Залатая моладзь Беларусі

Пераможцамі ІІ Міжнароднага конкурсу выканаўцаў на народных інструментах імя Іосіфа Жыновіча сталі маладыя беларускія музыканты Уладзіслаў Плігаўка, Наталля Корсак і Міхаіл Лявончык.

Як адзначыў дырэктар конкурсу Барыс Ліўшыц, гэты іспыт не толькі выяўляе таленавітую моладзь і заахвочвае яе да выканання музычных твораў на народных інструментах, але і ўмацоўвае сувязі паміж рознымі краінамі. У гэтым годзе на конкурсе 41 музыкант з Беларусі, Расіі, Украіны, Малдовы, Славакіі, Кітая спаборнічалі ў майстэрстве ігры на народных інструментах у трох намінацыях — “баян”, “домра”, “цымбалы”. На працягу амаль сямі дзён паміж удзельнікамі ішла напружаная барацьба за званне лепшага.
У намінацыі “баян” першае месца заняў студэнт Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі, лаўрэат шматлікіх міжнародных конкурсаў Уладзіслаў Плігаўка. Лепшай выканальніцай на домры была прызнана салістка Белдзяржфілармоніі Наталля Корсак. А цымбалістам нумар адзін журы назвала выпускніка Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі Міхаіла Лявончыка. Усе яны атрымалі дыпломы, а таксама грашовыя прэміі ў памеры 2 тысячы еўра. Па словах Барыса Ліўшыца, пераможцы ІІ Міжнароднага конкурсу на народных інструментах атрымалі  запрашэнне на работу на лепшых канцэртных пляцоўках нашай краіны і цяпер могуць прэтэндаваць на званне стыпендыятаў спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь па падтрымцы таленавітай моладзі.

 

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter