Большие планы и надежды: как развивались Оршанская и Витебская операции в 1943 году

Заходні фронт пераходзіць у наступленне

(Працяг. Пачатак у № 80)

Зусім хутка Беларусь адзначыць 75-годдзе вызвалення ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Аб тым, як у жорсткіх баях вызвалялі Беларусь, наша гутарка з загадчыкам аддзела ваеннай гісторыі Беларусі, доктарам гістарычных навук, прафесарам Аляксеем Міхайлавічам Літвіным.

Кровапралітныя баі на заходнім напрамку


— Паважаны Аляксей Міхайлавіч! Наступальныя планы Стаўкі на 1943 год былі маштабнымі і смелымі. Не ўсе з іх удалося рэалізаваць. Вызвалілі першыя гарады і раёны Беларусі, але тады далей прасунуцца не здолелі. Чаму? Як ішло вызваленне далей, з якіх беларускіх гарадоў выбілі акупантаў?

— Яшчэ падчас Смаленскай аперацыі Стаўка ВГК паставіла перад Заходнім фронтам задачу: да моманту авалодання Смаленскам левым крылом фронту заняць Пачынск, Рослаў і выйсці на рубеж рака Сож — Хіславічы — Шумягі; у далейшым галоўнай групоўкай наступаць на Аршанскім напрамку і 10—12 кастрычніка захапіць раён Оршы, Магілёва. Агульная глыбіня будучай аперацыі павінна была скласці 160—200 кіламетраў. Леваму крылу Калінінскага фронту паставілі задачу асноўныя намаганні сканцэнтраваць на Віцебскім напрамку і не пазней 9—10 кастрычніка ўзяць Віцебск. У канцы верасня Стаўка пашырыла задачу Заходняму фронту: пасля заняцця Оршы, Магілёва працягваць наступленне на Барысаў, выйсці на лінію Докшыцы — Далгінава — Радашковічы і ў далейшым вызваліць Вільнюс. Адначасова Калінінскаму фронту прадпісвалася ўзяць Рыгу, а Цэнтральнаму фронту — Мінск.

Кінутыя на лясной дарозе нямецкія гаўбіцы.
military.wikireading.ru

Згодна з планамі Стаўкі, меркавалася разграміць нямецкую групу армій «Цэнтр» адначасовымі рассякаючымі ўдарамі па флангах і ў цэнтры, вызваліць Беларусь і выйсці да межаў Усходняй Прусіі і Прыбалтыкі.

Аднак, як паказалі далейшыя падзеі, грунтоўных падстаў для такіх аптымістычных прагнозаў не было. Савецкія войскі не мелі значнай перавагі перад праціўнікам. Суадносіны ў людзях былі 1,1:1, у танках — 2:1, гарматах і мінамётах — 1,8:1, і толькі па самалётах была значная перавага — 3,7:1. І хаця перад пачаткам наступлення ў часцях і злучэннях быў высокі патрыятычны ўздым, нельга было не бачыць фізічную стомленасць войскаў і знос тэхнікі за час летніх аперацый. Дададзім восеньскае бездарожжа, лясіста-балоцістую мясцовасць, шматлікія водныя перашкоды, моцныя абарончыя збудаванні і жаданне гітлераўцаў стаяць да апошняга.

Тым не менш савецкія войскі распачалі 2 кастрычніка 1943 года запланаваныя аперацыі ад Невеля да вусця Прыпяці. Першымі ў бой уступілі левафланговыя арміі Калінінскага фронту — 43-я і 39-я, якія нанеслі ўдар на захадзе з мэтай звесці ў зман і адцягнуць сілы праціўніка з раёна Невеля, дзе рыхтаваўся асноўны ўдарны кулак.

У выніку жорсткіх чатырохдзённых баёў ім удалося прарваць нямецкую абарону і прасунуцца на 10—18 кіламетраў.

На працягу трох дзён (6—8 кастрычніка), штурмуючы кожны дом і кожную агнявую кропку, воіны 84-га стралковага корпуса генерала С.А. Князькова вызвалілі горад і чыгуначную станцыю Лёзна Віцебскай вобласці.

Кулямётны разлік вядзе бой.

Удар на Віцебск


6 кастрычніка ў наступленне перайшлі правафланговыя арміі фронту — 3-я і 4-я ўдарныя, якія нанеслі галоўны ўдар на Віцебск з поўначы праз Невель у стык груп армій «Цэнтр» і «Поўнач». Пасля двухдзённых баёў Невель, буйны вузел супраціўлення ворага, вызвалілі, тым самым быў зроблены 20-кіламетровы разрыў у лініі фронту, перастала існаваць дарога Дно — Новасакольнікі — Невель, якая дазваляла ажыццяўляць манеўр сіламі паміж групамі «Поўнач» і «Цэнтр». Каб аднавіць становішча, нямецкае камандаванне тэрмінова перакінула сюды дзве пяхотныя дывізіі з-пад Ленінграда, пяць пяхотных і адну танкавую дывізію з паўднёвага крыла групы армій «Цэнтр», сюды па загадзе Герынга перанацэлілі сілы 6-га паветранага флоту. Завязаліся жорсткія кровапралітныя баі. I хаця нямецкім часцям удалося прыпыніць наступленне савецкіх войскаў, вярнуць Невель вораг ужо не змог. Не выканалі пастаўленай задачы — авалодаць да 10 кастрычніка Віцебскам — і войскі Калінінскага фронту.

— А як ішлі баі на іншых участках фронту?

— 3 кастрычніка 1943 года галоўны ўдар у кірунку Оршы нанеслі 10-я гвардзейская, 21-я і 33-я арміі пры падтрымцы 1-й паветранай арміі. Баі прынялі вельмі жорсткі характар. Праціўніку ўдалося перакінуць з іншых участкаў фронту пяхотныя і танкавыя злучэнні. Наступленне савецкіх войскаў у сувязі з гэтым мела толькі нязначны тактычны поспех. Стаўка рэкамендавала камандуючаму Заходнім фронтам сканцэнтраваць асноўныя сілы на правым фланзе з мэтай прарыву фронту, каб у далейшым шляхам флангавага ўдару ў тыл разграміць войскі праціўніка, якія замацаваліся на Дняпры. У адпаведнасці з ўказаннямі Стаўкі ВГК камандаванне Заходнім фронтам пачало тэрміновую перагрупоўку войскаў, а затым з 12 кастрычніка 1943-га па 1 красавіка 1944-га правяло адзінаццаць аперацый (6 на Аршанскім напрамку, 2 на Багушэўскім і 3 на Віцебскім напрамку), якія потым сталі прадметам спецыяльнага разгляду Надзвычайнай камісіі ВГК.

Так ішло наступленне на Камарын.

Атакі на Оршу


Першая аперацыя была праведзена 12—18 кастрычніка 1943 года на Аршанскім напрамку. У ёй бралі ўдзел 19 стралковых дывізій, танкавы корпус, кавкорпус, 12 артылерыйскіх брыгад, 20 артпалкоў РГК, 3 танкавыя брыгады, 6 танкавых і самаходных палкоў. Усяго 134 танкі. Артылерыйская шчыльнасць складала 150—200 ствалоў на 1 кіламетр фронту. Сілы праціўніка на ўчастку наступлення складалі 2 пяхотныя дывізіі, 5 артпалкоў і каля 30 танкаў. У пачатку наступлення праціўніку ўдалося перакінуць сюды 1 пяхотную, 2 матарызаваныя дывізіі і 4 артпалкі. Наступленне завяршылася ўкліненнем усяго на 1—1,5 кіламетра. Пры гэтым войскі фронту страцілі 5858 чалавек забітымі і 17 478 — параненымі. У гэты час кровапралітныя баі вяліся і на Магілеўскім напрамку.

З 29 снежня па 6 студзеня 1944 года праводзілася Віцебская аперацыя. Падчас гэтай аперацыі злучэнні 33-й арміі прарвалі добра ўмацаваную паласу праціўніка і да канца снежня пашырылі ўчастак прарыву да 12 кіламетраў, прасунуліся на глыбіню 8—12 кіламетраў і асядлалі шасэ Віцебск — Орша. Хаця войскам арміі супрацьстаялі значна меншыя сілы праціўніка, дзякуючы добра арганізаванай абароне баі адрозніваліся выключнай жорсткасцю. Асобныя апорныя пункты па некалькі разоў пераходзілі з рук у рукі. Войскі фронту страцілі за час аперацыі 6692 чалавекі забітымі і 28 904 — параненымі. Такімі ж цяжкімі і кровапралітнымі былі і аперацыі, якія праводзіліся Заходнім фронтам у пачатку 1944 года.

Усе гэтыя аперацыі, адзначалася ў дакладзе Надзвычайнай камісіі ВГК, «закончыліся няўдала, і фронт пастаўленых Стаўкай задач не дасягнуў. Ні ў воднай з пералічаных аперацый не была прарвана абарона праціўніка нават на яе тактычную глыбіню, аперацыі заканчваліся ў лепшым выпадку нязначным укліненнем у абарону праціўніка пры вялікіх стратах нашых войскаў... З кастрычніка па красавік 1944 года Заходні фронт страціў 330 419 чалавек. Акрамя таго, за гэты час з войскаў Заходняга фронту ў шпіталі паступіла 53 283 хворыя. За гэты час войскамі фронту быў выкарыстаны 7261 вагон боепрыпасаў», што было значна больш, чым на іншых франтах. Няўдалыя дзеянні войскаў Заходняга фронту дысаніравалі на фоне поспеху Чырвонай Арміі ў аперацыях на Правабярэжнай Украіне, а таксама пры зняцці блакады Ленінграда. Таму аб баявых дзеяннях Заходняга фронту восенню 1943-га — зімой 1944 года ў айчыннай гістарыяграфіі пісалася мала.

— Першым вызваленым райцэнтрам Беларусі стаў Камарын. Як гэта адбылося?

— У напрамку Беларусі правым флангам наступленне вёў таксама Цэнтральны фронт. У ноч на 23 верасня 1943 года войскі 13-й арміі Цэнтральнага фронту фарсіравалі Днепр і вызвалілі Камарын.

valk@sb.by

(Працяг будзе)
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter