В чем секрет творческого долголетия народной артистки Беларуси Марии Захаревич

Залатыя кроплі памяці

Пісаць пра народную артыстку Беларусі Марыю Захарэвіч без пафасу і ўзнёслых слоў вельмі цяжка. Яе творчасць і яна сама вымагаюць прыгожых выказванняў, бо яна вельмі паэтычная асоба.

Фота з асабістага архіва Марыі Захарэвіч.
Пачаць хачу з невялікага эпізода-здарэння ў звычайным невялікім гастраноме на сталічным праспекце. Марыя Захарэвіч стаяла ў чарзе, а я праз пакупніка за ёй. Актрыса набывала прадукты, ветліва распытвала прадаўшчыцу пра гатункі, пажартавала, яны разам пасмяяліся. Разлічылася, падзякавала, спакавала прадукты і пайшла дамоў. Прадаўшчыца напружана, быццам рэшту забылася аддаць, глядзела ёй услед. Потым паціснула плячыма, сама сабе ўсміхнулася і пытальна зірнула на мяне. У гэтым гастраноме мяне ведалі, і таму я сказаў: «Вы толькі што абслугоўвалі народную артыстку — Марыю Захарэвіч!» — «Ой, а я чую, што голас такі знаёмы, ну такі знаёмы, і думаю сабе, адкуль ведаю… Так, ведаю яе, але думала, што яна зусім не такая. А яна — звычайная!.. Што будзеце браць?»

У гэтай гісторыі нічога дзіўнага. Бо і я, як тысячы і мільёны радыёслухачоў, найперш ведаў Марыю Захарэвіч па голасе.

Варта было пачуць першыя словы верша, апавядання, радыёпастаноўкі, як беспамылкова мог сказаць імя і прозвішча артысткі. Быў яшчэ школьнікам, а яе чароўны голас гучаў з радыёкропкі ў дзедавай хаце, куды мяне выпраўлялі на лета. У бацькоўскай кватэры. І сёння на кухні наша сям’я слухае канал «Культура», дзе гучыць мяккі і глыбокі голас актрысы. Можна доўга пералічваць мастацкія фільмы, у якіх яна здымалася, назвы спектакляў Купалаўскага тэатра і яе ролі, прозвішчы паэтаў і празаікаў, чыім творам пашанцавала быць прачытанымі выдатнай беларускай актрысай.

Марыя Георгіеўна — чалавек сціплы. На размову пагадзілася ці не з пятага разу. Увесь час спасылалася на тое, што нічога новага яна пра сябе расказаць не можа, што ўсё даўно напісана і знята, а паўтарацца яна не жадае. «Давайце я вам лепш прынясу кніжку ці артыкул у часопісе?» — казала яна па тэлефоне сваім чароўным голасам і смяялася. Але мы сустрэліся ў светлай грымёрцы Купалаўскага тэатра, дзе на дзвярах і яе прозвішча. Доўга гаварылі. Часам мне здавалася, што я зноў школьнік, сяджу перад радыёпрыёмнікам, уважліва слухаю і не хачу, каб перадача скончылася і дыктар сказаў: «Апавяданне пра сваё жыццё чытала народная артыстка Беларусі Марыя Захарэвіч».

Незабыўнае

Божа мой! Не было ў мяне думкі пайсці ў артысткі. Нарадзілася і жыла ў вёсцы. А нашы беларускія жанчыны паэтычныя, ці не ўсе, што б ні рабілі, спявалі. Не выключэнне і я, колькі сябе памятаю — спявала. Па вечарах збіраліся побач з якой хатай, садзіліся на лаву і спявалі харошыя лірычныя песні. Стомленыя гаспадары і засыналі пад тыя песні. Ніколі нас не праганялі.

«Зімародак».

«Ясь і Яніна».

«Руіны страляюць».

З сёмага класа я пачала весці дзённік. Захаваўся ён выпадкова. Першыя старонкі — татавы запісы, а далей мае. Ён запісваў туды працадні, колькі сотак скасіў, заараў, пасеяў… І я пералічвала ўсё тое, што даводзілася рабіць: падмятала на малатарні, рвала лён, жала...

Я адзіная дачка ў бацькоў — не разбалаваная, ціхая. Спачувала ім, заўсёды хацела і старалася хоць нечым дапамагчы. Мама часта хварэла, і мне даводзілася і дома, і па гаспадарцы ёй дапамагаць. Аднойчы зжала сярпом дзевяць сотак калгаснага жыта. Жанчыны сваё парабілі, вярталіся, пабачылі мяне з сярпом і прапанавалі дапамогу, а я ўзяла і адмовілася, бо хацела пахваліцца маме, што сама ўсё зжала. Ведала, што ёй гэта будзе прыемна. А яна сказала: «Дурная ты, дачушка, нашто ж ты столькі зжала?!»

Памятаю, як збіраліся летам усе нашы вясковыя жанчыны ды ішлі грэбці сена. Па-першае, усе апраналіся ў светлае, амаль белае, як на свята якое. Ішлі і спявалі. Потым былі перапынкі, калі напрацуемся. Усе пасядуць у цянёк і расказваюць гісторыі розныя, спяваюць, жартуюць… Гэта ўсё тады здавалася будзённым, звыклым і звычайным, а сёння зрабілася незабыўным, пранізлівым і светлым.

Памятаю, як тата раненька ўставаў і збіраўся на касьбу. Браў з сабой кавалак жаўтаватага сала, хлеб, ваду… Вяртаўся, здымаў кашулю, вешаў у двары. Калі тая кашуля высыхала на ветры і сонцы, то храбусцела ад солі і яе можна было паставіць… Гэтага я ніколі ў жыцці не забуду.

Наша хата згарэла, і мы жылі ў лю­дзей, якія пусцілі нас да сябе і далі маленькі пакойчык, дзе толькі два ложкі стаялі. Гаспадары былі настаўнікамі, і ў іх было вельмі многа кніг, а я любіла чытаць. Кнігі асабліва не выбірала — якія былі, тыя і чытала. Мне было ўсё вельмі цікава. Мама ад работы ледзь ногі цягае, а я сяджу з кнігай на цёплай печы і клічу яе, заву. Прашу, каб падышла і паслухала, што тут напісана. Падзяліцца хацелася радасцю ад прачытанага, угаворвала яе, ледзь не плакала…

Вельмі любіла тату. Заўсёды яму спачувала, бо ён шмат працаваў. ­Адзін, сваімі рукамі будаваў новую хату, а яшчэ і конь быў, і карова… Так, я ўвесь час дапытвалася, ці накасіў ён сена, колькі яшчэ вазоў засталося прывезці, каб хапіла. Перажывала, хвалявалася… Ён калі-нікалі браў мяне па сена. Я як магла дапамагала яму, а потым ехала на высокім возе — вышэй за ўсіх была… Гэта — незабыўнае!

І вось як дзіўна звёў мяне з татам лёс… Я ішла, задумалася пра жыццё, трапіла пад аўтобус. У бальніцы ляжалі з татам — у розных палатах. Ён тады цяжка і пакутліва хварэў. Яго прывозілі да мяне ў палату на каталцы. Пакідалі, і мы гаварылі, спрабавалі суцешыць і падтрымаць адно аднаго. Ён дажываў свае апошнія дні, а я не магла падняцца і абняць яго… Але гэта будзе потым, у дарослым жыцці.

Школьны тэатр

У нашай школе настаўнік нямец­кай мовы арганізаваў драматычны гурток. Ён заўважыў, што я хораша спяваю, і запісаў мяне ў свой гурток. Потым на мяне звярнула ўвагу кіраў­нік мядзельскага хору і запрасіла выступаць у клубе. Пасля вёскі гэта ўспрымалася як вялікае павышэнне. Але пра сапраўдную тэатральную сцэну я тады яшчэ не думала і не марыла. На выпускным вечары ўсё той жа настаўнік нямецкай мовы пацікавіўся, ці чытала я аб’яву ў газеце пра паступленне ў тэатральна-мастацкі інсты­тут, які знаходзіцца ў Мінску? Знай­шла газету, прачытала, вырашыла ехаць і паступаць. Сказала пра гэта дома. Безумоўна, бацькі не хацелі, каб іх дачка была артысткай, бо што гэта за прафесія такая?.. Але так лічаць, думаюць і гавораць сваім дзецям амаль усе бацькі.

«Удовін дом».
Я хоць і была ціхай і паслухмянай дзяўчынкай, але тут павяла сябе настырна, сказала — хачу і паеду! Да экзаменаў, сёння ў такое цяжка паверыць, я ні разу не была ў вялікім горадзе. Ад вакзала на трамваі даехала да опернага тэатра. У тыя гады там і мастакі вучыліся: Анікейчык, Данцыг, Пратасеня, Бараноўскі, Шаранговіч...

Экзамены здавалі на пятым паверсе. Прымаў іх Дзмітрый Арлоў. Мне расказалі пра эцюд, і я яго нават зрабіла, але камісія папрасіла паказаць яшчэ ­адзін. Вось тут я і разгубілася, моцна расхвалявалася і зразумела: у артысты мяне не прымуць. Расплакалася… Віктар Тарасаў, будучы мой аднакурснік і народны артыст СССР, а тады такі ж абітурыент, як і я, падышоў і пачаў мяне супакойваць. Ён нешта гаворыць, тлумачыць, а я плачу… Потым пачаў паказваць, як і што мне трэба рабіць. Нешта ж я і ўцяміла з яго падказак (ён і тады быў сапраўдным артыстам). Віктар вы­піхнуў мяне на сцэну, а слёзы цякуць. Зрабіла я свой эцюд. Вось тады я і зразумела, што чужыя слёзы заў­сё­ды кранаюць і падабаюцца. Праз колькі дзён знай­шла сваё прозвішча ў спісах і адразу паехала дамоў. Хацелася як мага хут­чэй парадаваць бацькоў.

Пакуль вучылася ў інстытуце, жыла у інтэрнаце. Бацькі як маглі дапамагалі. А калі мне далі стыпендыю, дык і я ім старалася дапамагчы — купляла і крупы, і цукар…

Любімы настаўнік

Канстанцін Мікалаевіч Саннікаў быў для нас, студэнтаў яго курса, як бацька. Неверагодна добры, разумны, аўтарытэтны і шчыры чалавек. Аднойчы летам ён прыехаў у нашу вёску. Зайшоў да нас у хату, і мае бацькі пазнаёміліся з маім выкладчыкам. Калі тата з мамай убачылі, які ў мяне педагог, то супакоіліся і зразумелі, што дачка ў добрых руках. Канстанцін Мікалаевіч за намі глядзеў, як за роднымі. Перад экзаменамі прыносіў цэлы баул бутэрбродаў з ветчыной. Пах быў такі, што я і сёння памятаю. Мог купіць скрыню кефіру, малака… А калі нехта хварэў, ён заўсёды прыходзіў адведаць свайго вучня. Нават недзе здымак такі ёсць — студэнты п’юць кефір. Нізкі яму паклон! Такіх лю­дзей, як Саннікаў, мала. Што тычыцца прафесіі, мы ад яго атрымалі многа, але, галоўнае, зразумелі і навучыліся самаму складанаму — шчыра і з разуменнем адносіцца да людзей. Менавіта гэта я стаўлю на першае месца. Без чалавечнасці добрага артыста не бывае.

Здаецца, што цяпер я магу растлумачыць, чаму людзі імкнуцца на сцэну… Калі малады чалавек адчуе ўвагу, апладысменты, убачыць, як на яго ўсе глядзяць, то гэта заварожвае, пакідае незабыўнае ўражанне. Але калі паступаеш у інстытут, то яшчэ не думаеш і не ведаеш, якая гэта цяжкая работа. На наш курс прыйшлі дваццаць шэсць чалавек, а скончылі інстытут усяго ­адзінаццаць. Памятаю, як адлічвалі аднакурснікаў. Не магу забыць, як у іх змяняліся твары, рабіліся белымі як палатно. Адна дзяўчына, якую з нашага курса адлічылі, суткі праляжала на ложку і ні з кім не гаварыла…

На тэлебачанні

На трэцім курсе набіралі дыктараў на тэлебачанне. Я ўдзельнічала ў тым конкурсе і стала адным з першых дыктараў беларускага тэлебачання, якія аб’яўлялі пробныя перадачы. Гэта мне дапамагала матэрыяльна, але больш за ўсё радавала тое, што мяне ўбачылі бацькі і аднавяскоўцы. Там з’явіўся першы тэлевізар з маленькім экранам, і ўсе перад ім збіраліся, каб паглядзець «нашу Марусю» — так мяне звалі. Калі прыязджала ў вёску, мяне ўсе ведалі. Захаплення вялікага ніхто не выказваў, бо гэта неяк не прынята, там усё па-сапраўднаму. Маглі сказаць так: «Відзелі-відзелі цябе, красівая была! Але магла надзець і другую кофту!» А дзе тую кофту ўзяць? Мы з дзяўчатамі сукенкамі і кофтамі мяняліся, каб кожны раз у нечым новым выходзіць у эфір.

А потым, калі тэлебачанне пачало разрастацца, мяне і ў спектаклі запрашалі, канцэрты вяла, перадачы...

Шмат сяброў не бывае…

«Лістапад. Андэрсен».
Яшчэ са студэнцкіх гадоў я добра сябравала з Таняй Быхавец. У нас было шмат агульнага — мы з ёй вясковыя. Таня потым часта гава­рыла: «Маша, а памятаеш, як мы з табой шпрэхалі па-беларуску?!» Яна пайшла вядучай у ансамбль народных танцаў, вяла канцэрты, аб’ездзіла шмат замежных краін. На вялікі жаль, яе ўжо няма, маёй дарагой і шчырай сяброўкі, якой ты верыш і якая табе давярае.

Радыё

На радыё я трапіла пасля заканчэння інстытута, яно тады на Рэвалюцыйнай знаходзілася. Як прыйшла, так і прастаяла перад мікрафонам большую частку жыцця… Але цяпер ёсць што слухаць. Мне і сёння за тое зробленае не сорамна. Бывае, думаю, як я ўсё гэта вытрымлівала? У мяне ёсць дзённікі, дзе па гадзінах запісана, куды мне трэба ляцець: кінастудыя, радыё, тэатр, канцэрты, тэлебачанне... Не знаходзілася часу, каб пабыць дома. Маладая была — дурная. Паўсюль хацела паспець… Можа, так і нельга, але так было. І агучвала, і дубліравала… Больш чым у дваццаці мастацкіх фільмах знялася. А ў якіх рэжысёраў! Тураў, Чацверакоў, Пташук, Цвяткоў…

Галоўныя ролі

Пачала з Івана Мележа — з яго драматычнага твора «Пакуль вы ма­ладыя». Потым роля камісара ў «Апты­містычнай трагедыі». Ганна ў спек­таклі «Людзі на балоце» і Ганна ў «Плачы перапёлкі» Івана Чыгры­на­ва, Мона ў «Безыменнай зорцы», Вар­вара ў «Навальніцы»… Больш за шэсцьдзясят роляў — ёсць пра што гаварыць і ўспамінаць. У мяне амаль не было малых роляў, усе, лічы, галоў­ныя і складаныя. А вось Паўлінку я не іграла, бо трапіла ў бальніцу. Некаторыя журналісты пішуць пра маю Паўлінку, але гэтай ролі ў маёй акцёрскай біяграфіі не было.

Увага

Калі я хварэла і тры месяцы праляжала ў бальніцы, то адчула да сябе ўвагу. Былі такія дні, калі мне прыносілі па пяць-сем пісьмаў. Не толькі ад пісьменнікаў, паэтаў і акцёраў, але і ад людзей звычайных…

Пра паэзію

«Не мой».
kupalauski.by
Ведаеце, пасля тэатра я стаўлю на першае месца беларускую паэзію. Менавіта з вершамі я выходзіла на вялікія пляцоўкі. Вяла творчыя вечары нашых славутых паэтаў. Як гэта можна забыць? Хвалявалася заўсёды так моцна, што рукі калаціліся, бо гэта ж паэзія, і мне пашчасціла яе чытаць! Аднойчы ў філармоніі ўдзельнічала ў юбілейным вечары Аркадзя Куляшо­ва. На сцэне сядзелі Расул Гамзатаў і Кайсын Куліеў. Гамзатаву так спадабалася, як у маім выкананні гучыць «Балада пра чатырох заложнікаў», што ён расхваляваўся, доўга дзякаваў. Потым мяне папрасілі правесці яго творчы вечар у Мінску. На жаль, не атрымалася, не склалася, у мяне на той час быў спектакль. Але адно тое, што мяне запрасіў і прапанаваў сам Расул Гамзатаў, — вялікі гонар і высокая адзнака.

Ведаеце, чаму і сёння гучаць у эфіры вершы, запісаныя шмат гадоў таму? Іх чыталі сапраўдныя майстры-волаты: Віктар Тарасаў, Павел Дубашынскі, Валянцін Белахвосцік… Яны выкладваліся, траціліся па-сапраўднаму. Мне пашанцавала — многія былі маімі партнёрамі як у студыі, так і ў тэатры.

Урадавыя канцэрты

У нейкі час стала здавацца, што тэатральная сцэна зрабілася цеснай. Мяне пачалі запрашаць ва ўрадавыя канцэрты. Гэта было і ганарова, і прэстыжна, але за тыя выступленні раней зусім не плацілі. Праўда, да кожнага выступлення шылі новую прыгожую сукенку.

Двойчы я выступала з вершамі на сцэнах Вялікага тэатра, дзе прахо­дзілі ўрачыстасці да стагоддзя Янкі Купалы і Якуба Коласа, у Крамлёўскім палацы з’ездаў, у Калоннай зале Дома Саюзаў…

У 1982 годзе мяне запрасілі вы­сту­піць на Мамаевым кургане і пра­чы­таць «Пісьмо маці». Вечар, святло пражэктараў, вянкі на ­вадзе… У са­мым пачатку мы ся­дзелі ў спецыяльнай машыне разам са славутым дыктарам Левітанам. Мы пазнаёміліся, я перадала яму прывітанне ад нашага Іллі Кургана… Я адчытала свой тэкст і пайшла. Праз колькі часу да мяне падбегла асістэнтка і паведаміла, што мяне шукае сам Левітан. Узяла мяне за руку і падвяла да яго. Колькі добрых слоў я пачула ад Левітана, як ён мяне віншаваў! У той вечар я атрымала ад славутага дыктара маленькі, але дарагі падарунак — каляндарык усесаюзнага радыё.

Горыч

Быць артысткай цяжка. Сама здзіў­ляюся, як я выжывала ў такім ша­лё­ным рытме. Але за свае ўдачы і поспехі даводзіцца плаціць. Я не бы­ла на выпускным вечары сына, бо тэатр знаходзіўся на гастролях. Не была на вечары, калі ён скончыў інстытут... Шмат куды не паспела... Многа чаго прапусціла...

Сустрэчы

З 1994 года мы ездзім з Жыватворным агнём па Беларусі. Гэта бясконцыя сустрэчы і душэўныя размовы, малітвы… Аднойчы падлічылі, колькі мы прайшлі і праехалі з гэтай духоўнай экспедыцыяй. Атрымалася 32 000 кіламетраў! Гэта і чарнобыльская зона нашай Беларусі, і поўнач, і захад, і ўсход… Кожны дзень па чатыры-пяць сустрэч. Збіраюцца лю­дзі. Я чытаю вершы нашых паэтаў, размаўляю, слухаю…

Нават на вялікіх стадыёнах даво­дзі­лася чытаць вершы. І калі адгучалі апошнія радкі «Маналога маці», якая не дачакалася з вайны сыноў, лю­дзі, сектар за сектарам, падхопліваліся са сваіх месцаў, уставалі і віталі мяне. Хіба такое забудзеш? Немагчыма перадаць словамі… Такія імгненні — залатыя кроплі памяці, дзеля іх жывеш і працуеш...

З невялікага дынаміка на сцяне грымёркі гучалі галасы акцёраў Купалаўскага тэатра, якія рыхтаваліся да прэм’еры. Марыя Захарэвіч прыслухоўвалася, уздыхала. Потым прачытала два вершы. Нягучна, душэўна. Так, як гэта можа рабіць толькі яна.

ДАВЕДКА «НГ»

Марыя Захарэвіч — народная артыстка Белару­сі (1977), лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі (1984).

Нарадзілася 28 лістапада 1936 года ў вёсцы Навасёлкі Мядзельскага раёна Мінскай вобласці.

У 1957 годзе скончыла акцёрскі факультэт Бела­рускага тэатральна-мастацкага інстытута па спецыяльнасці «Актрыса драматычнага тэатра і кіно»
(курс народнага артыста БССР К.М. Саннікава).

Працуе ў тэатры з 1957 года. У 1984 годзе за ўдзел у радыёспектаклях «Рыбакова хата» Я. Коласа і «Хамуціус» А. Куляшова ўзнагароджана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі. Уладальніца медаля Францыска Скарыны (1996).

stepan@sb.by

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter