Яго давалi трыумфатары — лаўрэаты i дыпламанты I Мiжнароднага конкурсу вакалiстаў iмя Л.Александроўскай. Хто яны, тыя маладыя артысты, якiя, прабiўшыся праз адборачнае сiта трох выпрабаванняў, паднялiся на лаўрэацкi п’едэстал гонару?
30 лiстапада, пасля заключнага трэцяга тура, мiжнароднае журы на чале з народнай артысткай СССР, прафесарам Беларускай дзяржаўнай акадэмii музыкi Тамарай Мiкалаеўнай Нiжнiкавай засядала ледзь не да ночы, дыскутуючы пра тое, у каго ж з 12 фiналiстаў самы прыгожы i моцны голас, хто з iх найбольш сцэнiчны i артыстычны, хто здолеў найлепш перадаць музычныя i драматычныя вобразы тых оперных партый, якiя выконваў. Пра тое, што было зусiм няпроста вызначыцца з першай прэмiяй у групе прэтэндэнтак, сведчыць i той факт, што гэту адну першую (згодна з умовамi конкурсу) прэмiю прыйшлося падзялiць памiж дзвюма вакалiсткамi. У мужчынскай групе абышлося без падзелу. Аднак пра гэта крышку нiжэй.
А цяпер колькi слоў пра сам конкурс, якi, безумоўна, стаў падзеяй у культурным жыццi сталiцы. Сапраўды, у нас любяць i ведаюць толк у сур’ёзным вакале, тым вакале, якi ёсць “альфа” i “амега” опернага мастацтва. На працягу трох тураў народ валам iшоў у канцэртныя залы, дзе праходзiў конкурс. А падчас заключнага этапа канцэртная зала Лiцэя БДУ была лiтаральна набiта бiтком. Яно i зразумела, не часта ў нашы днi пачуеш сапраўдныя, жывыя, опернага фармату галасы. Тым больш маладых людзей, якiя толькi пачынаюць кар’еру ў вялiкiм мастацтве.
Калi верыць у неўмiручасць душы, дык душа Ларысы Пампееўны Александроўскай, напэўна, была ўсцешана — i гэтым конкурсам, якi быў зладжаны ў яе гонар; i тымi цудоўнымi галасамi, што толькi набiраюць моцы; i iх уладальнiкамi, што ўпэўнена “становяцца на крыло” перад тым, як выправiцца ў цудоўнае падарожжа па краiне опернага i ўвогуле музычнага мастацтва.
Конкурс вакалiстаў iмя Ларысы Александроўскай — легендарнай спявачкi, народнай артысткi СССР, стагоддзе якой сёлета адзначае беларуская культурная грамадскасць — робiць першыя крокi. Думаю, не будзе пытання: праводзiць у будучым такiя конкурсы цi не. Адназначна — праводзiць!
У 1945 годзе французская “Юманiтэ” назвала Ларысу Пампееўну адной з самых найвялiкшых спявачак Расii. Канечне, i зараз прыемна чытаць такiя словы, толькi вось парыжанам трэба было б ведаць, што спадарыня Александроўская — не расiянка, а беларуска. I па нараджэнню, i па духу...
На сучаснiкаў Л.Александроўская наводзiла проста ашаламляльнае ўражанне не толькi як спявачка i актрыса, але i як надзвычай абаяльная жанчына, прыгажосць якой была прадметам зайздрасцi, плётак i iнтрыг...
Але вернемся да конкурсу вакалiстаў, якi ўчора завяршыўся шыкоўным канцэртам лаўрэатаў i дыпламантаў.
Як i трэба было чакаць (у папярэдняй публiкацыi за 1 снежня мы на тое звярнулi ўвагу), першая прэмiя была прысуджана Аксане Дзiкай (Украiна). Але не толькi ёй. Гэтую ж прэмiю падзялiла з Аксанай наша Таццяна Гаўрылава. Абедзве, кожная па-свойму, блiскуча справiлiся з матэрыялам: Аксана выконвала сцэну Аiды з оперы “Аiда” Вэрдзi i арыю Маргарыты з оперы “Фаўст” Ш.Гуно; а Таццяна надзвычай тонка i пранiкнёна выканала кавацiну Разiны з оперы “Севiльскi цырульнiк” Дж.Расiнi i рэчытатыў, а таксама арыю Анны з оперы “Страшны двор” С. Манюшкi.
Няма нiякага сумнення, што i Аксана, i Таццяна неўзабаве стануць зоркамi опернай сцэны. У iх ёсць цудоўны арыенцiр у жыццi i творчасцi — Ларыса Александроўская.
У мужчынскай кагорце перамогу святкавалi Пётр Талсценка з Расii (барытон) — першая прэмiя, Iлля Сiльчукоў з Беларусi (барытон) — другая прэмiя i Дзмiтрый Трафiмук, таксама з Беларусi (бас).
А мы, тым часам, будзем жыць у чаканнi Другога конкурсу вакалiстаў iмя Л.Александроўскай. Калi ён адбудзецца? Цяжка сказаць — праз чатыры, магчыма, пяць гадоў, але абавязкова адбудзецца. I ўжо ў канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай фiлармонii: можа, да таго часу рэканструкцыя яе будзе нарэшце завершана...