Захавальнікі памяці

Экраны чакае беларуска-ізраільскі фільм «Захавальнікі памяці»

Завершана работа над першым сумесным беларуска-ізраільскім поўнаметражным дакументальным фільмам «Захавальнікі памяці». Здымачная група рэжысёра Барыса Мафцыра зрабіла апошнія кадры ў Брэсце ў ноч з 21-га на 22 чэрвеня, у 73-ю гадавіну пачатку Вялікай Айчыннай вайны.

Шырокі паказ фільма пачнецца ў будучым годзе, а гэтай восенню стужка «Захавальнікі памяці» стане ўдзельніцай шэрага фестываляў. Плануецца таксама і беларуская прэм’ера.

«Захавальнікі памяці» — пачатак кінаанталогіі з сямi частак аб знішчэнні нацыстамі яўрэяў у краінах былога Савецкага Саюза. Праект раскажа аб трагічных падзеях у Беларусі, Расіі, Украіне, Малдове, Латвіі, Літве і Эстоніі.

Першая карціна ахоплівае падзеі ў нашай краіне з моманту пачатку вайны да вясны 1942 года. Паводле слоў Барыса Мафцыра, які мае вялікі вопыт стварэння карцін пра Халакост (ён аўтар больш за 30 фільмаў на гэтую тэму), Беларусь для пачатку праекта абрана ім невыпадкова. Тут ізраільскі рэжысёр знайшоў зусім невядомыя гісторыі трагедыі Халакоста.

Стохвілінная стужка не ўключае архіўныя матэрыялы. У ёй няма фота- і кінадакументаў. Толькі сведчанні відавочцаў, тых, хто бачыў і памятае трагічныя падзеі, якія адбываліся дзясяткі гадоў таму. Гэта асаблівасць дакументальнага апавядання — без эмоцый аўтара, жорсткая і простая мова ўспамінаў — будзе выкарыстана ва ўсёй кінаанталогіі.

Другая карціна, над якой цяпер пачынае работу Барыс Мафцыр, прадоўжыць аповед аб зверствах фашыстаў на тэрыторыі нашай краіны ў перыяд да восені 1943 года.

Праект ажыццяўляецца сумесна кінакампаніямі «Zvi Shefy Productions» (Ізраіль) і «Нонстоп Медыя» (Беларусь) за кошт уласных сродкаў.

Разам з тым на афіцыйным сайце фільма «Захавальнікі памяці» (http://holocaustinussr.com) змешчаны зварот рэжысёра да ўсіх неабыякавых людзей, хто гатовы дапамагчы ў рэалізацыі дакументальнага кінапраекта.

Заметили ошибку? Пожалуйста, выделите её и нажмите Ctrl+Enter