Инвалиды из разных регионов Гродненской области продемонстрировали в Ивье неординарные таланты

Захаваць радасць жыцця

У тым, што людзі з абмежаванымі магчымасцямі валодаюць неабмежаванымі здольнасцямі, можна было ўпэўніцца на XI абласным фестывалі творчасці маладых інвалідаў «Калі мы разам — мы мацнейшыя», які прайшоў на мінулым тыдні ў Іўі. Свята сабрала каля 250 удзельнікаў з аддзяленняў дзённага знаходжання для інвалідаў тэрытарыяльных цэнтраў сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і дамоў-інтэрнатаў Гродзенскай вобласці.


У фае Дома культуры разгарнулася выстава вырабаў удзельнікаў фестывалю. Экспазіцыю сёлета склалі гербы раёнаў, створаныя ў самых арыгінальных тэхніках. Маладыя людзі выкарыстоўвалі і саломку, і лён, і пенапласт, і кару дрэва, і простую паперу. Незвычайны герб з выявай княгіні Евы ў чырвоным строі са срэбнай кнігай у руках прадставілі гаспадары сёлетняга фестывалю іўяўчане. Герб выраблены ў тэхніцы квілінг, або паперакручэнне.

— Я працаваў над гербом каля двух месяцаў, — расказаў аўтар работы 23-гадовы наведвальнік аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў ТЦСАН Іўеўскага раёна Барыс Рыжкін. — З вузкіх і доўгіх палосак паперы круціў маленькія кропелькі, а затым з гэтых модуляў складваў пано. Усяго спатрэбілася каля 4500 такіх модуляў.


Акрамя самаробных гербоў, прывезлі ўдзельнікі фестывалю і творчыя нумары. Канцэрт прайшоў на галоўнай сцэне Дома культуры. Маладыя людзі з інваліднасцю спявалі, танцавалі, дэкламавалі вершы, прэзентавалі сцэнічныя мініяцюры і тэатральныя кампазіцыі. Ды так таленавіта і ўмела, што цяжка было здагадацца, што артысты — з абмежаванымі магчымасцямі.

— Нашы інваліды з задавальненнем ездзяць на такія фестывалі, — падзялілася спецыяліст па сацыяльнай рабоце Лідскага раённага тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ірына Лыскоўская. — Для іх гэта крыніца яркіх эмоцый і ўражанняў, магчымасць сустрэцца з сябрамі. За час правядзення фестывалю мы знайшлі нямала добрых сяброў з іншых тэрытарыяльных цэнтраў.


Фестываль «Калі мы разам — мы мацнейшыя» — важная па­дзея не толькі для людзей з інваліднасцю, лічыць намеснік старшыні Іўеўскага раённага выканаўчага камітэта Лідзія Носуль:

— Гэта асаблівае мерапрыемства заклікае здаровых людзей задумац­ца аб міласэрнасці, працягнуць руку дапамогі тым, хто мае патрэбу ў падтрымцы. Удзельнікі фестывалю валодаюць неверагоднай сілай волі і, нягледзячы на хваробу, захоўваюць радасць жыцця. Многія, перамагаючы жыццёвыя цяжкасці, дасягаюць поспехаў у вучобе, спорце, творчасці і працы, што выклікае сапраўдную павагу.

У наступным годзе таленавітыя людзі з інваліднасцю Гродзенскай вобласці сустрэнуцца ў Воранаве.

 mila@sb.by

Фота аўтара.

Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter