамя 23 населеных пунктаў, ажываюць 6 садовых таварыстваў. На тэрыторыі сельсавета знаходзiцца Смаргонскі завод сiлікатных вырабаў. Многія жыхары заняты на гэтай вытворчасці. Да выхаду на пенсію працаваў кранаўшчыком на заводзе Мікалай Скаскевіч з вёскі Міхневічы. Цяпер займаецца сваёй гаспадаркай.

Выхавальніца дзіцячага саду Алена БЯЛОВА

Сельвыканкам садзейнічае развіццю прадпрымальніцтва. На аўкцыёне выкупіў будынак былой сярэдняй школы прадпрымальнік Іван Шукеловіч і наладзіў там выпуск драўляных лесвіц. Вытворчасць па вырабе дзвярэй арганізаваў Леанід Арэхаў. Кожнаму, хто жадае працаўладкавацца, сельвыканкам аказвае падтрымку. Пасля закрыцця санаторыя-прафілакторыя дапамагалі людзям знайсцi рабочае месца. Беспрацоўная Наталля Лаўрыновіч з дапамогай старшыні сельвыканкама папоўніла будаўнічую брыгаду ААТ “Шутавічы-Агра”, а Віктара Апанасёнка Зянон Зянонавіч уладкаваў электрыкам у гаспадарку.

ДЗЯСЯТАК новых працоўных месцаў дало адкрыццё дзяржаўна-гістарычнай культурнай установы “Музей-сядзіба Міхала Клеафаса Агінскага”. Намеснікам дырэктара стала выпускніца сярэдняй школы Святлана Кенько, з якою сустрэліся ў адноўленым будынку палаца. У кожным пакоі пануе атмасфера часоў пражывання геніяльнага творцы. Багата абсталяваны ўсе дзесяць гасцявых пакояў. Праз цудоўна аформленыя залы праходзім у залітую святлом аранжарэю, дзе пад цяжарам спелых мандарынаў, апельсінаў, лімонаў гнуцца галінкі экзатычных дрэўцаў. А побач буяюць лапушыстыя пальмы, фікусы і іншыя заморскія кветкі і расліны. Гаспадарыць у зялёным царстве вучоны-аграном Любоў Баранчук. У каміннай зале, якую ўпрыгожваюць клавесін і музычныя інструменты мінулых стагоддзяў, пільна трымае парадак дазорца Часлава Юшкевіч.

Аграном аранжарэі Любоў БАРАНЧУК.

У калядныя святы ў другі раз у тэатральна-музычнай зале, дзе на міні-сцэне чорным бляскам аддае лакіраваны раяль, загучаць мелодыі ХIХ стагоддзя, сярод якіх, безумоўна, і сусветны шэдэўр – паланэз “Развітанне з Радзімай”.

Перапоўнены ўражаннямі, пакідаючы Музей-сядзібу, зазірнуў у Кнігу наведвальнікаў, спісаную падзякамі на розных мовах свету, сярод якіх запомнілася пажаданне, каб дух Агінскага вітаў доўгі час. Міжволі ўзгадалася ўражальная кампазіцыя народнага скульптара Беларусі Льва Гумілеўскага, на якой узрушаны Міхал Клеафас Агінскі ў час буры развітваецца з вялікім дрэвам – сімвалам Беларусі, дзе памятаюць і ганарацца сваім сусветна вядомым геніем.

Смаргонскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter