Источник: Голас Радзiмы
Голас Радзiмы

Былы франтавік Аркадзь Бляхер, які днямі адзначыў 95-годдзе, ужо больш за дваццаць гадоў узначальвае Брэсцкі навукова-асветніцкі цэнтр “Халакост”

Захавальнік памяці

Аркадзь Майсеевіч —знакавая для горада над Бугам постаць. Ён ужо 65 гадоў плённа працуе ў журналістыцы, заслужыў рэпутацыю захавальніка памяці пра вайну ды ўсё гераічнае, драматычнае, трагічнае, што з ёй звязана. Мне таксама не раз даводзілася гутарыць з ветэранам, якому нядаўна споўнілася 95 гадоў, пра яго франтавое мінулае. Неяк ён паказаў мне кнігу “От Сталинграда до Берлина”, якую ўручылі яму аднапалчане ў расійскай сталіцы. На кнізе — кранальны дароўны надпіс: “Бляхеру Аркадзю Майсеевічу, адважнаму афіцэру-разведчыку, ветэрану 230-й стралковай Данецка-Берлінскай ордэна Суворава II ступені дывізіі, з якою ён прайшоў з баямі па палях Украіны, Малдавіі, Польшчы да самага Берліна, штурмаваў берлінскае логава Гітлера — рэйхсканцылярыю і яго бункер, у памяць пра былыя баі ды паходы — ад Савета ветэранаў 230-й стралковай дывізіі. Масква, май 2006 года”.

Былы франтавік Аркадзь Бляхер

Ветэран так успамінае пра тое, як закончылася для яго вайна: “1 мая 1945-га наш дывізіён перапраўляўся цераз Шпрэе, дзевяць дзён ужо ішлі баі ў самым Берліне. Здаецца, усё: немцам дзявацца няма куды. Але страляюць як ашалелыя. Перапраўляліся — а снарады рвуцца, кулі свішчуць, вада кіпіць ад аскепкаў, і ўжо некалькі нашых загінула, у тым ліку й камандзір батарэі, а я думаў: “Ну, усё, апошні мой плацдарм”. Мне ж як камандзіру разведкі дывізіёна перапраўляцца цераз рэкі даводзілася не раз, прычым у першых шэрагах, з пяхотай. Дарэчы, першы ордэн атрымаў я ў тым ліку й за пераправу цераз Днестр у Малдавіі. А былі ж яшчэ Дняпро, Інгулі, Вісла, Одэр... Калі ж мы пераадолелі Шпрэе, то нацэліліся на рэйхсканцылярыю, дзе быў бункер Гітлера. А затым на рэйхстагу я напісаў чатыры словы: “Аркадий. Минск. Сталинград. Берлин”. А прозвішча не пісаў, і вось чаму. Быў у нас такі весялун Вася Дзяменцьеў, якога мы за яго нораў называлі Вася Цёркін. Дык ён казаў, што, маўляў, зблытаюць мяне з прускім фельдмаршалам Блюхерам: прозвішчы падобныя. Карацей, не напісаў я сваё прозвішча — і не шкадую. Берлін жа я браў, хоць і не фельдмаршал — тое і я ведаю, і мае франтавыя сябры”.

У франтавіка шмат узнагарод: на грудзях — па два ордэны Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступені, ордэн Чырвонай Зоркі, россып медалёў, у тым ліку “За абарону Сталінграда”, “За вызваленне Варшавы”, “За ўзяцце Берліна”, “За Перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945 гг.”. А пасля вайны Аркадзь Майсеевіч атрымаў дзве вышэйшыя адукацыі, стаўшы дыпламаваным юрыстам і журналістам. Ён выдатна праявіў сябе, працуючы ў брэсцкай абласной газеце “Заря” і раённай “Заря над Бугом”. Чытачы памятаюць журналісцкія расследаванні Аркадзя Майсеевіча, прысвечаныя вайне, якія франтавік публікаваў і ў іншых газетах. Прычым тыя выступленні падштурхоўвалі мяцовыя ўлады да канкрэтных дзеянняў. У тым ліку й дзякуючы журналісту больш стала на Брэстчыне вуліц імя герояў вайны. Па Брэсце, напрыклад, гэта вуліцы імя Героя Савецкага Саюза маёра Абрама Тарнапольскага, а таксама генерал-лейтэнанта танкавых войскаў, Героя Савецкага Саюза Сямёна Крывашэіна. Пашырылася геаграфія помнікаў, мемарыяльных дошак. А на шэрагу раней устаноўленых помнікаў удакладняліся надпісы: яны пачыналі больш поўна адлюстроўваць звязаныя з імі падзеі.

З імем Аркадзя Бляхера звязана і з’яўленне аднаго з лепшых у Беларусі школьных музеяў на ваенную тэматыку: у 15-й сярэдняй школе Брэста. Ужо звыш паўвека там працуе музей 12-й Пінскай стралковай дывізіі, якая адыграла ключавую ролю ў вызваленні горада ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. І ўжо 22 гады Аркадзь Майсеевіч — старшыня Брэсцкага навукова-асветніцкага цэнтра “Халакост”, які вельмі шмат зрабіў, каб як мага менш было “белых плям” у гісторыі-трагедыі беларускіх яўрэяў. Менавіта старшыня цэнтра выступіў галоўным кансультантам дакументальнага фільма “Брэсцкае гета”, у якім трагічныя падзеі з ваеннай гісторыі адлюстраваны глыбока праўдзіва. Фільм — гэта сумесны творчы прадукт расіян Ёнаса Місявічуса, Алены Яковіч, Ільі Альтмана. Спрычыніўся цэнтр і да з’яўлення дакументальнага фільма беларускіх журналістаў “Шляхі яўрэяў Брэстчыны”. Аркадзь  Бляхер ініцыяваў многія навуковыя, асветніцкія мерапрыемствы, якія з поспехам прайшлі ў горадзе над Бугам. Цэнтр заўсёды прадстаўлены і ў журы, якое падводзіць вынікі конкурсаў работ студэнтаў, навучэнцаў, прысвечаных Халакосту.

Міхаіл Стралец, доктар гістарычных навук, прафесар

Голас Радзімы № 4 (3556), чацвер, 25 студзеня, 2018 у PDF
Полная перепечатка текста и фотографий запрещена. Частичное цитирование разрешено при наличии гиперссылки.
Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter