Полувековой трудовой путь председателя столинского СПК "Федорский" Григория Демко

Залаты капітал Рыгора Дзямко

Паўвека таму выпускнік аграфака Белдзяржсельгасакадэміі Рыгор ДЗЯМКО ўзначаліў паляводчую брыгаду, а праз год — агранамічную службу ў столінскім калгасе «40 год Кастрычніка». Тэарэтычныя веды і практычная дзейнасць пад кіраўніцтвам старшыні Героя Сацыялістычнай Працы Івана Янкоўскага далі маладому аграному аснову на ўсё жыццё. Чацвёртае дзесяцігоддзе Рыгор Дзямко ўпэўнена трымае штурвал адной з самых эфектыўных гаспадарак Беларусі. Працоўныя здабыткі старшыні СВК «Фядорскі» Столінскага раёна ацэнены высокімі дзяржаўнымі ўзнагародамі: ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Айчыны ІІІ ступені, медалём «За працоўную доблесць». Ён заслужаны работнік сельскай гаспадаркі Беларусі, ганаровы грамадзянін Столінскага раёна, выбіраўся дэпутатам Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь.



Па старшынёўскім стажы Рыгор Дзямко ўступае ў Беларусі толькі аксакалу Рыгору Шпакаву, які з 1969 года нязменна ўзначальвае рэчыцкі сельгаскааператыў «50 год Кастрычніка». Агульнае ў дзейнасці сельскіх лідараў — стабільны поспех падначаленых ім калектываў. Спецыялізуюцца гаспадаркі на вытворчасці малака і мяса, збожжа і кармавых культур.

СЕЛЬГАСУГОДДЗІ СВК «Фядорскі» выцягнуліся на 30 кіламетраў паміж Пінскам і Столінам. Большасць зямель пойменныя. Паўвека таму меліяратары акультурылі іх і перадалі хлебаробам. Сёлета ў засеках звыш 13 000 тон зерня. На сотнях гектараў высокай сцяной узнялася кукуруза.

З Рыгорам Дзямко едзем палявой дарогай. Паабапал казачнымі вандроўнікамі ўзвышаюцца векавыя дубы з густымі шатамі-шапкамі. Пры асушэнні балотных масіваў меліяратары пакінулі магутныя дрэвы. Да сельгасугоддзяў гаспадаркі прымыкае Рэспубліканскі ландшафтны заказнік «Сярэдняя Прыпяць».

Рыгор Аляксеевіч сцішвае ход і пільна ўглядаецца ўдалячынь. Чарада журавоў аблюбавала куточак сенажаці.

— Звычайна яны апошнімі адлятаюць у вырай, — з ноткай асенняга суму прамовіў старшыня. — Люблю назіраць, калі вясною птушынае царства вяртаецца ў свае гнёзды.

Пэўна, і чалавеку вялікае шчасце хадзіць сцежкамі дзядоў і прадзедаў, працягваць іх справу. Сцежкі могуць змяніцца і наваколле не так выглядаць, як некалі. А зямля тая ж, клопаты застаюцца тымі ж, як і стагоддзі таму: вясною ўправіцца на полі, летам дагледзець пасевы і ўвосень быць з ураджаем. Толькі маштабы дзейнасці непамерна пашырыліся.

Неяк раней пачуў ад Рыгора Аляксеевіча: маўляў, каб не меліярацыя, то палешука занеслі б у Чырвоную кнігу. Мо і так. Вякамі не жылі, а выжывалі тут людзі. Родную вёску Рыгора Дзямко Вялікі Малешаў, што на мяжы Столінскага і Жыткавіцкага раёнаў, з усіх бакоў акружала векавая багна. Паміж балотамі ўціскаліся лапікі палёў. Абуты ў лапці, з бацькамі і братамі выносіў сялянскі сын з пойменных лугавін скошаную асаку. На пачатку лета з хаты немагчыма было выйсці: заядала камарэча.

У сярэдзіне мінулага стагоддзя пачаўся масавы наступ на палескія балоты. Вяскоўцы з недаверам сустрэлі першых меліяратараў. На нізінах, дзе чулліва драмалі чароты, у хуткім часе тугімі каласамі зашумела збажына.

Рыгор Аляксеевіч спыніў легкавік. Выйшлі на прасторны луг. Лёгка дыхалася. Гуллівы ветрык прабягаў па шаўкавістай атаве. Гэты палескі куток стаў родным для вялікага роду Дзямко. Карані іх продкаў далёка ад гэтых мясцін.

СТАГОДДЗЕ таму, калі грукатала Першая сусветная вайна, заможны шляхціц Іосіф Булат прывёз сваю сям’ю з Цэнтральнай Польшчы ў палескую глыбінку. Набыў надзел зямлі ў Вялікім Малешаве і збудаваў дом. Палешукі спрадвеку памяркоўныя і цярплівыя. У гэту глухамань закарпацкія продкі роду Дзямко раней прыбіліся не столькі ад галечы, колькі ад неспакойнага жыцця ў часы Аўстра-Венгерскай імперыі. Гены іх моцна трымаюцца ў абліччы чарнавокіх нашчадкаў.

Вяскоўцы здзіўлена ўспрынялі вытанчаную дачку шляхціца Агаф’ю Булат у незвычайным для мясцовых сялянак капелюшы, аздобленым пер’ем. Маладую паненку зачараваў статны нашчадак закарпацкіх перасяленцаў чарнабровы Іван. Як ні супраціўляліся ганарлівы Іосіф Булат і яго фанабэрыстая жонка, але палаючая каханнем дачка настаяла на сваім. Маладыя пажаніліся.

У перадваенныя гады савецкай улады на Палессі ўвесь шляхетны род Булатаў, як кулацкі клас, вывезлі ў Сібір. Замужнюю дачку іх Агаф’ю не кранулі. Па ўсім свеце параскідаў лёс яе вялікую радню. Зрэдку ў Вялікі Малешаў прыходзілі пісьмы, а часам і пасылкі з замежжа ад сваякоў.

Рыгор Аляксеевіч памятае, як у студэнцкія гады сваякі прыслалі яму ў падарунак модны балонневы плашч. У Англіі і Амерыцы і цяпер жывуць далёкія нашчадкі роду, карані якога вядуць у столінскую вёску. Бабуля Агаф’я раднёю ганарылася. Калі яе сын Аляксей, як некалі ў маладосці і яна сама, закахаўся ў дзяўчынку-сірату з суседняй вёскі Талмачава, катэгарычна запярэчыла сустракацца з ёю. Але юнак настаяў на сваім. Шляхетная Агаф’я Іосіфаўна доўга не падпускала нялюбую нявестку да печы, чым падкрэслівала сваё верхавенства ў хаце. Пад адным дахам з бацькамі перажылі ваеннае ліхалецце. У іх падрасталі сыны Васіль, Іван і Кузьма. Чацвёртага хлопчыка назвалі Рыгорам. Маладыя Дзямкі збудавалі сваю хату. Адтаяла сэрца бабулі Агаф’і. Любых унукаў яна прызвычайвала да культуры.

Пашчасціла Рыгору Дзямко і яго братам вучыцца ў інтэлігентных настаўнікаў. Рускую мову і літаратуру ім выкладала заслужаная настаўніца СССР Герой Сацыялістычнай Працы На­дзея Іванаўна Кавалец. У школе дзейнічала вучнёўская вытворчая брыгада. Старшакласнікі на летніх канікулах працавалі на калгасных палях і фермах.

Запаветная мара юнага Рыгора Дзямко — стаць спецыялістам лясной гаспадаркі. Рыхтаваўся да паступлення ў інстытут. На выбар прафесіі паўплываў старэйшы брат Іван. Ён пасля службы ў марфлоце вярнуўся дамоў і закахаўся ў вясковую прыгажуню Таісу. Дзяўчына працавала ў калгасе аграномам. Зачаравала былога марака рамантычная прафесія. Іван параіў брату Рыгору, які намерваўся пасылаць дакументы ў лесатэхнічны інстытут, вучыцца на агранома. І пераканаў яго. Рыгор паехаў у Горкі. Паспяхова здаў уступныя экзамены і стаў студэнтам аграфака сельгасакадэміі.

ВЫТВОРЧУЮ практыку праходзіў у столінскім калгасе «40 год Кастрычніка». Гаспадарка грымела поспехамі. Старшыня Іван Янкоўскі толькі што атрымаў званне Героя Сацыялістычнай Працы. Ён умеў патрабаваць і шчыра радаваўся поспехам іншых. Да маладых спецыялістаў ставіўся па-бацькоўску. Кузняй кадраў стаў калгас у раёне.

Паўвека таму на высокаўрадлівых асушаных землях гаспадаркі намалочвалі больш за 40 цэнтнераў пшаніцы з гектара. Малады галоўны аграном Рыгор Дзямко кемліва прымяняў на практыцы веды, атрыманыя ў акадэміі. Прыглядаўся да вопытных хлебаробаў. На эксперыментальных участках выпрабоўваў новыя сарты збожжавых. Некаторыя ўчасткі азімай пшаніцы давалі па паўсотні цэнтнераў з гектара. Галоўны аграном гаспадаркі быў адзначаны ордэнам Працоўнага Чырвонага Сцяга. За восем гадоў сумеснай працы са старшынёю Іванам Янкоўскім, які мудра кіраваў стратэгіяй калгаса і меў вялікі аўтарытэт, многае і ён пераняў.

Запомнілася Рыгору Аляксеевічу, як ездзілі з Іванам Дзмітрыевічам па справах у Маскву. Неўзабаве ў гаспадарку прыгналі 10 новых грузавікоў ГАЗ-51. Дзякуючы Івану Янкоўскаму Міністэрства меліярацыі і воднай гаспадаркі СССР выдзеліла з саюзнага фонду сродкі на асушэнне балот, што з усіх бакоў падпіралі калгасныя ўгоддзі. Меліяратары адваявалі ў багны сотні высокаўрадлівых гектараў. На іх земляробы атрымлівалі рэкордныя ўраджаі льну, буракоў, збожжавых. Калгас неаднаразова выходзіў пераможцам Усесаюзнага спаборніцтва па вытворчых паказчыках раслінаводства. Звеннявая льнаводка Параскоўя Шут выбіралася дэлегатам з’езда партыі. У Крамлёўскім Палацы з’ездаў паляшучка сядзела ў прэзідыуме побач з Леанідам Брэжневым. Сябравала з югаслаўскім лідарам Іосіпам Броз Ціта. У гаспадарку часта наведваліся дэлегацыі па вывучэнні перадавога вопыту. Лепшыя калгаснікі штогод адзначаліся ордэнамі і медалямі.

Шляхетнага гонару ў продкаў Рыгора Дзямко хапала. Пацікавіўся, ці перадалося гэта яму?

— У мяне больш палескай памяркоўнасці, чым паўднёвай гарачыні. Але ўсё ж адчуваю ў сабе характар продкаў. У маладосці палка закахаўся ў альшанскую дзяўчыну Вулляну. Пасля заканчэння Пінскага саўгаса-тэхнікума яна працавала ў калгасе заатэхнікам-селекцыянерам. Пасля вяселля збудавалі свой дом у Альшанах. Але доўга ў ім жыць не давялося. Раённае кіраўніцтва некалькі разоў прапаноўвала мне ўзначаліць калгас. З-за розных прычын не атрымлівалася. Падрасталі першынец Юра, Галіна і малодшы Пеця. Усе яны ўжо маюць свае сем’і. Ашчаслівілі нас унукамі. Дачка абараніла кандыдацкую дысертацыю. Радасцю напаўняецца дом, калі збіраемся разам.

Лёс непрадказальны. Аднойчы наведаў нашу гаспадарку абласны партыйны кіраўнік. Мне ён тады выпаліў: «Збіраешся сядзець у аграномах да сівой барады?» А неўзабаве прапанавалі заняцца агранамічнай навукай у вобласці. Пакінуў сям’ю ў вёсцы і адправіўся ў Брэст. Але нядоўга затрымаўся там. Сэрцам адчуў, што не мая гэта справа, ды і гарадское жыццё не па мне.

Вярнуўся ў Альшаны намеснікам старшыні калгаса. Потым узначаліў суседнюю гаспадарку. На 8 гадоў затрымаўся там.

На пачатку 1985 года ў кабінеце міністра сельскай гаспадаркі Беларусі Фёдара Мірачыцкага атрымаў загад аб прызначэнні дырэктарам створанага на асушаных землях Палесся саўгаса «Беражцы» Столінскага раёна. Пачыналі гаспадарыць на 800 гектарах. Пасля далучэння суседняй гаспадаркі агульная плошча сельгасугоддзяў перавысіла 10 000 гектараў. Пераважная большасць угоддзяў — меліяраваныя землі.

З асенняга луга праехалі па палях, дзе працавала магутная глебаапрацоўчая тэхніка. На масіве сеяных траў механізатары касілі атаву на сянаж. Корманарыхтоўчыя агрэгаты ўбіралі на сянаж кукурузу. 2500 гектараў заняты пад гэтай кармавой культурай.

Побач з малочна-таварнымі комплексамі збудаваны масіўныя сянажныя траншэі. Буйной рагатай жывёлы ў гаспадарцы амаль 20 000 галоў. Штодзённа на перапрацоўку адпраўляецца 40 тон малака. Летась ад кожнай з 2600 дойных кароў атрымана па 7000 кілаграмаў малака. Усё пагалоўе забяспечваецца сваімі кармамі. З пачатку лета і да глыбокай восені бесперапынна працуе корманарыхтоўчая тэхніка. З уборкай збожжавых, а яны сёлета займалі больш як 3000 гектараў, справіліся хутка. У гэтыя вераснёўскія дні механізатары сеюць азімыя збожжавыя.

Тройчы гаспадарку наведваў Прэзідэнт. У час аднаго з такіх візітаў Рыгор Дзямко выказаў меркаванне самім заняцца абслугоўваннем меліярацыйнай сістэмы. За свае сродкі набылі імпартны агрэгат для абкошвання каналаў. Айчынная прамысловасць пакуль такіх машын не выпускае. Усе польдары падтрымліваюцца ў належным стане.

Адзін з меліярацыйных каналаў перасякае цэнтральную сядзібу гаспадаркі — аграгарадок Фядоры. Былую палескую вёску не пазнаць. Праз цэнтральную частку пралегла прыгожая алея, паабапал якой за сцяной дрэў акружаны кветнікамі адміністрацыйныя, культурна-бытавыя будынкі, магазіны, кафэ, сярэдняя школа і дзіцячы сад. Вуліцы і завулкі заасфальтаваны. За сродкі гаспадаркі і прыхаджан упрыгожыў новы жылы квартал мураваны праваслаўны храм у гонар абраза Божай Маці «Неапалімая купіна». Штогадова прырастае новымі сядзібамі аграгарадок Фядоры.

Моладзь ахвотна застаецца тут жыць і працаваць. Пастаянна старшыні гаспадаркі паступаюць заявы з просьбай прыняць на работу. Вабяць людзей заробкі, умовы працы і жыцця. Рыгор Дзямко перакананы, што маладым для рэалізацыі патэнцыялу патрэбна свабода ў дзеяннях. Ім давяраюць адказныя ўчасткі вытворчасці. Намеснікам старшыні па жывёлагадоўлі працуе Рыгор Курган. Агранамічную службу ўзначаліў выпускнік Белдзяржсельгасакадэміі Уладзіслаў Дранец, а трактарную брыгаду — Дзяніс Савецкі. Інжынер па сельгасмашынах Аляксей Пешка. Няма праблем з жывёлаводамі і механізатарамі. Маладыя сем’і забяспечваюцца жыллём. Тут прэстыжна працаваць на любой вытворчасці. Сярэднямесячны заробак па гаспадарцы набліжаецца да 1000 рублёў. На жывёлагадоўчых комплексах, у рамонтных майстэрнях створаны цудоўныя сацыяльна-бытавыя ўмовы.

МАЮЧЫ паўвекавы вопыт гас­падарання на зямлі, Рыгор Дзямко шчодра дзеліцца з іншымі сваім залатым капіталам. Ён ведае характар і здольнасці кожнага. Усё трымаецца на даверы. Тысячы гектараў зямлі апрацаваць, жывёлу тройчы ў дзень накарміць, паспець своечасова пасеяць, дагледзець палі, убраць ураджай. У калектыве так склалася, што кожны адчувае высокую адказнасць і мае адпаведныя заробкі. СВК «Фядорскі» ў дзясятцы самых эфектыўных гаспадарак Беларусі. Па вытворчай рэнтабельнасці асноўных відаў сельгаспрадукцыі яму наогул няма роўных…

Столінскі раён

Фота аўтара
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter