Праздничное панно и конструкция «Свечка» на Октябрьской площади: как украсить Минск до 9 мая

Залатымi лiчбамi пiсана

75-ю гадавіну Вялікай Перамогі мы адсвяткуем зусім хутка — месяц праляціць незаўважна. Для тых, хто займаецца афармленнем горада, яго ўпрыгожваннем, лічыце, свята ўжо заўтра. Да 1 мая Мінск павінен зайграць новымі фарбамі! Чым жа ў гэтым годзе нас будуць здзіўляць?

Так будзе выглядаць Кастрычніцкая плошча.

Рыхтавацца загадзя

Падасца неверагодным, але гэта праўда: падрыхтоўка да свята 9 Мая пачалася ажно 2 студзеня! Менавіта тады прыступілі да распрацоўкі канцэпцыі дызайну ўпрыгожвання горада да Дня Перамогі. Начальнік аддзела дызайну ДП «Мінскрэклама» Таццяна Бугаркова распавядае, якая перад камандай з 10 дызайнераў стаяла задача:

— 75 гадоў Перамогі — дата, якая кажа сама за сябе. Горад у юбілей павінен быць яркім, урачыстым, але ў той жа час душэўным і кранальным, як само свята. Таму мы ўзяліся за распрацоўку такога афармлення, якое б дазволіла паказаць і традыцыйнасць свята, і ў той жа час некалькі адрознівалася б ад мінулых гадоў. Стаўка зроблена была на ўрачыстасць і святочнасць.

Таццяна Фёдараўна паказвае афарміцельскі альбом да Дня Перамогі. У ім кожная старонка — гэта новы дызайн усіх святочных элементаў горада. Усё настолькі яркае, што праз карцінкі адчуваецца свята. Убор горада ў гэтым годзе сапраўды яркі і, як кажуць у ДП «Мінскрэклама», квітнеючы.

— Ранні старт работ над афармленнем дае толькі станоўчыя вынікі: зараз пачатак красавіка, а ўжо ўсё гатова да свята. Засталіся толькі нязначныя дробязі, якія вырашаюцца ў рабочым парадку. Зараз праходзіць устаноўка металічных канструкцый, трыбун і іншага, што патрабавала больш часу на падрыхтоўку і мантаж. Усе астатнія элементы гатовыя і чакаюць свайго часу «Х», калі паступова ўсе асноўныя пункты горада будуць упрыгожаны новымі бордамі, эмблемамі, аб’ёмнымі і стацыянарнымі канструкцыямі, пано і пілонамі. Спадзяёмся, што жыхары Мінска і госці горада ацэняць, як змянілася сталіца, — кажа Таццяна Бугаркова.

Тэматычнае афармленне Музейна-паркавага комплексу «Перамога».

Што новага?

Самае цікавае ў гэтым годзе — новыя канструкцыі і асноўная тэма дызайну: блакітнае неба як сімвал міру, кветкі, а таксама яркія фарбы свята. Асноўныя колеры, вядома, звязаны са сцягам краіны — чырвоны, зялёны, белы.

Упершыню на Кастрычніцкай плошчы з’явіцца аб’ёмная канструкцыя «Свечка», якая складаецца з кубоў, павернутых пад розным вуглом. На кожным баку кубоў размешчаны значныя ваенныя падзеі, батальныя сцэны, манументы Вялікай Айчыннай вайны.

На той жа плошчы ўпершыню ўстановяць борд з малюнкам барэльефа з манумента плошчы Перамогі на фоне сцяга. Як і ва ўсе папярэднія гады, святочныя канструкцыі і пілоны на апорах асвятлення размесцяць на ўсіх цэнтральных праспектах, плошчах, пляцоўках, дзе будуць праходзіць урачыстыя мерапрыемствы. Так, з’явяцца малыя формы, падобныя на гармонь, кветку, медаль, колас.

— У гэтым годзе мы ўпершыню распрацавалі такі афарміцельскі накладны элемент для бордаў, як ваенны ліст — гэта ваенны трохвугольнік Перамогі. Ліст з фронту з добрымі весткамі чакалі ўсе нашы сем’і. Ён у гэтым годзе стане сімвалам свята, свайго роду талісманам, — апісвае Таццяна Фёдараўна задумку, якая рэалізуецца на плошчы Незалежнасці. — Думаем, такі элемент падкрэсліць усю важнасць свята, нашу ўдзячнасць, нашу памяць.

Панарама афармлення плошчы Незалежнасці.

Таксама па-новаму аформілі ўязныя знакі на апорах у Мінск — яны сталі яшчэ больш святочнымі. Яны маюць як прывітальнае прызначэнне, так і падкрэсліваюць тое, што ў горадзе свята. На абодвух баках такіх знакаў — блакітнае мірнае неба, квітнеючыя сады і даты — 9 Мая і 75 гадоў Вялікай Перамогі. Лічбы выкананы ў чырвоных колерах, а іх грані падсвечаны золатам.

Вядома, будынак БДПУ ім. М. Танка традыцыйна ўпрыгожыць святочнае пано з 8800 сцяжкоў. Уявіце: пано 40 на 18 метраў — усяго 720 квадратных метраў! На пано размешчаны залатыя лічбы «75» і віншаванне ў золаце «З Днём Перамогі!». На сонцы гэтыя сцяжкі будуць трымцець і пералівацца! Дарэчы, плануюць пачаць манціраваць пано яшчэ да 20 красавіка. Цалкам жа афармленне горада будзе завершана да 25 красавіка.

— Як і заўсёды, мы падрыхтавалі святочныя кампазіцыі для пляцоўкі каля Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі ў колерах нашага сцяга, вывесім тэматычныя расцяжкі з блакітным небам, кветкамі і трапяткім сцягам на фасадзе Палаца спорту, упрыгожым пляцоўку каля яго. На пляцоўцы ля музея Вялікай Айчыннай вайны, а таксама ў музейна-паркавым комплексе «Перамога» ўстановім чырвоныя каркасныя зоркі, вялікія святочныя стэнды, — пералічвае спецыяліст асноўныя лакацыі. — У цэлым, мноства малых форм будзе размешчана на розных лакацыях. На тэрыторыі, прылеглай да «Мінск-Арэны» і «Чыжоўка-Арэны», будуць устаноўлены борды і сцягі, а на скрыжаванні праспекта Пераможцаў і вуліцы Арлоўскай установім аб’ёмную канструкцыю «Факел» з бордам, на якім будуць галоўнымі лічбы года — «75» і «9», — а таксама з кветкамі, блакітным небам, сцягамі. Выглядае гэта вельмі ўрачыста.

Аб’ёмная канструкцыя «Свечка» паказвае самыя галоўныя манументы Вялікай Айчыннай вайны ў краіне.

 Дарэчы, пра кветкі. Яны будуць не толькі на малюнках, але і ў рэальнасці. Работнікі УП «Мінскзелянбуд» ужо высаджваюць дрэвы, кустоўе, робяць новыя кветкавыя алеі і групы з прыгожа квітнеючых раслін, якія будуць прысвечаны 75-годдзю Перамогі. Апроч іншага, ДП «Мінскрэклама» выпусціла тэматычныя плакаты і лістоўкі да 9 Мая, на якіх намаляваны архіўныя фатаграфіі, карціны мастакоў, прысвечаныя Вялікай Айчыннай вайне. Разглядайце іх на вуліцах горада!

kasel@sb.by

Фота з архіва ДП «Мінскрэклама»
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter