Залаты гадзiннiк Анатоля i Таццяны Петрушеняў – адзiн на дваiх

Яны годна ўпісалі свой лёс – сялян і рупліўцаў – у лёс старадарожскага калгаса і самой краіны
ДЭЛЕГАТ IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў і з’езда прафсаюзаў СССР, кавалер ордэнаў Працоўнага Чырвонага Сцяга і Леніна былы трактарыст-машыніст старадарожскай гаспадаркі імя Скварцова і Маёрава Анатоль Паўлавіч ПЕТРУШЭНЯ і на заслужаным адпачынку не адышоў ад грамадскіх спраў. На працягу двух дзесяцігоддзяў ён нязменны стараста невялікай вёскі Крычын, дзе засталося ўсяго васямнаццаць жыхароў. Калгаснікі неаднаразова абіралі перадавога механізатара і яго працавітую жонку Таццяну Іванаўну членамі праўлення. Больш за паўвека моцнаму сямейнаму саюзу Петрушэняў, бацькі якіх загінулі на франтах Вялікай Айчыннай вайны. Чацвярых дзяцей выхавалі і пажанілі Таццяна Іванаўна і Анатоль Паўлавіч. Маюць васьмярых ўнукаў і чатырох праўнукаў. Прасторны светлы дом і акуратна вымашчаны габляванымі дошкамі падворак руплівай сялянскай сям’і больш падобныя на сапраўдны музей народнай творчасці.


ПЯРЭСТАЯ курыная кампанія на чале з крыклівым пеўнем шумліва вітала вясну на залітым яркімі сонечнымі промнямі падворку. За пафарбаваным штыкетнікам грэлі галлё садовыя дрэвы з пабеленымі стваламі. Доўгі, складзены з тоўстых бярвенняў хлеў, накрытая шыферам павець з высокімі кастрамі сухіх дроў, клець і яшчэ некалькі хлеўчыкаў утварылі абжыты сялянскі падворак, дзе яшчэ нядаўна гаспадары трымалі карову, парасят і іншую свойскую жывёлу. Дзеці выраслі, раз’ехаліся па Беларусі, маюць свае сем’і, і бацькам-пенсіянерам адпала неабходнасць гадаваць столькі жыўнасці. Побач з іх згасаючым Крычынам — абсталяваны ўсім неабходным для вясковага жыцця аграгарадок Языль, дзе ў магазіны пастаянна завозіцца шырокі асартымент прадуктаў харчавання і тавараў паўсядзённага попыту. Калгасная пенсія Петрушэняў дазваляе напаўняць халадзільнік і забяспечваць сябе неабходнымі рэчамі. На сарака сотках прысядзібнага ўчастка, акрамя садовых дрэў, вырошчваюць бульбу, гародніну. 

Не толькі сабе хапае ўраджаю, але і сем’ям дзяцей. Як толькі ажывае вясною зямля, тры сыны з нявесткамі, дачка з зяцем і ўнукі едуць у Крычын і дапамагаюць упраўляцца з агародам. Вялікая раскоша адпачываць летнім часам у гэтай ціхай прыгожай вёсачцы. Бабуля і дзядуля з радасцю прымаюць чаканых гасцей. Так і бягуць год за годам. Ужо праўнукі падрастаюць і таксама не забываюць пра крычынскі падворак з утульным домам, які ў пасляваенныя гады збудавала салдацкая ўдава Кацярына Нікіфараўна Амяльчэня.

Не адна яна ў вёсцы атрымала пахаванку на мужа, што загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны. Засталася з трыма дзецьмі на руках. Бацькі і сваякі дапамагалі чым маглі. Калгас выдзеліў лес, і вясковыя мужыкі талакой узвялі пяцісценак. Працавала Кацярына Нікіфараўна паляводам, салдацкіх сірот на ногі ўздымала. З дзяцінства бойкая і смелая дачка Таццяна пасля сямігодкі атрымала камсамольскую пуцёўку на працу свінаркай у суседнюю вёску Ляскі. Вёдры за зямлю чапляліся, ад стомы ледзьве не падала, але трымалася, і нават прызнавалася лепшай маладой свінаркай гаспадаркі. І ў паляводстве таксама неаднаразова выходзіла пераможцай сацыялістычнага спаборніцтва. Сярпамі і косамі да сёмага поту спякотным летам убіралі збожжавыя. На валах і конях з поля вазілі снапы да стацыянарнай малацілкі «Дунай». Вясковая моладзь на збожжатаку начамі ўвіхалася, і Таццяна там паказвала ўзоры працы.


Бойкую чарнабровую прыгажуню прыкмеціў малады зухаваты механізатар Анатоль Петрушэня з дальняй вёсачкі Якавіна Града. І яму рана давялося прызвычаіцца да сялянскай працы. Калі хлопчыку было тры гады, загінуў у баях за вызваленне Польшчы ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў яго бацька. Пяцёра сірот засталіся на руках у салдацкай удавы Хрысціны Ісакаўны. Няўдалая самастойная спроба мянціць касу пакінула след на руцэ малодшага сына Анатоля. Сямігадовым хлапчуком употайкі ад маці ўзяўся касіць траву і, калі менціў лязо, адмахнуў частку пальца. Але не адпала ахвота да сялянскай працы. Дзядуля Ісак паступова вучыў унука касіць, за плугам хадзіць, з сякерай працаваць. На лузе дзед неасцярожна параніў касою нагу і не прыдаў гэтаму асаблівай увагі. Пачалося заражэнне. Урачы прапаноўвалі адняць нагу, але дзед адмовіўся, і гэта каштавала яму жыцця. 

Усе мужчынскія клопаты па гаспадарцы ляглі поўнасцю на падрастаючых сірот Івана і Анатоля. Сёстры дапамагалі маці ўпраўляцца дома і на калгасным полі. Так усе разам вялі хатнюю гаспадарку і ў школе паспявалі. Старэйшы брат пасля сямігодкі падаўся ў горад, а меншага Анатоля больш вабіла зямля і тэхніка. Звыклы з малых гадоў да цяжкай працы, ён у трынаццаць з вясковымі мужыкамі касіў травы на лугах калгаса «Сталінскі шлях». Валамі араў поле. Уручную возікам цягаў з маці і сёстрамі на соткі гной, баранавалі і абганялі бульбу. Пераросткам закончыў Вярхуцінскую сямігодку і пайшоў у восьмы клас сярэдняй школы ў аддаленай вёсцы Горкі. Далёка было дабірацца, асабліва калі разлівалася рака Арэса. Уставаў на досвітку і па грэблях амаль 20 кіламетраў кружыў да школы. Пахадзіў у восьмы клас і быў вымушаны пакінуць вучобу. 

Маці папрасіла ў калгаснага брыгадзіра ўладкаваць сына на працу. Падлетку даверылі кіраваць плугамі за трактарам у полі. Так з плугара і пачалася яго механізатарская справа. Праўленне калгаса накіравала стараннага Анатоля Петрушэню на курсы трактарыстаў пры МТС у Старых Дарогах, пасля заканчэння якіх даверылі першы трактар «МТЗ-2». Асвойваць машыну дапамагаў вопытны механізатар з вёскі Урбанаўка Валодзя Мінько, у якога ён пачынаў плугаром. Трактарыст падказваў, як раўней баразну пракладваць і трымаць глыбіню ворыва. Анатоль увечары вяртаўся з поля на трактары ў родную Якавіну Граду і вельмі ганарыўся гэтым. Маці цікавілася справамі сына. Рыхтаваў глебу пад сяўбу, сеяў збожжавыя, саджаў бульбу, даглядаў пасевы і ўбіраў ураджай. Асвойваў новую тэхніку. Камбайнаў у гаспадарцы яшчэ не было, і ўбіралі збажыну жняяркамі, косамі і сярпамі. Жніўны час і стаў пачаткам супольнага шляху сям’і Петрушэняў.

— Каля калгаснай збожжамалацілкі прыглянулася мне ў белай хусцінцы дзяўчына, — узгадвае Анатоль Паўлавіч. — Такая ўвішная, смелая. Лоўка шпурляла снапы ў малацілку. Дачакаўся, калі яе падменяць, падышоў і загаварыў. А яна ў момант кепку з мяне змахнула. І я не разгубіўся.

— Ухапіў маю белую хусцінку, і яна ўпала ў мазут, — дадае Таццяна Іванаўна. — Вось такім было наша знаёмства. Стаў праводзіць дамоў. Сяброўкі мне нашэптвалі, што ў яго ёсць дзяўчына.

— Была ды сплыла, — працягвае размову гаспадар. — Ездзіў да дзяўчыны за трыццаць кіламетраў, у вёску Макаравічы. Увечары на трактары вярнуся дамоў, хуценька прыбяруся і на веласіпедзе лячу да яе, каб пацалавацца. Уставаць на працу трэба было рана. А як лёс падараваў няўрымслівую Таццяну, адпалі такія вандроўкі. Захапіўся так, што і дамоў не вяртаўся. Да яе вёскі Крычын ад маёй Якавінай Грады амаль пятнаццаць кіламетраў.

— Мая надта ахвочая да навін родная цётка Зіна раптам даведалася, што кавалер начуе ў мяне, — удакладняе Таццяна Іванаўна. — Раненька прыбегла ў хату і пытае, як спалі. Адказала ёй, што начаваў у нас, бо далёка дамоў дабірацца. Цётка не паверыла, што кавалеру паслалі ў сенцах, і ўся вёска ведала пра гэту навіну. Зімовым часам на ўпрыгожанай брычцы прыехалі да нас сваты з хлебам-соллю. Маці сваякоў паклікала на заручыны. Дзень выдаўся марозны, ясны. Пасля застолля жаніх заявіў здзіўленай цётцы Зіне, што ўжо можна слаць і ў хаце. Пачалі рыхтавацца да вяселля.

— Як змаглі яго зладзіць дзве салдацкія ўдавы ў пасляваенныя цяжкія гады?

— Многа гасцей не збіралі. Вяселле, мо, і не такое багатае, але вясёлае атрымалася. Сваякі гулялі, і ўся вёска праз вокны пазірала на маладых. Жаніх забраў мяне ў сваю хату. Развесіла вышытыя ручнікі, заслала новы абрус на стол, падушкі і пасцельную бялізну прывезла. Карову і гадавалага кабана ў пасаг атрымала. Адразу склаліся добрыя адносіны з сёстрамі мужа і свякроўю. Нарадзілася першая дачушка, якую Галінай назвалі. Толькі яна стала тупаць па хаце, як прыйшла павестка мужу на службу ў армію. Са Слуцкага райваенкамата яго накіравалі ў Карэлію. Свякроў вельмі набожная была і ў святы і нядзелю не дазваляла мне нічога рабіць. А дзіця малое, і не заўсёды паспявала спраўляцца са справамі ў будні. Каб зручней было, вырашыла на час службы мужа вярнуцца да маці. Пра гэта паведаміла яму ў пісьме.

— І пра тое, што ўжо чакала другое дзіця, — удакладняе Анатоль Паўлавіч. — А гэта значыла, што мяне павінны былі адпусціць дамоў. Напісаў жонцы, каб звярнулася ў ваенкамат. Адтуль, маўляў, прышлюць афіцыйнае пацвярджэнне камандаванню вайсковай часці.

— З немаўлятам на руках некалькі разоў даводзілася ездзіць у Слуцкі райваенкамат, — адзначае Таццяна Іванаўна. — Як ехала ў цягніку з ім, то сынок спаў, а ў ваенкамаце, калі надышоў час кармлення, падаў голас. Дзяжурны без чаргі прапусціў мяне да ваенкама, які быў здзіўлены, што з дзіцем на руках з вёскі прыехала. Каб не спазнілася на зваротны аўтобус, патэлефанаваў на аўтастанцыю і папрасіў пачакаць мяне. Мужа адпусцілі дамоў з арміі. Ваенкам прапаноўваў яму працу ў горадзе, але той адказаў, што без сырадою прападзе. Так і засталіся ў доме маёй маці. Абсталявалі падворак, хлявы перабудавалі, іншыя пабудовы зладзілі, сад пасадзілі, які штогод шчодра адорвае пладамі. Чацвёра дзяцей выхавалі, у калгасе да пенсіі працавалі. Як стала больш вольнага часу, надта захапілася вышыўкай. Падушкі, покрыўкі, сурвэткі, ручнікі, абрусы вышываю. Толькі чамусьці мае дзеці, унукі і праўнукі лічаць, што зараз не модна ўсё гэта. Не магу адарвацца, пакуль не закончу чарговую вышыўку. Усю хату завешала імі. Нядаўна ўнучка нарадзіла праўнучку, то ёй рыхтую падарунак. Без справы не сяджу, як і некалі ў калгасе не магла спыніцца ў працы. Наша паляводчая брыгада пастаянна была лепшай у гаспадарцы. Гектар буракоў прарэджвала і па тры разы за лета праполвала іх. Збожжавыя даглядалі ў асноўным механізатары. Лепш за некаторых мужыкоў і зараз кашу. Старшыня калгаса імя Скварцова і Маёрава Міхневіч толькі мне давяраў абкошваць канавы і ўзбочыны палявых дарог. Падымала ўручную лён на ўчастку ў паўтара гектара, грузіла на аўтамашыну і разгружала на Любанскім ільнозаводзе. Рукі надарвала на цяжкай працы. Шмат гадоў мяне і мужа калгаснікі выбіралі ў члены праўлення. Некалькі скліканняў была дэпутатам Языльскага сельскага Савета, дзе хапала клопату. Што б ні даручалі, імкнуся акуратна і своечасова выконваць. Да парадку і дзяцей прызвычайвалі. Настройвалі на вучобу, каб атрымалі прафесію і не надрываліся, як некалі мы, ад сялянскай працы. 

— Сыноў вучыў на трактары працаваць, але жонка іх імкнулася з Крычына выправадзіць, — адзначае Анатоль Паўлавіч. — Добра было б, каб хто з дзяцей каля нас застаўся, працягваў нашу справу. Каму пакінуць дом, падворак, дзе ўсё сваімі рукамі прылаштавана. Многія сядзібы ў нашай вёсцы пустуюць, быллём зарастаюць падворкі. Гаспадароў ужо няма, а дзеці адверглі спадчыну. Толькі два працаздольныя засталіся ў нашым Крычыне. У астатніх дамах па аднаму-два пенсіянеры. Яны часта да мяне звяртаюцца па дапамогу, асабліва вясною, калі трэба араць агароды. Коней ніхто не трымае. У майго стрыечнага брата Васіля Кокшы, што жыве ў вёсцы Вязынь, ёсць трактар, і я на ім свае сорак пяць сотак штовясну апрацоўваю і аднавяскоўцам дапамагаю. 

— Анатоль Паўлавіч, не сумуеце па працы на тэхніцы?

— Вачыма і зараз кіраваў бы трактарам, але ўсяму свой час. Вельмі любіў вясною выходзіць у поле, калі зямля на вачах абуджаецца. Вядзеш па раллі магутны «Т-150» з шыроказахопнымі агрэгатамі, і застаецца роўна ўзараны след. Прыпынішся на ўскрайку поля, выключыш рухавік, і толькі звон жаўрукоў над полем. Кранае гэты спеў.

Любіў працаваць на трактары «МТЗ». На ім саджаў бульбу, абганяў яе і ўбіраў ураджай. Сеяў збажыну, і ў час жніва садзіўся за штурвал збожжаўборачнага камбайна. Спачатку ўбіраў збажыну на «СК-64», які быў без кабіны. Пыл вочы засцілаў. Без спецыяльных акуляраў нельга было абысціся. Працаваў на больш сучасным камбайне «Ніва». Чатыры сезоны ўбіраў ураджай на адзіным у нашым калгасе нямецкім агрэгаце «Е-516», на якім дасягаў найбольшых намалотаў. Памочнікам у мяне была жонка. Разам да вечаровых зорак не пакідалі жніво. Нават і начаваць даводзілася ў полі. Камбайн сапсаваўся, і мы ўдваіх рамантавалі яго, каб на золку працягваць уборку. Выходзілі пераможцамі сацыялістычнага спаборніцтва не толькі ў раёне, але і ў вобласці і рэспубліцы.

У тым, што за працоўныя поспехі ўзнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга і Леніна, выбіраўся дэлегатам IV Усесаюзнага з’езда калгаснікаў і з’езда прафсаюзаў СССР, заслуга і жонкі Таццяны Іванаўны. Падараваў ёй залаты гадзіннік, які мне ўручылі ў Маскве. Ёй больш даставалася клопату, чым мне. Я ведаў толькі калгас, а яна паспявала па хатняй гаспадарцы ўпраўляцца, дзяцей выхоўваць і яшчэ ў калгасе быць у перадавых. З вясны да позняй восені не пакідаў кабіну трактара. Імкнуўся ўсё зрабіць своечасова. Таму меў і поспех. Яшчэ і на пенсіі некалькі гадоў працаваў, ніяк не мог адарвацца ад руля трактара.

БОЛЬШ сучасная і магутная тэхніка цяпер у ААТ імя Скварцова і Маёрава. Магутныя трактары «МТЗ», якія папоўнілі машынна-трактарны парк, укамплектаваны пасяўнымі агрэгатамі, што адначасова рыхтуюць глебу і засяваюць поле. На высокім узроўні трымаецца культура земляробства. На пясчаных палетках, ацэненых па ўрадлівасці ў сярэднім у 22 балы, летась сабралі амаль па 30 цэнтнераў збажыны на круг, і валавы збор зерня з агульнай плошчы ў паўтары тысячы гектараў давялі амаль да чатырох тысяч тон. Адпаведна і заробкі ў механізатараў на энерганасычанай тэхніцы высокія. Палепшыліся эканамічныя паказчыкі. 

Вытокі поспеху пачыналіся з старання такіх адданых справе рупліўцаў, як працавітая сямейная пара Таццяны Іванаўны і Анатоля Паўлавіча Петрушэняў са старадарожскай вёскі Крычын.

Старадарожскі раён

Фота з сямейнага альбома ПЕТРУШЭНЯЎ і аўтара
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter