Захаванае багацце зоны адсялення

Унiкальныя экспанаты з пакiнутых вёсак ратавалi этнографы. У Музеi старажытнай беларускай культуры ёсць даволi незвычайная секцыя. Яе экспанаты сабраны падчас навуковых экспедыцый у 30-кiламетровую зону адчужэння вакол Чарнобыльскай АЭС. З 1991 па 2000 год навукоўцы лiтаральна ратавалi унiкальныя рэчы. Бывала, што адразу пасля таго як экспедыцыя агледзела хаты, вёску проста закопвалi. З пытаннямi пра ўражанне ад “зоны” i навуковыя знаходкi ў гэтым унiкальным куточку Палесся мы звярнулiся да навуковага супрацоўнiка музея Мiкалая МЕЛЬНIКАВА.
— Падчас экспедыцыi ў 1991 годзе, праз пяць гадоў пасля аварыi, вёскi ў “зоне” выглядалi жудасна. Праз “зону” ўжо прайшла не адна хваля рабаўнiкоў, i ўсё, што для iх мела карысць, было разрабавана. Там засталiся толькi пустыя хаты, дзе ўсё было перавернута, раскiдана. Нават дошкi з падлогi часам здымалi. Наша задача была сабраць экспанаты, якiя маюць музейную каштоўнасць. Паўднёвае Палессе — Брагiнскi, Хойнiцкi, Нараўлянскi раёны — гэта сапраўдны “кландайк” для этнографаў. Там яшчэ захоўвалася шмат унiкальных рэчаў, але ж дрэва з часам гнiе. Хата стаiць, пакуль стаiць дах, як пiсаў класiк. Дах рушыцца — i знайсцi нешта каштоўнае ўжо немагчыма. Знойдзеныя рэчы прыходзiлася дэзактываваць на месцы: паколькi яны былi зроблены з чыстых матэрыялаў яшчэ да аварыi, адзiнае, што iх забрудзiла, — радыеактыўны пыл. У асноўным рэчы мы знаходзiлi ў хлявах, хатах, таму яны былi менш забруджаны. Дастаткова было iх добра памыць шчоткамi з мылам, прапаласкаць, ручнiкi дзяўчаты з экспедыцыi самi мылi, прасавалi. Калi экспанаты прывезлi ў Мiнск, узнiкла невялiкая панiка сярод супрацоўнiкаў музея. Давялося выклiкаць санстанцыю, спецыялiсты ўсё замералi i выдалi сертыфiкат, што нiякай небяспекi экспанаты з “зоны” не ўяўляюць.
Мы шукалi менавiта ў 30-кiламетровай зоне вакол рэактара, дзе фактычна не было ўжо нiводнага чалавека. Сустракалi толькi адзiнкi людзей, якiя засталiся там, нягледзячы нi на што. I ўсе навуковыя каштоўнасцi, якiя засталiся без гаспадароў, павiнны былi згiнуць.
У зоне адсялення захоўвалася унiкальнае этнаграфiчнае багацце. Магчыма, таму, што гэтыя раёны даволi аддаленыя, там захавалася шмат элементаў старажытнай беларускай культуры. Былi такiя вёскi, дзе ў кожнай хаце сабраны мiнi-этнаграфiчны музей. Жыхары Палесся i ў XX стагоддзi яшчэ карысталiся старажытнымi прыладамi. Вельмi шмат там было выдзеўбаных рэчаў: напрыклад, вялiзная калода-вулей. Верагодна, спачатку ў дупле вялiкага дрэва людзi знайшлi дзiкiх пчол, а пасля, калi дрэва ўпала, яго выдзеўблi, i атрымаўся вулей. Уражваюць памеры вулля — больш за два метры! Уявiце сабе, колькi сiл патрэбна, каб яго апрацаваць.
Людзi iмкнулiся не проста зрабiць патрэбную рэч, але i па-мастацку яе аздобiць. Знайшлi унiкальнае ярмо: яго арнамент i форма iдуць далёка ў глыбiню вякоў i нават пераклiкаюцца са старажытнарымскiмi ўзорамi — геаметрычны арнамент з сонечнымi знакамi, а заканчэнне ярма нагадвае звярыныя галовы.
Вельмi добра ў тых раёнах было развiта майстэрства вырабу мэблi. Ложкi з разнымi спiнкамi, самаробны драўляны пасуднiк, упрыгожаны iнкрустацыяй, размясцiлiся ў музеi. Драўляныя калыскi, зробленыя на манер гарадскiх дзiцячых ложкаў, разныя сталы, куфры. Адзiн куфар асаблiва незвычайны: узор на дрэве нагадвае карэльскую бярозу. Адкуль такое майстэрства на Беларусi? Сустракалiся экспедыцыi i ткацкiя вырабы, але зразумела, што былi яны ў значна горшым стане. Ручнiкi валялiся пад нагамi, у брудзе. Было i сапраўднае адкрыццё — знайшлi ручнiкi, пра якiя раней навукоўцы не ведалi. Многа адшукалi маляванак: калi не было прамысловых насценных дываноў, палешукi вешалi iх над ложкамi.
Шмат незнаёмых сучаснаму чалавеку рэчаў убачыла я ў секцыi з экспанатамi са знiклых вёсак. Але чамусьцi найбольш уразiла драўляная рамка, упрыгожаная ўзорамi з саломкi. Маленькi сямейны iканастас, забыты на сцяне апусцелай хаты. Пажоўклыя фотаздымкi ўсмешлiвага матроса, дзяўчат-сястрычак, мужа i жонкi... Што сталася з гэтай сям’ёй? Адышла i знiкла iх хата, воляй лёсу зарос бур’яном сад i агарод. Але вярнуцца да таго, мiнулага жыцця ўсё ж можна — у залах музея. Праўда, па словах галоўнага захавальнiка музея Святланы Бяляевай, “чарнобыльцы” да iх амаль не прыходзяць. Напэўна, не хочуць страцiць у памяцi свае асабiстыя мiнi-музеi былога жыцця.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter