Залатая сярэдзiна

Званок з Оршы ад выхавацельнiцы дзiцячага садка-ясляў. Жанчына нечакана выказала падзяку за тое, што я пiшу ў газеце… на беларускай мове

Званок з Оршы ад выхавацельнiцы дзiцячага садка-ясляў. Жанчына нечакана выказала падзяку за тое, што я пiшу ў газеце… на беларускай мове. 

Вось табе, бабуля, i Юр’еў дзень! Калi б я быў падлеткам, то, верагодна, пачырванеў на ўсе шчокi. Бо добра, калi трэць з надрукаванага пад маiм прозвiшчам у газеце сапраўды беларускамоўная прадукцыя. Але ж, бач ты, прыкмецiла!  Прыемна  ўсведамляць, што сярод пэўнай групы нашых чытачоў ёсць попыт на беларускамоўныя матэрыялы. 

Самае дзiўнае, што мая суразмоўца па тэлефоне пакрытыкавала нават аднаго вядомага дыктара беларускага радыё. Маўляў, у яе мове шмат «русiзмаў», не заўсёды лiтаратурная лексiка. Няхай прабачыць шаноўная калега, але жменька здаровай крытыкi кожнаму з нас толькi на карысць. 

З другога боку, здараецца неверагодны «гвалт» за ўжыванне роднай мовы. Адна з вiцебскiх вучоных не палiчыла годным пазванiць аўтару гэтых радкоў, каб абмеркаваць сваю пазiцыю хаця б на тэлефонным узроўнi i адправiла на iмя галоўнага рэдактара неабсяжнае пiсьмо, у якiм доўга i тлумна павучала карэспандэнта Фёдарава, што ён абавязаны пiсаць для газеты на той мове, на якой усе навокал гавораць. 

Паколькi пiсьмо было з адрасам i тэлефонам, я без цяжкасцей адшукаў маю сярдзiтую чытачку. Яна наадрэз адмовiлася размаўляць на «штучнай» мове. Хаця разумее беларускую мову не горш за iншых. Але такi вось прынцып. Размова ў нас атрымалася, як у сляпога з глухiм. Кожны застаўся ў сваiм «акопе». Не хацелася б толькi параўноўваць гэта з ваеннымi дзеяннямi. Яшчэ чаго не хапала! Толькi ў мяне i дагэтуль шчымiць у душы стрэмка ад непаразумення. А каго вiнавацiць? Найперш – самога сябе. Вiдаць, не хапiла аргументаў, а можа, i таленту, каб даказаць, якая ж яна багатая, прыгожая i сакавiтая – наша васiльковая матчына мова! 

Калi ж без эмоцый, з развагамi, то варта кiравацца мудрай «залатой сярэдзiнай». Як бачым, жыццё наша ва ўсiх адносiнах палярнае. Нават сонца не ўсiм можа дагадзiць, i нават бывае… ворагам. 

Будзем жа памяркоўнымi! Не варта распальваць лiнгвiстычную «грамадзянскую вайну» на моўнай глебе. На ўсялякi прыстойны тавар ёсць свой пакупнiк. Iншая справа, што ён не заўсёды бывае годным. Як на рускай, так i на беларускай мове. Але гэта ўжо тэма для iншай размовы. 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter