Чысціня і парадак, гасцінасць, прырода -- якiя яшчэ адмеснасцi нашай краiны першыми назвалiiншаземцы падчас апытання

Законы прывабнасцi

Імідж у наш час — рухавік цікавасці да краіны. Што пра нас думаюць іншаземцы, якія асацыяцыі выклікае ў іх сама яе назва? Як аказалася ў выніку праведзенага апытання, пазітыўныя. Цяпер гэтыя даныя трэба выкарыстаць для стварэння прывабнага брэнда Беларусі. 

Прырода, дранікі, гасцінныя людзі, чысціня і парадак, Мінск... Гэта — тыя рэчы, якія першымі называюць замежнікі, калі іх пытаюць, што яны думаюць пра нашу краіну. Для параўнання, мясцовыя жыхары ў першую чаргу адзначаюць прыроду, сваю гасціннасць, затым дранікі, буслоў і замкі. Адкуль я гэта ўзяла? Усё — з даследавання іміджу нашай краіны сярод іншаземцаў і сваiх. Гэтыя цікавыя звесткі будуць пакладзены ў аснову стварэння брэнда Беларусі. Праўда, тэрміны зноў адклалiся — цяпер да канца года.

Замежнікі называюць нашу краіну прыгожай, бяспечнай, не вельмі экзатычнай і ў меру халоднай
Фота БЕЛТА

У мінулым годзе не без дапамогі мазгавога штурму зацікаўленых і неабыякавых спецыялістаў з розных сфер з'явіліся анкеты. Для вывучэння меркавання пра нашу краіну ў сваіх і прыезджых. Выпадковых пытанняў у іх не было, запэўнівае намеснік дырэктара Нацагенцтва па турызме Алена Ліхімовіч. Усе заданні адбіраліся разам з маркетолагамi і сацыёлагамі. Плюс эксперты адсочвалі падобныя праекты ў іншых краінах і нешта пераймалі там. Пытанні на першы погляд здаюцца простымі і часам дзіцячымі, і міжволі здзіўляешся: хіба варта было столькі часу над імі сядзець? У Ліхімовіч іншае меркаванне. Маўляў, кожнае зададзена наўмысна, каб атрымаць інфармацыю для правiльнай пабудовы брэнда, а не проста для распрацоўкі лагатыпа і слогана.

Само анкетаванне ішло ў другой палове мінулага года. Удзел у ім прынялі каля 1,5 тысячы чалавек. Прычым больш за палову замежнікаў ніколі ў нас не бывалі. Апыталі і нашых грамадзян, тры чвэрці з якіх так ці інакш кантактуюць з жыхарамі іншых краін — падчас падарожжаў, па працы, маюць сяброў за мяжой. Цікава было пачуць праз іх водгукі аб моцных баках іміджу краіны і параўнаць з бачаннем тутэйшых.

Напрыклад, як шмат беларусаў падарожнічае па краіне? Многія, на жаль, па гэты дзень лічаць, што «лавіць» няма чаго. А вось замежнікі супрацьлеглага меркавання. Яны называюць нашу краіну прыгожай, бяспечнай, небагатай, не вельмі экзатычнай і ў меру халоднай. Народ — досыць гаманкім, сціплым, так сабе валодаючым замежнымі мовамі, цярплівым, прыязным, сабраным, ветлівым, з пачуццём гумару, працавітым... Спакой, дабрыня і гасціннасць вабяць прыезджых. На думку нашых, гасцей павінна падкупляць новае месца, дзе можна расслабіцца і дзе да гэтага бывала мала турыстаў.

А якое ў вас адчуванне таго, што такое Беларусь? Пакуль думаеце, паглядзiце, што адказалі госці — бывалыя і патэнцыяльныя. Амаль палова асацыюе нашу краіну з радасцю і шчасцем, а таксама са спакоем і заспакаеннем. Яшчэ ў чвэрці апытаных узнікаюць добрыя і захопленыя пачуцці. Дарэчы, апублікаваны толькі станоўчыя адказы — у аснову брэнда варта закладваць пазітыў. Хоць было б цікава даведацца пра прапорцыю праменьчыкаў цяпла і негатыву. Для шырокай публікі гэта застанецца загадкай. Будзем спадзявацца, другую частку інфармацыі таксама прымуць да ведама. Што цікава: па даных даследавання праекта Еўрасаюза, нашу краіну апісалі як арыгінальную, супакоеную, чалавечную і натуральную. Штосьцi супадае. 

А што скажаце на такое: калі б Беларусь была чалавекам, у якім настроi яна была б? Чатыры з дзесяці замежнікаў лічаць, што ў добразычлівым. Затым ідуць жыццярадаснасць і спакой. А як у вас з гульнёй у колеры? Адгадайце, калі б краіна мела ўсяго адзін, які б ён быў? Адказ госця — зялёны, белы, чырвоны? А вось і… так. Прызнаюся, спачатку падумала, што ўсё інакш: сіняга ў дыяграме больш. Але гэта — умоўнае абазначэнне зялёнага. Чырвоны — белага, зялёны — чырвонага. Так бачаць аўтары. Толькі мясцовыя на другі радок паставілі блакітны. А вось наконт жывёлы-сімвала мы і прыезджыя сыходзімся ў меркаванні — гэта зубр. Вядомыя месцы, на думку гасцей, Белавежская пушча, Мірскі замак і Брэсцкая крэпасць. Мы ж на трэцяе месца ставім Нацыянальную бібліятэку. А вось з вядомымі людзьмі атрымалася таксама цікава. У топе поглядаў з абодвух бакоў — Якуб Колас. Затым госці называюць Янку Купалу, Вікторыю Азаранка і Дар'ю Домрачаву, мы — Францыска Скарыну, Янку Купалу і Макса Каржа... 

Гэтыя даныя — для патэнцыяльных удзельнікаў конкурсу на распрацоўку лагатыпа і слогана краіны. Амерыку, канешне, не адкрылi, але ж афiцыйную iнфармацыю атрымалi. Людзям творчым засталося стварыць нейкi яскравы вобраз. На думку начальніка аддзела маркетынгу Нацагенцтва Ірыны Гардзіенка, важна на пачатковым этапе прадумаць, што і на якія мэтавыя рынкі мы будзем прапаноўваць. Усё гэта будзе закладзена ў тэхнічным заданні, якое зацвердзяць у красавіку. Пасля чаго абвесцяць адкрыты конкурс, каб разнастаіць існуючыя напрацоўкі. Што атрымаецца? Чакаем грамадскага галасавання. 

druk@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter