Как в Минске задерживали молодую пару, которая распространяла наркотики

Заклад не iдзе ў лад

Цудоўным восеньскім днём на вуліцах горада можна сустрэць шмат закаханых парачак, якія гуляюць, абдымаюцца і фатаграфуюцца. Чаму ж тады аператыўнікі ў завулку Казлова літаральна лавілі кожны рух крыху паўнаватай светлавалосай дзяўчыны з прыемным адкрытым тварам і яе кавалера? Карэспандэнт «Р» на месцы падзей даведалася, у чым падазраюцца гэтыя людзі.

Наркадылерам пагражае працяглы тэрмін пазбаўлення волі.
n71.ru

Голас першай скрыпкі

«Высокааплатная праца УКантакце!» — такое паведамленне атрымаў аднойчы мінчанін Дзмітрый. З цікаўнасцю перайшоў па спасылцы, апынуўся ў адным з месенджараў, дзе хутка зразумеў, што зарабляць давядзецца распаўсюджваннем наркотыкаў — так званых «соляў» і спайсу. Маладога чалавека гэта не збянтэжыла, а вярбоўнік сцвярджаў: «Прадаваць, прапаноўваць, распаўсюджваць і барыжыць не трэба. Выключна дастаўка, без сустрэч». Быццам бы выбар слоў мяняў сутнасць таго, што адбывалася! Затое заробкі абяцалі да 200 тысяч расійскіх рублёў ці 3 тысяч долараў у месяц — на карту Ашчадбанка або ківі-кашалёк.

Невядома, ці паспеў Дзіма зарабіць такія грошы, але праз месяц інтэрнэт-крама, на якую ён працаваў, ад хлопца пазбавілася: у яго быў занадта вялікі працэнт нязнойдзенага — сітуацый, калі тавар не даходзіць да пакупніка. Тады замест яго «на працу ўладкавалася» сужыцелька Аляксандра. Зрэшты, дзяўчына і раней дапамагала каханаму. А зараз яны проста памяняліся ролямі, і яна зайграла вядучую скрыпку. 

Шкодныя прагулкі

— Нам паступіла аператыўная інфармацыя, што да распаўсюджвання наркотыкаў можа мець дачыненне гэты малады чалавек, — распавядае Дзмітрый Белавушка, начальнік аддзялення па наркакантролі і супрацьдзеянні гандлю людзьмі Мінскага РУУС. — Пачалі правяраць, і ў выніку аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў, пра падрабязнасці якіх я б распаўсюджвацца не хацеў, высветлілі, што гэта сапраўды так, а да наркабізнесу мае адносіны і яго дзяўчына.

Супрацоўнікі міліцыі высветлілі, што хлопец працуе грузчыкам, а яго сужыцелька вучыцца ў каледжы прадпрымальніцтва, даведаліся пра іх распарадак дня і зразумелі, што парачка робіць закладкі падчас сваіх «рамантычных» прагулак па горадзе. На днях аперацыя ўвайшла ў вырашальную фазу.

Па дарозе ў парк на вуліцы Карастаянавай Аляксандра была досыць пільнай, аднак не хапіла ёй вопыту распазнаць аператыўнікаў у прахожых, што спяшаліся па сваіх справах. А яны бачылі, як шпацыруючы па парку, дзяўчына нахілілася, падабрала нейкі скрутак і хутка сунула яго ў заплечнік.

— Вось, глядзіце — вялікі камень, побач валяецца бляшанка з-пад напою, а пад ёй бачны прыкоп, — паказвае Дзмітрый Уладзіміравіч тое самае месца.

Спяшацца пакуль няма куды — паненка вярнулася дадому і, мабыць, чакае канца працоўнай змены свайго кавалера. Але вось, нарэшце, стукаюць дзверы пад’езда, і прыбраная дзяўчына спяшаецца ў цэнтр сустракаць каханага. Пяшчотныя абдымкі, падчас якіх скрутак апынаецца ў кішэні хлопца, павольны шпацыр па ціхай вуліцы, сярод чатырох- і пяціпавярховых хрушчовак, пільная ўвага то да вадасцёкавай трубы, то да камянёў у кветніках і пастаяннае набіванне тэксту ў тэлефоне — відаць, адрас і рэкамендацыі па пошуку для спажыўцоў.

— Варта даць маладым людзям магчымасць зрабіць некалькі закладак, каб канчаткова пераканацца ў правільнасці сваіх падазрэнняў і зразумець, што наркотык у іх з сабой, — тлумачыць тактычны ход Дзмітрый Белавушка.

Затрыманне адбываецца імгненна, так што маладыя людзі і зразумець нічога не паспяваюць. Проста побач раптам вырастаюць дужыя хлопцы — байцы САХРу ў цывільным. Стаўка робіцца на эфект нечаканасці, бо бывае, што распаўсюджвальнікі наркотыкаў пачынаюць шалёна супраціўляцца, прычым некаторыя нават носяць з сабой нажы, спрабуюць скінуць зелле. З кішэні курткі хлопца дастаюць пакецік з рознакаляровымі скрутачкамі. Неўзабаве высветліцца, што гэта альфа-PVP, асабліва небяспечнае псіхатропнае рэчыва, агульная вага яго складае 5 грамаў. Гэта пры тым, што паўграма «солі» здольны адправіць у нірвану кампанію з пяці наркаманаў.

Хлопец адразу разумее, што гэты раўнд гульні з законам прайграны, і пачынае распавядаць пра свой «бізнес». А вось 19-гадовая дзяўчына, здаецца, яшчэ не ўсведамляе сур’ёзнасці сітуацыі — смяецца, праўда, даволі нервова, адмаўляецца паведамляць пароль ад свайго мабільніка, выдатна разумеючы, што там цэлы воз кампраметуючай яе інфармацыі. Праўда, хапае дзяўчыны ненадоўга...

Хто не ведае, той не здагадаецца, што пад бляшанкай хавалася аптовая закладка.

Дапаможнік для кладмэна

У памяці тэлефона — гісторыя «працаўладкавання», а таксама цэлы дапаможнік для пачынаючага «кладмэна». Арганізатары інтэрнэт-крамы праводзяць поўны, літаральна пакрокавы інструктаж, як патрэбна сябе паводзіць, даводзяць умовы, пры якіх можна ўладкавацца «на працу», папярэджваюць, дзе нельга хаваць закладкі. Дарэчы, не раяць рабіць іх на дзіцячых пляцоўках — маўляў, падумайце аб дзецях. Кветнікі каля пад’ездаў таксама непажаданае месца — там вечна завіхаюцца бабулькі, і тавар можа быць страчаны. Аптовыя закладкі раяць забіраць пры святле дня, справядліва мяркуючы, што блуканні чалавека з ліхтарыкам, скажам, па парку, абавязкова прыцягнуць чыю-небудзь увагу.

— Некаторыя інтэрнэт-крамы просяць распаўсюджвальнікаў адпісвацца ім, калі тыя ідуць «на справу» і калі вяртаюцца. Могуць папрасіць зрабіць і даслаць сэлфі, каб пераканацца, что кладмэн не трапіў у міліцыю, — пералічвае Дзмітрый Уладзіміравіч хітрыкі наркагандляроў. — Яны маюць свае чорныя спісы, куды трапляюць наркаманы, якія могуць проста ўкрасці тавар. Ад новых работнікаў патрабуюць фота пашпарта — тых старонак, дзе ўказаны адрас рэгістрацыі і здымак гаспадара, а таксама ўласнае фота з разгорнутым дакументам і здымак лістка, на якім абавязкова ад рукі напісана сённяшняя дата і якое-небудзь кодавае слова. Такім чынам яны спрабуюць выключыць магчымасць выдаць сябе за іншую асобу. 

У дачыненні да абодвух маладых людзей распачата крымінальная справа па частцы 3 артыкула 328 Крымінальнага кодэкса — «Незаконны абарот наркатычных сродкаў, псіхатропных рэчываў і прэкурсораў». Ім пагражае ад 8 да 15 гадоў пазбаўлення волі. 

nevmer@sb.by
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter