«Залаты букет»

Бляск ордэнаў і медалёў у той дзень сапернічаў з сакавіцкім сонейкам і бляскам музычных інструментаў аркестра ваеннай камендатуры...

Ветэраны – асобы высокага абавязку

Не памылюся, калі скажу, што аднымі з самых паважаных жыхароў Кастрычніцкага раёна Віцебска з’яўляюцца Герой Савецкага Саюза Леанід Мікалаевіч Філіпенка, чатыры Героі Сацыялістычнай Працы – Марыя Васільеўна Анібраева, Ганна Фёдараўна Арцёменка, Уладзімір Паўлавіч Гармашоў і Яўген Трафімавіч Чарвякоў. У гэты “залаты букет” можна дадаць яшчэ восем ганаровых грамадзян горада. 

— Ветэраны, — адзначыў намеснік кіраўніка адміністрацыі Кастрычніцкага раёна Іван Матвееў, — асобы высокага абавязку. Вялікую дапамогу аказваюць яны ў патрыятычным выхаванні падлеткаў і моладзі. 

І гэта не дзяжурны камплімент з нагоды юбілею. Дастаткова заўважыць, што ў Кастрычніцкім раёне абласнога цэнтра цяпер дзейнічае 87 пярвічных ветэранскіх арганізацый. А гэта больш за 32 тысячы  патрыётаў Айчыны з багатым жыццёвым мінулым. Удзельнікаў Вялікай Айчыннай сярод ветэранаў звыш шасці соцень. Скрушна, што з кожным годам іх становіцца ўсё менш. 

Зусім не вясельным, а сапраўдным генералам на ўрачыстасці, прысвечанай 20-годдзю ўтварэння ветэранскай арганізацыі, аказаўся старшыня Віцебскага абласнога Савета грамадскага аб’яднання ветэранаў генерал-маёр запасу Генадзь Герасімовіч. Ён пацвердзіў меркаванне прадстаўніка мясцовай улады Івана Матвеева аб незвычайнай згуртаванасці ветэранскай дружыны раёна, якую цяпер узначальвае Барыс Іванавіч Собалеў. У дадатак да цёплага прывітання з нагоды юбілею генерал Герасімовіч уручыў раённай арганізацыі ветэранаў імянны гадзіннік з жартоўным наказам звяраць час па ўласцівых старэйшаму пакаленню законах сумлення і патрыятызму. І... па газеце “Рэспубліка”, якую надзвычай паважаюць у ветэранскіх арга-нізацыях і якой давяраюць самае хвалюючае і патаемнае. 

Свята атрымалася на славу. Бляск ордэнаў і медалёў у той дзень сапернічаў з сакавіцкім сонейкам і бляскам музычных інструментаў аркестра ваеннай камендатуры. Як гімн пакаленню, якое вытрымала і вынесла на сваіх плячах цяжар усіх выпрабаванняў, прагучала такое блізкае сэрцу кожнага: “Не старэюць душой ветэраны...” 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter