Залаты скарб Грычынскага балота

Яго знайшлі лунінецкія фермеры Навіцкія, якія захавалі спрадвечнае імкненне гаспадарыць на зямлі

Яго знайшлі лунінецкія фермеры Навіцкія, якія захавалі спрадвечнае імкненне гаспадарыць на зямлі


Фермерскія гаспадаркі Лунінеччыны ў асноўным спецыялізуюцца на вырошчванні гародніны. Самы вялікі аб’ём яе больш за дзесяць гадоў атрымлівае на былых непраходных Грычынскіх балотах фермерская гаспадарка выпускніка Ляхавіцкага саўгаса-тэхнікума і Гродзенскага дзяржаўнага сельскагаспадарчага інстытута Уладзіміра НАВІЦКАГА. Ён прызнаны ў раёне «Чалавекам года», а яго прадпрыемства тройчы ўдастойвалася тытула лепшага на Брэстчыне. На 800 гектарах тарфянікаў штогод тут вырошчваюць і прадаюць больш за 40 тысяч тон высокаякаснай гародніны, а рэнтабельнасць самай прыбытковай морквы перавышае 500 працэнтаў.


Грычынскія балоты, што яшчэ чвэрць стагоддзя таму займалі значную частку Лунінецкага раёна, спрадвеку былі ахутаны рознымі таямніцамі. Па навакольных вёсках хадзілі паданні пра залаты скарб, што захаваны ў нетрах векавой дрыгвы. Толькі па зімніку можна было дабрацца ў непраходныя гушчары, якія кішэлі дзіччу і багатымі россыпамі журавін на заснежаных імхах. Па патаемных кладках ранняй вясною дабіраліся вяскоўцы да журавінных мясцін, у Ленінград і Маскву вазілі потым ягады. Надзвычай цяжкім быў гэты занятак. Ад запалення лёгкіх не ўратавалася жонка палескага хутараніна Еўдакіма Насковіча, пакінуўшы яму двух асірацелых дзетак. Вялікую хутарскую гаспадарку аднаму цяжка было ўправіць. Пасватаўся да вясковай кабеты Зінаіды з Дзятлавіч, якая прыняла прапанову ўдаўца. Разам гаспадарылі на хутары. Дачку Марыю замуж аддалі ў суседнюю вёску Купаўцы, і сын Георгій сваю сям’ю завёў. Пайшлі ўнукі. Дзядуля Еўдакім цешыўся унукам Валодзям. Прыкмеціў сялянскую кем- лівасць хлопчыка. Прызвычайваў падлетка да няхітрых вясковых спраў. Змайстраваў яму невялічкую касу і браў з сабою на касавіцу ў Грычынскія балоты, на якія ўжо з усіх бакоў падступалі меліяратары. На вачах мянялася наваколле. Пракладваліся шырокія магістральныя каналы, з якіх балотная вада сцягвалася ў палескія рэчкі Цна, Лань, Бобрык і поўніла шырокую Прыпяць.

— І твой бацька шукае залатое дно Грычынскага балота, — даводзіў унуку дзядуля Еўдакім, зяць якога Канстанцін Навіцкі працаваў у Лунінецкай ПМК-59. Шляхетны род Навіцкіх вызначаўся сярод палешукоў адмысловай працавітасцю, валодаў вялікімі плошчамі зямлі і быў заможным. Ледзьве не падпалі пад раскулачванне гаспадары Зміцер і Лісавета Навіцкія. Усе свае на- дзелы перадалі ў калгас і самі пайшлі працаваць у калектыўную гаспадарку. Сын Канстанцін стаў шафёрам, але родную вёску Купаўцы не пакінуў. Збудаваў свой дом. За вясковай ваколіцай распрацаваў амаль паўгектара для клубнічнай плантацыі. Да ўзыходу сонца выходзілі ўсёй сям’ёй збіраць ягады і працавалі да першых зор. Напоўненыя кошыкі клубніц везлі на чыгуначны вакзал. І цягніком ноччу бацька са старэйшым сынам Валодзям адпраўляліся ў Мінск, дзень гандлявалі, а ўвечары вярталіся дамоў. І так амаль месяц без сна круціліся. За заробленыя на клубніцах грошы збудавалі прасторны мур на краі сяла, аднымі з першых у вёсцы купілі «Масквіч». Некалі Валодзя з зайдрасцю глядзеў услед калгаснаму аграному, які на матацыкле аб’язджаў палі.

Пасля заканчэння васьмі класаў Уладзімір Навіцкі звярнуўся да кіраўніка гаспадаркі Івана Сідуна за накіраваннем на вучобу ў Ляхавіцкі саў- гас-тэхнікум. Пасля заканчэння яго адслужыў у арміі на Паўночным Каўказе і вярнуўся дамоў, дзе якраз атрымаў атэстат аб сярэдняй адукацыі малодшы брат Анатоль. З ім разам паступілі ў Гродзенскі сельскагаспадарчы інстытут.

Вечарамі падоўгу Валодзя затрымліваўся ў бібліятэцы, прагна спасцігаў тэорыю гаспадарання на зямлі. А калі выдаваўся вольны час, разам з братам знаходзілі заробкі. Назбіралі грошай і купілі старэнькія «Жыгулі». Дамоў прыязджалі на сваім аўто. У Дзятлавіцкі клуб на танцы таксама на «Жыгулях» ездзілі. Дзяўчыну сваю — гарэзлівую Алёну — дамоў з клуба на сваім легкавіку падвозіў, хаця ісці было зусім блізка. Зрабіў ёй прапанову. Зімою згулялі вяселле. Прывёў нявестку да бацькоў, дзе яшчэ тры сястры падрасталі. Зарабілі грошай і купілі драўляны дом у Лунінцы. Адрамантавалі яго, парадак навялі на падворку, і цяпер там жыве фермерская сям’я Навіцкіх.

— Чацвёра дзетак у нас, — ганарыцца Уладзімір Навіцкі. — Старэйшай дачцэ Юлі ўжо дваццаць гадоў і сыну Дзіме шаснаццаць, а меншым — Ромцы толькі шэсць гадкоў і Дашцы — тры. Яны так і растуць па парах.

— Як вы іх выхоўваеце?

— Двое першых амаль што і не заўважыў, як выраслі, так быў захоплены бізнесам. Вазіў фурамі яблыкі з Польшчы і ў Салігорску прама з аўтамашыны з жонкаю прадавалі іх. Гандлявалі і прамысловымі таварамі. Купілі патрыманую машыну і на ёй вазілі магілёўскія тканіны ў Расію. Летам чарніцы прадавалі ў Расіі. Задумаўся, а чаму не заняцца працай на зямлі, не блытацца па базарах. Яшчэ дзядуля Еўдакім мне казаў, што зямля ніколі не падвядзе. Як і маіх продкаў заўжды карміла, так і мяне падтрымае, і маім дзецям паслужыць. 

У нашым раёне толькі пачыналася фермерства з вырошчвання на невялікіх плошчах гародніны. Звярнуўся ў райвыканкам, і мне выдзелілі на былых Грычынскіх балотах пяць- дзясят гектараў. У першы год пасеялі 20 гектараў морквы па звыклай тэхналогіі і ўраджай атрымалі не надта высокі. Ледзьве пакрылі затраты. На другі год набылі ў Любліне грэбнестваральную машыну і лентачную сеялку гародніны. Пасяўныя плошчы павялічылі да ста гектараў. Закупілі высокаякаснае галандскае насенне і працавалі па новай тэхналогіі.

— А хто кіраваў прымяненнем тэхналогіі?

— Сам дэталёва азнаёміўся з асаблівасцямі і строга трымаўся тэхналагічных указанняў. Дапамаглі студэнцкія веды. Вырошчвалі моркву, бульбу і сталовыя буракі. Ураджай гародніны атрымалі цудоўны, а бульба ў першы год падвяла, таму што насенне, якое мы набылі на Кобрыншчыне, не адпавядала патрабаванням. У 2004 годзе гаспадарку пашырылі да 200 гектараў, а праз два гады нашы палі павялічыліся яшчэ на 150 гектараў. Ураджай морквы ўжо які год стабільна атрымліваем неблагі: да 1000 цэнтнераў прамысловых гатункаў з гектара і да 600 цэнтнераў сталовай морквы. Бульба дае больш як 500 цэнтнераў з гектара. І сёлета разлічваем атрымаць на тарфяніках да 600 цэнтнераў клубняў з кожнага гектара.

— Якая рэнтабельнасць сельгаскультур?

— Бульбы ніжэй за 30 працэнтаў не бывае, а вось морква самая эканамічна выгадная культура, яе  рэнтабельнасць перавышае 500 працэнтаў.

Старэнькая сваячка, бабуля Моця, як я стаў фермерам, адзначыла, што Навіцкія вярнуліся на сваё месца. У нашых шляхетных генах захавалася імкненне гаспадарыць на зямлі. 

— Уладзімір Канстанцінавіч, напэўна, карані вашага роду вядуць да тых самых шляхціцаў Навіцкіх, герб якіх унесены у Агульны гербоўнік дваранскіх радоў Усерасійскай імперыі.

— Скажу шчыра, што гэтага я не ведаю, але адчуваю, што пераняў у продкаў жаданне гаспадарыць на зямлі. І брат мой Анатоль стаў фермерам, але маштабы ў яго меншыя. Дапамагаю, як малодшаму, падказваю, як лепей гаспадарыць. 

— Вашы продкі сваім потам палівалі зямельку, а сёння на палях без сучаснай тэхнікі не абысціся. Які тэхнічны арсенал у вашай гаспадарцы?

— Пастаянна мадэрнізуем свой машынна-трактарны парк. У нас 30 магутных дваццацітонных аўтамабіляў, 7 энерганасычаных трактараў «Джон Дзір», дванаццаць трактараў «Беларус-1221» і некалькі менш магутных. Усяго крыху болей за дваццаць трактараў.

— Але такая імпартная тэхніка дарагая!

— Зараблялі на зямлі і ні адзінага крэдыту ў банка не бралі. Паступова абнаўлялі тэхнічны парк. Разлічваем толькі на свае магчымасці.

— І механізатараў у вас хапае?

— Стабільны калектыў склаўся з 10 чалавек, і яны паспяхова з усім комплексам палявых работ спраўляюцца. Імі кіруе Аляксандр Вялько. Уся тэхніка новая і абслугоўваецца спецыялістамі фірм. Трактары ў полі працуюць толькі па навігатару. 

Побач з машынна-трактарным паркам знаходзіцца і наш завод па перапрацоўцы гародніны, дзе кожную гадзіну выпускаецца каля 40 тон таварнай прадукцыі. Вытворчая база займае сем гектараў зямлі, і яе акружаюць зямельныя масівы за вёскай Міжлессе.

На перапрацоўчым заводзе рабочыя працуюць пад празрыстым полікарбанатным дахам пры натуральным асвятленні. Усяго на вытворчасці задзейнічана каля 80 чалавек. Сярэднія заробкі амаль чатыры мільёны рублёў, але, акрамя грошай, мы працаўнікоў стымулуюем іншымі метадамі. Нашы рабочыя трымаюцца сваёй працы. Кіруючы апарат невялікі. Маем інжынера ў аўтапарку, спецыялістаў па маркетынгу, лагістыцы, адказнага за грузаперавозкі, спецыяліста па знешнеэканамічнай дзейнасці і трох бухгалтараў. Сярод працаўнікоў многа маіх сваякоў. Наследнікам гаспадаркі бачу старэйшага сына Дзмітрыя, які цікавіцца справамі. Пасля заканчэння ліцэя атрымае спецыяльную адукацыю і вернецца гаспадарыць.

Увесь наш калектыў працуе на вынік. Імкнёмся як мага мацней замацаваць сябе на расійскім рынку. Наша прадукцыя там карыстаецца попытам. Ізраільскія вытворцы морквы адчуваюць гэта, і, як толькі мы пачынаем пастаўляць гародніну на маскоўскія базы, яны адступаюць. Наша морква сакавітая, вырашчана абсалютна экалагічна чыстай, без штучных падкормак. Не раз мне даводзілася чуць пра цуд ізраільскіх гароднінаводаў, што яны ў пустыні вырошчваюць цудоўную гародніну. Але прыроду не падманеш. Наш абсалютна натуральны прадукт запатрабаваны. Мы нават тукаў не прымяняем, таму што нашы глебы багатыя на прыродны азот. І морква ўдаецца салодкай. Пасля ўборкі перапрацоўваем увесь ураджай і захоўваем у спецыяльных камерах, разлічаных на 25 тысяч тон. Сваімі камбайнамі штодзённа ў час уборкі атрымліваем тысячу тон гародніны. Абсалютна ўсе працэсы вырошчвання і перапрацоўкі гародніны аўтаматызаваны. Зараз працуем над укараненнем новай тэхналогіі захоўвання прадукцыі. Убраную з поля і памытую прадукцыю будзем запакоўваць у спецыяльныя тонкія мяхі, і так яна можа пры адпаведным тэмпературным рэжыме захоўвацца паўгода. Наладжваем доўгатэрміновыя сувязі са спажыўцамі прадукцыі. 

— Ваш асноўны спажывец — расійскі. А ў беларускіх магазінах шмат гародніны імпартнай. Чаму так атрымліваецца?

— Супрацоўнічаць з беларускімі гандлёвымі прадпрыемствамі мы зацікаўлены, але яны не імкнуцца да гэтага. Нам дыктуюць развозіць невялікімі партыямі тавар па магазінах. Але я лічу, што гандаль павінен стварыць свой лагістычны цэнтр, і адтуль развозіць асартымент. Мая асноўная задача – вырасціць і давесці да кандыцыі таварную прадукцыю. У Расію мы адпраўляем буйныя партыі гародніны, і там ужо далей з ёй працуюць.

 — Куды дзяваеце нестандартны тавар?

— На яго зараз вялікі попыт. Заключылі ўжо дамовы з расійскімі фірмамі на пастаўку такой гародніны на прампера- працоўку. Гэта як нам, так і расіянам выгадна. Навошта перабітай напалову морквай карміць жывёлу, калі з яе можна вырабляць розныя салаты, і яна абыходзіцца танней.

— Уладзімір Канстанцінавіч, якой бачыцца перспектыва гаспадаркі?

— На дзяржаўным узроўні ставіцца задача ствараць рабочыя месцы, і мы гатовы да гэтага, але для пашырэння вытворчасці ў першую чаргу неабходна зямля. Гэта дасць магчымасць не толькі павялічыць аб’ёмы вырошчвання гародніны, але і папоўняць фуражом жывёлагадоўлю раёна. Зараз самы спрыяльны час уклініцца ў рынкавую нішу ў Расіі, бо праз некалькі гадоў пашырэнне вытворчасці ўжо будзе бессэнсоўным, рынак зоймуць іншыя. На сёння па сусветных стандартах вядзення фермерскай гаспадаркі нам неабходна мець у севазвароце звыш чатырох тысяч гектараў зямлі. Пры гэтай умове севазварот дазволіць чарадаваць культуры і атрымліваць максімальную аддачу з кожнага гектара і тым самым павялічваць кармавую базу суседніх гаспадарак.

Летась мы здалі збажыну на Пінскі хлебапрыёмны камбінат. Вясною нам адтуль тэлефанавалі і цікавіліся, колькі збожжавых пасеем. Мы адказалі, што які ж сэнс вырошчваць зерне, калі і за зда- дзеныя сто тон дрэнна разлічваюцца. 

— Ці падтрымліваеце сувязь з вучонымі?

— Спецыялісты Нацыянальнай акадэміі навук дапамагаюць нам укараняць нанатэхналогіі, вызначаць дозы ўнясення тукаў і кантраляваць выхад экалагічна чыстай прадукцыі. Калі на раннюю моркву норма наяўнасці нітратаў складае 400 міліграмаў, а для дзіцячых устаноў — 200, то ў нас яна не перавышае 180.

Два гады таму Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання праводзіла на нашай базе навукова-практычны семінар па вырошчванні гародніны. Мы выставілі сваю тэхніку, некаторыя ўдзельнікі семінара думалі, што гэта сабраны машыны з усяго раёна. Так іх уразіў наш машынна-трактарны парк.

— На Захадзе зараз усё больш модна вырошчваць экалагічна чыстую прадукцыю. А вы гэтым займаецеся?

— Такая гародніна не мае прывабнага вонкавага выгляду. Яна вырошчваецца па іншых стандартах, і прадаць яе цяжка. У нас такі севазварот, што пасля вырошчвання цыбулі на гэтыя землі не залезе шкодніцкая муха. Умеем экалагічна чыста справіцца з провалачнікам. Для ўсяго гэтага патрэбен час. Імкнёмся не злоўжываць хімікатамі, дазіравана прымяняем мікраэлементы. Вырошчваем у асноўным галандскія і нямецкія гатункі гародніны. Сёлета ўпершыню не пасеялі сталовыя буракі, бо для іх больш спрыяльныя не тарфянікі, а лёгкія суглінкі.

Асноўная наша культура – морква. Летась пад яе было адве- дзена паўтысячы гектараў. Але так склалася, што на 150 гектарах не паспелі ўбраць з-за ранніх кастрычніцкіх маразоў. Тэмпература панізілася да мінус 17 градусаў, і частку абмарожанай морквы аддалі на жывёлагадоўчыя фермы раёна. Суседняму СВК «Кажан-Гарадоцкі» дапамаглі з палівам, і сёлета яны нам далі 58 гектараў зямлі ў арэнду. Ідэальна апрацавалі яе і адвялі пад моркву і бульбу. У сёлетняе сухое спякотнае лета наладзілі паліў гэтых арэндаваных плошчаў каля рэчкі Цна. Мясцовыя жыхары сталі скардзіцца, чаму бяром ваду з ракі. Даводзілася апраўдвацца, што ніякай шкоды прыродзе не наносім. Наадварот, жывём у згодзе з наваколлем. Шчодрым ураджаем нам адплачвае зямля за беражлівыя адносіны да яе.

Уладзiмiр СУБАТ

Лунінецкі раён

Фота аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter