Челлендж фото и коротких историй «Добрыя справы» в Год мира и созидания продолжается

Захаваць і памножыць спадчыну

Жыхары аграгарадка Лукі Карэліцкага раёна адрадзілі старадаўні звычай Улассе, або «конскае свята»

Узнавілі традыцыю пяць гадоў таму. За гэты час жыхарам мястэчка ўдалося рэканструяваць самыя цікавыя моманты даўняй традыцыі. У наш час яна стала каларытнай адметнасцю Карэліцкага краю. Апантаныя культурным здабыткам продкаў землякі ў канцы лютага запрагаюць коней, прыбіраюць іх кветкамі і званочкамі, ставяць на воз упрыгожаную прасніцу з кудзеляй і едуць катацца па вёсцы з песнямі і музыкай. Як святкуюць Улассе ў Луках, расказала карэлічанка Аксана Басюк. 


— Нашы продкі каталіся на вазах, запрэжаных коньмі, прычым ездзілі доўга, кругамі, — піша наша чытачка. У даўнія часы лічылася, што чым даўжэй у канцы зімы праедзеш на кані, тым лепшы вырасце лён. Галоўныя ўдзельнікі свята — валачобнікі. Яны хадзілі па вёсцы з песнямі і печывам пад назвай «хрэсцы» ў форме бараны ці сярпа. Такое ха­джэнне атрымала назву «спяваць вясну».

Жанчыны рабілі невялікія снапкі лёну (па-мясцоваму «ручкі»), якія перадавалі мужчынам. А тыя, у сваю чаргу, павінны былі выехаць у поле і кінуць «ручкі» як мага далей, каб і лён урадзіўся доўгі.

Сёлета на «конскім свяце» каталі колы, забівалі на хуткасць цвікі ў драўляныя калодкі, аб’язджалі маладых коней, навыперадкі насілі чыгуны з бульбай. Тым самым пакідалі сабе адзін дзень для забаў, бо, пачынаючы з наступнага дня пасля Уласся, надыходзіў час думаць пра пачатак сельскагаспадарчага года. Людзі жылі прадчуваннем хуткага абуджэння прыроды, загартоўвалі насенне для пасадкі. 

Фота Сяргея СТОЛЯРА.

Свята слова і гармоніі 

На цікавую вечарыну, прысвечаную роднай мове, нядаўна запрасілі землякоў вучні салігорскай гімназіі № 2. Удзельнікі літаратурна-краязнаўчага аб’яднання «Вытокі» пад кіраўніцтвам Людмілы Клішэвіч, пісьменніцы Валянціны Бабко-Аляшкевіч і бібліятэкара Ніны Мігун прадставілі гасцям мерапрыемства літаратурна-музычную кампазіцыю. На вечарыне гучалі песні і вершы класікаў беларускай літаратуры Янкі Купалы, Якуба Коласа, Максіма Багдановіча. Дзеці чыталі вершы і ўрыўкі з мастацкіх твораў. 


«Было прыемна назіраць за тым, з якой увагай і цікавасцю прысутныя слухалі вершы, адгадвалі загадкі, — падзялілася ўражаннямі Валянціна Віктараўна. — Мы ўпэўніліся: родную мову маладое пакаленне беларусаў ведае і з задавальненнем на ёй размаўляе. А чым больш цікавых літаратурных вечарын, тым больш захаплення культурнай спадчынай нашага народа!»

Фота даслала Валянціна БАБКО-АЛЯШКЕВІЧ.

kuzmich@sb.by
Паважаныя сябры! Прапануем вам даслаць цікавыя гісторыі пра тое, што нам, беларусам, дапамагае жыць у міры і згодзе. Раскажыце, як вы паспрыялі вырашэнню праблемы сябра, суседа або знаёмага. Падзяліцеся з намі сваімі гісторыямі. Няхай яны стануць прыкладам таго, як важна берагчы ўсё, што маеш, імкнуцца да стварэння і верыць у лепшае. Пішыце! Не забудзьце падмацаваць кароткія гісторыі фотаздымкамі!

Чакаем вашы лісты і фота на электронную скрыню dobra.sprava.23@gmail.com з кароткай інфармацыяй пра сябе і пра тое, хто і што адлюстравана на фота. Лепшыя з іх будуць апублікаваны на старонках «СГ», а таксама на партале sb.by.
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter