«Беларусь 3» представляет новый документальный фильм о Станиславе Монюшко

Залатыя рыбкі музыкі

Кадр з фільма «Залатыя рыбкі музыкі Станіслава МАНЮШКІ».vr.by
Яго музычную спадчыну сваёй па праву лічаць сёння тры суседнія краіны. Польшча, дзе яго называюць бацькам нацыянальнай оперы і дзе да яго прыйшла еўрапейская слава. Літва — у Вільні ён пражыў больш за 20 гадоў. І Беларусь, дзе ён нарадзіўся, правёў юнацкія гады, вучыўся, меў многа родных і сяброў, дзе, жывучы ўжо ў Варшаве, часта бываў. Менавіта ў родных мясцінах сфарміраваўся яго яскравы кампазітарскі талент. Тут ён назапашваў музычныя ўра­жанні, знаходзіў натхненне і меладычнае багацце для сваіх твораў.

Сёлета Беларусь святкуе 200-годдзе з дня нараджэння выдатнага кампазітара, дырыжора, педагога Станіслава Манюшкі, класіка, чыя музыка належыць усяму свету. ЮНЕСКА аб’явіла 2019-ты Годам Манюшкі.

Да юбілею нашага славутага земляка Белтэлерадыёкампанія прадстаўляе новы дакументальны фільм «Залатыя рыбкі музыкі Станіслава Манюшкі». Стужка расказвае пра станаўленне асобы творцы, яго значэнне ў кантэксце беларускай і сусветнай музычнай культуры, пра захаванне памяці кампазітара на яго радзіме.

Ні адзін буйны музычны жанр не застаўся без увагі Станіслава Манюшкі. Самае важнае — гэта яго оперы, сярод якіх славутыя «Галька», якая стала першым польскім оперным шэдэўрам, і «Ідылія» («Сялянка»), якая ўпершыню вывела на оперную сцэну беларускую мову. Але па колькасці ў спадчыне кампазітара пераважаюць вакальныя творы. Абапіраючыся на беларускі фальклор, на вершы найлепшых тагачасных паэтаў — Міцкевіча, Чачота, Сыракомлі, Адынца, Зана і іншых, Манюшка пісаў свае песні і рамансы. Каля трохсот з іх увайшлі ў склад 12 зборнікаў пад агульнай назвай «Хатні спеўнік». Гэта своеасаблівы дзённік кампазітара, дзе змешчаны трагічныя, гумарыстычныя, лірычныя замалёўкі беларускага вясковага жыцця.

Станіслаў МАНЮШКА, 1865 год.nlb.by

Аўтар фільма Алеся Зелянко расказвае:

— На жаль, музыка Манюшкі рэдка гучыць у Беларусі. Дык ці не згубілі мы свайго творцу? Ці ведаем, які велізарны ўклад зрабіў ён у айчынную культуру? Ці не зараслі травою забыцця шляхі, па якіх ён хадзіў, і месцы, дзе жыў? У пошуках Манюшкі наша здымачная група адправілася туды, дзе засталіся сляды існавання класіка на Беларусі, перш за ўсё, на яго радзіму — Міншчыну.


Стваральнікі фільма наведалі вёску Убель, пасёлак Азёрны, гарадскі пасёлак Смілавічы, горад Чэрвень, аграгарадок Алесіна, вёску Данюшава, Мінск і Гомель. А таксама пабывалі там, дзе энтузіясты, улюбёныя ў музыку Манюшкі, ладзяць імпрэзы, вечарыны і канцэрты, каб нагадаць суайчыннікам пра славутага земляка.

Пры падрыхтоўцы фільма выка­рыстоўваліся пэўныя біяграфічныя кры­ніцы: першыя манаграфіі пра Манюшку аўтарства Валіцкага, Рудзінскага, асобныя артыкулы музыказнаўцаў па тэме. Разам з тым, удзел у фільме прынялі звыш 20 даследчыкаў творчасці кампазітара, навукоўцаў і музыкантаў.

Напалеон ОРДА. Фальварак Убель, 1856—1883 гг.

Кампазіцыі Станіслава Манюшкі прагучаць у фільме ў выкананні ансамбля салістаў «Вытокі», арганісткі Святланы Немагай, піяніста Юрыя Блінова, салістаў Вялікага тэатра Беларусі Ірыны Кучынскай, Ільі Сільчукова, Юрыя Гарадзецкага, а таксама студэнтаў нашай акадэміі музыкі, якія пад кіраўніцтвам Аляксандра Высоцкага прэзентавалі двухактавую оперу Манюшкі «Галька».

Прэм’ерны фільм тэлеканал «Беларусь 3» пакажа 15 чэрвеня. А адразу пасля яго — святочны канцэрт Вялікага тэатра Беларусі да юбілею славутага кампазітара з працягам у вячэрнім эфіры наступнага дня — 16 чэрвеня.

Ірына ЮР’ЕВА

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter