
Маршрут — на базу
…Лёзна. Хлебная база. Высока ў неба накіраваліся бетонныя збудаванні, у якіх размешчаны шматлікія ёмістасці — рэзервуары для захоўвання збожжа. Сёння на вуліцы з раніцы лье дождж, а тут — бясконцая чарада аўтамабіляў з хлебам. Вось вялікагрузны МАЗ з вялізным прычэпам, клапатліва накрыты тэнтам. Вадзіцель Сяргей Іваноў даставіў збожжа з Дубровенскага раёна. Пшанічка — вышэйшы клас. Пакуль аўтаматызаваныя сістэмы, якімі, не выходзячы з лабараторыі, кіруюць мясцовыя спецыялісты, робяць адбор проб на вільготнасць і клейкавіну, Сяргей дзяжурыць ля кузава, запоўненага збожжам. Як толькі «робат» ад’язджае ўбок — тут жа спяшаецца ўкрыць ураджай ад вільгаці.— Я ўжо з дзясятак рэйсаў сюды зрабіў, — на хаду расказвае перавозчык. — Працую на прамысловым прадпрыемстве, але цяпер мы дапамагаем вяскоўцам з адвозкай. Забіраў пшанічку непасрэдна з сушылкі, так што зусім не хочацца трапіць пад дождж.
Дырэктар КУП «Лёзненская хлебная база» Уладзімір Антанькоў тлумачыць:
— Наша база пабудавана ў канцы 1960-х і дагэтуль уваходзіць у чацвёрку найбуйнейшых у краіне. Звычайна мы займаліся захоўваннем прадуктовых запасаў — не толькі збожжа, але і мукі, круп, цукру і іншых тавараў. А вось у ролі аператара па забеспячэнні хлебнага дзяржзаказу выступаем упершыню. Дзяржава пракрэдытавала наша прадпрыемства на патрэбную суму — выдзеліла два мільёны рублёў. За гэтыя грошы мы павінны закупіць у сельгасарганізацый звыш 5,7 тысячы тон збожжа. Па разнарадцы цяпер да нас вязуць ураджай не толькі з Лёзненскага, але і з Дубровенскага раёна. Задача выканана ўжо на 80 працэнтаў.
Магутнасці хлебнай базы — захоўванне да 140 000 тон збожжа. Тут ёсць уласныя сушылкі, здольныя ў суткі дапрацоўваць да 800 тон сыравіны, так што пры неабходнасці збожжа будзе і дасушана, і ачышчана.
— Вялікая справа — добрая аўтамабільная дарога і мадэрнізаваная чыгуначная ветка, — адзначае начальнік элеватара Аляксей Тарасаў. — У нас ёсць магчымасць прыняць практычна любы транспарт, забяспечыць аператыўную разгрузку і перагрузку крытых вагонаў і збожжавозаў. Напрыклад, зараз хлебная база штодня сустракае па 10 вагонаў збожжа на захоўванне ад Смалявіцкай бройлернай птушкафабрыкі. Шмат іншых пастаўшчыкоў, якія аддаюць перавагу адпраўцы грузу буйнымі партыямі. У тым ліку і па міжнародных маршрутах. Праз нас ішлі вялікія пастаўкі льнасемені з Казахстана на Прыбалтыку і аўса з Расіі на Нарвегію.

...Пакуль мы аглядаем уладанні, чарга ля хлебапрыёмных бункераў хутка змяншаецца. Уладзімір Васільевіч знаёміць з тэхналогіяй:
— Вялікая частка працэсаў у нас аўтаматызавана і камп’ютарызавана. На падбор лагістычных калідораў для кожнай партыі збожжа ў спецыяльнага аператара пульта сыходзіць усяго 6—7 хвілін. Яго задача — максімальна хутка вызваліць транспарт, не затрымліваючы яго на тэрыторыі. Неўзабаве плануем скараціць гэты час амаль удвая.

Ад збожжа да каравая
Цікава, што дзяржаўнае прадпрыемства «Лёзненская хлебная база» тэарэтычна можна лічыць вытворчасцю з завершаным тэхналагічным цыклам. Гістарычны праект рэалізаваны тут у студзені гэтага года. Але расказаць падрабязнасці Уладзімір Антанькоў прапануе старшыні Лёзненскага райвыканкама Сяргею Земчанку.— Пасля таго як наша мясцовае райпо было рэарганізавана, увайшло ў склад аблпо і стала падраздзяленнем Бешанковіцкага, узнікла пытанне пра лёс Лёзненскага хлебазавода. Прадпрыемства састарэла і фізічна, і маральна, але тут працягвала працаваць каля 30 чалавек — вопытных майстроў сваёй справы. Слава пра нашых хлебапёкаў, якія працуюць па старадаўніх рэцэптах і выпускаюць незвычайна смачны хлеб, ужо распаўсюдзілася далёка за межамі раёна, — дзеліцца перадгісторыяй Сяргей Рычардавіч.
Адным словам, рашэнне аб закрыцці завода прынята яшчэ ў 2018 годзе, але лёзненцы вырашылі любой цаной захаваць прадпрыемства. І прапанавалі ўзяць яго на парукі менавіта хлебнай базе.
— Крок, вядома, трэба было зрабіць няпросты, — адзначае Уладзімір Антанькоў. — Завод працаваў са стратамі, патрабаваў мадэрнізацыі. Але патрыятызм — вялікая справа. Адным словам, угаварылі мяне мясцовыя ўлады…
Вядома ж, у хлебапякарную справу давялося ўкласціся. Падрамантавалі абсталяванне, перарабілі ўсю дакументацыю, каб стварыць умовы для эфектыўнай працы, перагледзелі і абнавілі асартымент, падумалі над тым, як яшчэ вышэй узняць якасць, нарасціць аб’ёмы. У выніку ўжо праз два месяцы ў паўтара раза больш атрымалі выручкі, завод выйшаў на прыбытак. З’явілася магчымасць удвая павялічыць лю-дзям заработную плату і тым самым павысіць іх зацікаўленасць у канчатковым выніку працы. Дырэктар хлебнай базы падкрэслівае:
— Галоўнай задачай для нашага ўчастка пры распрацоўцы новай рэцэптуры было захаваць старадаўнія рэцэпты, па-ранейшаму рабіць акцэнт менавіта на натуральнасць хлебабулачных і кандытарскіх вырабаў, цалкам адмовіцца ад разнастайнай хіміі, узмацняльнікаў, фарбавальнікаў і кансервантаў. Каб не страціць сапраўдных знатакоў нашага хлеба, а наадварот — пашырыць іх аўдыторыю. Сёння гэта атрымліваецца.

...Пагадзіцеся, вельмі сімвалічны шлях: пшанічка паступае з поля на мясцовую базу, потым — на хлебакамбінат, дзе з яе робяць муку. А з гэтай мукі хлебапёкі ствараюць смачныя вырабы, якія жыхары раёна з задавальненнем купляюць як у фірменных магазінах Лёзненскай хлебнай базы (іх, дарэчы, разам з аўтамагазінам пяць), так і ў шматлікіх падраздзяленнях буйных гандлёвых сетак — яны таксама ахвотна бяруць хлебабулачную і кандытарскую прадукцыю мясцовых вытворцаў.
Дарэчы, пакаштавала духмяных булачак і я. Чамусьці адразу ўспомнілiся дзяцінства і руская печ з румянымі гарачымі караваямі, выпечанымі на подзе... А вось мясцовым спецыялістам аддавацца настальгіі няма калі: да шлагбаума хлебнай базы сёння дзень і ноч цягнецца ланцужок аўтамабіляў — у адпаведнасці з дзяржзаказам Лёзненскі раён абавязаны паставіць сюды амаль 2,4 тысячы тон пшаніцы, а Дубровенскі — амаль 3000 тон. Задача, вядома ж, будзе выканана. Хлебаробы сваю справу ведаюць.

begunova@sb.by