Залатое руно – сваімі рукамі

Пры дапамозе ніткі і іголкі Лілія Зарэцкая можа вышыць усё: карціны, дываны, адзенне, геаграфічныя карты і нават літаратурныя творыЯе невялічкая кватэра больш нагадвае музей народнай творчасці. Куды ні кінь вокам, паўсюль – вышытыя сурвэткі, карціны, дываны, падушачкі... Слава пра незвычайную гаспадыню гэтай кватэры ўжо разнеслася нават за межы нашай краіны. Лілія Зарэцкая з вёскі Навасёлкі Пастаўскага раёна асабіста размаўляла з Прэзідэнтам Беларусі, ездзіла на ток-шоу ў Маскву, а адзін вядомы расійскі журналіст гатовы быў аддаць паўтысячы долараў за вышыты яе рукамі дыван...

Паўцарства за прыгажосць
Лілія Радзівонаўна вышывае амаль усё сваё жыццё — без іголкі з ніткаю не можа пражыць і дня. Руплівая гаспадыня кажа, што толькі малых падушак яна зрабіла больш за сотню. Дываноў розных памераў вышыта больш як дзесятак. А ўжо розных карцін, сурвэтачак і абрусаў — нават не лічыла. Але свае працы яна нікому не прадае.
— Для мяне мае работы — што дзеці родныя, — прызнаецца жанчына. — Я з імі нават пагаварыць магу, камплімент сказаць. Вось, напрыклад, гэта вышытая падушачка ў мяне прыгожая, тая — шыкарная, а вось гэта — з “изюминкой”! Але ж вы гэта не пішыце! Я жартую з вамі. Здаецца, вазьму грошы за іх, дык яны мне рукі абпякуць. А дарыць не шкадую — не! Мае вышыванкі ёсць у пісьменнікаў, журналістаў і нават спартсменаў. Дарэчы, вышытыя дываны не прэзентую — вельмі карпатлівая праца. Каб вышыць адзін дыван, трэба паўгода сядзець над ім. Але адзін дыван прыйшлося-такі прадаць. І цяпер па ім гарую. Пекны быў, прыгожы. Мы былі з сястрой на выставе. Да нас падышоў хлопец (ужо потым я даведалася, што ён працуе намеснікам рэдактара расійскіх “Известий”) і давай прасіць: “Женщина, милая, продайте ковер! Я вам 500 долларов дам — только отдайте. Повешу его у себя в кабинете, буду про вас рассказывать”. Я не прадала б, але сястра як нарабіла ляманту: аддавай і ўсё! І навошта я яе тады паслухала?! Прыйшлося прадаць. Цікава, што журналіст тады даў толькі 300 долараў і 200 тысяч беларускіх. Абяцаных паўтысячы ў яго не знайшлося. Помню, тыя грошы я раздзяліла паміж усімі ўнукамі. Кожнаму выйшла па 76 тысяч беларускіх рублёў. Дык ці ж разбагацелі?.. А дыван той ужо і не магу вам паказаць...
Дарэчы, у Ліліі Зарэцкай дзесяць унукаў і пяць дарослых дзяцей. Жанчына ўжо даўно на пенсіі, а да гэтага папрацавала на славу. Зарэцкая гаворыць, што за 20 гадоў работы даяркай яна так і не зведала, што такое адпачынак. За гэты час у яе не было ніводнага выхаднога, а гэта значыць, жанчына працавала без перапынку  больш за сем тысяч дзён! Ні з адным дзіцем Лілія Радзівонаўна не была ў дэкрэтным. Сыходзіла, каб нарадзіць, а праз тыдзень-другі вярталася на службу — да каровак. Ужо ў 22 гады ў яе было чацвёра дзяцей, двое з іх — двайняткі. Ліліі не споўнілася і сорак, калі трагічна загінуў яе муж. Жанчына засталася адна з пяццю дзецьмі. Сказаць, што ёй было цяжка — нічога не сказаць... Жаць, сеяць, касіць, рамантаваць, клопаты вырашаць, — жыццё яе навучыла ўсяму.
— Нават на матацыкле прылаўчылася ездзіць, — расказвае Лілія. — Мне хацелася ўсюды паспяваць — і на працы, і дома.
У сне, але не табліца Мендзялеева
Некалькі год таму Лілія Радзівонаўна, здавалася, зрабіла неверагоднае — ніткамі ды іголкай яна вышыла... генеалагічнае дрэва свайго роду. Цяпер род Зарэцкай як на далоні — дзевяноста чалавек, шаснаццаць прозвішчаў, шэсць пакаленняў прымасціліся на вышытым дрэўцы. Цікава, што дрэва з кожным годам “разрастаецца”. Калі хтосьці ў сям’і нараджаецца, Лілія Радзівонаўна адразу вышывае новыя “імянныя” лісточкі. Напэўна, дзеці і ўнукі таленавітай майстрыхі ўжо ніколі не забудуцца гісторыю сваіх прадзедаў і дзядоў.
— Вышываць “дрэва жыцця” было цяжка, але цікава — не расказаць! — гаворыць, нібы спявае, жанчына. — Не паверыце, але толькі чатыры гады я страціла, каб знайсці патрэбную тканіну — не ўсялякае палатно для гэтай справы падыходзіла. Шмат часу спатрэбілася, каб даведацца гады жыцця родзічаў. 90 імён роду я помніла, а вось з датамі былі праблемы. Прыйшлося рассылаць родным пісьмы з пытаннямі ў розныя куткі краіны. Але ж мне гэта “дрэва” ўжо прыелася. Цяпер у мяне новая “любоў”.
Хвілінка — і Лілія Радзівонаўна разгортвае палатно дзіўнай прыгажосці: на маляўнічым пано сярод блакітных васількоў ды залацістых каласкоў вышыты лісточкі з прозвішчамі і назвамі твораў 36 беларускіх асветнікаў, пісьменнікаў і паэтаў.
— Як жа я гэту работу люблю! — пляскае ў далоні жанчына. — А спачатку нават не думала, што ў мяне атрымаецца. Ці ж гэта жартачкі ўзяцца за “літаратурную” справу! Але ж колькі перажыванняў было з гэтай працай. Помню, вышыла прозвішчы, назвы твораў, алфавіт, васількі з каласкамі, а ўсё роўна адчуваю, што чагосьці не хапае. Столькі я хадзіла, мучылася, шукала “слабое звяно”, што, нібы той Мендзялееў, адказ знайшла ў сне. Прысніўся мне анёл, які параіў вышыць ад алфавіта праменьчыкі сонца. Як вышыла я тыя праменьчыкі ды яшчэ раскрытую кнігу, палатно адразу іншымі колерамі зайграла. Цяпер у мяне адна мара: каб у госці да мяне завітаў Аляксей Дудараў і выказаў сваё меркаванне наконт працы, між іншым, сярод маіх “запісаў” ён таксама ёсць.
Гарбузік ад Малахава
Здаецца, для Ліліі Зарэцкай няма нічога немагчымага — яна можа вышыць усё што заўгодна. Калі яна дэманструе вышытую геагра-фічную карту Пастаўскага краю, людзі хапаюцца за галаву. Яе ж намаляваць праблема, а вышыць — тым больш... На карце-карціне можна знайсці кожную вёсачку, кожную рэчку і азярцо. А нядаўна майстрыха скончыла вышываць да 600-го-ддзя Паставаў гербы гарадоў-пабрацімаў.
— Вельмі баялася напартачыць, — прызнаецца Лілія Радзівонаўна. — Кожны герб пад павелічальным шклом разглядала, каб, барані Божа, якую дэталь не прапусціць! Але маральна цяжка і цяпер: раптам на юбілеі горада падыдзе чалавек з нейкай краіны і скажа, што нешта не так вышыла. Але я старалася. На мяне дочка крычала: “Мама, навошта табе столькі васількоў для ўпрыгожвання?! Вышыла б два-тры — і хопіць!” Дык я ж не ўмею — мне трэба ляпіць і ляпіць. Я са сваім заняткам ужо ўсю канапу праседзела, — жартуе гаспадыня. — Раненька ўстану, скацінку пакармлю і за іголачку. Так магу да самай ночы сядзець.
Два гады таму Лілю Зарэцкую запрасілі на ток-шоу “Малахов+”, каб расказала, як яна захоўвае “вастрыню” зроку пры такіх інтэнсіўных нагрузках на вочы.
— Мне ў Маскву ехаць не хацелася. Першы раз я адмовіла, але мне зноў пазванілі, вельмі прасілі прыехаць, тады згадзілася. Мне аплацілі дарогу, харчаванне і нават далі ганарар. Прычым не толькі мне, але і ўнучачцы, якую я ўзяла з сабою. Малахаў мне вельмі спадабаўся. Такі просты хлопец — аніякай “звездности”! Ён мне ўсю праграму гаварыў: “Лилия Родионовна, кушайте тыковку, полезно”.
Яшчэ адна запамінальная сустрэча ў жыцці таленавітай жанчыны здарылася тады, калі ў яе атрымалася пагаварыць з Аляксандрам Лукашэнкам.
— У той дзень ён прыязджаў у Паставы з рабочым візітам, — успамінае Лілія Зарэцкая. — Мне пашчасціла не толькі падараваць Аляксандру Рыгоравічу сваю карціну, але і крышачку з ім пагаварыць. Я іншы раз задумаюся, калі б не маё захапленне, жыццё было б сумным і нецікавым, а так што ні дзень — прыгода...

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter