«Залацінка»

Шура Кардаш нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і адразу...

Хто дзе нарадзіўся, той там і згадзіўся

Шура Кардаш нарадзіўся ў шматдзетнай сям’і адразу пасля вайны ў маленькай вёсачцы, што хавалася сярод суцэльнага лесу. З самага маленства разам з братамі і сёстрамі ён бегаў у той лес па ягады-грыбы, ездзіў з бацькам па дровы, дапамагаў маці ўпраўляцца з гаспадаркай і агародам. Скончыўшы пачатковую школку ў сваёй вёсцы, чатыры гады адбегаў у суседнюю, за пяць кіламетраў ад іхняй. Там была васьмігодка. Вучыўся добра, з ахвотай. Пасля васьмі класаў Шура паступіў вучыцца ў сельскагаспадарчы тэхнікум на агранома. З яго прагай да вучобы можна было і далей вучыцца. Але пры такой плойме, што заставалася ў яго дома, на адну стыпендыю хіба пашыкуеш? Хацелася ўжо і адзежыну якую лепшую справіць, і з гасцінцамі да роднай хаты прыязджаць, а не толькі з яе цягаць торбы з салам і бульбай. Так што пасля атрымання спецыяльнасці «аграном» Шура па накіраванні адправіўся працаваць у адзін з калгасаў Украіны, на Чарнігаўшчыне. Той калгас якраз спецыялізаваўся на вырошчванні бульбы, да якой Шура няроўна дыхаў: страшэнна любіў яе садзіць, потым наглядаць за з’яўленнем першых расточкаў, разам з сёстрамі і маці станавіцца на рады і абгортваць-абкопваць калівы, а па восені капаць і любавацца кожным клубнем. А ўжо есці-смакаваць барабулю ён мог у любым выглядзе: халодную, «у мундзірах», нішчымную.

Дома ў кутку агарода ён, будучы падлеткам, адваяваў у маці сабе граду — для вопытаў. На яе вясной высаджваў бульбяную расаду, якую вырошчваў у маленькіх скрынках на падвоканні з насення зялёных ягадак, што вырасталі на месцы белых і фіялетавых бульбяных кветак. Калаціўся над кожным каліўцам, штосьці ўсё над імі варажыў — ставіў вопыты, пра якія чытаў у сельскагаспадарчых часопісах.

Хлопец змалку ўсё ніяк не мог надзівіцца, як гэта з міршавенькіх, ледзь відных воку крапіначак насення, кінутых у зямлю, вырастаюць рознакаляровыя кветкі; з адных бубачак — чырвоныя памідор, бурак і морква, а з іншых — зялёны агурок, паласаты гарбуз, жоўтыя кіяхі кукурузы? А ўзяць жыта, пшаніцу, авёс? I ва ўсіх іх розны смак! Дзівам заставалася для яго і яго любіміца бульба.

На Чарнігаўшчыне Шура, як казалі ў яго вёсцы, акашаваўся: ажаніўся з аднакласніцай Кацярынай, з якой перапісваўся ўвесь час, пакуль вучыўся, з дапамогай калгаса пабудаваў добрую цагляную хату, у іх нарадзіліся двое дзяцей — сын і дачка.

Працаваў залюбкі, ставіў свае вопыты над бульбай, балазе ён быў ужо ў гаспадарцы галоўным аграномам. Яго назначылі на пасаду якраз адразу пасля вучобы ў Горацкай акадэміі, якую ён скончыў завочна. На гэты час галоўны аграном іх гаспадаркі запрасіўся на адпачынак — у шэсцьдзясят гадоў з гакам яму было ўжо цяжка насіцца па палях, выседжваць шматлікія нарады ў раёне і вобласці. Так што Шура са сваім вучэннем паспеў учасна. Цяпер ён быў ужо не Шура, а Аляксандр Аляксандравіч. Праўду сказаць, ён не рваўся на пасаду галоўнага: усе яго думкі і мары былі накіраваны да адной-адзінай мэты, якая стала галоўнай у яго жыцці, — вывесці новы гатунак бульбы, ды не адзін! Па яго настойлівай просьбе яшчэ былы галоўны аграном са згоды старшыні калгаса адвёў настырнаму свайму памочніку невялікую дзялянку зямлі пад яго бульбяныя вопыты. Маўляў, лепш няхай больш корпаецца ў зямлі, чым заглядвае ў бутэльку, як іншыя. На той сваёй дзялянцы Кардаш працаваў прыхваткамі, у выхадныя дні, бо ж не яна была галоўная ў гаспадарцы. Ад калгаса патрабавалі не вывядзення новых гатункаў, а вала прадукцыі з гатовых. I пасада галоўнага, хоць бы тымі нарадамі ў самім калгасе, у раёне, вельмі яго адрывала ад любімага занятку. Ён стаў пасылаць на іх замест сябе маладога свайго памочніка Ваню Солада. Той з ахвотай пагаджаўся, бо, абраўшы прафесіяй работу, цесна павязаную з зямлёй, хлопец больш любіў удаваць сябе за начальніка: сядзець у кабінеце і на тых самых нарадах, корпацца ў паперах, праехацца на «газіку» паўз калгасныя палеткі, а вярней, паўз дзяўчат, якія на іх працавалі, — толькі не капацца ў зямлі.

Усё было добра, пакуль не распаўся Саюз. Спачатку ўсе хваляваліся: што яно і як будзе? Першыя гады пасля развалу велічэзнай краіны работа ішла па наезджанай каляі, потым непрыкметна (як растуць чужыя дзеці) папаўзлі змены. Калгасы і саўгасы пачалі патроху хірэць, занепадаць, іх сталі расцягваць хто куды. Памяняліся ўсе начальнікі, а з імі прыйшлі новыя парадкі.

Усё гэта так было не па душы Кардашу. Яго доследы-вопыты на той час аказаліся зусім нікому не патрэбнымі. Тады ён перанёс іх на ўчастак каля хаты. З-за іх з ім сварылася яго Каця, бо большая частка агарода была занята градамі з вопытнымі гатункамі бульбы, а ёй не было куды прыткнуцца са сваімі градамі агуркоў, перцаў, цыбулі, кветак...

Час ад часу Аляксандр Аляксандравіч разам з Кацярынай і дзецьмі наязджаў дамоў да Беларусі, да роднай вёскі, да старой маці, што засталася адна ў хаце, бо ўсе яе дзеці к гэтаму часу паразляталіся па свеце — хто куды, а гаспадар памёр. Працягваў ездзіць і пасля таго развалу. Бывала, што і адзін. На сваёй машыне (спачатку гэта быў «запарожац», потым яго змяніў «масквіч», а таго — «жыгулі») абарочваўся за дзень. Перашкод не было ніякіх да таго часу, пакуль Беларусь і Украiна, якія сталі самастойнымі, не пачалі наводзіць прымежныя пераходы-пераезды. 3 кожным разам кантроль на іх узмацняўся, ды не гэта выводзіла з сябе заўсёды ўраўнаважанага Кардаша, а марнаванне, бывала па некалькі гадзін, таго самага часу, якога і так яму не хапала, каб за выхадныя дапамагчы па гаспадарцы маці і дома ў сябе што парабіць. Яго доследныя грады і градкі таксама патрабавалі шмат часу.

У адну такую паездку пад Радаўніцу, калі ён з Кацярынай і дзецьмі, прыкупіўшы ў Чарнігаве на Цэнтральным базары штучных вяночкаў і кветак на магілы бацькі, дзеда з бабай, а таксама па кілаграму-два першых парніковых памідораў, агуркоў, яшчэ ўсяго патроху на памінальны стол, пад’ехалі на сваёй «шасцёрцы» да перахода ў Новых Ярылавічах, то аказаліся мо сотымі ў доўгай аўтамабільнай чарзе такіх жа, як самі, беларусаў, што ехалі адусюль-усюд да сваіх памерлых родзічаў. Афармленне-правяранне ішло чамусьці, як ніколі, доўга і марудна. А тут яшчэ па чарзе ад машыны да машыны прайшла чутка, што «сёння на мытні шуруе Белазоры — страхалюд, які не дае людзям правезці ні аднаго лішняга грама, нават калі рэч ідзе пра пахаванне чалавека». Кардашам не было чаго баяцца: на чатырох яны везлі, нават не дабраўшы норму тых кілаграмаў. Яны спакойна чакалі сваёй чаргі. Куды дзенешся? А калі тая чарга нарэшце дайшла, да іх аўтамабіля паважна, не паспяшаючы, наблізіўся малады хлопец у форме мытніка з адной зорачкай на пагонах. Не глянуўшы ні на кога, ён паказаў рукой Аляксандру Аляксандравічу ад’ехаць убок, потым загадаў падаставаць усе сумкі-клункі і... высыпаць на зямлю памідоры, агуркі.

— Паслухайце, шаноўны, мы ж на Радаўніцу едзем, нічога такога недазволенага не вязём, не першы раз едзем. Бачна ж, што мы не чаўночнікі, мы свае — беларусы!..

— Пагавары мне, дык зараз павярну назад, знайшоўся мне свой, — корпаючыся ў адной з сумак, а потым падкінуўшы нагой памідорыну, якая адкацілася ўбок, сказаў, як плюнуў, мытнік, не даўшы Аляксандру Аляксандравічу нават закончыць сваю тыраду.

Заўсёды спакойнага, ураўнаважанага Кардаша тыя словы і паводзіны маладога хлопца разанулі па жывому. Пакінуўшы на зямлі памідоры і агуркі, а ў машыне разгубленых Кацярыну і дзяцей, ён накіраваўся да дзвярэй адміністрацыйнага будынка мытні. Там, паклікаўшы старшага змены, пагаварыў з ім, і не толькі: прымусіў таго Белазорага сабраць з зямлі памідоры і агуркі, папрасіць прабачэння і, даехаўшы да Гомеля, не паленаваўся, заехаў у абласное ўпраўленне мытні, дзе напісаў скаргу на імя начальніка. У той скарзе Аляксандр Аляксандравіч звярнуў увагу на недапушчальнасць работы такіх вось робатаў-белазорых на мяжы Беларусі, на тое, што яны сваімі паводзінамі падрываюць яе аўтарытэт, што з-за такіх бяздушных, як ён, усе, хто едзе праз Беларусь або да яе, думаюць, што там усе такія...

Дамоў да маці Кардашы прыехалі дзесь апоўначы (выехаўшы ў пяць гадзін ранку). Тая ўжо і не знала, што думаць-гадаць, куды яны падзяваліся? Трохі адпачыўшы не столькі ад дарогі (трохі больш за дзвесце кіламетраў), колькі ад дурнога таго чакання на мытні, ды яшчэ з такімі «нервамі», усёй раднёй пабывалі на могілках і назаўтра паехалі назад. На мытні былі ўжо іншыя змены, іншыя людзі, і Кардашы праехалі без будзь-якіх перашкод і затрымак. Але! Прайшоўшы тую зневажальную працэдуру агляду, усю дарогу — да адной і другой дамоўкі — Кардаш маўчаў, толькі жаўлакі хадзілі пад скурай. А калі вярнуліся дамоў ва Украіну, ён заявіў сваёй Кацярыне:

— Усё, жонка! Збірай манаткі, будзем вяртацца дадому — да Беларусі! — сказаў як адрэзаў.

Пераезд заняў некалькі месяцаў: пакуль рыхтавалі дакументы, знайшлі купца на хату, прыгледзелі сабе хату там, куды пераязджалі. Знаходкай аказалася дружба з аднагрупнікам: усе гады пасля вучобы ў акадэміі Кардаш перапісваўся, перазвоньваўся, сустракаўся сем’ямі са сваім сябрам-аднагрупнікам Максімам Артамонавым. Той жыў пад Мінскам, працаваў у Навукова-практычным цэнтры Нацыянальнай акадэміі навук па бульбаводстве. Артамонаў і з працаўладкаваннем дапамог: стаў Аляксандр Аляксандравіч навуковым супрацоўнікам цэнтра, яго Кацярыне таксама знайшлася работа ў ім, дзеці пайшлі ў школу.

Кардашы прыжыліся хутка, як ніколі і не пакідалі свайго краю. Цяпер Аляксандру Аляксандравічу нішто не перашкаджала займацца любімай справай. З галавой ён акунуўся ў вывядзенне новых гатункаў сваёй любіміцы. Цяпер у яго распараджэнні былі не напаўлегальная дзялянка калгаснай зямлі, не куцанькія кавалачкі былога свайго агарода пры хаце, а цэлы навукова-практычны цэнтр з сучаснымі лабараторыямі, насеннем дзікіх гатункаў бульбы з усяго свету, нават з таго самага Перу, з яго міжнароднага цэнтра па бульбаводстве. А яшчэ — калекцыя цэнтра, якая налічвала больш за дзвесце адзінак узораў (клубняў) бульбы трох дзясяткаў відаў. Дадайце да гэтага яшчэ вялізную калекцыю прабірачных узораў з лабараторыі біятэхналогіі ды плюс цэлыя надзелы-палігоны спецыяльна апрацаванай, дагледжанай зямлі з наборам усяго неабходнага для даследчай работы.

Працуй — не хачу!

Ён знаў, чаго хацеў, яшчэ з маленства, калі разам з малодшымі братамі і сёстрамі дапамагаў маці садзіць, палоць, акопваць, а восенню капаць бульбу. А яшчэ поўзаць па ёй з бляшанкамі ды збіраць ненавісных бульбаедаў — каларадскіх жукоў, якіх не зналі потым куды прытуліць — на іх нават дамашняя птушка касавурылася і грэбавала імі. Новы гатунак яго бульбы павінен мець адмысловыя якасці: хутка расці, не паддавацца хваробам, не прыцягваць да сябе паласатых нахлебнікаў, мець добры смак, выгляд — быць у поўным сэнсе слова залатым!

Аляксандр Аляксандравіч працаваў у цэнтры не пакладаючы рук. Як добра, што яго Кацярына з дзецьмі ўсё разумелі і яму не перашкаджалі. Мала таго, малодшая дачка Юля захапілася бацькавай справай і яго марамі і ва ўсім яму дапамагала. Яна ўжо вырашыла для сябе, кім стане ў жыцці, — бульбаводам, як бацька. I вучыцца яна будзе завочна ў той жа акадэміі і на тым жа факультэце. А практыка ў яе будзе «пад бокам», таксама ў бацькі. Юля марыла вывесці рознакаляровыя гатункі бульбы, і каб яна была не дробненькая, як яе дзікія продкі з Паўднёвай Амерыкі, а з кулак! I калі ў яе бацькі ў галаве быў «залаты клубень» для ежы, дык у Юлькі — каляровы, для лячэння і нават... амаладжэння чалавечага арганізма. Нішто дзяўчыну не палохала, нават тое, што на стварэнне такой цуда-бульбы пойдзе не менш як дзясятак гадоў, пакуль яна даб’ецца яе перадачы на дзяржаўныя гатункавыя выпрабаванні. Яна ўжо столькі літаратуры прачытала, адурыла сваімі ідэямі галаву бацькаваму сябру, таму самаму Максіму — вядучаму селекцыянеру цэнтра, які якраз працаваў у гэтым напрамку.

— Вось жа ўдалася ў бацьку, абое рабое, як кажуць, такая ж уедная, як ён. Састарышся на тых сваіх палігонах, як бацька. Векавухай застанешся, хто цябе на іх пабачыць, разгледзіць? — выгаворвала Кацярына малодшай дачцэ за што-небудзь, а сама ў душы радавалася, што дзеўка не пустакветка, не гуляй-вецер. За такую можна быць спакойнай — пры зямлі яна, а вось сын... Старэйшы сын Кардаша ўсё яшчэ шукаў сябе ў жыцці, захопліваючыся і пачынаючы то адну справу, то другую, і бацькі пабойваліся, каб жа ўсё ў яго выйшла, каб жа і ён знайшоў сабе справу па душы.

...Той доўгачаканы дзень наступіў праз дзевяць гадоў пасля пераезду Кардашоў у Беларусь. Адзін з гатункаў Аляксандра Аляксандравіча, цяпер ужо кандыдата сельскагаспадарчых навук, перадаваўся на дзяржаўныя гатункавыя выпрабаванні. Клубні яго дзецішча былі роўныя, прадаўгаватыя, з ледзь прыметнымі вочкамі, жоўтыя, нібы тое золата. Смак выведзенага гатунку быў таксама адзіны і непаўторны — штосьці ад духмянай дыні. Клубні хацелася смакаваць сырымі. На дзялянцы, дзе пад пільным наглядам Кардаша расла бульба гэтага гатунку, ніхто так і не знайшоў «паласатых тэрарыстаў». Да апошняга ён нікому (нават Кацярыне і Юльцы) не казаў, як хоча яе назваць, — баяўся сурочыць. Памятаў з дзяцінства павучанні бацькоў: не кажы «гоп», пакуль не пераскочыш. Цяпер можна.

На так званай прэзентацыі новага гатунку яго віншавалі калегі, абдымаў верны сябар Максім, побач радасна скакала Юлька, вочы Кацярыны ззялі шчасцем — такім жа, як тады, калі яна выносіла яму дачку і сына з радзільнага дома.

— Дык ты нарэшце скажаш, як назавеш яе, якая назва папоўніць наш селекцыйны рэестр? — паціскаючы руку наваяўленаму роданачальніку новага гатунку, запытаў дырэктар цэнтра.

— Проста. Гэта ж золата інкаў, дык так і назавём — «залацінка»! — як пра даўно вырашанае, заявіў Аляксандр Аляксандравіч. Так пра імя доўгачаканага дзіцяці сказала б маці, якая яго вынасіла.

Ужо дома, калі нарэшце дабраўся да спальні і застаўся сам-насам са сваімі думкамі, перажываннямі, успамінамі, ён усё яшчэ не верыў, што дабіўся таго, чаго хацеў на працягу ўсяго свядомага жыцця, быў нібы ў тумане. Няўжо яго мара збылася? Няўжо гэта зрабіў ён? А хіба зрабіў бы, каб не вярнуўся дамоў, каб не Максім з яго запрашэннем, каб не верная Кацярына, каб не Юлька з яе святой верай у яго і са сваімі марамі і надзеямі? Так бы і корпаўся на градах каля хаты. Ён заплюшчыў вочы і тут жа ўбачыў квітнеючае фіялетавае поле сваёй «выхаванкі», сваёй «залацінкі». Самаробнаму мору не відаць было канца-краю. На яго хвалях ён плыў-ляцеў на руках-крылах, мерна пагойдваючыся і млеючы ад шчасця...

— «Залацінка», кажаш? А чаму і не? Уеднік ты мой залаты! Дабіўся ўсё ж такі свайго, за што цябе і кахаю, — данёсся да свядомасці голас Кацярыны, якая масцілася-ўкладвалася побач на ложку.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter