Известному артисту Якову Науменко исполнилось бы 60 лет

Залатыя песні Якава Навуменкі

Праз два дні — 28 сакавіка — яму споўнілася б 60. Але ўжо амаль 7 гадоў народнага артыста Беларусі Якава Навуменкі няма з намі. 26 жніўня 2012-га папулярнага і таленавітага спевака, любімца публікі, якога называлі беларускім салаўём, не стала. Яму было 53.

Фота БЕЛТА

Народнае прызнанне

Пазнаёміцца з Якавам мне давялося ў 1996-м падчас 4-га Нацыянальнага фестывалю беларускай паэзіі і песні ў Маладзечне. Спачатку ўбачыла яго ў ролі гледача, як ён уважліва, з асалодай слухаў выступленне на гарадской плошчы народнага хору імя Г. Цітовіча. Прызнаваўся: да гэтай музыкі меў асаблівыя пачуцці, усё ў ёй было яму родным. А на наступны дзень ужо сам даваў сольны канцэрт — першы за дзесяцігоддзе працы з беларускай песняй. Пацікавілася: чаму так? «Час такі, і лёс такі», — з усмешкай адказаў тады на маё здзіўленне Якаў. І было відавочна — жадання скардзіцца на абставіны ці высвятляць некага ў тым вінаватага не меў. Такім быў чалавекам — добразычлівым, лёгкім, спакойным. Але разам з тым — вельмі мэтанакіраваным і цалкам адданым сваёй справе, беларускай песні. Працаваў апантана, шчыра, з любоўю. А без гэтага, відаць, і не было б такога сапраўды народнага прызнання яго творчасці слухачамі, калі яго голас беспамылкова пазнавалі, нязменна сустракалі гучнымі апладысментамі, падоўгу не адпускалі са сцэны. Так было і тады ў Маладзечне, і многа пазней — летам 2008-га ў Петрыкаве, дзе нам зноў давялося сустрэцца. У ходзе акцыі «Будзь здаровай, Беларусь!» газета «Рэспубліка» ладзіла ў райцэнтры дабрачынны канцэрт. На прапанову выступіць з сольнікам на палескай зямлі Якаў адгукнуўся адразу. Без ганарару — грошы не самае важнае. Няблізкая дарога — нішто. Усяго толькі адкрытая пляцоўка ў гарадскім парку — якая розніца. Любая сустрэча са слухачамі заўсёды была для яго святам. 

Ён спяваў тады мо з гадзіну. Ярка, пранікнёна. За год да таго выпусціў новы дыск «Залатыя песні» са шлягерамі савецкай эстра­ды 1970—1980-х з рэпертуару Абадзін­скага, Мігулі, Магамаева, Мартынава. Расказваў, што гэтыя творы заўсёды просяць выканаць слухачы, таму і вырашыў сабраць іх у альбом, дый у самога яны — любімыя з маладосці. І як жа хороша яго прымалі: з задавальненнем падпявалі, танцавалі каля сцэны, дарылі кветкі.

Беларус з Оршы

Ён быў адным з самых шчырых прыхільнікаў беларускай песні. Гаварыў: «А як іначай? Я ж сам беларус, родам з Оршы, і хачу, каб у нашай краіне гучала менавіта наша песня». 

Памятаю, як натхняла Якава ідэя адбору лепшых песень пра Беларусь, калі ён стаў ініцыятарам і мастацкім кіраўніком рэспубліканскага конкурсу па іх стварэнні. Разважаў: вось знакамітыя «Подмосковные вечера» — лірычная, нягучная, з простай мелодыяй, без пафасу, у ёй нават няма слова «радзіма», але ж уздзеянне на слухача ашаламляльнае, адна з самых лепшых песень пра Расію, яе сімвал. Прызнаваўся: хочацца, каб і ў нашых песнях пра сваю краіну былі задушэўнасць, кранальнасць, каб яны лёгка запаміналіся і выконваліся як на святочных сцэнах і плошчах, так і ў сяброўскіх кампаніях і на застоллі.

Цікава, што звязваць сваё жыццё з музыкай Якаў Навуменка не збіраўся. У школьныя гады вучыўся па класе акардыёна, але выдатна спалучаў гэты занятак з выступленнямі ў юнацкай зборнай Беларусі па ручным мячы. Быў гэткім «бітлом» раённага маштабу, іграў у школе на танцах, але паступіў у Севастопальскі прыборабудаўнічы інстытут на аддзяленне аўтаматыкі і тэлемеханікі. Праўда, праз год адчуў: не яго. Казаў, відаць, нейкі голас крыві падштурхнуў, каб пасля тэрміновай службы на флоце падацца ў музычнае вучылішча ў Мінск. Менавіта там ён сур’ёзна захапіўся народнай музыкай. Пазней закончыў знакамітую Гнесінку ў Маскве. Яго выкладчыкамі былі Іосіф Кабзон, Гелена Веліканава, Леў Лешчанка. Але яго вабілі народная песня і жаданне надаць ёй новае прачытанне, сучаснае гучанне. Працаваў у ансамблях «Свята», «Бяседа», быў салістам у канцэртным аркестры пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга і ў народным аркестры імя І. Жыновіча.

…Трагічная вестка — артыста забілі — прыйшла ў Беларусь з Севастопаля, дзе Якаў Навуменка адпачываў у радні: у выніку вулічнага канфлікту з невядомым спявак атрымаў чэрапна-мазгавую траўму і праз тыдзень памёр у бальніцы.

Ракавы адпачынак. Страшная выпадковасць. Балючая страта.

svirko@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter